Стараста

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Стараста (старэйшына) — выбарны кіраўнік вёскі.

У Беларусі абіраецца адкрытым галасаваньнем на сходзе вяскоўцаў са свайго складу тэрмінам на 2 гады[1].

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле Закона «Аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні ў Рэспубліцы Беларусь» 2010 году, «Аднаасобны орган тэрытарыяльнага грамадзкага самакіраваньня (стараста, старэйшына і інш.) ствараецца і дзейнічае ў адпаведнасьці з гэтым Законам і палажэньнем, якое зацьвярджаецца адпаведным Саветам на аснове прыкладнага палажэньня, якое зацьвярджаецца Саветам абласнога ўзроўню з улікам патрабаваньняў гэтага Закону. Улік аднаасобных органаў тэрытарыяльнага грамадзкага самакіраваньня ажыцьцяўляецца адпаведнымі выканаўчымі і распарадчымі органамі першаснага ўзроўню» (Артыкул 27)[2].

Да прыкладу 21 лістапада 2005 г. Савет дэпутатаў Віцебскай вобласьці зацьвердзіў Пастанову № 93 «Аб старастах (старэйшынах) населеных пунктаў», паводле якой зацьвердзіў аднайменнае Прыкладнае палажэньне. Паводле 2-га пункту Палажэньня, «стараста (старэйшына) населенага пункту абіраецца тэрмінам на 2 гады на сходзе грамадзянаў населенага пункту зь ліку найбольш аўтарытэтных і паважаных жыхароў, якія пастаянна пражываюць у гэтым населеным пункце і здольныя самастойна прымаць эфэктыўныя захады па навядзеньні належнага парадку і санітарнай культуры, задавальненьні неадкладных патрэбаў і запытаў насельніцтва». Пагатоў «прапановы па кандыдатурах старастаў (старэйшынаў) могуць уносіцца грамадзянамі, сельскім Саветам дэпутатаў, выканаўчым камітэтам». Згоднам з падпунктам 2.3 Палажэньня, «сход грамадзянаў склікаецца ў адпаведнасьці з артыкулам 28 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні ў Рэспубліцы Беларусь» сельскім Саветам дэпутатаў, выканаўчым камітэтам або органамі тэрытарыяльнага грамадзкага самакіраваньня і правамоцны, калі ў ім бяруць удзел ня менш як 25% грамадзянаў, што дасягнулі 18 гадоў і пастаянна пражываюць на гэтай тэрыторыі, або ня менш як 2/3 часткі ўпаўнаважаных». Пагатоў «выбары праводзяцца адкрытым галасаваньнем. Стараста (Старэйшына) лічыцца абраным, калі за яго кандыдатуру прагаласавала больш за палову грамадзянаў, якія прысутнічаюць на сходзе. Рашэньне сходу аб абраньні старасты (старэйшыны) афармляецца пратаколам». Паводле падпункту 2.5 Палажэньня, «стараста (старэйшына) не радзей як адзін раз у год інфармуе жыхароў дадзенага населенага пункту, выканаўчы камітэт аб сваёй рабоце. У выпадку нядобрасумленнага выкананьня абавязкаў стараста (старэйшына) можа быць пераабраны на сходзе грамадзянаў населенага пункту. Прапанова аб датэрміновым спыненьні паўнамоцтваў старасты (старэйшыны) ўносіцца грамадзянамі гэтага населенага пункту, сельскім Саветам дэпутатаў, выканаўчым камітэтам або органам тэрытарыяльнага грамадзкага самакіраваньня»[3].

Паводле 3-га пункту Палажэньня «Аб старастах (старэйшынах) населеных пунктаў», стараста мае паўнамоцтвы:

