Перайсьці да зьместу

Бяседа

Гэта добры артыкул. Націсьніце на выяву зоркі, каб атрымаць дадатковыя зьвесткі.
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Бяседа»
Гады з 1991-га
Краіна
Месца ўтварэньня Менск (Беларусь)
Мова беларуская
Жанр народная музыка
Выдавец Белтэлерадыёкампанія
Былыя ўдзельнікі Якаў Навуменка, Аляксандар Балотнік, Валянціна Карэлікава, Сьвятлана Суседчык, Натальля Раманская, Анжэла Макарава
beseda.3belarus.by

«Бяседа» — музычны ансамбль Беларусі, заснаваны ў студзені 1991 году кампазытарам Леанідам Захлеўным[2].

Рэпэртуар складаўся зь беларускіх народных песьняў, якія былі жартоўнымі і лірычнымі, прысьвячаліся народным абрадам і сямейным урачыстасьцям. Найбольш вядомымі былі песьні «За маладых» і «Маруся», «Запрагай-ка, бацька, коней» і «Зьвіняць звончыкі». На канцэртах чаргавалі харавыя, інструмэнтальныя і сольныя нумары ў народных строях. У рэпэртуары пераважалі апрацоўкі народных мэлёдыяў і аўтарскія песьні, створаныя Леанідам Захлеўным і вядучым музыкам Мікалаем Алешкам. Найбольшай славай карысталіся песьні «Ай, ды полька» на словы Ўладзімера Пецюкевіча і музыку Алешкі, «Вечарынка» на словы Ўладзімера Мазго і музыку Захлеўнага, а таксама «Чарка на пасашок» на словы Аляксандра Лягчылава і музыку Аляксандра Балотніка. Да 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі Леанід Захлеўны напісаў цыкль песьняў на словы Віктара Кавальчука («Вальс 44-га году», «Напярэдадні вайны» і «Тальянка») і Міхаіла Ясеня («Ах, Тацьцяна Фёдараўна», «З днём нараджэньня» і «Перамога»), за які атрымаў спэцыяльную прэмію прэзыдэнта Беларусі. Ансамбль браў удзел у міжнародных фальклёрных сьвятах: «Маладзечна» і Дзень беларускага пісьменства, «Дажынкі» і «Славянскі базар у Віцебску». «Бяседа» выступала ў 14 краінах, у тым ліку ў Вэнэсуэле, 3-х краінах Азіі — Казахстане, Карэі і Кітаі, а таксама ў 10 краінах Эўропы — усіх суседніх Латвіі, Летуве, Польшчы, Расеі і Ўкраіне, а таксама Аўстрыі, Нямеччыне, Партугаліі, Румыніі і Швэцыі. Гурт запісваў песьні ў фонд Беларускага радыё[3].

У 2016 годзе ансамбль «Бяседа» выдаў кампакт-дыск «Запаветны бераг» да свайго 25-годзьдзя. Музычны альбом улучаў 23 песьні. У яго запісе ўзялі ўдзел 5 сьпявачак і сьпевакоў: Валянцін Кірыленка, Тацьцяна Лазоўская і Натальля Раманская, Юлія Саўчанка і Сьвятлана Суседчык. Музыку гралі 8 чалавек: Ганна (скрыпка) і Мікола Алешкі (баян і гармонік), Сяргей Бяльцоў (скрыпка) і Вольга Калавур (цымбалы), Ігар Міхальцоў (баян, гармонік і сьпеў) і Аляксандар Надточы (сынтэзатар і ўдарнікі), Юры Чаркас (дудка і флейта) і Пётар Чырта (кантрабас). Гукарэжысэрам выступіў Д. Каршакевіч, а зьвядзеньне выканаў С. Лісоўскі. Мастацкі кіраўнік Леанід Захлеўны апрацаваў 14 песьняў (1 і 5, 8—12 і 14—16, 18—19 і 22—23), Мікола Алешка — 8 (2—4 і 6—7, 13 і 20—21), а Сяргей Бяльцоў — адну (17). Альбом выпусьціла Белтэлерадыёкампанія на падставе запісаў Беларускага радыё[4].

