Сяргей Чалы
Сярге́й Вячасла́вавіч Ча́лы | |
Дата нараджэньня | 27 кастрычніка 1970 |
---|---|
Месца нараджэньня | Менск, БССР, СССР |
Грамадзянства | Беларусь |
Адукацыя | вышэйшая |
Месца вучобы | |
Прафэсія | вядучы на эканамічных пытаньнях |
Навуковая сфэра | эканоміка і аналітыка[d] |
Месца працы | |
Сябра ў | Каардынацыйная рада па забеспячэньні перадачы ўлады і Каардынацыйная рада другога складу[d] |
Жонка | няма |
Дзеці | няма |
Сайт | старонка ў сеціве |
Сярге́й Вячасла́вавіч Ча́лы (па-расейску: Сергей Вячеславович Чалый, па-ангельску: Serge Chaly[2]; нар. 27 кастрычніка 1970, Менск, БССР, СССР) — беларускі эканаміст-аналітык, трэйдар і журналіст-аналітык у галіне эканомікі.
Выхаваньне і сям'я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся 27 кастрычніка 1970 г. у Менску.
Па паходжаньні — украінец, але лічыць сябе патрыётам Беларусі і прыналежным да беларускай грамадзянскай нацыі: «Я прыхільнік такой ідэалёгіі, якая ня дзеліць грамадзян дзяржавы на сваіх і чужых, сапраўдных беларусаў і несапраўдных, правільных і няправільных»[3].
Не жанаты[4].
Вучоба
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1977—1987 гг. вучыўся і скончыў сярэднюю палітэхнічную школу (гімназію) №6 у Менску[4].
У 1987—1992 гг. вучыўся і скончыў фізычны факультэт БДУ па спэцыяльнасьці «фізік-тэарэтык»[5]. Вучыўся ў асьпірантуры, але ня скончыў[4].
У 1997—1998 гг. вучыўся, праходзячы перападрыхтоўку, у Акадэміі кіраваньня пры Прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь.
Прайшоў адукацыйны курс макраэканамічнага праграмаваньня, які арганізоўваўся Міжнародным валютным фондам (МВФ)[3].
Займаецца таксама самаадукацыяй у галіне эканамічнай тэорыі, антрапалёгіі і сыстэмнага аналізу[3].
Работа і грамадская дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У пачатку 1990-х гг. адзін год быў прыхільнікам арганізацыі Славянскі сабор Белая Русь, бо адмоўна тады адносіўся да беларускага этнічнага нацыяналізму, які ў пачатку 1990-х гг. фармаваў сваю дактрыну на этнічных каранях (умоўна кажучы, на прынцыпах «крыві і глебы»)[3]. З фармаваньнем пазьней у Беларусі ідэалёгіі беларускай грамадзянскай нацыі, стаў з той пары прыхільнікам падобнай дактрыны[3].
У 1993 г. Сяргей Чалы быў запрошаны ў якасьці аналітыка ў перадвыбарчы штаб кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Сваё ўключэньне ў прадвыбарчы штаб Чалы пазьней патлумачыў цікавасьцю і жаданьнем знайсьці практычнае прымяненьне сваім ведам, набыць досьвед у палітычных тэхналёгіях, што было ў тыя часы новым у Беларусі[3]. Сяргею Чаламу ў той час прапаноўвалі стаць аналітыкам у прадвыбарчым штабе кандыдата ў прэзыдэнты Станіслава Шушкевіча за грошы, але Сяргей згадзіўся быць аналітыкам у штабе Лукашэнкі і бясплатна, бо, па-першае, лічыў, што менавіта Лукашэнка мае самыя высокія шанцы выйграць прэзыдэнцкія выбары і, па-другое, лічыў у той час, што менавіта ў эканамічнай камандзе Лукашэнкі зможа рэалізаваць сябе ў справе правядзеньня важных і патрэбных эканамічных рэформ у Беларусі[3].
У 1994—1998 гг. працаваў у Апэратыўна-аналітычным цэнтры пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дзе займаўся працай зь міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі. Аднак пасьля правядзеньня ў Беларусі рэферэндума ў 1996 г. ужо вырашыў для сябе кідаць працу ў Адміністрацыі прэзыдэнта і фактычна з таго часу палітыкай больш не займаўся[6]. Паводле ўласных словаў, менавіта за час сваёй працы ў аналітычным цэнтры адміністрацыі прэзыдэнта Сяргею давялося кантактаваць са спэцыялістамі МВФ і прайсьці навучальны курс фонда па макраэканамічным праграмаваньні, што стала вельмі карысным, каб разумець узаемасувязі ў эканоміцы больш, чым з тэорыі айчынных падручнікаў ці досьведу айчынных выкладчыкаў[3]. Сяргей Чалы патлумачыў гэта вялікай кампэтэнтнасьцю і досьведам супрацоўнікаў фонда, якія на практыцы ўдзельнічаюць у распрацоўцы і ажыцьцяўленьні стабілізацыйных і антыкрызісных праграм па ўсім сьвеце[3].
