Мікалай Абрамовіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Абрамовіч.
Мікалай Абрамовіч
Jastrzębiec Abramowiczów.jpg
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1590-я
Памёр люты 1651
Род Абрамовічы
Бацькі Ян Абрамовіч
Дарота з Валовічаў[d]
Дзеці Самуэль Андрэй Абрамовіч
Дзейнасьць дыплямат

Мікала́й Абрамо́віч (1590-я — люты 1651) — дзяржаўны й вайсковы дзеяч ВКЛ, дыплямат. З шляхецкага роду Абрамовічаў, сын смаленскага ваяводы Яна Абрамовіча, бацька Самуэля Абрамовіча.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вайсковая кар’ера[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1603 годзе, пасьля сьмерці бацькі, аддадзены на выхаваньне на двор біржанскіх Радзівілаў. Магчыма, вывучаў артылерыю й інжынэрыю. У 1-й палове 1620-х ваяваў супраць швэдаў у Курляндыі і Інфлянтах у войску Крыштапа Радзівіла, дзе выконваў абавязкі старшага над гарматай (пад ягонай камандай служыў Крыштаф Арцішэўскі). У 1625 годзе вызначыўся пры ўзяцьці перадмесьця Рыгі, у 1626 годзе ў бітве пад Гневам, дзе фактычна замяніў няздольнага Януша Тышкевіча. У 1626—1627 гадах ваяваў супраць швэдаў на Памор’і й у Прусіі. У вайну Расеі з Рэччу Паспалітай 1632—1634 гадоў са студзеня 1633 году камандаваў палком пяхоты групоўкі Радзівіла, ад 1634 году старшы над гарматай (ад 1640 году называўся генэрал артылерыі ВКЛ), камандэр калёны ў маршы на горад Белы. Камісар пры заключэньні Палянаўскага міру 1634 году.

Палітычная дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Староста старадубскі ў 1636—1647 гадах, мядзельскі й курклійскі; неаднаразова абіраўся паслом на соймы й дэпутатам Трыбуналу ВКЛ. Чашнік ВКЛ у 1638—1640 гадах, кашталян амсьціслаўскі ў 1640—1643 гадах, ваявода амсьціслаўскі (1643—1647) і троцкі ад 1647 году.

У 1646 годзе прызначаны камісарам на перамовах з Масквой й на даручэньне караля перадаў Расеі Трубчэўскую воласьць, за што трыбунальскім судом прысуджаны да штрафу 60 тысячаў злотых і сьмяротнага пакараньня. Справу заспакоілі перадачай ВКЛ ад Польшчы гарадоў Лоеў і Любеч. У 1648 годзе прызначаны камісарам для перамоваў з Швэцыяй.

Адзін з кіраўнікоў кальвіністаў ВКЛ. У 1631 годзе падараваў Літоўскаму сыноду двор у Слуцку пад канвікт для вучняў гімназіі. Старшыня правінцыйнага сыноду (1644).

Зямельныя ўладаньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Апроч бацькавых маёнткаў (Варняны, Дубнікі й Язаў у Віленскім павеце, Сьвіраны, Сураж і Кабыльнік у Ашмянскім) меў Мглін і Дрокаў у Старадубскім павеце, Лебедзева ў Ашмянскім павеце, Холмеч у Рэчыцкім павеце, маёнткі ў Кіеўскім ваяводзтве, сярод якіх ад сярэдзіны 1620-х да пачатку 1640-х гадоў — Астраглядавічы і Хвойнікі.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніца: Валерый Пазднякоў, «Вялікае Княства Літоўскае»