«Запаветны бераг»
НазваСловыМузыка Працягласьць
1. «Запаветны бераг»  Леанід ПранчакЛеанід Захлеўны 2:54
2. «Ой, прачнуўся я ў панядзелак»  беларуская народная песьня  2:17
3. «У вішнёвым садочку»  беларуская народная песьня  2:16
4. «Дзе ж бы я ні ехала»  беларуская народная песьня  2:20
5. «Дзяўчыненька, шуміць гай»  беларуская народная песьня  3:05
6. «Полька «Шмыгалёўка»»   Мікола Алешка 1:46
7. «Дзеўчына як вішня»  Уладзімер ПецюкевічМікола Алешка 3:25
8. «Дарагая, мая залатая»  С. СалагубЛеанід Захлеўны 3:13
9. «Маміна вішня»  Уладзімер КарызнаЛеанід Захлеўны 3:44
10. «Бацькоў не забывай»  Міхаіл ЯсеньЛеанід Захлеўны 3:27
11. «Восем хлопцаў на сяло»  Алесь БадакЛеанід Захлеўны 2:06
12. «Там за вёсачкай»  С. СалагубЛеанід Захлеўны 2:36
13. «Кума»  Аляксандар ЛягчылаўМікола Алешка 2:50
14. «Будзем жыць як набяжыць»  Алесь БадакІзмаіл Капланаў 3:24
15. «Дальва»  Алесь БадакЛеанід Захлеўны 3:25
16. «Залаты матыў»  Леанід ПранчакЛеанід Захлеўны 4:02
17. «Муза ты мая»  Уладзімер ПецюкевічСяргей Бяльцоў 3:12
18. «Не чакала, пакахала»  Аляксандар ЛягчылаўТарыэл Майсурадзэ 3:21
19. «А на вуліцы грамы»  Алесь ПісарчыкЛеанід Захлеўны 2:49
20. «На сьцяжынцы вечаровай»  Уладзімер КарызнаМікола Алешка 3:40
21. «Песьню на шчасьце прыміце»  Уладзімер ПецюкевічМікола Алешка 2:50
22. «Чарка на пасашок»  Аляксандар ЛягчылаўАляксандар Балотнік 2:29
23. «Палянэз»   Міхал Агінскі 4:06
1 гадз. 9 хв. 17 сэк.

«Бяседа» выконвала песьні на вершы Надзеі Салодкай[5] і Івана Цітаўца[6], Тацьцяны Атрошчанкі[7] і Людмілы Кебіч[8], Кастуся Цыбульскага[9] і Ўладзімера Ўладзімеравіча Карызны, Уладзімера Мазго («Мэлёдыя душы» і «Вечарынка», «У новы век», «Закахалася ў суседа» і «Хлебны квас»)[10] і Алеся Бадака, Леаніда Пранчака і Ўладзімера Скарынкіна, Уладзімера Пецюкевіча і Аляксандра Лягчылава.

На 2022 год удзельнікамі ансамблю «Бяседа» былі Леанід Захлеўны і Мікола Алешка, Тацьцяна Лазоўская і Юлія Саўчанка, Ігар Міхалькоў[11] і Ганна Алешка, Сяргей Бяльцоў і Валянцін Кірыленка, Ігар Міхалькоў і Вольга Калавур, Юлія Захарава і Настасься Кулік[12].

У мінулым у складзе ансамблю бралі ўдзел Якаў Навуменка[13] і Аляксандар Балотнік, Валянціна Карэлікава і Сьвятлана Суседчык, Натальля Раманская і Анжэла Макарава[12].

У студзені 1991 году кампазытар Леанід Захлеўны заснаваў ансамбль «Бяседа», які стаў выконваць народную музыку на Беларускім радыё. Гурт склалі артысты ансамблю «Жывіца», які вярнуўся з гастроляў на запрашэньне беларускай дыяспары Амэрыкі безь кіраўніцы Валянціны Пархоменкі[14]. Назву ансамблю прапанаваў сьпявак Якаў Навуменка[12]. Адной зь першых стала песьня «Каля Чырвонага касьцёла» на словы Леаніда Пранчака пад аранжыроўку Юрыя Багаткевіча[15]. У 1998 годзе баяніст Аляксандар Балотнік паклаў на музыку словы песьні «Чарка на пасашок» Аляксандра Лягчылава, якая стала шлягерам «Бяседы»[16]. Адной зь лірычных песьняў у выкананьні «Бяседы» стала песьня «Яблычак румяны» на словы Ўладзімера Пецюкевіча і музыку баяніста Міколы Алешкі. Яе засьпявала Валянціна Карэлікава[17]. Аднаўленьнем акардэонаў, баянаў і гармонікаў для «Бяседы» займалася майстэрня «Музрам» Беларускага саюзу музычных дзеячоў, што месьцілася ў Менску па вуліцы Чычэрына, д. 1 (насупраць Вялікага тэатру Беларусі)[18]. Да 2003 году скрыпкі і цымбалы, дудкі і жалейкі для «Бяседы» вырабляў Усевалад Жукоўскі, якога пазьней замяніў ягоны сын Аляксандар[19].

У чэрвені 2007 году «Бяседа» выступіла на гала-канцэрце падчас Фэстывалю народнай музыкі ў Паставах (Віцебская вобласьць)[20]. У ліпені 2007 году падчас сьвяткаваньня 125-годзьдзя Янкі Купалы Першы нацыянальны канал Беларускага радыё прадставіў прэм’еру радыёспэктаклю «Паэт і дзяўчына» паводле аднайменнай п’есы Пятра Васючэнкі. У яго запісе браў удзел ансамбль «Бяседа»[21]. На пачатку верасьня 2007 году гурт зьняўся ў перадачы «Агульнанацыянальнага тэлебачаньня» ў Летнім амфітэатры Віцебску. У сярэдзіне верасьня «Бяседа» ўзяла ўдзел у «Дажынках» з прэм’ерай песьні «Аграгарадок» на словы Івана Цітаўца і музыку Івана Поклада, а 27 верасьня дала сольнік у Канцэртнай залі «Менск»[15]. 4 кастрычніка 2007 году ансамбль узяў удзел у канцэрце да 10-годзьдзя Палаца Рэспублікі ў Менску[22]. 3 лістапада «Бяседа» сыграла ў Беларускай філярмоніі на канцэрце да 125-годзьдзя Якуба Коласа[23]. 7 сьнежня 2007 году ансамбль сыграў у Каракасе (Вэнэсуэла) на Нацыянальнай выставе дасягненьняў Беларусі[24].

18 студзеня 2008 году «Бяседа» стала ўдзельніцай канцэрту да 70-годьдзя Менскай вобласьці ў Канцэртнай залі «Менск»[25]. Увесну 2008 году Леанід Захлеўны напісаў для ансамблю «Бяседа» цыкль песьняў «З днём нараджэньня, Перамога» пра шчасьлівую гісторыю каханьня ад расстаньня ў 1941 годзе да сустрэчы ў 1945-м[26]. У ліпені 2008 годзе ансамбль выступіў на гала-канцэрце падчас «Славянскага базару ў Віцебску»[27]. 7 верасьня 2008 году на Дзень беларускага пісьменства ў Барысаве (Менская вобласьць) «Бяседа» зайграла на гала-канцэрце «Мы — беларусы»[28]. 20 верасьня на Рэспубліканскім сьвяце-кірмашы працаўнікоў сяла «Дажынкі» ансамбль «Бяседа» прадставіў прэм’еру песьні «Кірмаш гудзе»[29]. У кастрычніку 2008 году адбыўся выступ на адкрыцьці Міжнароднага фэстывалю Юрыя Башмета ў менскім парку Горкага[30].

2 красавіка 2009 году ансамбль выступіў на беларуска-расейскім канцэрце ў Беларускай філярмоніі[31]. Пры канцы чэрвеня 2009 году Прэзыдыюм Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі прысудзіў «Бяседзе» грашовую прэмію ў галіне музыкі за канцэртную папулярызацыю беларускай народнай песьні ў замежжы[32]. Увечары 31 сьнежня 2009 году на тэлеканале «Лад» паказалі пераднавагодні канцэрт «Бяседы»[33]. 24 верасьня 2010 году «Бяседа» выступіла на гала-канцэрце падчас «Дажынак» у Лідзе (Гарадзенская вобласьць)[34].

