Беларусь у Другой сусьветнай вайне
Беларусь у Другой сусьветнай вайне была Беларускай ССР у складзе СССР. Межы Беларускай ССР істотна пашырыліся на захадзе ў выніку верасьнёўскага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Ўкраіну 1939 году. Па сканчэньні вайны Беларуская ССР страціла большую частку Беластоцкай вобласьці. У сьнежні 1943 году акупацыйны Генэральны камісарыят «Беларусь» утварыў Беларускую цэнтральную раду (БЦР). 23 лютага 1944 году БЦР заснавала Беларускую краёвую абарону, якая налічвала звыш 20 000 жаўнераў у складзе 44 батальёнаў. Савецкі партызанскі рух у Беларусі, якім кіравалі камуністы, заснавалі супрацоўнікі НКУС. Улетку 1944 году Чырвоная армія заняла Беларусь у ходзе апэрацыі «Багратыён». У ходзе вайны Беларусь страціла чвэрць насельніцтва і палову нацыянальнага багацьця, бо на яе землях адбылося шмат бітваў. Беларусы таксама ваявалі ў Італіі на баку саюзьнікаў у складзе 2-га Польскага корпусу (арміі Андэрса).
Далучэньне Заходняй Беларусі да БССР
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Асноўны артыкул: Далучэньне Заходняй Беларусі да БССР
23 жніўня 1939 году ў Маскве міністры замежных справаў Нямеччыны і СССР Ёахім Рыбэнтроп і Вячаслаў Молатаў падпісалі Дамову «Аб ненападзе». Да Дамовы прыкладаўся Пратакол, паводле 2-га артыкула якога: «У выпадку тэрытарыяльных і палітычных пераўтварэньняў у абласьцях, якія належаць Польскай дзяржаве, сфэры ўплыву Нямеччыны і СССР будуць разьмежаваныя прыблізна па лініі рэк Нараў, Вісла і Сан»[1]. 1 верасьня 1939 году Нямеччына пачала ўварваньне ў Польскую Рэспубліку. 14 верасьня Нямецкае войска дайшло да Берасьця, якое заняло 17 верасьня пасьля 3-дзённых баёў за Берасьцейскую крэпасьць. Адначасна 17 верасьня 1939 году СССР далучыўся да ўварваньня. 800-тысячная Чырвоная армія ў складзе Беларускага і Ўкраінскага франтоў заняла адпаведна Заходнюю Беларусь і Заходнюю Ўкраіну («усходнія ўскраіны» Польскай Рэспублікі). Корпус аховы памежжа Польшчы ў складзе 25 батальёнаў на загад Эдварда Рыдз-Сьміглага адступіў у бок румынскай мяжы. 18 верасьня Польскае войска задушыла Скідальскае паўстаньне. У сваю чаргу чырвонаармейцы расстрэльвалі польскіх ваеннапалонных зь ліку афіцэраў, у тым ліку генэрала Юзэфа Альшына-Вільчынскага. 22 верасьня 1939 году Чырвоная армія з баямі заняла Горадню. Да 28 верасьня Чырвоная армія дасягнула рэк Нараў, Буг, Вісла і Сан. 28 верасьня 1939 году ў Маскве нямецкі і савецкі міністры Рыбэнтроп і Молатаў падпісалі Дамову аб сяброўстве і граніцы. Паводле 1-га артыкула Дамовы, «Урад СССР і Нямецкі ўрад усталёўваюць у якасьці граніцы між узаемнымі дзяржаўнымі зацікаўленасьцямі на тэрыторыі былой Польскай дзяржавы лінію, якая нанесена на прыкладзеную пры гэтым мапу і больш падрабязна будзе апісана ў дадатковым пратаколе». 4 кастрычніка 1939 году ў Маскве Молатаў і нямецкі амбасадар у СССР Вэрнэр Шуленбург падпісалі Дадатковы пратакол. Паводле Пратаколу, мяжу ўсталявалі з поўначы на поўдзень па рэках Чорная Ганча, Блізна, Піса і Нараў да гораду Астраленка (цяпер Мазавецкае ваяводзтва), далей на поўдзень па рэках Ож, Буг, Салокія і Сан.