  • «садзейнічаць ажыцьцяўленьню палітыкі, ідэалёгіі беларускай дзяржавы, рашэньняў мясцовага Савету дэпутатаў, выканкаму, а таксама арганізоўваць выкананьне рашэньняў сходаў грамадзянаў;
  • весьці працу па захаваньні законнасьці, прадухіленьні парушэньняў грамадзкага парадку, працоўнай дысцыпліны, пажарнай бясьпекі, па прафіляктыцы і папярэджваньні злачынстваў і правапарушэньняў, п’янства і алькагалізму, маральнай разбэшчанасьці;
  • зьдзяйсьняць грамадзкі кантроль за дзейнасьцю службаў, якія аказваюць паслугі сельскаму насельніцтву, уносіць прапановы ў адпаведныя органы па ўдасканаленьні іх працы;
  • склікаць сходы жыхароў населенага пункту, забясьпечваць кантроль за рэалізацыяй прынятых рашэньняў, дакладваць насельніцтву пра становішча справаў у населеным пункце;
  • аказваць дапамогу сельскаму Савету дэпутатаў, выканаўчаму камітэту, органам тэрытарыяльнага грамадзкага самакіраваньня, грамадзкім арганізацыям у правядзеньні грамадзкіх, культурна-масавых і гаспадарчых мерапрыемстваў. Садзейнічаць дэпутатам Саветаў усіх узроўняў у зьдзяйсьненьні сваіх паўнамоцтваў;
  • арганізоўваць удзел насельніцтва ў рабоце па добраўпарадкаваньні і паляпшэньні санітарнага стану населеных пунктаў, паркаў, сквэраў, могілак, брацкіх магілаў, помнікаў гісторыі і культуры;
  • садзейнічаць разьвіцьцю асабістых падсобных гаспадарак грамадзянаў. Разам з выканкамам, службовымі асобамі сельгаспрадпрыемстваў праводзіць пастаянную арганізатарскую працу па продажы насельніцтву маладняку жывёлы і птушкі, забесьпячэньні кармамі, закупе лішкаў сельгаспрадукцыі;
  • аказваць дапамогу ў арганізацыі працы мэдычных і культурна-асьветніцкіх установаў, аб’ектаў камунальна-бытавога прызначэньня, крамаў, прадпрыемстваў грамадзкага харчаваньня, дабівацца наяўнасьці ў гандлёвай сетцы тавараў першай неабходнасьці, пашырэньня відаў і павышэньня якасьці работ і паслуг;
  • удзельнічаць у арганізацыі спаборніцтва паміж жыхарамі вёсак за ўзорны парадак і культуру побыту, у правядзеньні сьвятаў вуліц, вёсак;
  • клапаціцца пра паляпшэньне матэрыяльных і бытавых умоваў інвалідаў, сем’яў загінулых, удзельнікаў вайны, састарэлых грамадзянаў;
  • разглядаць звароты грамадзянаў, прадпрымаць захады па іх выкананьні»[4].

Прадпісаньні і ўказаньні старасты (старэйшыны), прынятыя ім у межах сваіх паўнамоцтваў, абавязковыя для выкананьня ўсімі арганізацыямі, разьмешчанымі на адпаведнай тэрыторыі, службовымі асобамі і грамадзянамі. У выпадку невыкананьня старэйшына мае права зьвярнуцца ў сельскі выканаўчы камітэт з прапановай аб прыцягненьні да адказнасьці вінаватых асобаў. Пагатоў «Выкананьне сваіх абавязкаў стараста (старэйшына) ажыцьцяўляе на грамадзкіх пачатках»[4]. Разам з тым, за дасягненьне вынікаў у працы ён можа атрымаць заахвочвальныя выплаты выканаўчых і распарадчых органаў улады, якія залежаць ад колькасьці двароў паселішча і ўсталёўваюцца ў памеры:

  • 1 базавая велічыня пры наяўнасьці ў вёсцы да 20 двароў;
  • 1,5 базавай велічыні — ад 21 да 50 двароў;
  • 2 базавыя велічыні — ад 51 да 100 двароў;
  • 2,5 базавай велічыні — звыш 100 двароў.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

15 лютага 2018 году старшыня Пастаяннай камісіі Савету Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраваньні Аляксандар Папкоў паведаміў, што ў Беларусі налічвалася «амаль 30 000» старастаў[5].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Андрэй Завадзкі. Разьдзел 10. Дзейнасьць і праблемы тэрытарыяльнага грамадзкага самакіраваньня // Праблемы і пэрспэктывы мясцовага самакіраваньня ў Беларусі. — Менск: Таварыства аматараў ведаў, 2003. — С. 81-82. — 150 с. — 299 ас.
  2. ^ А.Лукашэнка. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні ў Рэспубліцы Беларусь» (Артыкулы 1-28) // Зьвязда : газэта. — 14 студзеня 2010. — № 5 (26613). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Прыкладнае палажэньне аб старастах (старэйшынах) населеных пунктаў // Зьвязда. — 18 студзеня 2006.
  4. ^ а б Палажэньне аб старастах (старэйшынах) населеных пунктаў // Мясцовае самакіраваньне. — 27 чэрвеня 2012. — № 13 (285). — С. 1, 2.
  5. ^ Натальля Бітэль. Адысьці ад абыякавасьці / гал.рэд. Павал Сухарукаў, адказн. Н.У. Карпенка // Мясцовае самакіраваньне : газэта. — Зьвязда, 16 лютага 2018. — № 7 (440). — С. 1, 4, 13.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]