Галоўны зьезд Вялікага Княства Літоўскага
Галоўны зьезд Вялікага Княства Літоўскага | |
старабел. Зъездъ головный Великого Князства Литовского[1] | |
Тып | |
---|---|
Тып | надзвычайны |
Парлямэнцкая сыстэма | 2-палатная |
Палаты | |
Рада Вялікага Княства Літоўскага | |
Сойм Вялікага Княства Літоўскага | |
| |
Год заснаваньня | 1572 |
Адрас залі паседжаньняў | Вільня |
Галоўны зьезд Вялікага Княства Літоўскага — надзвычайны агульнадзяржаўны саслоўна-прадстаўнічы орган ВКЛ, заснаваны ў верасьні 1572 году.
Першапачаткова адсутнічала акрэсьленьне яго існаваньня ў пісаным законе. На паседжаньнях прысутнічалі паны Рады Вялікага Княства Літоўскага, прадстаўнікі ад соймікавай шляхты паветаў і ваяводзтваў, віленскага духавенства і прывілеяваных местаў, найперш Вільні. Склікаўся вялікім князем літоўскім, Радай ВКЛ падчас бескаралеўя і соймікавай шляхтай ВКЛ. Вызначаў справы вонкавай бясьпекі дзяржавы, прынцыпы ўладкаваньня ўлады, дачыненьні з Польскім каралеўствам і стаўленьне да вылучэнцаў на вялікакняскі пасад. Ухваляў падаткі. Разглядаў законапраекты і вылучэнцаў на дзяржаўны пасады. Зьбіраўся пераважна ў Вільні. Некалькі разоў засядаў у Берасьці, Ваўкавыску, Горадні, Наваградку, Ружанах і Слоніме. Паседжаньні праходзілі ў 2-х палатах — паноў Рады і шляхецкіх паслоў ад павятовых соймікаў — цягам 2-х тыдняў[2].
Паўнамоцтвы і парадак дзейнасьці вызначаліся шляхецкім звычаёвым правам і дзяржаўнымі рашэньнямі, якія прымаліся ў кожным канкрэтным выпадку. Узьнік насуперак Люблінскай уніі 1569 году. Прымаў ухвалы ад імя станаў Вялікага Княства Літоўскага. У 1572 годзе сабраўся ў час бескаралеўя пасьля сьмерці вялікага князя Жыгімонта Аўгуста. У працы маглі браць удзел ураднікі ВКЛ. У XVII стагодзьдзі ў працы ўдзельнічалі дэпутаты Трыбуналу Вялікага Княства Літоўскага. Маглі адбывацца агульныя і адасобленыя паседжаньні рыцарскага і панскага колаў. У час бескаралеўя запрашалі ўсіх шляхцічаў, якія мелі права ўдзельнічаць у выбарчым Cойме ВКЛ. Ад кожнага павету звычайна абіралі па 2 паслы, якім павятовыя соймікі давалі ўказаньні. Падставай Галоўнага зьезду і павятовых соймікаў, якія яму папярэднічалі, звычайна служылі прапановы вялікага князя літоўскага. Манарх дасылаў іх у выглядзе ўнівэрсалаў у паветы разам з гаспадарскім паслом, якому даваў указаньні. Дапрацоўку ўнівэрсалаў давяралі канцлеру вялікаму літоўскаму. Рашэньні прымаліся большасьцю галасоў і патрабавалі зацьвярджэньня вялікім князем, калі той не прысутнічаў на паседжаньні асабіста. На прапанову шляхты Галоўны зьезд пераважна склікалі падчас рокашу[3].
Правядзеньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У канцы верасьня 1572 году ў Рудніках (Троцкі павет) адбыўся Соймік Віленскага і Троцкага ваяводзтваў, на якім прысутнічала паны Рады Вялікага Княства Літоўскага. Гэта быў 1-ы Галоўны зьезд(pl) Вялікага Княства Літоўскага, які супярэчыў Люблінскай уніі 1569 году. Падчас бескаралеўя ўзяў на сябе паўнамоцтвы Вальнага Сойму Рэчы Паспалітай у справе ўхваленьня падаткаў, абароны краіны і вонкавай палітыкі, а таксама паўнамоцтвы вялікага князя літоўскага прызначаць на дзяржаўныя пасады. У кастрычніку—лістападзе 1574 году ў Вільні прайшоў Галоўны зьезд, які меў дакладна вызначанае прадстаўніцтва. На ім ухвалілі «Парадак сьвятой справядлівасьці», які вызначыў парадак дзейнасьці судоў Вялікага Княства Літоўскага да вяртаньня выбараў новага вялікага князя літоўскага пасьля Генрыка Валезага[3].
