Дзяржаўны лад Рэспублікі Беларусь
Гэты артыкул — частка праекту: |
Дзяржаўныя інстытуцыі |
---|
Дзяржаўны лад |
Заканадаўчая ўлада |
Выканаўчая ўлада |
Судовая ўлада |
Адміністрацыйны падзел |
Выбары |
Замежная палітыка |
Катэгорыя |
Рэспубліка Беларусь, паводле канстытуцыі — унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава. Кіраўніком дзяржавы зьяўляецца прэзыдэнт. Дзяржаўная ўлада ў краіне ажыцьцяўляецца на аснове падзелу яе на заканадаўчую, выканаўчую й судовую. Форма кіраваньня характарызуецца як зьмяшаная рэспубліка[1], прэзыдэнцкая рэспубліка[2] ці супэрпрэзыдэнцкая рэспубліка[3]
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Канстытуцыя — асноўны закон Рэспублікі Беларусь. Цяперашняя канстытуцыя была прынята Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь 15 сакавіка 1994 году. У далейшым зьмены й дадаткі ў Канстытуцыю ўносіліся тры разы (заўсёды — шляхам рэфэрэндуму). Паводле вынікаў рэфэрэндуму 14 траўня 1995 году, у Канстытуцыю былі занесены становішчы пра роўны статус расейскай мовы зь беларускай, а таксама пра магчымасьць Прэзыдэнта распускаць парлямэнт і прызначаць новыя выбары ў выпадку грубіянскага ці сыстэматычнага парушэньня апошнім Канстытуцыі й законаў. На рэфэрэндуме 24 лістапада 1996 году прынята новая рэдакцыя канстытуцыі, якая пашырае паўнамоцтвы прэзыдэнта і што рэфармуе сыстэму органаў улады ў краіне. На рэфэрэндуме 17 кастрычніка 2004 году з канстытуцыі было выдалена абмежаваньне на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў, якія можа займаць адна й тая ж асоба.
Заканадаўчая ўлада
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Заканадаўчую ўладу ажыцьцяўляе дзьвюхпалатны парлямэнт — Нацыянальны сход. Ніжняя палата — Палата прадстаўнікоў, верхняя — Савет Рэспублікі.
Нацыянальны сход быў створаны ў 1996 годзе ў сувязі са зьменаю Канстытуцыі, калі спыніліся паўнамоцтвы Вярхоўнага савету Рэспублікі Беларусь, былога парлямэнтам да гэтага. Тэрмін паўнамоцтваў Нацыянальнага сходу — 4 гады.
Склад Палаты прадстаўнікоў — 110 дэпутатаў. Абраньне дэпутатаў ажыцьцяўляецца на аснове ўсеагульнага, вольнага, роўнага, прамога выбарчага права пры таемным галасаваньні. Выбары адбываюцца па аднамандатных акругах. Палата прадстаўнікоў першага скліканьня (1996—2000) фармавалася з дэпутатаў распушчанага Вярхоўнага савету. Палата прадстаўнікоў другога скліканьня дзейнічала ў 2000—2004 гадах, трэцяга — у 2004—2008 гадах, чацьвертая з 2008 году. Асноўныя паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў:
- разглядае й прымае праекты законаў;
- прызначае выбары прэзыдэнта;
- дае згоду прэзыдэнту на прызначэньне прэм’ер-міністра;
- выяўляе вотум недаверу ўраду;
- высоўвае абвінавачваньні супраць прэзыдэнта.
Савет Рэспублікі зьяўляецца палатаю тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. Ён складаецца з 64 чальцоў: па 8 чальцоў абіраюць абласныя і Менскі гарадзкі савет пры таемным галасаваньні, яшчэ 8 чальцоў прызначае Прэзыдэнт. Асноўныя паўнамоцтвы Савету Рэспублікі:
- ухвала ці адхіленьне праектаў законаў, прынятых Палатаю прадстаўнікоў;
- абірае шэсьць судзьдзяў Канстытуцыйнага Суду й шэсьць чальцоў Цэнтральнае камісіі па выбарах і правядзеньню рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;
- дае згода на прызначэньне прэзыдэнтам Старшыні Канстытуцыйнага Суду, Старшыні і судзьдзяў Вярхоўнага Суда і іншых вышэйшых службовых асобаў;
- кантралюе працы мясцовых саветаў дэпутатаў, можа адмяняць іх рашэньне ці распусьціць у выпадку парушэньня заканадаўства;
- разглядае ўказы прэзыдэнта пра ўводзіны надзвычайнага й ваеннага становішча;
- прымае рашэньне пра адхіленьне Прэзыдэнта ад пасады.