22 кастрычніка 1939 году прайшлі выбары ў Народны сход Заходняй Беларусі (бязь Віленскага краю). На 929 выбарчых участках прагаласавала 2 672 280 чалавек, якія складалі 96,7% выбарцаў. Сярод 929 абраных дэпутатаў быў 621 (66,8%) беларус, 127 палякаў, 72 жыды, 53 украінцы і 43 расейцы. 28 кастрычніка 1939 году ў Беластоку адкрыўся Народны сход Заходняй Беларусі, які 29 кастрычніка зацьвердзіў Дэклярацыю аб уваходжаньні Заходняй Беларусі ў БССР. 14 кастрычніка 1939 году Вярхоўны Савет БССР пастанавіў прыняць Заходнюю Беларусь у склад Беларускай ССР, што Вярхоўны Савет СССР зацьвердзіў 2 лістапада. 4 сьнежня 1939 году Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету СССР ухваліў Пастанову пра ўтварэньне 5 вобласьцяў на далучаных да БССР землях: Баранавіцкай, Беластоцкай, Берасьцейскай, Вялейскай і Пінскай. Улетку 1940 году Беларуская ССР страціла Гадуцішкаўскі і Сьвянцянскі раёны (Вялейская вобласьць) на карысьць Летувіскай ССР.
Нямецкае ўварваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Асноўны артыкул: Плян Барбароса
22 чэрвеня 1941 году 4 млн нямецкіх жаўнераў пачалі ўварваньне ў СССР, у тым ліку ў Беларускую ССР. Група арміяў «Цэнтар» у складзе 2-й і 3-й танкавых арміяў за месяц дайшла да Смаленску (16 ліпеня) паводле вучэньня пра «маланкавую вайну». За імі сьледавалі 2-я, 4-я і 9-я арміі. За 6 дзён танкавыя войскі праехалі 650 км і дасягнулі Бярэзіны. У выніку сотні тысячаў савецкіх жаўнераў трапілі ў акружэньне. У ходзе Беластоцка-Менскай бітвы ўтварыліся Беластоцкі і Менскі катлы. 11 ліпеня нямецкія войскі перайшлі Дняпро. За правал у абароне Беларусі кіраўнікоў Заходняй асаблівай вайсковай акругі 22 ліпеня 1941 г. прысудзілі да расстрэлу ў Лефортава[2].
Зь іншага боку, пры адступленьні Чырвоная армія ажыцьцявіла 2 контарнаступы ў Беларусі. 6—10 ліпеня 1941 году адбыўся контарнаступ на 50 км у раёне Лепеля, Сянна і Багушэўска ў выніку бітвы з удзелам звыш 1000 танкаў. 13—17 ліпеня 1941 году 63-і стралковы корпус(ru) пад загадам генэрал-лейтэнанта Леаніда Пятроўскага наступаў 50 км ад Рагачова праз Жлобін да Бабруйска і ўтрымліваў Жлобін і Рагачоў да 14 жніўня[3].
Супрацоўнікі НКУС пры адступленьні расстралялі палітычных вязьняў у 32 турмах Беларускай ССР. На 3 жніўня пераважна ў Расейскую СФСР, Казаскую і Туркмэнскую ССР вывезьлі звыш 700 тыс. жыхароў Беларусі (6,6%), зь іх 190 тыс. жыдоў (27%)[4].