У 1998 г. пайшоў у прыватны бізнэс, працаваў у 1998—2002 гг. кіраўніком актываў у інвэстыцыйнай кампаніі «Aigenis» (г. Менск, Беларусь)[7].
У 2001 г. Сяргей Чалы пазнаёміўся з Аляксандрам Мілінкевічам, які ў той час быў кіраўніком прадвыбарчага штаба кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь Сямёна Домаша; пазьней Чалы стаў неафіцыйным кансультантам па эканамічных пытаньнях у Мілінкевіча, калі апошні высунуў сябе кандыдатам у дэпутаты Беларусі[3].
З 2003 г. пачаў працаваць як незалежны эканамічны экспэрт і фінансавы аналітык і стаў адным з самых вядомых, папулярных і запатрабавальных аналітыкаў Беларусі ў галіне макраэканамічнай палітыкі[8].
У 2009—2010 гг. працаваў журналістам-аналітыкам у галіне эканомікі на радыё «Euroradio» (г. Менск, Беларусь)[9].
Зьяўляецца эканамічным экспэртам грамадзкай ініцыятывы «Народная праграма» (з 2010 г.). Выказваўся, што ня меў і ня мае прэзыдэнцкіх амбіцый, але з задавальненьнем заняў бы пасаду кіраўніка Нацыянальнага банка Беларусі па прапанове прэзыдэнта краіны з рынкавымі поглядамі[3]. З 2010 г. зьяўляецца запрошаным экспэртам Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS)[10].
З 17 лютага 2011 г. і па сёньняшні час зьяўляецца вядучым аўтарскай аналітычнай праграмы «Эканоміка на пальцах» на партале «TUT.BY». Вядзе свой блог у Інтэрнэце.
У 2013 г. Сяргей Чалы выказаўся, што з пачатку 1990-х гг. да сёньняшняга часу ніякіх зьмен у эканамічных і палітычных поглядах у яго не адбылося, а заўсёды заставаўся і зьяўляецца ў прыхільнікам рынкавых эканамічных поглядаў і т. зв. «клясычнага лібэралізму», чыя дактрына найболей выразна адлюстравана ў зборніку філязофскіх эсэ «Федэраліст» («Запіскі федэраліста»), адным з галоўных аўтараў якога быў амэрыканскі дзяржаўны дзеяч Аляксандр Гамільтан (1755/1757—1804)[3]. Сяргей Чалы лічыць Аляксандра Гамільтана ўзорам для сябе і сваім кумірам, а «Запіскі федэраліста» — самым выдатным палітычным і эканамічным маніфэстам «усіх часоў і народаў»[3].
Чытаў пэрсанальныя лекцыі па эканоміцы, у тым ліку па запрашэньні рэктарату ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце і Акадэміі кіраваньня пры Прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь.
Браў удзел у электаральнай кампаніі 2015 г. у Беларусі — у якасьці даверанай асобы кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь Тацьцяны Караткевіч: быў 26-м у сьпісе з 30 давераных асобаў Тацьцяны Караткевіч, афіцыйна зарэгістраваных 11 верасьня 2015 г. Цэнтрвыбаркамам Рэспублікі Беларусь[11][12]. Па гэтай прычыне аўтарская аналітычная праграма Сяргея Чалага «Эканоміка на пальцах» на партале «TUT.BY» з 17 верасьня 2015 г. да канца выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі часова перайшла з он-лайнавага рэжыма ў тэкставы (каб не парушыць правілы прадвыбарнай агітацыі)[13].
31 ліпеня 2024 году стала вядома, што Сяргея Чалага ўнесьлі ў базу вышуку МУС Расеі[14].
Сеціўная актыўнасць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- сайт аўтарскай праграмы «Эканоміка на пальцах» // tut.by
- акаунт Сяргея Чалага ў сацыяльнай сетцы (першы) // facebook.com
- акаунт Сяргея Чалага ў сацыяльнай сетцы (другі) // vk.com
- акаунт Сяргея Чалага ў сацыяльнай сетцы (трэці) // twitter.com
- акаунт Сяргея Чалага ў сацыяльнай сетцы (чацвёрты)(недаступная спасылка) // linkedin.com
- блог Сяргея Чалага // livejournal.com
Выказваньні аб жыцьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- (аб беларускай нацыі і гістарычнай суб'ектнасці): «Гісторыю краіны і народа — неабходна асэснаваць як цэласную і бесперапынную, а не адмаўляць у "праўдзівасці" савецкага перыяду (як гэта часта робяць ідэолягі апазыцыйнага лягера) або не пачынаць гісторыю з "партызанкі" часоў Другой сусветнай вайны (як гэта часта робяць тэарэтыкі "ідэалёгіі беларускай дзяржаўнасьці"). Без прадстаўленьня нацыі (грамадзянскай нацыі) як адзінства і гісторыі як бесьперапыннай няма і ня можа быць суб’ектнасьці гэтай нацыі. А без суб’ектнасьці мы будзем асуджаныя быць аб’ектам дзейнасьці іншых гістарычных суб’ектаў — г.зн. фактычна ня будзем гаспадарамі ўласнага лёсу.»[3] (2013)
- (аб грамадскай салідарнасці): «Мне ня блізкая ідэалёгія тых, якія называюць сябе лібертарыянцамі — зь іх дарвінісцкім поглядам на грамадзтва як "змаганьне ўсіх супраць усіх", у якім "выжывае наймацнейшы". Як цяпер вядома з антрапалогіі і эвалюцыйнай псіхалогіі, каапэрацыя і супрацоўніцтва ігралі ў фармаваньні чалавека як віду значна большую ролю, чым канкурэнцыя — проста пагугліце тэрмін "reciprocal altruism". <…> Дзяржава ёсьць толькі інструмэнт і вынік калектыўных дзеяньняў грамадзян па дасягненьні сваіх мэт. А ўласна палітычная (у шырокім сэнсе слова) дзейнасьць — ёсьць ні што іншае як майстэрства ствараць кааліцыі для дасягненьня гэтых самых мэт. Дарэчы, насуперак распаўсюджанаму перакананьню, людзі заходняй цывілізацыі ў дасканаласьці валодалі майстэрствам калектыўнага дзеяньня, і наадварот, мы бачым, як часта ў нас (у краіне і ўвогуле на постсавецкай прасторы) пераважае стратэгія індывідуальнага выжываньня.»[3] (2013)
- (аб сваёй мроі дабіцца цвёрдасьці беларускай валюты на пасадзе кіраўніка Нацыянальнага Банку Беларусі): «Мне б хацелася, каб у Беларусі была нарэшце свая паважаная і прызнаная ў сьвеце валюта, калі б людзі пачалі нарэшце рахаваць у розуме цэны ў ёй, а не перакладаць увесь час у розуме ва "умоўныя адзінкі". <…> Пакінуць свой подпіс на купюрах сапраўдных беларускіх грошай — гэта было б годнай справай усяго жыцця :).»[3] (2013)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ https://news.tut.by/tag/ex6199-sergey-chalyy.html
- ^ Serge Chaly // twitter.com
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п Online-конференция с Сергеем Чалым с читателями сайта «БелГазеты»
- ^ а б в Паводле інфармацыі з сацыяльнай сеткі:акаунт Сяргея Чалага ў сацыяльнай сетцы (другі) // vk.com
- ^ Сергей Вячеславович Чалый // tut.by
- ^ Сергей Вячеславович Чалый // tut.by; Online-конференция с Сергеем Чалым с читателями сайта «БелГазеты»
- ^ Сергей Вячеславович Чалый // tut.by; Сергей Вячеславович Чалый // ekonomika.by; https://www.linkedin.com/in/sergechaly(недаступная спасылка) Сяргей Чалы] // linkedin.com
- ^ Сергей Вячеславович Чалый // tut.by; Сергей Вячеславович Чалый // ekonomika.by
- ^ Сяргей Чалы(недаступная спасылка) // linkedin.com
- ^ Сергей Чалый
- ^ Кандидат в президенты Республики Беларусь Короткевич Татьяна Николаевна // Выборы президента Республики Беларусь 11 октября 2015 г.; У давераных асобах Караткевіч — Маслоўскі, Берніковіч, Чалы // Euroradio.fm, 11.09.2015
- ^ Опубликованы списки доверенных лиц кандидатов в президенты. Среди них — Руммо, Чалый и Щеткина
- ^ "Экономика на пальцах" будет выходить в текстовом виде до конца выборов
- ^ Ивашкевича и Чалого объявили в межгосударственный розыск (рас.) Reform.by(be)
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сяргей Чалы — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Сергей Вячеславович Чалый // tut.by
- Сергей Вячеславович Чалый // ekonomika.by
- Визави. Второй заход в большой доход // belgazeta.by
- Online-конференция с Сергеем Чалым с читателями сайта «БелГазеты» // belgazeta.by
- Online-конференция с Сергеем Чалым с читателями сайта «БелГазеты» // belgazeta.by (копія з кэша Google)
- Профіль Сяргея Чалага на партале livejournal.com
- Сайт грамадскай ініцыятывы «Народная праграма» // prahrama.by
- «Экономика на пальцах» будет выходить в текстовом виде до конца выборов // tut.by
- Опубликованы списки доверенных лиц кандидатов в президенты. Среди них — Руммо, Чалый и Щеткина // tut.by
- Кандидат в президенты Республики Беларусь Короткевич Татьяна Николаевна // vybory2015.by