Выканаўчая ўлада
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выканаўчую ўладу ажыцьцяўляе Ўрад — Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. Ён складаецца з прэм’ер-міністра, яго намесьнікаў, міністраў, кіраўнікоў іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіраваньня й кіруе сыстэмаю падпарадкаваных яму органаў дзяржаўнага кіраваньня і іншых органаў выканаўчае ўлады. Урад у сваёй дзейнасьці падсправаздачны прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь і адказны перад парлямэнтам Рэспублікі Беларусь.
Судовая ўлада
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Судовая ўлада прыналежыць судам[4], судовая сыстэма будуецца на прынцыпах тэрытарыяльнасьці ды спэцыялізацыі. Правасудзьдзе ажыцьцяўляецца на аснове спаборнасьці і роўнасьці бакоў у працэсах. Кантроль за канстытуцыйнасьцю нарматыўных актаў у дзяржаве ажыцьцяўляецца Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь. Судовая сыстэма складаецца з раённых і гарадзкіх судоў — суды першае інстанцыі; абласных і гораду Менску, Вярхоўнага суду, Вышэйшага гаспадарчага суду. Стварэньне надзвычайных судоў у Рэспубліцы Беларусь забараняецца Канстытуцыяй.
Прэзыдэнт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь зьяўляецца Кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, правоў і свабодаў чалавека й грамадзяніна. Ён прадстаўляе Рэспубліку Беларусь у адносінах зь іншымі дзяржавамі й міжнароднымі арґанізацыямі. Валодае шырокім кругам паўнамоцтваў, асноўнымі зь якіх зьяўляюцца:
- вызначае структуру Ўраду Рэспублікі Беларусь, прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады намесьнікаў Прэм’ера-міністра, міністраў і іншых чальцоў Урада, прымае рашэньне пра адстаўку Ўрада ці яго чальцоў;
- прызначае кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіраваньня і вызначае іх статус;
- падпісвае законы; мае права ў парадку, усталяваным Канстытуцыяю, вярнуць закон ці асобныя яго становішчы са сваімі пярэчаньнямі ў Палату прадстаўнікоў;
- мае права адмяняць акты ўраду;
- зьяўляецца Галоўнакамандуючым Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь
- прызначае рэспубліканскі рэфэрэндум;
- можа выдаваць дэкрэты, якія маюць сілу закону[5].
Першыя прэзыдэнцкія выбары ў Рэспубліцы Беларусь адбыліся 10 ліпеня 1994. На іх перамог Аляксандар Лукашэнка. Ён таксама перамагаў і на ўсіх наступных выбарах — у 2001, 2006 і 2010 гадах.
Мясцовае самакіраваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Рэспубліка Беларусь — унітарная дзяржава, таму мясцовае самакіраваньне вырашае галоўным чынам мясцовыя пытаньні. Мясцовае кіраваньне й самакіраваньне ажыцьцяўляецца грамадзянамі празь мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя й распарадчыя органы, органы тэрытарыяльнага грамадзкага самакіраваньня, мясцовыя рэфэрэндумы. Да кампэтэнцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў датычыцца:
- сьцьвярджэньне праграмаў эканамічнага й сацыяльнага разьвіцьця, мясцовых бюджэтаў і справаздачаў пра іх выкананьне;
- усталяваньне ў адпаведнасьці з законам мясцовых падаткаў і збораў;
- вызначэньне ў межах, усталяваных законам, парадку кіраваньня і распараджэньня камунальнаю ўласнасьцю;
- прызначэньне мясцовых рэфэрэндумаў (пакуль не было ніводнага).
Палітычныя партыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Палітычныя партыі Беларусі Партыйная сыстэма ў Рэспублікі Беларусь не разьвіта, што тлумачыцца рознымі чыньнікамі, у ліку якіх адсутнасьць традыцыі партыйнасьці, правядзеньне ўсіх выбараў па мажарытарнай сыстэме, складаныя ўмовы для рэґістрацыі й дзейнасьці партыяў, слабое разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці й інш. Партыі практычна не ўплываюць на палітыку. Да асноўных партыяў належаць:
- Камуністычная партыя Беларусі;
- Беларуская партыя аб’яднаных левых «Справядлівы сьвет»;
- Партыя БНФ;
- Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ;
- Аб’яднаная грамадзянская партыя;
- Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада);
- Лібэральна-дэмакратычная партыя
КДБ
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Чиркин В. Е. Современное государство. М., 2001. С. 154.
- ^ Васілевіч Г. А. Да пытаньня пра форму кіраваньня ў Беларусі // Весьнік Канстытуцыйнага Суда. — 2006. — № 2.
- ^ В. Чернов. Структуры высшей исполнительной и законодательной власти // Европейский выбор для Беларуси. Электрон. документ. Режим доступа: http://kamunikat.org/download.php?item=1777-3.pdf . — С. 30
- ^ Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, артыкул 109
- ^ Артыкул 101 Канстытуцыі Рэспублкі Беларусь