У кастрычніку 2011 году ансамбль выступіў у Магілёве на Міжнародным музычным фэстывалі «Залаты шлягер» у канцэртнай праграме «Карагод сяброўства» з расейскімі і ўкраінскімі музыкамі[35]. 23 лістапада 2011 году мастацкаму кіраўніку «Бяседы» Леаніду Захлеўнаму прысудзілі ордэн Францішка Скарыны за заслугі ў разьвіцьці культуры[36]. 19 траўня 2012 году ў рамках Дзён культуры Беларусі ў Санкт-Пецярбургу (Расея) «Бяседа» выступіла на пляцоўцы Музэю вады[37]. У ліпені 2012 году ансамбль узяў удзел у 21-м «Славянскім базары» ў Віцебску[38]. 28 ліпеня «Бяседа» сыграла на канцэрце ў Каленкавічах (Гомельская вобласьць) падчас 7-га Фэстывалю народнага гумару «Аўцюкі»[39]. 25 кастрычніка 2012 году ансамбль сыграў у Канцэртнай залі Беларускай філярмоніі на творчым вечары кампазытара Ўладзімера Ўладзімеравіча Карызны[40].

3 жніўня 2013 году ў Міхалове (Беластоцкі павет) «Бяседа» выступіла на 3-м Фэстывалі беларускай культуры «Прымацкая бяседа», які сабраў каля 3000 гледачоў[41]. На пачатку верасьня 2013 году на Дні беларускага пісьменства ў родным Быхаве выступіла салістка «Бяседы» Тацьцяна Лазоўская[42]. У кастрычніку 2013 году ансамбль сыграў песьні свайго былога саліста Якава Навуменка на канцэрце ягонай памяці «На паруках настальгіі», які прайшоў у Беларускай філярмоніі[43]. На 2013 год ў Сеціве разьмясьцілі відэазапісу выступаў «Бяседы»[44].

7 траўня 2014 году ансамбль выканаў народныя песьні для перадачы «Наперад у мінулае», якую паказалі на тэлеканалах «Беларусь 3» і «Беларусь 24» у рамках праекту «100 песень для Беларусі» да Дня працаўнікоў тэлебачаньня, радыё і сувязі. 8 траўня адпаведны канцэрт паўторна трансьлявалі на Беларускім радыё[45]. У чэрвені 2014 году на Фэстывалі беларускай песьні і паэзіі «Маладзечна» (Менская вобласьць) ансамбль «Бяседа» ўзяў удзел у канцэрце «Спадчына песьняроў», прысьвечаным Ўладзімеру Мулявіну[46]. У чэрвені 2014 году на вечарыне да 75-годзьдзя паэта Ўладзімера Скарынкіна ў Дзяржаўным літаратурным музэі Янкі Купалы сьпявачка «Бяседы» Валянціна Карэлікава выканала рамансы на словы Ўладзімера і Андрэя Скарынкіных[47]. 4 лістапада 2014 году «Бяседа» сыграла ў Вялікай залі Беларускай філярмоніі на гала-канцэрце «Музычны скарб Беларусі» з нагоды 89-годзьдзя Беларускага радыё. Радыёканал «Культура» ладзіў наўпроставую трансьляцыю падзеі. 14 лістапада канцэрт паказалі на тэлеканале «Беларусь 1»[48]. Таксама ў лістападзе сьпявак «Бяседы» Мікола Алешка атрымаў мэдаль Францішка Скарыны[49]. 27 лістапада ансамбль выступіў у Палацы Рэспублікі на канцэрце Тарыэла Майсурадзэ[50].

30 траўня 2015 году ансамбль засьпяваў на Сьвяце беларускай культуры ў Польшчы[51]. 5—7 чэрвеня 2015 году адбыўся 15-ы фэст «Маладзечна» з удзелам «Бяседы»[52]. 3 ліпеня 2015 году тэлеканал «Беларусь 3» паказаў праграму ансамбля «Запрашаем на „Бяседу“»[53]. 25 ліпеня ансамбль засьпяваў на 16-м Міжнародным фэстывалі беларускай культуры «Сяброўская бяседа» ў Гарадку (Беластоцкі павет)[54]. Ад 2 верасьня ў Горадні па 10 кастрычніка ў Менску «Бяседа» гастралявала па 18 гарадах і мястэчках Беларусі, у тым ліку па ўсіх абласных цэнтрах, з канцэртнай праграмай «Любіць Беларусь»[55]. Тэлеканал «Беларусь 3» паказваў адпаведныя канцэрты, у перапынках якіх вядоўца Алена Трацэнка праводзіла тэлевіктарыну «Размаўляем па-беларуску»[56]. На канцэртах гучалі такія песьні, як «Хлеб ды соль», «А ў Марусі хата на пагосьце», «Звончыкі», «Былі ў мяне сваты» і «Вечарынка»[57]. У кожнай з 6 вобласьцяў Беларусі музыкі наведалі па 3 паселішчы, у тым ліку родныя гарады музыкаў: Горадню, Слуцак і Баранавічы, Слонім і Наваполацак[58]. Сярод іншага, 26 верасьня выступілі на «Дажынках» у Круглым (Магілёўская вобласьць)[59].

4—5 чэрвеня 2016 году ў Горадні прайшоў 11-ы Рэспубліканскі фэстываль нацыянальных культураў, на якім зайграла «Бяседа»[60]. 6 красавіка 2017 ансамбль сыграў канцэрт у Гарадку (Віцебская вобласьць)[61]. 31 кастрычніка 2017 году правялі канцэрт у Салігорску (Менская вобласьць)[62]. Падчас Міжнароднага фэстывалю «Залаты шлягер» у 2017 годзе «Бяседа» выступіла на канцэрце «Сустракаем Новы год разам», які тэлеканал «Беларусь 3» паказаў 31 сьнежня[63].

17 чэрвеня 2018 году ансамбль зайграў на вечарыне «Гэта мы» да 80-годзьдзя фатографа Юрыя Іванова, якая прайшла ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры[64]. 20 лютага 2020 году ў Беластоку «Бяседа» засьпявала на гала-канцэрце 27-га фэстывалю «Беларуская песьня», які прайшоў у Падляскай опэры. Гала-канцэрт сабраў 850 гледачоў[65]. 29 жніўня 2020 году ў Ляскавічах (Петрыкаўскі раён) ансамбль зайграў на 6-м Міжнародным фэстывалі этнакультурных традыцыяў «Кліч Палесься»[66].

3 лютага 2021 году «Бяседа» сыграла на канцэрце «Будзь здаровы, гаспадар» свайго былога ўдзельніка Аляксандра Балотніка, які прайшоў у Вялікай залі Беларускай філярмоніі[67]. 12 чэрвеня 2021 году ансамбль выступіў на гала-канцэрце падчас 20-га фэстывалю «Маладзечна»[68]. 25 лістапада 2021 году зладзілі канцэрт у Палацы культуры МТЗ[69]. 31 сьнежня 2021 году ансамбль зайграў на тэлеканцэрце «Навагодні настрой», які паказаў тэлеканал «Беларусь 3»[70].

8 студзеня 2022 году на «Беларусь 3» паказалі канцэрт ансамблю «Вітаем Новы год»[71]. У лютым 2022 году «Бяседа» выступіла ў Бабруйску на сцэне тэатру драмы і камэдыі імя Дунін-Марцінкевіча[72]. 8 сакавіка 2022 году на Міжнародны жаночы дзень музычную праграму ансамблю «Вітаем вас» паказалі на «Беларусь 3»[73]. 27 сакавіка выступілі ў Канцэртнай залі «Менск»[74]. Увесну 2022 году «Бяседа» зрабіла песьню «Адлятаюць гусі» на словы Аляксандра Лягчылава і музыку Ўладзімера Будніка. Таксама запісалі песьню «Буйніцкае поле» на словы Міхаіла Ясеня, якую прасьпявала Настасься Грыгор’ева[75].

  1. ^ а б https://www.tvr.by/bel/company/uslugi4654/muzychnyya-kalektyvy9655/ansambl-narodnay-muzyki-byaseda/
  2. ^ Надзея Бунцэвіч. Настрой — «бяседны» // Культура. — 21 сакавіка 2009. — № 12 (880).
  3. ^ Анcамбль народнай музыкі «Бяседа» // Белтэлерадыёкампанія, 2022 г. Праверана 12 ліпеня 2022 г.
  4. ^ Ансамбль «Бяседа». Альбом «Запаветны бераг» [Электронны рэсурс] / маст.кір. Леанід Захлеўны, гукарэж. Д. Каршакевіч. — Менск : Белтэлерадыёкампанія, 2016. — Кампакт-дыск
  5. ^ Навум Гальпяровіч. Надзея // Літаратура і мастацтва. — 1 жніўня 2014. — № 30 (4779). — С. 10.
  6. ^ Кіра Мураўская. Засьпяваем // Літаратура і мастацтва. — 5 верасьня 2014. — № 35 (4784). — С. 5.
  7. ^ Натальля Талівінская. Для ўсіх, хто кахае // Зьвязда. — 10 сакавіка 2015. — № 45 (27903). — С. 8.
  8. ^ Ніна Каленчыкава. Дамінанты яе лёсу // Полымя : часопіс. — Жнівень 2016. — № 8 (1042). — С. 166. — ISSN 0130-8068.
  9. ^ Віктар Байкачоў. Анлайн-сустрэча з паэтам // Голас Радзімы. — 26 лютага 2021. — № 2 (3638). — С. 8.
  10. ^ Уладзімер Мазго. Зьнічкі вечнасьці // Літаратура і мастацтва. — 12 сакавіка 2021. — № 10 (5115). — С. 9.
  11. ^ Нэлі Зігуля. Полька пад «Бяседу» // Зьвязда. — 25 верасьня 2015. — № 67184 (28042). — С. 9.
  12. ^ а б в Уладзімер Субат. Музыка захапіла і не адпусьціла // Сельская газэта. — 31 сьнежня 2021. — № 21589.
  13. ^ Уладзімер Мазго. Уваскрэсьні ў роднай песьні // Літаратура і мастацтва. — 28 сакавіка 2014. — № 13 (4762). — С. 16.
  14. ^ Алена Драпко. «Трэба, каб па творах кампазытара можна было пазнаць, на якой зямлі ён жыве» // Зьвязда. — 12 сакавіка 2022. — № 49 (20671). — С. 9.
  15. ^ а б Надзея Бунцэвіч. Песьні з мажорнай афарбоўкай // Культура. — 29 верасьня 2007. — № 38-39 (804-805).
  16. ^ Аляксандар Пукшанскі. Баяніст — па нацыянальнасьці // Зьвязда : газэта. — 11 красавіка 2014. — № 67 (27677). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  17. ^ Уладзімер Карызна. «Па сьцяжынцы, дзе ішоў любы мой, каханы» // Зьвязда. — 22 красавіка 2017. — № 77 (28441). — С. 12.
  18. ^ Натальля Сьвятлова. Валянцін Барэйша: «Зрабіць новыя мяхі, клявіятуру, мэханіку — тыя яшчэ фокусы» // Літаратура і мастацтва. — 30 кастрычніка 2020. — № 41 (5097). — С. 14.
  19. ^ Тамара Круталевіч. Заручоны з культурай // Культура. — 23 кастрычніка 2021. — № 43 (1534).
  20. ^ Вольга Ягорава. «Карагод наш пастаўскі – ён усіх зачараваў» // Культура : газэта. — 16 чэрвеня 2007. — № 24 (790).
  21. ^ Людміла Лявонава. Паэт і муза // Мастацтва : часопіс. — Верасень 2007. — № 9 (294).
  22. ^ Надзея Бунцэвіч. Палац Рэспублікі — гучыць дзяржаўна // Культура. — 6 кастрычніка 2007. — № 40 (806).
  23. ^ Юры Іваноў. Прынашэньне Коласу // Культура. — 10 лістапада 2007. — № 45 (811).
  24. ^ Беларусь — у Вэнэсуэле // Культура. — 1 сьнежня 2007. — № 48 (814).
  25. ^ Вобласьці сьвяткуюць юбілей // Культура. — 19 студзеня 2008. — № 3 (821).
  26. ^ Надзея Бунцэвіч. Яшчэ раз пра вайну // Культура. — 10 траўня 2008. — № 19 (837).
  27. ^ Надзея Бунцэвіч. Спрадвечная песня ў пластычнай формуле часоў // Культура. — 12 ліпеня 2008. — № 28 (846).
  28. ^ Ільля Сьвірын. Мы – беларусы // Культура. — 6 верасьня 2008. — № 36 (854).
  29. ^ Лідзія Андрэва. Куфар-радца // Культура. — 20 верасьня 2008. — № 38 (856).
  30. ^ Надзея Бунцэвіч. «Хаджэньне ў народ» зь імправізацыяй на Страдзівары // Культура. — 18 кастрычніка 2008. — № 42 (860).
  31. ^ Дзень яднаньня // Культура. — 4 красавіка 2008. — № 14 (882).
  32. ^ Прэміі прысуджаныя найлепшым // Культура. — 18 ліпеня 2009. — № 29 (897).
  33. ^ Ільля Сьвірын. «Жывы гук» без кампрамісаў // Культура. — 26 сьнежня 2009. — № 52 (920).
  34. ^ Андрэй Старжынскі. Каравай для Ліды // Культура. — 25 верасьня 2010. — № 39 (959).
  35. ^ Надзея Бунцэвіч. Да «Шлягера» з маніторынгам // Культура. — 15 кастрычніка 2011. — № 42 (1013).
  36. ^ Уганараваныя дзяржавай // Культура. — 26 лістапада 2011. — № 48 (1019).
  37. ^ Яўген Рагін. Эксклюзівы.by для Паўночнай Пальміры // Культура. — 26 траўня 2012. — № 21 (1044).
  38. ^ Надзея Бунцэвіч. Закон аншлягаў і пустых месцаў // Культура. — 28 ліпеня 2012. — № 30 (1052).
  39. ^ Пётра Васілеўскі. «Аўцюкі» вярнуліся ў Аўцюкі // Культура. — 4 жніўня 2012. — № 31 (1053).
  40. ^ Надзея Бунцэвіч. Карызна-бэнд // Культура. — 20 кастрычніка 2012. — № 42 (1064).
  41. ^ Надзея Бунцэвіч. А трохтысячная «Бяседа» — на дзесяць гадзін // Культура. — 10 жніўня 2013. — № 32 (1106).
  42. ^ Тацьцяна Студзенка. Не растрачаныя пісьмёны // Літаратура і мастацтва : газэта. — 6 верасьня 2013. — № 35 (4733). — С. 8. — ISSN 0024-4686.
  43. ^ Абрысы // Літаратура і мастацтва. — 25 кастрычніка 2013. — № 42 (4740). — С. 3.
  44. ^ Вольга Навіцкая. Канцэртмайстар — пра віртуальнае // Культура. — 9 лістапада 2013. — № 45 (1119).
  45. ^ Алена Драпко. Да сьвятаў — зь песьнямі // Зьвязда. — 2 траўня 2014. — № 81 (27691). — С. 6.
  46. ^ Ніна Шчарбачэвіч. Словы зь песьні // Зьвязда. — 17 чэрвеня 2014. — № 111 (27721). — С. 1, 3.
  47. ^ Яна Явіч. Майстар перастварэньняў // Літаратура і мастацтва. — 20 чэрвеня 2014. — № 24 (4773). — С. 9.
  48. ^ Вікторыя Целяшук. Беларускае радыё адкрые музычныя скарбы // Зьвязда. — 17 кастрычніка 2014. — № 198 (47808). — С. 7.
  49. ^ Пунктырам // Літаратура і мастацтва. — 21 лістапада 2014. — № 46 (4795). — С. 1.
  50. ^ Надзея Бунцэвіч. Пра роўныя ўмовы // Культура. — 29 лістапада 2014. — № 48 (1174).
  51. ^ Алег Клімаў. Да Дзён культуры // Культура. — 16 траўня 2015. — № 20 (1198).
  52. ^ Надзея Бунцэвіч. Фармат? Новы // Культура. — 30 траўня 2015. — № 20 (1198).
  53. ^ Глядзіце і слухайце // Зьвязда. — 2 ліпеня 2015. — № 124 (27982). — С. 7.
  54. ^ Міжнародны фэстываль беларускай культуры «Сяброўская бяседа» // Амбасада Беларусі ў Польшчы, 27 траўня 2015 г. Праверана 12 ліпеня 2022 г.
  55. ^ «Любіць Беларусь!» // Зьвязда. — 21 жніўня 2015. — № 159 (28017). — С. 6.
  56. ^ Ірына Кацяловіч. «Любіць Беларусь» праз музыку і мову // Зьвязда. — 1 верасьня 2015. — № 166 (28024). — С. 3.
  57. ^ Алена Драпко. Бяседа ў «мажоры» і «міноры» // Зьвязда. — 2 кастрычніка 2015. — № 189 (28047). — С. 5.
  58. ^ Надзея Бунцэвіч. Тур з кансультацыямі // Культура. — 10 кастрычніка 2015. — № 41 (1219).
  59. ^ Ганна Тузянкова. Валожыншчына, Кругляншчына, Віцебшчына, Бярэзіншчына // Культура. — 10 кастрычніка 2015. — № 41 (1219).
  60. ^ Марына Весялуха. Адкрыецца музэй Рэспубліканскага фэстывалю нацыянальных культур // Газэта «Зьвязда», 19 траўня 2016 г. Праверана 12 ліпеня 2022 г.
  61. ^ У Гарадку выступіць ансамбль народнай музыкі «Бяседа» // Партал «Гарадок», 29 сакавіка 2017 г. Праверана 12 ліпеня 2022 г.
  62. ^ Калi традыцыя ажывае // Партал «Электронны Салігорск», 28 верасьня 2017 г. Праверана 12 ліпеня 2022 г.
  63. ^ Вікторыя Целяшук. У дадатак да аліўе — песьні, танцы і гумар // Зьвязда. — 29 сьнежня 2017. — № 251 (28615). — С. 3.
  64. ^ Юры Чарнякевіч. Фота на дарозе жыцьця // Культура. — 15 чэрвеня 2019. — № 24 (1411).
  65. ^ Іван Ждановіч. Варшава, Торунь, Гайнаўка // Голас Радзімы : газэта. — 12 сакавіка 2020. — № 5 (3617). — С. 2. — ISSN 0439-3619.
  66. ^ Прадстаўнікі 11 раёнаў Беларусі прымуць удзел у фэстывалі «Кліч Палесься» // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 27 жніўня 2020 г. Праверана 12 ліпеня 2022 г.
  67. ^ Надзея Бунцэвіч. А вось песьні ўсе — гіты // Культура. — 30 студзеня 2021. — № 5 (1497).
  68. ^ БелТА. Знакамітыя беларускія кампазытары, паэты і артысты зьбяруцца на закрыцьці фэстывалю «Маладзечна» // Газэта «Зьвязда», 12 чэрвеня 2021 г. Праверана 12 ліпеня 2022 г.
  69. ^ Валянцін Кірыленка. Ансамбль народнай музыкі «Бяседа» адзначае юбілей // Радыё «Беларусь», 25 лістапада 2021 г. Праверана 12 ліпеня 2022 г.
  70. ^ Алена Драпко. Дзе шукаць сакрэты Новага году // Зьвязда. — 29 сьнежня 2021. — № 252 (29621). — С. 9.
  71. ^ Алена Драпко.. На «Беларусь 3» у гэтыя выхадныя заплянаваны цікавы этэр са сьвяточнымі акцэнтамі // Газэта «Зьвязда», 5 студзеня 2022 г. Праверана 12 ліпеня 2022 г.
  72. ^ Павал Салаўёў. Выдатная работа, каманда купалаўцаў // Культура. — 26 лютага 2022. — № 9 (1552).
  73. ^ Алена Драпко. Жанчыны бываюць розныя // Зьвязда. — 4 сакавіка 2022. — № 44 (29666). — С. 9.
  74. ^ БелТА. Ад «Марусі» да «Чаркі на пасашок» // Газэта «Зьвязда», 27 сакавіка 2022 г. Праверана 12 ліпеня 2022 г.
  75. ^ Надзея Бунцэвіч. «Мяне не спакушаюць прыпеўкі-бразгушкі» // Культура. — 14 траўня 2022. — № 20 (1563).

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]