Перайсьці да зьместу

Сусьветная служба Бі-Бі-Сі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сусьветная служба Бі-Бі-Сі

Лягатып
Горад Лёндан
Краіна Ангельшчына
Слоган Сусьветная радыёстанцыя
Фармат навіновы
Частасьць FM: 93,5 (Лёндан); 95,5 (Вільня); 100,5 (Рыга)
Мачта Дройтвіч(en)
Магутнасьць 500 кіляват
Час вяшчаньня кругласутачна
Зона вяшчаньня 57 краінаў, у тым ліку Латвія і Летува
Пачатак працы 19 сьнежня 1932 (92 гады таму)
Уласьнік Брытанская вяшчальная карпарацыя
Кіраўнікі Пітэр Горакс(en)
Сайт bbc.co.uk/worldserviceradio
Twitter bbcworldservice
Facebook bbcworldservice
Вконтакте bbc_ua
YouTube bbcworldservice
Он-лайн-трансьляцыя llnwd.net

Сусьветная служба Бі-Бі-Сі (анг. BBC World Service) — брытанская дзяржаўная радыёстанцыя, заснаваная ў 1932 годзе для замежнага вяшчаньня. На 2015 год падавала агляды, навіны і рэпартажы на 31 мове (азэрбайджанская, ангельская, арабская, бірманская, бэнгальская, валійская, віетнамская, гіндзі, гішпанская, інданэзійская, кітайская, кыргыская, нэпальская, партугальская, пуштунская, пэрсыдзкая, расейская, рундзійская(en), самалійская, суахілі, сынгальская, таджыцкая, тайская, тамільская, турэцкая, узбэцкая, украінская, урду, француская, хаўская і шатляндзкая). Вяшчаньне ажыцьцяўлялася ў 57 краінах сьвету, у тым ліку ў 30 краінах Афрыкі (Буркіна-Фасо, Бурундзі, Бэнін, Габон, Гана, Гвінэя, Джыбуці, Замбія, Камэрун, Кенія, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Кот д’Івуар, Лесота, Лібэрыя, Мадагаскар, Мазамбік, Малаві, Маўрытанія, Нігер, Паўднёвы Судан, Руанда, Сьера-Леонэ, Сэйшэлы, Сэнэгал, Танзанія, Тога, Уганда, Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка, Чад і Экватарыяльная Гвінэя), 13 краінах Азіі (ААЭ, Аўганістан, Банглядэш, Бахрэйн, Ірак, Катар, Камбоджа, Кувэйт, Манголія, Нэпал, Сынгапур, Усходні Тымор і Ярданія), 7 краінах Эўропы (Альбанія, Брытанія, Латвія, Летува, Нямеччына, Сэрбія і Чэхія), 4 краінах Паўночнай Амэрыкі (Антыгуа і Барбуда, Барбадас, Трынідад і Табага і Ямайка) і 3 краінах Акіяніі (Вануату, Папуа-Новая Гвінэя і Фіджы). Выпускаліся 124 перадачы, у тым ліку даведкавыя, забаўляльныя, мастацкія, музычныя, навіновыя, навучальныя, рэлігійныя і спартовыя. На 2014 год радыёстанцыя мела 128 млн слухачоў[1].

Вяшчальны дом радыёстанцыі

У сьнежні 1932 г. Брытанская вяшчальная карпарацыя (БВК; анг. BBC, трансьліт. Бі-Бі-Сі) запусьціла радыё «Імпэрская служба Бі-Бі-Сі» на кароткіх хвалях(en) (1,6—30 мэгагэрц) для заморскіх уладаньняў у Аўстраліі, Індыі, Канадзе, Заходняй і Паўднёвай Афрыцы. 3 студзеня 1938 году першай зь іншамоўных пачала працу арабская служба радыёстанцыі. 29 сакавіка дадалі нямецкую службу. У лістападзе 1939 году радыёстанцыя атрымала назоў «Заморская служба Бі-Бі-Сі» і займела вяшчаньне на афрыкаанс, гішпанскай, італьянскай, партугальскай і францускай мовах. Пры канцы 1940 году лік моваў вяшчаньня вырас да 34-х, у тым ліку на альбанскай, бірманскай, гіндзі ды ісьляндзкай. Штодзённае вяшчаньне павялічылася да 78 перадачаў навінаў. У сьнежні 1940 году нямецкая міна пашкодзіла Вяшчальны дом, што прывяло да часовага перамяшчэньня эўрапейскіх службаў радыё на паўночны захад Лёндану. На пачатак 1941 году радыёстанцыя налічвала больш за 1400 супрацоўнікаў. У 1941—1943 гадах прадусарам гутарковых перадачаў Усходняй службы радыё працаваў Джордж Орўэл[2].

У 1957 годзе радыёстанцыя займела радыёперадавальнікі на Кіпры (каля Лімасолу) і ў Малайзіі. 1 траўня 1965 году радыёстанцыя атрымала сучасны назоў. У 1966 годзе пабудавалі радыёперадавальнік на востраве Ўшэсьця, што месьціцца на поўдні Атлянтычнага акіяну і дазволіла пашырыць абшар вяшчаньня ў Афрыцы. Пазьней дадаўся радыёперадавальнік у Амане (востраў Масіра). 7 верасьня 1978 году агент Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Народнай Рэспублікі Баўгарыя сьмяротна атруціў журналіста Баўгарскай службы Бі-Бі-Сі Георгія Маркава пры дапамозе прыхаванага стрэлу з парасона ў нагу. У жніўні 1985 году працу радыёстанцыі прыпыніла стачка супрацоўнікаў супраць забароны ўрадам Брытаніі на перадачу інтэрвію з дэпутатам Сходу Паўночнай Ірляндыі(en) Марцінам Макгінэсам(en), які належаў да ірляндзкай партыі «Шын Фэйн» (бел. Мы самі).

У сакавіку 1999 году зачынілі нямецкую службу радыё. Затым зачыніліся габрэйская, дацкая, італьянская, малайская, фінская і японская службы. Пры канцы сакавіка 2006 году спынілася радыёвяшчаньне на баўгарскай, вугорскай, грэцкай, казаскай, польскай, славацкай, славенскай, тайскай, харвацкай і чэскай мовах. 1 жніўня 2008 году спыніла працу румынская служба. У студзені 2011 году зачынілі альбанскую, македонскую і сэрбскую службы. Спынілася радыёвяшчаньне па-азэрбайджанску, па-віетнамску, па-расейску, па-турэцку і па-ўкраінску.

  1. ^ Аўдыторыя сусьветных навінаў Бі-Бі-Сі павялічылася да рэкордных 265 млн (анг.) // Брытанская вяшчальная карпарацыя, 18 чэрвеня 2014 г. Праверана 16 сакавіка 2015 г.
  2. ^ Сусьветная служба Б-Бі-Сі: 80 гадоў міжнароднага вяшчаньня (анг.) // Брытанская вяшчальная карпарацыя, 19 сьнежня 2012 г. Праверана 16 сакавіка 2015 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]