У траўні—чэрвені 1576 году ў Мсьцібаве (Ваўкавыскі павет) адбыўся Галоўны зьезд ВКЛ, які ўхваліў Сьцяпана Батуру ў якасьці вялікага князя літоўскага. 6—18 ліпеня 1577 году Сьцяпан Батура склікаў Галоўны зьезд Вялікага Княства Літоўскага ў Ваўкавыску, які ўхваліў падатак на абарону ВКЛ у ходзе Інфлянцкай вайны. 17—29 красавіка 1580 году Галоўны зьезд правялі ў Вільні, у 1582 годзе — у Ваўкавыску, дзе на паседжаньні прысутнічаў сам вялікі князь, а ў 1584 годзе — зноў у Вільні. На іх разглялася стварэньне і праца Трыбуналу Вялікага Княства Літоўскага, а таксама распрацоўвалі Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 году[3].
У студзені, кастрычніку і лістападзе 1587 году Галоўны зьезд зьбіраўся ў Вільні падчас бескаралеўя пасьля сьмерці Сьцяпана Батуры. 29 студзеня 1587 году Галоўны зьезд ВКЛ ухваліў 1-ы нарматыўны прававы акт, які вызначыў парадак утварэньня і дзейнасьці каптуровых судоў ВКЛ. У лістападзе 1587 году Галоўны зьезд правёў абраньне вялікага князя літоўскага, якім стаў Жыгімонт Ваза. У 1588 годзе Жыгімонт Ваза склікаў Галоўны зьезд, які прайшоў у Ваўкавыску ў сувязі з эпідэміяй у сталіцы. У сьнежні 1589 году віленскі кашталян Ян Кішка і канцлер Леў Сапега прапанавалі правесьці Галоўны зьезд ВКЛ у Слоніме ў сувязі з пагрозай вайны з Асманскай імпэрыяй, але віленскі ваявода Крыштап Мікалай Радзівіл «Пярун» адмовіўся ад гэтай задумы. У 1591, 1592 і 1593 гадох Галоўныя зьезды адбываліся ў Вільні. На іх разглядалася стварэньне пастаяннага дзяржаўнага скарбу. Падатковы ўнівэрсал Галоўнага зьезду 1591 году выдала друкарня Мамонічаў у Вільні. Большасьць Галоўных зьездаў праводзілі, каб увесьці падаткі на абарону. У 1602 годзе Галоўны зьезд не правялі ў Новагародку, бо канцлер Леў Сапега выступіў супраць яго пераносу са звыклага месца, якім была Вільня, а вялікі князь літоўскі скасаваў яго правядзеньне пасьля прызначэньня. У 1605 годзе Галоўны зьезд правялі ў Вільні, дзе разглядалася абарона Інфлянтаў. Пры гэтым шляхта Лідзкага павету дамагалася забароны скліканьня Галоўнага зьезду, калі адзіным пытаньнем служыла ўхвала надзвычайнага падатку[3].
Падчас рокашу Зэбжыдоўскага 1606—1609 гадоў шляхта склікала 6 Галоўных зьездаў ВКЛ без удзелу вялікага князя Жыгімонта Вазы. У траўні 1606 году ў Вільні свае зьезды правялі ракашане і легітымісты, якіх склікаў віленскі біскуп Бэнэдыкт Война. Ён жа склікаў і наступныя зьезды легітымістаў у ліпені 1606 году ў Вільні, у верасьні 1606 году ў Новагародку і ў лютым 1607 году зноў у Вільні. У траўні 1607 году ракашане таксама правялі Галоўны зьезд у Вільні[3].
У 1613 годзе Галоўны зьезд ВКЛ, скліканы вялікім князем, адбыўся незадоўга да Вальнага Сойму Рэчы Паспалітай, што прадугледжвалася Генрыкавымі артыкуламі 1574 году. На ім разгледзелі разьмежаваньне Берасьцейскага ваяводзтва ВКЛ і Люблінскага ваяводзтва Польскага каралеўства. У 1615 годзе Галоўны зьезд склікалі, каб утрымаць абложаны Смаленск ад захопу ў ходзе вайны з Масковіяй. На ім шляхта Ашмянскага павету патрабавала склікаць Галоўны зьезд толькі са згоды Вальнага Сойму Вялікага Княства Літоўскага. У 1617 годзе Галоўны зьезд разглядаў замяшчэньне дзяржаўных пасадаў. На ім прысутнічаў курляндзкі герцаг Фрыдэрык Кетлер з 2-ма пасламі ад Інфлянтаў. У 1624 годзе ў Вільні прайшоў Галоўны зьезд, які папрасіў Жыгімонта Вазу больш не склікаць зьезду. За часы панаваньня Сьцяпана Батуры і Жыгімонта Вазы склікалі 14 Галоўных зьездаў, зь якіх 12 прайшлі ў Вільні[3].
У 1632 годзе Галоўны зьезд ВКЛ падчас бескаралеўя пасьля сьмерці вялікага князя Жыгімонта Вазы склікалі віленскі біскуп Абрагам Война, гетман польны літоўскі Крыштап Радзівіл і маршалак трыбунальскі Міхал Трызна. У 1634 годзе вялікі князь літоўскі Ўладзіслаў Ваза склікаў Галоўны зьезд, каб ухваліць падатак падчас Смаленскай вайны. У 1648 годзе пасьля сьмерці вялікага князя Уладзіслава Вазы Галоўны зьезд склікалі віленскі біскуп Абрагам Война, гетман польны літоўскі Януш Радзівіл, жамойцкі біскуп Юры Тышкевіч і троцкі ваявода Мікалай Абрамовіч[3].
У 1655—1657 гадох падчас Крывавага патопу шляхта самастойна склікала Галоўныя зьезды, месцам правядзеньня якіх сталі Ясвойні(lt) (Ковенскі павет, Троцкае ваяводзтва), Кейданы, Пружаны (Берасьцейскі павет) і Берасьце. У 1662—1663 гадох месцам Галоўных зьездаў, якія склікала шляхта, былі Аліта (Троцкі павет) і Пуні (Ашмянскі павет)[3].
У 1665 годзе ў Горадні (Троцкае ваяводзтва) адбыўся Галоўны зьезд, які склікаў вялікі князь літоўскі Ян Казімер. Аб'яднаным паседжаньнем кіраваў маршалак вялікі літоўскі Крыштап Завіша ад паноў Рады[1]. У 1670 годзе Сойм Вялікага Княства Літоўскага ўпершыню пастанавіў склікаць Галоўны зьезд у Вільні. Аднак у сакавіку 1671 году пасьля 2-тыднёвай спрэчкі яго сарваў ковенскі пасол А. Прозар, падбухтораны Сапегамі. У 1672, 1698 і 1700 гадох шляхта зладзіла Галоўныя зьезды ў Вільні. У 1701 годзе адбылося адразу 3 праведзеныя шляхтай Галоўныя зьезды, месцам якіх сталі Вільня, Ружаны (Слонімскі павет) і Горадня. У 1703 годзе шляхта зноў правяла Галоўны зьезд у Вільні[3].
На пачатку сьнежня 1707 году ў Новагародку склікалі Галоўны зьезд ВКЛ, на якім у апошні раз абіралі вялікага князя літоўскага, якім урэшце стаў Аўгуст Моцны. У 1715 і 1734 гадох шляхта зладзіла Галоўныя зьезды ў Вільні. У 1756 годзе ў Слоніме (Наваградзкае ваяводзтва) адбыўся Галоўны зьезд, які правяла шляхта[3].
Маршалкі пасольскага кола
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мікалай Зяновіч (1593), віленскі падваявода
- Януш Радзівіл (1605), падчашы вялікі літоўскі
- Адам Тальваш (1613), дынемборскі староста
- Крыштап Радзівіл (1614, 1615 і 1624), гетман польны літоўскі
- Юры Ян Зяновіч (1634), віленскі земскі судзьдзя
- Ян Антоні Храпавіцкі (1665), смаленскі падкаморы
- Альбрыхт Канстанцін Цеханавецкі (1671), абозны вялікі літоўскі[1]
Гаспадарскія паслы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Станіслаў Бяганскі (1613), каралеўскі сакратар
- Стэфан Пац (1614), пісар вялікі літоўскі
- Януш Скумін Тышкевіч (1615), пісар вялікі літоўскі
- Стэфан Пац (1617), пісар вялікі літоўскі
- Гедэон Міхал Трызна (1624), берасьцейскі староста
- Павал Пётра Трызна (1634), абозны вялікі літоўскі
- Аляксандар Сельскі (1665), гнезьненскі кашталян[1]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г Уладзімер Падалінскі. Галоўны зьезд Вялікага Княства Літоўскага: генэзіс, функцыі, гістарычнае разьвіцьцё // Беларускі гістарычны часопіс. — 2015. — № 1. — С. 13–23. — ISSN 1993-1999.
- ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 29 траўня 2014. — № 98 (27708). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б в г д е ё ж з і Андрэй Радаман. Галоўны з'езд Вялікага княства Літоўскага // Вялікае Княства Літоўскае: энцыкляпэдыя ў 3 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў, маст. Зьміцер Герасімовіч. — 2-е выд. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2007. — Т. 1. Абаленскі—Кадэнцыя. — С. 487—489. — 688 с. — 3000 ас. — ISBN 978-985-11-0393-1
Гэта — накід артыкула па гісторыі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |