Перайсьці да зьместу

Уладзімер Мазго

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Уладзімер Мазго
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 5 сакавіка 1959(1959-03-05) (65 гадоў)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт
Узнагароды

Уладзі́мер Мазго́ (5 сакавіка 1959, Зэльва, Гарадзенская вобласьць) — беларускі паэт.

Нарадзіўся 5 сакавіка 1959 году ў мястэчку Зэльва Гарадзенскай вобласьці. У 1964—1968 гадох разам з бацькамі жыў у Кемераўскай вобласьці. У 1976 годзе паступіў на філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, які скончыў завочна ў 1985 годзе. Служыў у Савецкай Арміі ў 1979—1981 гадох, быў карэспандэнтам шматтыражнай газэты «Інтэграл», супрацоўнікам рэдакцыі літаратурна-драматычных праграмаў Беларускага тэлебачаньня.

У 1984—2002 гадох быў рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі літаратуры для малодшага школьнага ўзросту выдавецтва «Юнацтва». Затым працаваў у выдавецтве «Мастацкая літаратура», у часопісах «Вясёлка», «Полымя». З 2014 году — намесьнік галоўнага рэдактара часопісу «Нёман».

Друкавацца пачаў у 1972 годзе ў зэльвенскай раённай газэце «Праца».

У школьныя гады выступаў на старонках рэспубліканскага друку (газэты «Піянэр Беларусі», «Чырвоная зьмена», «Знамя юности», «Літаратура і мастацтва», часопісы «Бярозка», «Вожык», «Маладосьць»).

Аўтар паэтычных кніг «Пад сьпеў крыніц» (1982), «Вершаліна» (1987), «Маратон» (1992), «Анёл нябесны» (2007), «Сакавіны» (2012, паэзія і проза), «У нябёсах вясны» (2013, выбраныя творы).

Выдаў кнігі для дзяцей «Калі спрачаюцца маланкі» (1989), «Суседзі па сусьвеце» (1994), «Сьмехапад» (1999), «Прыгоды марахода» (2002), «Цуда-вуда» (2008), «Таямнічая планета» (2008), «Лепшыя сябры» (2012), «Загадкавая азбука» (2012), «Адвечныя скарбы Радзімы» (2013), «Адкрывай свой родны край» (2013), «Завітала ў госці казка» (2014), «Слоны с Луны» (2014, пераклад зь беларускай), «Вавёркі лушчаць зоркі» (2019).

Асобныя творы перакладзеныя на расейскую, ангельскую, таджыцкую і чуваскую мовы.

Аўтар словаў да шматлікіх папулярных песень, што ўвайшлі ў рэпэртуар зорак беларускай эстрады: Іны Афанасьевай, Анатоля Ярмоленкі, Алесі, Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, Валерыя Дайнэкі, Якава Навуменкі, Ірыны Дарафеевай, Алега Цівунова, Андрэя Хлястова, Дзьмітрыя Качароўскага, Алены Саўленайтэ, Натальлі Бярнацкай, Валерыя Разанава, ансамбляў «Сябры», «Бяседа» (песьні «Варажба», «Дачнікі», «Вербніца», «Святло вачэй», «Косы твае», «Мне ўсё верыцца», «Гадзіна пік», «Вечарынка», «Чараўніца ёлка», «Купальская» і іншыя). Яго вершы сталі песьнямі дзякуючы кампазытарам Алегу Елісеенкаву, Эдуарду Ханку, Леаніду Захлеўнаму, Уладзімеру Будніку, Валерыю Іванову, Мікалаю Сацуру, Зьмітру Яўтуховічу, Паўлу Яроменку, Зьмітру Даўгалёву. Песьні гучалі на міжнародным фэстывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», нацыянальным фэстывалі песьні і паэзіі «Маладзечна», міжнародных фэстывалях у Вільні і Беластоку.

Прэміі і ўзнагароды

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Ляўрэат прэміі Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне літаратуры (2005).
  • Ляўрэат літаратурнай прэміі імя Васіля Віткі (2005).
  • Выдатнік друку Беларусі (2007).
  • Ляўрэат літаратурнай прэміі Залаты купідон (2008).
  • Ганаровы грамадзянін Зэльвенскага раёну (2008)[1].
  • Мэдаль Францішка Скарыны (2016).
  • Пераможца конкурсу Дзяржаўнага памежнага камітэту Рэспублікі Беларусь на лепшы літаратурны, мастацкі і музычны твор, прысьвечаны 100-годзьдзю памежнай службы (2018).
  • Ганаровы знак Беларускага прафэсійнага саюзу працаўнікоў культуры, інфармацыі, спорту і турызму (2018).