Пажар у аўтобусе ў Менску ў 1980 годзе
Пажар у рэйсавым аўтобусе «Ікарус» 62-га маршруту ў Менску | |
Краіна | Беларусь |
---|---|
Месца | Менск, Запароская плошча |
Тып катастрофы | пажар |
Прычына | разьліты бэнзін |
Дата | 3 сакавіка 1980 году |
Час | прыкладна аб 11-й гадзіне |
Наступствы | |
Загінулі | 23 чалавекі |
Каардынаты | 53°54′25″ пн. ш. 27°37′50″ у. д. / 53.90694° пн. ш. 27.63056° у. д.Каардынаты: 53°54′25″ пн. ш. 27°37′50″ у. д. / 53.90694° пн. ш. 27.63056° у. д. |
Пажар у гарадзкім аўтобусе Менску 62-га маршруту здарыўся 3 сакавіка 1980 году на разьвязцы вуліцаў Сталетава і Філімонава. Паводле афіцыйных зьвестак загінулі 23 чалавекі, 9 уратаваліся.
Хада падзеяў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Падчас руху па Запароскай плошчы (разьвязка вуліцаў Сталетава і Філімонава) каля 11-й гадзіны рэйсавы аўтобус «Ікарус» маршруту №62 вымушана спыніўся з-за аварыі: наперадзе перакулілася цыстэрна бэнзавозу. Люк цыстэрны быў змацаваны шворанам толькі з аднаго боку, таму бэнзін выліўся на асфальт. Заўважыўшы перакулены бэнзавоз, кіроўцы аўтамабіляў пачалі разварочвацца, а кіроўца аўтобусу адкрыў для выхаду пасажыраў пярэднія дзьверы.
Людзі, аднак, не сьпяшаліся адыходзіць далёка ад аўтобусу, спадзеючыся на тое, што рух неўзабаве ўзновіцца. Тым часам на плошчы зьявіўся «Масквіч» «хуткай дапамогі». Імкнучыся аб’ехаць людзей, ён заўважыў, што трапіў у лужыну бэнзіну і рэзка загальмаваў. Аўтамабіль заглых.
Пажар, найхутчэй, адбыўся ад іскры запальваньня, калі кіроўца карэты «хуткай дапамогі» паспрабаваў завесьці рухавік. У лічаныя імгненьні аўтобус згарэў разам з пасажырамі. Загінулі таксама ўсе, хто стаяў на асфальце ў бэнзіне. Калі празь некалькі хвілінаў на месца здарэньня прыехалі пажарныя, агонь быў патушаны за 15 сэкундаў, але выратоўваць не было каго. Тэмпэратура гарэньня была такая, што ў аўтобусе поручні выгарэлі амаль да асновы:
Пажар затушылі за 15 сэкундаў. Уласна, тушыць было амаль няма чаго: акрамя чалавечых целаў у аўтобусе нічога не гарэла. Але тэмпэратура агню была высокая: поручні, напрыклад, абгарэлі ўшчэнт. Можна ўявіць, што засталося ад пасажыраў. Калі затушылі агонь, першае, што кінулася ў вочы, быў твар начальніка варты. Выяву жаху ў твары пажарнага я памятаю дагэтуль. І ніводны фільм жахаў нават блізка ня здолее перадаць карціну, што адкрылася нашым вачам.
Арыгінальны тэкст (рас.)Пожар потушили за 15 секунд. Собственно, тушить было практически нечего: кроме человеческих тел в автобусе ничего не горело. Но температура огня была высокая: поручни, к примеру, обгорели почти до основания. Можете представить, что осталось от пассажиров. Когда огонь был потушен, первым, что бросилось в глаза, стало лицо начальника караула. Маску ужаса, застывшую на лице пожарного, я помню до сих пор. И ни один фильм ужасов даже близко не может передать картину, которая открылась нашим глазам— Олег Гавдурович «Огни большого города» // «БелГазета» 20 кастрычніка 2003
Загінулі 23 чалавекі (у тым ліку кіроўца). Уратаваліся 9 пасажыраў, якія здолелі выскакнуць з аўтобусу, калі кіроўца адчыніў усе дзьверы. Міліцыя і ўрачы адмовіліся пераносіць астанкі загінулых для транспартоўкі ў моргі, гэтым давялося займацца пажарнікам.
Смутак з нагоды трагедыі абвешчаны ня быў, улады замоўчалі трагедыю[1]. З-за мяжы зьвесткі пра трагедыю падаваліся, у прыватнасьці, радыёстанцыяй «Голас Амэрыкі»[2].
Наступствы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вінаватымі ў трагедыі прызналі кіроўцаў бэнзавозу і «Масквіча», іх асудзілі на 12 і 5 гадоў пазбаўленьня волі адпаведна. Праз паўтара году пасьля вызваленьня кіроўца бэнзавозу памёр.
Дзяржава ўзяла на сябе выдаткі па зладжаньні пахаваньняў загінулых. Тым, хто застаўся ў жывых і меў патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў, выдзелілі кватэры і сплацілі па тры тысячы рублёў.
Гарадзкія ўлады дзеля пазьбяганьня падобных аварыяў прынялі рашэньне абмежаваць рух бэнзавозаў па Менску і зачыніць шэраг АЗС, што знаходзіліся ў нэпасрэднай блізкасьці да жылога сэктару.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Елена Анкудо (20 кастрычніка 2003) Огни большого города (рас.). «БелГазета». Праверана 7 лістапада 2010 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Елена Анкудо. «Огни большого города» // «БелГазета» 20 кастрычніка 2003
- Светлана Барашкова. «Автобус в преисподнюю» // «Рэспубліка» № 99 (4036) 2 чэрвеня 2006 г.
- Виктор Федорович. «Лимиты на смерть и масштабы соболезнования» // «Белорусские новости» 3 лістапада 2010
|