Нямецкая акупацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Асноўны артыкул: Нямецкая акупацыя Беларусі (1941—1944)
Нямецкія акупацыйныя ўлады стварылі ў Беларусі 260 канцлягераў і іх аддзяленьняў, куды на пачатку зьмясьцілі звыш 900 000 савецкіх ваеннапалонных. Найбольшым зь іх быў Трасьцянец, дзе загінулі 206,5 тыс. чалавек. Сярод ахвяраў быў правадыр Беларускай незалежніцкай партыі ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, якога нямецкія акупанты закатавалі ў Трасьцянцы 24 сьнежня 1942 году. У 277 гарадах і мястэчках Беларусі заснавалі 299 жыдоўскіх гета (Менскае гета), дзе забілі звыш 600 000 жыдоў (Галакост на Беларусі). Нямецкія карныя атрады правялі звыш 140 карных апэрацыяў, у ходзе якіх спалілі 628 беларускіх вёсак разам з жыхарамі, зь якіх 186 не аднавіліся пасьля вайны[5]. У ліпені-жніўні 1941 году нямецкія карнікі ўчынілі першую апэрацыю «Прыпяцкія балоты», у ходзе якой забілі 13 788 чалавек. Да прымусовай працы прыцягнулі звыш 2 млн жыхароў Беларусі (1/4 насельніцтва)[6]. Зь іх каля 400 000 чалавек вывезьлі на прымусовую працу ў Нямеччыну, дзе загінула звыш 186 000 беларусаў. Усё гэта прывяло да прытоку на пачатак 1943 году звыш 56 000 чалавек (56 брыгадаў) у савецкі партызанскі рух у Беларусі.
У жніўні 1941 году нямецкія акупанты ўтварылі на частцы земляў заходняй і сярэдзіннай Беларусі Генэральная акругу «Беларусь», якую 1 верасьня ўзначаліў галоўны камісар Вільгельм Кубэ. Той праводзіў «вайсрутэнізацыю». 10 верасьня 1941 году выдаў Інструкцыю пра абавязковую 7-гадовую школьную адукацыю. 13 кастрычніка 1941 году стварыў Беларускую народная самапомач для збору сродкаў на лякарні. У кастрычніку 1941 году дазволіў аднавіць дзейнасьць Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царкве, якая правяла 30 жніўня — 2 верасьня 1942 году Ўсебеларускі царкоўны сабор з абвяшчэньнем аўтакефаліі. 16 ліпеня 1942 году заснаваў Беларускі корпус самааховы, які да роспуску ў красавіку 1943 году налічваў звыш 15 000 супрацоўнікаў у складзе 20 батальёнаў[7]. 13 траўня 1943 году адчыніў Магілёўскі мэдычны інстытут. 3 чэрвеня 1943 году выдаў Дэкрэт аб прыватызацыі зямлі.
23 верасьня 1943 году савецкая партызанка Алена Мазанік забіла мінай Вільгельма Кубэ. 7 сьнежня 1943 году ў выніку сьмяротнага нападу памёр бургамістар Менску Вацлаў Іваноўскі, які быў старшынём Беларускай рады даверу. Па яго сьмерці галоўны камісар Беларусі Курт фон Готбэрг пераўтварыў Беларускую раду даверу ў Беларускую цэнтральную раду (БЦР), якую ачоліў Радаслаў Астроўскі. 23 лютага 1944 году БЦР заснавала Беларускую краёвую абарону на чале з Францішкам Кушалем, якая налічвала звыш 20 000 жаўнераў у складзе 44 батальёнаў (Беларускі калябарацыянізм у Другой сусьветнай вайне).
Савецкая адваёва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Асноўны артыкул: Апэрацыя Багратыён
У траўні 1944 году Чырвоная армія засяродзіла на ўсход ад Беларусі 10-кратна больш танкаў і 7-кратна больш самалётаў, чым нямецкая Група арміяў «Цэнтар» у Беларусі. 22 чэрвеня 1944 году больш як 2,5 млн чырвонаармейцаў пачалі Беларускую наступальную апэрацыю «Багратыён». 27 чэрвеня БЦР правяла ў Менску Другі Ўсебеларускі кангрэс з удзелам 1039 прадстаўнікоў, які абвясьціў пра незалежнасьць Беларусі. На наступны дзень звыш 800 удзельнікаў Кангрэсу разам зь сем’ямі зьехалі ў Нямеччыну. Да 19 жніўня 1944 году Група арміяў «Цэнтар» страціла каля 400 000 жаўнераў забітымі і палоннымі ад агульнага ліку блізу 800 000 жаўнераў. 3 ліпеня 1944 году савецкія войскі занялі Менск, у выніку чаго звыш 50 000 нямецкіх жаўнераў трапілі ў акружэньне. Разам з тым, нават у найбольш пасьпяховай Бабруйскай апэрацыі, якая прайшла 24—29 чэрвеня 1944 году, Чырвоная армія страціла на 40% больш жаўнераў, чым Нямецкае войска.
Пацярпелыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На жнівень 2013 году ў Беларусі пражывала звыш 24 000 вэтэранаў Нямецка-савецкай вайны, зь іх звыш 16 700 інвалідаў і ўдзельнікаў вайны. Яшчэ звыш 33 100 грамадзянаў Беларусі пацярпелі ад наступстваў вайны, у тым ліку: звыш 30 600 былых вязьняў нямецкіх канцлягераў, звыш 1600 чальцоў сем’яў савецкіх вайскоўцаў, якія загінулі на вайне, і 937 інвалідаў зь дзяцінства ў выніку раненьня, кантузіі і калецтва[8].
9 лістапада 2022 году генэральны пракурор Беларусі Андрэй Швед паведаміў пра бягучыя вынікі расьсьледаваньня справы аб генацыдзе беларускага народу ў гады Нямецка-савецкай вайны з боку нямецкіх захопнікаў і іх пасобнікаў: «Лічба зьнішчаных, у тым ліку спаленых разам зь людзьмі населеных пунктаў, значна большая, чым раней гэта было ў афіцыйнай хроніцы: ня менш за 10 215 населеных пунктаў было спалена. Колькасьць лягераў сьмерці на тэрыторыі БССР у тыя гады была значна большая, чым пра гэта сьведчыла афіцыйная гісторыя. Мы выявілі дадаткова яшчэ 50 лягераў сьмерці»[9].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Тацяна Процька. Тэлеграма кайзэру і Пакт Молатава–Рыбэнтропа // Газэта «Новы час», 28 траўня 2018 г. Праверана 21 ліпеня 2018 г.
- ^ Павал Берасьнеў. Барацьба за нацыянальную самасвядомасьць беларусаў // Зьвязда : газэта. — 23 сакавіка 2011. — № 53 (26917). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
- ^ Натальля Голубева. «Чорны корпус» генэрала Пятроўскага // Зьвязда. — 18 лютага 2021. — № 32 (29401). — С. 20—21.
- ^ Эмануіл Ёфэ. Невядомыя старонкі эвакуацыі // Зьвязда. — 15 верасьня 2010. — № 180 (26788). — С. 3.
- ^ 186 Хатыней — 186 трагедий (рас.) // 7 дней. — 2008. — № 13. — С. 2.
- ^ Вераніка Канюта. Вызваленьне: дух перамогі і горыч стратаў // Зьвязда : газэта. — 21 верасьня 2013. — № 178 (27542). — С. 1, 5. — ISSN 1990-763x.
- ^ Павал Берасьнеў. Неажыцьцёўлены праект (частка 5) // Зьвязда : газэта. — 5 студзеня 2011. — № 2 (26866). — С. 7. — ISSN 1990-763x.
- ^ Надзея Дрыла. Пачалася распрацоўка праекта ўказа аб матэрыяльнай дапамозе вэтэранам вайны // Зьвязда : газэта. — 1 жніўня 2013. — № 141 (27506). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
- ^ Швед аб генацыдзе беларускага народу: маштабы трагедыі такія вялікія, што расьсьледаваньне зойме не адзін год // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 9 лістапада 2022 г. Архіўная копія ад 9 лістапада 2022 г. Праверана 10 лістапада 2022 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |