Прамагралізінг

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Каардынаты: 53°55′5″ пн. ш. 27°31′52″ у. д. / 53.91806° пн. ш. 27.53111° у. д. / 53.91806; 27.53111

«Прамагралізінг»
Тып адкрытае акцыянэрнае таварыства
Дэвіз Робім тэхніку даступнай
Заснаваная 6 лютага 2001 (20 гадоў таму)
Заснавальнікі Менскі абласны выканаўчы камітэт[1]
Уласьнікі «Банк разьвіцьця Рэспублікі Беларусь» (78%)[2], «Беларуская нацыянальная перастраховачная арганізацыя» (10,5%), «Белэксімгарант» (7,3%), «Белаграпрамбанк» (4,2%)[1]
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Менск
Адрас Цэнтральны раён, прасп. Пераможцаў, д. 51, корп. 2[3]
Ключавыя фігуры Аляксандар Аніскевіч[4], Аляксандар Ягораў[5]
Галіна сфэра паслугаў
Паслугі лізінг
Абарачэньне Green Arrow Up Darker.svg285,338 млн рублёў (2020 год; 110,643 млн $)
Апэрацыйны прыбытак Green Arrow Up Darker.svg95,561 млн рублёў (2020 год; 37,055 млн $)
Чысты прыбытак Green Arrow Up Darker.svg76,144 млн рублёў (2020 год; 29,526 млн $)[1]
Лік супрацоўнікаў 158 (2021 год)
Матчына кампанія «Банк разьвіцьця Рэспублікі Беларусь»
Даччыныя кампаніі «Прамагралізінг-Цэнтар» (Расея)
Аўдытар ТАА «КПМГ» (Менск)

«Прамагралізінг» — дзяржаўнае фінансавае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў лютым 2001 году для перааснашчэньня сельскай гаспадаркі сучаснай тэхнікай[6].

На 2021 год быў найбольшым лізінгавым прадпрыемствам Беларусі паводле партфэлю і плацяжоў[7]. Меў прадстаўніцтвы ў 3-х абласных цэнтрах Беларусі — Берасьці (вул. Леніна, д. 66, корп. 2), Гомлі (вул. Кірава, д. 20) і Магілёве (Першамайская вул., д. 29а)[8]. Дачынныя прадпрыемствы працавалі ў 5 краінах: Беларусь — ААТ «Бягомльскае» (Докшыцкі раён, Віцебская вобласьць), Расея — ТАА «Прамагралізінг-Цэнтар» (Санкт-Пецярбург, Каламяскі прасп., д. 27), Украіна — ТАА «Прамагралізінг-Украіна» (Кіеў, вул. Пірагоўскага, д. 19, корп. 4), а таксама Бахрэйн — «Рыяда Пал Авалі» (Манама) і Мазамбік — ТАА «БелАфрыка» (Мапуту)[9]. Назіральная рада «Прамагралізінгу» мела 3 камітэты: 1) стратэгіі; 2) бюджэту, узнагароджаньняў і прызначэньняў; 2) аўдыту і рызык[10]. На галаўной сядзібе працавалі: 1) сэктар кліенцкага абслугоўваньня; 2) управа ўнутранага лізінгу, якая ўлучала 3 аддзелы — ажыцьцяўленьня дзяржаўных праграмаў, камэрцыйнага лізінгу і суправаджэньня дамоваў; 3) управа міжнароднага лізінгу, якая налічвала 2 аддзелы — ажыцьцяўленьня праектаў і суправаджэньня дамоваў; 4) аддзел лягістыкі і мытнага афармленьня[3]. Статутны фонд прадпрыемства перавышаў 746,5 млн рублёў (291,5 млн $)[11]. Сярод іншага, «Прамагралізінг» выконваў Праграму дзяржаўнай падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва[12].

Паслугі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2021 год «Прамагралізінг» выконваў 4 праграмы лізінгу:

  • дзяржаўную, у рамках якой перадаваў беларускую тэхніку лясным, рыбным і сельскім гаспадаркам на тэрмін да 7,5 гадоў пры перадаплаце 10 % цаны[13];
  • для малых прадпрыемстваў, якія атрымлівалі абсталяваньне на тэрмін да 5 гадоў у сфэры паслугаў і вытворчасьці на экспарт[14];
  • падтрымкі экспарту, у рамках якой за мяжу перадавалі беларускае абсталяваньне, сельскагаспадарчыя машыны і транспартныя сродкі на тэрмін да 7 гадоў пры перадаплаце 15 % цаны[15];
  • камэрцыйную, згодна зь якой беларускім прадпрыемствам перадавалі абсталяваньне і машыны на тэрмін да 7 гадоў пры перадплаце 15 % цаны, а мэдычнае абсталяваньне і нерухомасьць — на 5 і 10 гадоў адпаведна пры перадаплаце 5 і 15 % цаны[16].

Прадметам лізінгу выступалі: вытворчае абсталяваньне і станкі, аўтобусы і мікрааўтобусы, будаўнічыя машыны, грузавыя і легкавыя аўтамабілі, колавыя цягачы для бурэньня нафтагазавых сьвідравінаў («Менскі завод колавых цягачоў»), лесавозы, камэрцыйная нерухомасьць, прычэпы і паўпрычэпы, сельскагаспадарчая тэхніка (пагрузчыкі і трактары), чыгуначныя вагоны і экскаватары[17]. Фінансаваньне ажыцьцяўлялі ў 14 галінах: паліўная, цеплавая і электраэнэргетыка, здабывальная, нафтагазавая і лёгкая прамысловасьць, сельская гаспадарка і раздробны гандаль, мэдыцына і камунальная гаспадарка, аўтамабільныя, водныя, паветраныя і чыгуначныя перавозкі, машынабудаваньне і мэталюргія[18]. «Прамагралізінг» пазычаў на лізінг у 4-х такіх банках, як «Банк разьвіцьця Беларусі», «Белаграпрамбанк», «Беларусбанк» і «Белзьнешэканомбанк». Страхавалі пастаўкі 4 прадпрыемствы: «Белдзяржстрах», «Белэксімгарант», «Прамтрансінвэст» і «Стравіта». Агулам «Прамагралізінг» выступаў лізінгадаўцам абсталяваньня і тэхнікі 67 беларускіх вытворцаў[19].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

4 сьнежня 2000 году Менскі абласны выканаўчы камітэт зацьвердзіў Рашэньне № 842 «Аб удзеле Менскага аблвыканкаму ў стварэньне ААТ «Прамагралізінг»[1]. 6 лютага 2001 году Менскі аблвыканкам ухваліў Рашэньне № 71 аб уліку ААТ «Прамагралізінг» у Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў за № 690034197[20]. У выніку прадпрыемства стала 1-м дзяржаўным лізінгадаўцам сельскагаспадарчай тэхнікі. 7 траўня 2004 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 535, якой улучыў «Прамагралізінг» у сьпіс пазыкаатрымальнікаў на закуп тэхнікі для лізінгу сельскім гаспадаркам. У рамках Рэспубліканскай праграмы аснашчэньня сельскагаспадарчай вытворчасьці сучаснай тэхнікай на 2005—2010 гады прадпрыемства стала ўпаўнаважаным закупшчыкам. У 2007 годзе «Прамагралізінг» стаў упаўнаважаным лізінгадаўцам беларускага абсталяваньня за мяжой. Паводле Беларускага саюзу лізінгадаўцаў прадпрыемства заняло 1-е ў Беларусі месца паводле партфэлю і выплатаў па лізінгавых дамовах[21]. 24 верасьня 2009 году А. Лукашэнка падпісаў Распараджэньне № 248рп «Аб некаторых пытаньнях ААТ «Прамагралізінг», якім перадаў прадпрыемства з уласнасьці Менскай вобласьці ў падпарадкаваньне Міністэрству эканомікі Беларусі. Пры гэтым, статутны фонд прадпрыемства павялічылі да 400 млрд рублёў[21] (142,7 млн $). 19 лістапада 2009 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 1505 «Аб некаторых пытаньнях дзейнасьці ААТ «Прамагралізінг», якой упаўнаважыў прадпрыемства на лізінг беларускай тэхнікі за мяжой[22]. У 2009 годзе ў Чэхіі заснавалі сумеснае ТАА «Бел-Чэх Трэйд» (50 % паёў)[21].

2 чэрвеня 2010 году А. Лукашэнка падпісаў Распараджэньне № 162рп, якім павялічыў статутны фонд «Прамагралізінгу» на 1 трлн рублёў (334 млн $). У 2010 годзе ў Расеі стварылі 3 дачынныя ТАА: «Беллізінг» (Чалябінск), «Прамагралізінг-Поўдзень» (Растоў-на-Доне) і «Прамагралізінг-Цэнтар» (Масква). У 2011 годзе заснавалі сумесныя ТАА ў Казахстане і Ўкраіне — «КазБел Лізінг» і «Прамагралізінг-Украіна». У кастрычніку 2012 году ў Мазамбіку стварылі сумеснае ТАА «БелАфрыка» (50 % паёў) і выйшлі на рынкі Паўднёвай Амэрыкі. Таксама заключылі найбольшую лізінгавую дамову на пастаўку 592 сельгасмашынаў у Грузію на суму 8 млн даляраў[21]. 24 студзеня 2013 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 45, якім абавязаў Савет міністраў Беларусі да 31 сакавіка ўнесьці ў статутны фонд «Банка разьвіцьця Рэспублікі Беларусь» 14,6 млн паёў (62,5 %) ААТ «Прамагралізінг» на суму 875 млн рублёў (97,5 млн $)[23]. 14 сакавіка 2013 году Дзяржаўны камітэт па маёмасьці Беларусі перадаў 62,5 % паёў у «Прамагралізінгу» ў статутны капітал «Банка разьвіцьця Рэспублікі Беларусь»[1]. 13 чэрвеня 2013 году на плошчах сумеснага прадпрыемства «БелАфрыка» ў Мазамбіку разгарнулі пастаянную выставу вырабаў беларускіх заводаў «Амкадар» і «Белшына» (Бабруйск), трактары «Беларус» і грузавікі «Менскага аўтамабільнага заводу». У лізінг паставілі 35 грузавікоў «МАЗ»[24]. У 2013 годзе ў Бахрэйне заснавалі сумеснае ТАА «Рыяда Пал Авалі» (49 % паёў)[21]. За 2013 год у лізінг прадпрыемствам Расеі паставілі 67 машынаў «Гомсельмаш», «Лідаграпраммаш» (Гарадзенская вобласьць) і «Лідсельмаш»[25]. Агулам за мяжу ў 2013 годзе «Прамагралізінг» паставіў тэхнікі на амаль 63 млн даляраў, што перавышала пастаўкі за папярэднія 3 гады[26]. Па выніках 2013 году прыбытак «Прамагралізінгу» перавысіў 34 млн даляраў, што зрабіла прадпрыемства 10-м найбольш прыбытковым у Беларусі[27].

14 лютага 2014 году «Прамагралізінг» распачаў лізінг тэхнікі беларускім фэрмэрам на 5 гадоў пад 7,5% гадавых[28]. На красавік 2014 году ў Мазамбік паставілі тэхнікі на 30 млн даляраў[29]. 6 траўня 2014 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 207 «Аб стабілізацыі фінансава-эканамічнага становішча асобных прамысловых арганізацыяў у 2014 годзе», паводле якога даручыў «Прамагралізінгу» перадаваць тэхніку на ўмовах: 1) перадаплаты 15 % цаны; 2) узнагароджаньня ў 2 % гадавых; 3) тэрміну вяртаньня да 1 ліпеня 2022 году. «Банку разьвіцьця Беларусі» даручалася пазычаць «Прамагралізінгу» на гэты тэрмін пад 7,5 % гадавых. У пералік прадпрыемстваў, у якіх закупалі тэхніку ўвайшлі 11 ААТ: «Амкадар», «Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў» (Магілёўская вобласьць), «Бабруйсксельмаш», «Берасьцейскі электрамэханічны завод», «Гомсельмаш», «Менскаграпраммаш», «Лідаграпраммаш», «Менскі трактарны завод», «Воршааграпраммаш» (Віцебская вобласьць), «Тэхналіт Полацак» і «Бабруйскаграмаш»[30]. У траўні 2014 году Асацыяцыя лізінгадаўцаў Рэспублікі Беларусь прыняла з свой склад «Прамагралізінг» на Агульным сходзе. У 2014 годзе ў Манголію ўпершыню паставілі вагоны-хопэры ЗАТ «Магілёўскі вагонабудаўнічы завод»[21]. 29 верасьня 2014 году Нацыянальны банк Беларусі выдаў «Прамагралізінгу» Пасьведчаньне № 15 аб улучэньні ў Рэестар лізінгавых арганізацыяў[31]. 9 сьнежня 2014 году сумесна з ЗАТ «Белджы» (Барысаўскі раён) распрацавалі лізінг самаходаў «Джылі» на тэрмін ад 1-го да 5 гадоў пад стаўку ад 10 да 17,7 % гадавых у беларускіх рублях[32].

2 красавіка 2015 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 146 «Аб фінансаваньні ў 2015 годзе закупкі сучаснай тэхнікі і абсталяваньня», паводле якога даручыў «Прамагралізінгу» перадаваць тэхніку сельскім гаспадаркам на ўмовах перадаплаты 10 % ад цаны. «Банк разьвіцьця Беларусі» меў пазычаць «Прамагралізінгу» на гэтыя мэты «бяз выплаты адсоткаў» на тэрмін да 1 чэрвеня 2023 году[33]. Сярод іншага, фэрмэры сталі атрымліваць тэхніку пад 2 % гадавых[34]. У абсягу закупу на 2015 год вызначалася 4 240 асобнікаў тэхнікі 16 відаў, у тым ліку: 1000 трактароў, 500 збожжаўборачных камбайнаў, 355 касілак, 350 разьмеркавальнікаў угнаеньняў, па 250 грузавікоў і прычэпаў, па 210 пасяўных агрэгатаў і плугоў, па 200 глебаапрацоўчых агрэгатаў, грабляў-варашылак, пагрузчыкаў і прэс-падборшчыкаў, 150 кормаўборачных камбайнаў, 140 машынаў хімічнай апрацоўкі расьлінаў, 15 сеялак і 10 буракаўборачных камбайнаў[35]. Па выніках 2015 году «Прамагралізінг» зноў заняў 10-е месца сярод найбольш прыбытковых прадпрыемстваў Беларусі[36]. Чысты прыбытак склаў 315 млрд рублёў (19,4 млн $). У 2015 годзе прадпрыемствам Беларусі перадалі тэхнікі на больш як 1,5 трлн рублёў (92,3 млн $). Пастаўкі за мяжу склалі 80,9 млн даляраў. Тэхніку пераважна перадалі ў Расею, Украіну і Казахстан, а таксама ў Канаду, Грузію і Армэнію[21].

13 траўня 2016 году «Прамагралізінг» пераехаў у памяшканьні «Трайпла» ў Цэнтральным раёне Менску па праспэкце Пераможцаў, д. 51, корп. 2[37]. У 2016 годзе заключылі кантракт на пастаўку дарожна-будаўнічых машынаў у Банглядэш на суму 50 млн даляраў. Паводле Міжнародных стандартаў фінансавай справаздачнасьці, чысты прыбытак за год склаў 38,2 млн рублёў (19,1 млн $)[21]. 2 лютага 2017 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 33, паводле якога «Банк разьвіцьця Беларусі» меў пазычыць «Прамагралізінгу» 100 млн рублёў (51,7 млн $) пад 7,5 % гадавых да 1 чэрвеня 2025 году[38]. 11 студзеня 2018 году А. Лукашэнка зацьвердзіў Указ № 13, якім зрабіў бестэрміновымі ўмовы перадачы «Прамагралізінгам» тэхнікі паводле Ўказу № 146 ад 2 красавіка 2015 году[39]. 9 ліпеня 2018 году Ўказам № 272 «Аб павелічэньні статутнага фонду ААТ «Банк разьвіцьця Рэспублікі Беларусь» 200 млн рублёў (98 млн $) з вылучаных Міністэрствам фінансаў Беларусі 245 млн накіравалі ў статутны фонд «Прамагралізінгу»[40]. 23 чэрвеня 2019 году «Прамагралізінг» прафінансаваў перадачу Беларускай чыгунцы 500 украінскіх паўвагонаў ад «Крукаўскага вагонабудаўнічага заводу» (Крамянчук, Палтаўская вобласьць)[41]. 17 ліпеня 2019 году на 6-м Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расеі ў Санкт-Пецярбургу «Прамагралізінг-Цэнтар» заключыў дамову зь «Менскім аўтамабільным заводам» на пастаўку ў Расею 100 збожжавозаў[42]. У лістападзе 2019 году «Прамагралізінг» набыў ААТ «Бягомльскае» ў Докшыцкім раёне (Віцебская вобласьць) за 3,883 млн рублёў (1,859 млн $)[1]. За 2019 год беларускім прадпрыемствам перадалі 6524 асобнікі тэхнікі на блізу 800 млн рублёў (383 млн $). Абарачэньне ўпершыню перавысіла 100 млн даляраў праз пастаўку за мяжу 2390 асобнікаў тэхнікі[21].

30 сакавіка 2020 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 174 аб павелічэньні пазычаньня на дзяржаўныя праграмы «Прамагралізінгу» на 200 млн рублёў (81,3 млн $) «Банкам разьвіцьця Беларусі»[43]. 12 жніўня 2020 году «Банк разьвіцьця Беларусі» і «Прамагралізінг» заключылі Пагадненьне аб узаемадзеяньні для пашырэньня доступу малых прадпрыемстваў да фінансаваньня. У выніку «Прамагралізінг» пашырыў перадачу тэхнікі на сацыяльнае прадпрымальніцтва і сфэру паслугаў[44]. 29 верасьня 2020 году Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў Пастанову № 560 аб павелічэньні «Банкам разьвіцьця Беларусі» пазычаньня «Прамагралізінгу» на яшчэ 50 млн рублёў (20,3 млн $). Гэтыя сродкі вылучылі на замену цепласетак[45]. 18 лістапада 2020 году «Прамагралізінг» прафінансаваў перадачу «Менсктрансу» 330 аўтобусаў «МАЗ» на суму звыш 150 млн рублёў (61 млн $)[46]. 1 сьнежня 2020 году заключылі Пагадненьне зь «Менскім трактарным заводам» наконт перадачы трактароў пры перадаплаце 10 % цаны са стаўкай 9 % на тэрмін ад 2-х да 5 гадоў[47]. 10 сьнежня з «МАЗам» дамовіліся пра стаўку 8,75 %, а пры перадаплаце 15 % цаны — пра стаўку 8,5 %[48]. За 2001—2020 гады «Прамагралізінг» перадаў звыш 60 000 асобнікаў абсталяваньня і тэхнікі на суму звыш 2,6 млрд даляраў ЗША[7].

Сацыяльныя праекты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

17 траўня 2012 году зь ліку супрацоўніц і супрацоўнікаў «Прамагралізінгу» заснавалі фальклёрны ансамбль «Лілея», які на травень 2017 году налічваў 9 удзельніц і ўдзельнікаў. Мастацкай кіраўніцай ансамблю была Тацяна Давыдзюк, якая праводзіла падрыхтоўку сольнай праграмы двойчы на тыдзень па 2 гадзіны[49]. Пры канцы кастрычніка 2017 году ансамбль «Лілея» заняў 2-е месца ў народным сьпеве на міжнародным конкурсе «Плянэта мастацтваў», які праходзіў у Сочы (Расея)[50]. 19 сьнежня 2020 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 468 «Аб зацьвярджэньні Дзяржаўнай інвэстыцыйнай праграмы на 2020 год», паводле якой «Рэканструкцыя храма Аляксандра Неўскага ў г. Менску» прадугледжвала долевы ўдзел сродкаў рэспубліканскага бюджэту. У выніку «Прамагралізінг» выступіў адным ахвярадаўцам на аднаўленьне царквы на Вайсковых могілках[51].

Кіраўнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Андрэй Пазьняк (да 2014 — )
  • Аляксандар Аніскевіч (на 2021 год)

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е Васіль Паўленка, Аляксандар Аніскевіч. Кансалідаваная фінансавая справаздачнасьць за 2020 год(рас.) // ААТ «Прамагралізінг», 18 чэрвеня 2021 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  2. ^ Асноўны акцыянэр(рас.) // ААТ «Прамагралізінг», 2021 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  3. ^ а б Кантактныя зьвесткі(рас.) // ААТ «Прамагралізінг», 2021 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  4. ^ Кіраўніцтва(рас.) // ААТ «Прамагралізінг», 2021 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  5. ^ Назіральная рада(рас.) // ААТ «Прамагралізінг», 2021 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  6. ^ Візытоўка(рас.) // ААТ «Прамагралізінг», 2021 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  7. ^ а б Аб прадпрыемстве(рас.) // ААТ «Прамагралізінг», 2021 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  8. ^ Абласныя прадстаўнікі(рас.) // ААТ «Прамагралізінг», 2021 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  9. ^ Дачынныя ўстановы(рас.) // ААТ «Прамагралізінг», 2021 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  10. ^ Карпаратыўнае кіраваньне(рас.) // ААТ «Прамагралізінг», 2021 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  11. ^ Раскрыцьцё зьвестак(рас.) // ААТ «Прамагралізінг», 2021 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  12. ^ Інстытуты падтрымкі прадпрымальніцтва // Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь, 2021 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  13. ^ Лізінг паводле дзяржаўных праграмаў(рас.) // ААТ «Прамагралізінг», 2021 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  14. ^ Лізінг для малых і сярэдніх прадпрыемстваў(рас.) // ААТ «Прамагралізінг», 2021 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  15. ^ Мэханізмы падтрымкі экспарту(рас.) // ААТ «Прамагралізінг», 2021 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  16. ^ Лізінг на камэрцыйных умовах(рас.) // ААТ «Прамагралізінг», 2021 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  17. ^ Прадметы лізінгу(рас.) // ААТ «Прамагралізінг», 2021 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  18. ^ Лізінг паводле галінаў дзейнасьці(рас.) // ААТ «Прамагралізінг», 2021 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  19. ^ Супольнікі(рас.) // ААТ «Прамагралізінг», 2021 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  20. ^ Пасьведчаньне аб дзяржаўнай рэгістрацыі(рас.) // ААТ «Прамагралізінг», 2021 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  21. ^ а б в г д е ё ж з Гісторыя(рас.) // ААТ «Прамагралізінг», 2021 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  22. ^ Сяргей Сідорскі. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 лістапада 2009 г. № 1505 «Аб некаторых пытаньнях дзейнасьці ААТ «Прамагралізінг»(рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 27 лістапада 2009 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  23. ^ А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 студзеня 2013 г. № 45 «Аб унясеньні дапаўненьняў і зьмяненьняў ва Ўказ ад 21 чэрвеня 2011 г. № 261»(рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 30 студзеня 2013 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  24. ^ Пастаянна дзейная выстаўка-продаж беларускай тэхнікі арганізавана ў Мазамбіку // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 13 чэрвеня 2013 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  25. ^ Алеся Вараб'ёва. Погляд: замежныя СМІ аб Беларусі і мытным саюзе // Газэта «Зьвязда», 11 лютага 2014 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  26. ^ Уладзіслаў Кулецкі. Грошы атрымае толькі той, хто эфэктыўна працуе // Зьвязда : газэта. — 14 лютага 2014. — № 28 (27638). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.
  27. ^ Ягор Марціновіч. «Эўраопт» зарабіў за год $52 мільёны, удвая больш за «БелАЗ» // Газэта «Наша ніва», 5 чэрвеня 2014 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  28. ^ Лізінг у падтрымку фэрмэрскім гаспадаркам // Белтэлерадыёкампанія, 14 лютага 2014 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  29. ^ БелаПАН. Беларусь гатова забясьпечыць Мазамбік адносна таннымі трактарамі // Газэта «Наша ніва», 25 красавіка 2014 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  30. ^ А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 траўня 2014 г. № 207 «Аб стабілізацыі фінансава-эканамічнага становішча асобных прамысловых арганізацыяў у 2014 годзе»(рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 8 траўня 2014 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  31. ^ Сяргей Дубкоў. Пасьведчаньне № 15 аб улучэньні ў Рэестар лізінгавых арганізацыяў(рас.) // ААТ «Прамагралізінг», 2021 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  32. ^ Беларусы змогуць купляць аўтамабілі «Джылі» ў лізінг // Газэта «Зьвязда», 9 сьнежня 2014 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  33. ^ «Банк разьвіцьця» пракрэдытуе ў 2015 годзе «Прамагралізінгу» на закупку сучаснай тэхнікі для АПК // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 7 красавіка 2015 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  34. ^ Тацяна Лазоўская. Ёсьць тавар. А дзе купец // Зьвязда. — 20 жніўня 2016. — № 160 (28270). — С. 7.
  35. ^ А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 красавіка 2015 г. № 146 «Аб фінансаваньні ў 2015 годзе закупкі сучаснай тэхнікі і абсталяваньня»(рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 7 красавіка 2015 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  36. ^ Мінфін назваў самыя прыбытковыя адкрытыя акцыянэрныя таварыствы Беларусі // «Эўрарадыё», 24 траўня 2016 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  37. ^ Яўген Валошын. Пакуль Чыж за кратамі, у офіс «Трайпла» пераяжджае іншая кампанія // «Эўрарадыё», 13 траўня 2016 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  38. ^ «Прамагралізінг» прадоўжыць у 2017 годзе рэалізоўваць тэхніку для арганізацый АПК // БелТА, 2 лютага 2017 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  39. ^ Камэнтар да Ўказу № 13 ад 11 студзеня 2018 г. // Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь, 11 студзеня 2018 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  40. ^ Камэнтар да Ўказу № 272 ад 9 ліпеня 2018 г. // Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь, 9 ліпеня 2018 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  41. ^ Беларускай чыгунцы закупяць 500 украінскіх паўвагонаў // Газэта «Зьвязда», 23 чэрвеня 2019 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  42. ^ Прадпрыемствы Мінпраму на VI Форуме рэгіёнаў заключаць кантракты на пастаўку тэхнікі, станкоў і ліфтаў // БелТА, 17 ліпеня 2019 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  43. ^ У Беларусі павялічаныя ліміты дырэктыўнага крэдытаваньня дзяржпраграм у 2020 годзе // БелТА, 1 красавіка 2020 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  44. ^ «Прамагралізінг» будзе ўдзельнічаць у праграмах «Банка разьвіцьця» па падтрымцы МСП // БелТА, 12 жніўня 2020 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  45. ^ Віктар Талочка. Саўмін павялічыў «Банку разьвіцьця» ліміт крэдытаваньня эканомікі // Радыё «Спадарожнік», 30 верасьня 2017 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  46. ^ «МАЗ» паставіць 330 аўтобусаў «Менсктрансу» // БелТА, 18 лістапада 2020 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  47. ^ «Прамагралізінг» і «МТЗ» распрацавалі праграму для выгаднай закупкі тэхнікі завода // БелТА, 2 сьнежня 2020 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  48. ^ «МАЗ» і «Прамагралізінг» прадставілі новую лізінгавую праграму са стаўкай ад 8,5 працэнта // БелТА, 10 сьнежня 2020 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  49. ^ Ніна Мажэйка, тэлеканал «Беларусь 1». 5-гадовы юбілей адзначыў ансамбль народнай песьні «Лілея» // Белтэлерадыёкампанія, 18 траўня 2017 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  50. ^ Валянцін Філімонаў. Лойка: у Эўропе людзі ня ўмеюць сьпяваць так, як у нас // Радыё «Спадарожнік», 17 сьнежня 2017 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
  51. ^ Вольга Ануфрыева. «Тэрмін будзе вызначаны» // Зьвязда. — 24 лістапада 2020. — № 229 (29343). — С. 7.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]