Перайсьці да зьместу

Аляксандар Дабравольскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аляксандар Альгертавіч Дабравольскі
Народны дэпутат СССР
1989 — 5 верасьня 1991
Дэпутат Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь
1995 — 2000
Прэзыдэнт: Аляксандар Лукашэнка
Прэм’ер-міністар: Міхаіл Чыгір
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 23 лістапада 1958 (66 гадоў)
Сула Стаўпецкага раёну Менскай вобласьці, БССР
Партыя: 1) КПСС (да 1990)
2) АДП (1990—1995)
3) АГП (ад 1995)
Адукацыя: БДУ
Узнагароды:
Мэдаль да стагодзьдзя БНР

Аляксандар Альгертавіч Дабравольскі (23 лістапада 1958, в. Сула Стаўпецкага раёну Менскай вобласьці) — беларускі палітык, народны дэпутат СССР (1989—1991), дэпутат Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 13-га скліканьня (1995—2000), сябра АГП.

Скончыў сярэднюю школу ў Койданаве. У 1982 годзе скончыў радыёфізычны факультэт БДУ[1], у 1995 годзе — юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У 1982—1990 гадах працаваў тэхнікам, затым інжынэрам-канструктарам у Канструктарскім бюро дакладнага электроннага машынабудаваньня. У 1989 г. быў абраны народным дэпутатам СССР па тэрытарыяльнай акрузе ў г. Менску. Працаваў у Камітэце па прамысловасьці (1989—1991), затым намесьнікам Старшыні Камітэту па правах і свабодах чалавека (1991). На першым Зьезьдзе Народных дэпутатаў СССР увайшоў у склад Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы. У 1990 г. быў адным з ініцыятараў стварэньня Аб’яднанай дэмакратычнай партыі, у 1991—1995 гг. ейны старшыня. У 1992 г. заснаваў Незалежны Інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў. Да 1994 г. ягоны выканаўчы дырэктар, у 1994—1995 гг. навуковы супрацоўнік. У 1995 г. адбылося аб’яднаньне АДПБ з Грамадзянскай партыяй і была створана Аб’яднаная грамадзянская партыя, а ён абраны намесьнікам старшыні АГП. У гэтым жа годзе адбыліся выбары ў Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь і ён быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету, узначаліў падкамісію па СМІ, увайшоў у склад фракцыі «Грамадзянскае дзеяньне», аснову якой склалі чальцы АГП. У 1996 годзе быў прадстаўніком групы дэпутатаў Вярхоўнага Савету ў Канстытуцыйным Судзе па пытаньні імпічмэнту прэзыдэнта Лукашэнкі. З 1995 па 2006 г. — намесьнік старшыні, з 2006 г. — чалец Палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У 2001 г. падчас прэзыдэнцкіх выбараў быў намесьнікам кіраўніка выбарчага штабу адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі Ўладзіміра Ганчарыка, у 2006 г. — намесьнікам кіраўніка штабу адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча. З 2007 г. — старшыня кіраваньня, з 2008 — дырэктар Усходнеэўрапейскай школы палітычных дасьледаваньняў. З 2007 па 2009 г. — чалец Прэзыдыюму Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі.

У сакавіку 2024 году стала вядома, што Дабравольскі і яшчэ трое чалавек былі завочна асуджаныя на чатыры гады пазбаўленьня волі кожны нібыта за спробу сарваць рэфэрэндум 2022 году[2]. Пазьней у тым жа годзе Дабравольскага, якога абвясьцілі кіраўніком «экстрэмісцкага фармаваньня» ў справе «аналітыкаў Ціханоўскай», завочна асудзілі яшчэ да 11 з паловай гадоў пазбаўленьня волі ды штрафу[3].

Жонка — настаўніца, мае сына і дачку. Маці жыве ў Койданаве Менскай вобласьці.

  • Критерии эффективности экономического законодательства. // Открытое общество. № 2. Минск. 1998.
  • Правовые барьеры против развития предпринимательства. // Бюллетень Клуба экономистов. № 4. Минск. 2000.
  • Стратегия избирательной кампании. Минск. 2004.