Перайсьці да зьместу

Сяргей Алейнікаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сяргей Алейнікаў
Пэрсанальная інфармацыя
Нарадзіўся 7 лістапада 1961(1961-11-07)[1][2] (63 гады)
Рост 182 см
Вага 74 кг
Пазыцыя паўабаронца
Клюбы
Гады Клюб Гульні (галы)¹
1981—1989 Дынама Менск 220 (31)
1989—1990 Ювэнтус 30 (3)
1990—1992 Леччэ 59 (2)
1993—1996 Гамба Осака‎[d] 83 (14)
1996 Адэвольд[d] 5 (0)
1997—1998 Карыльяна[d] 9 (1)
Зборныя
1984—1991 СССР 73 (6)
1992 СНД[d] 4 (0)
1992—1994 Беларусь 4 (0)
Трэнэрскія клюбы
2000—2001 Пантэдэра 1912[d]
2003 Масква[d]
2003 Віднае[d]
2007—2008 Крас[d]
2011—2012 Крас[d]
2014 Дайнава

Сярге́й Яўге́навіч Але́йнікаў (нар. 7 лістапада 1961 году, Менск, БССР) — беларускі і савецкі футбаліст, які выступаў на пазыцыі паўабаронцы. Па завяршэньні кар’еры быў прызнаны найлепшым беларускім футбалістам XX стагодзьдзя[3]. Таксама працаваў футбольным трэнэрам. Зь сьнежня 2024 году займае пасаду спартовага дырэктара баўгарскага «Лякаматыва» з Плоўдзіва[4].

У пачатку 1980-х гадоў трапіў у дубль менскага «Дынама». У 1981 годзе маючы 19 гадоў прыцягваўся галоўным трэнэрам каманды Эдуардам Малафеевым да працы з асноўнай камандай, аднак да канца сэзону зьявіўся на полі толькі некалькі разоў[3][5]. У 1982 годзе менчукі ўпершыню ў гісторыі сталі пераможцамі чэмпіянату СССР, а Алейнікаў зрабіў значны ўнёсак у гэты посьпех. Не зважаючы на ​​тое, што на полі ён зьяўляўся ня часта, то бок усяго ён згуляў у 21 матчы з 34, яму ўдалося правесьці 8 галоў, большасьць зь якіх давалі камандзе пункты. У заключным туры чэмпіянату супраць «Спартака» ён пацэліў мяч у браму Рыната Дасаева, зрабіўшы лік у матчы 4:1 на карысьць сваёй каманды. Аднак пасьля гэтага масквавіты здолелі скараціць разрыў да мінімуму і матч скончыўся зь лікам 4:3, а на рахунку Алейнікава, такім чынам, аказаўся «залаты» гол[3][5].

Пачынаючы з наступнага сэзону Алейнікаў стаў гульцом першай адзінаццатцы. У справе абароны тытул дынамаўцы не далі рады, але занялі трэцяе месца. Да таго моманту Алейнікаў канчаткова замацаваў за сабою пазыцыю апорнага паўабаронцы, зьяўляючыся сувязным зьвяном паміж абаронай і атакай каманды. Новых трафэяў «Дынама» выйграць ня здолела, аднак наступныя тры сэзоны рэгулярна заканчвала ў зоне эўракубкаў, дзе таксама выступала досыць пасьпяхова. Праз Алейнікава разьвівалася большасьць нападкаў каманды, а ягоная ўпэўненая гульня і павага партнэраў прывялі да таго, што ў 1986 годзе ён атрымаў капітанскую повязь[5].

У 1989 годзе цікавасьць да гульца выявіў італьянскі «Джэноа», аднак у справу ўмяшаўся дырэктар «Ювэнтуса» Джамп’ера Баніпэрці, у выніку чаго Алейнікаў стаў футбалістам «чорна-белых», якія заплацілі за яго блізу чатырох мільёнаў даляраў[6]. Адаптацыі паўабаронцы садзейнічала тое, што за клюб ужо выступаў ягоны партнэр па зборнай Аляксандар Завараў. Не зважаючы на ​​дзейны ў той час ліміт на легіянэраў, Алейнікаў здолеў стаць гульцом асноўнага складу і за сэзон дапамог атрымаць ёй перамогі ў Кубку Італіі і Кубку УЭФА. Аднак па заканчэньні сэзону паўабаронца быў вымушаны пакінуць каманду. Паводле адной з вэрсіяў прычынай гэтага быў сыход з пасады галоўнага трэнэра Дына Дзофа, які і запрашаў Алейнікава ў каманду. Пазьней у інтэрвію Алейнікаў расказваў, што ягонаму сыходу спрыялі махінацыі фірмы «Сымод» (якая выконвала ролю пасярэдніка пры пераходзе футбаліста) зь ягоным кантрактам[3][5]. У выніку летам 1990 году беларус апынуўся ў клюбе-аўтсайдэры Сэрыі А «Леччэ», які паводле вынікаў сэзону пакінуў элітны дывізіён. Яшчэ год ён адгуляў у Сэрыі Б, дзе ягоная каманда фінішавала толькі на 10-м радку, пасьля чаго гулец пастанавіў сабе пакінуць Італію[3].

Пасьля гэтага кар’ера Алейнікава працягнулася ў японскай Джэй-лізе, якая ў той час нярэдка заваблівала вядомых эўрапейскіх футбалістаў[7][8]. Выступаючы за каманду «Гамба Осака», паўабаронца вярнуў сабе былую форму і прыняў рашэньне вярнуцца ў Эўропу, чаму таксама спрыяў канфлікт з трэнэрам японскай каманды[5][9]. У 1997—1999 гадах футбаліст выступаў за аматарскія італьянскія каманды «Карыльяна» і «Ананьні». 17 верасьня 1999 году спартовец згуляў разьвітальны матч на менскім стадыёне Дынама, у якім змагаліся залаты склад «Дынама» 1982 году і зборная зорак СССР (3:2). Сяргей згуляў тайм за кожнага суперніка. На гульні прысутнічала каля 20 тысяч заўзятараў[5].

Згуляўшы некалькі матчаў за алімпійскую зборную СССР, у 1983 годзе дэбютаваў у складзе нацыянальнай зборнай. Пры гэтым абедзьве каманды на той час ачольваў Эдуард Малафееў[3]. Калі ў 1986 годзе галоўным трэнэрам каманды стаў Валеры Лабаноўскі, Алейнікаў застаўся адзіным гульцом менскага «Дынама», які прыцягваўся ў зборную на сталай аснове, а таксама адным зь нямногіх гульцоў асноўнай абоймы, які не гуляў за кіеўскае «Дынама», якое было базавым клюбам зборнай[3][5].

У складзе зборнай браў удзел у чэмпіянаце сьвету 1986 і 1990 гадоў, якія склаліся для савецкай каманды няўдала. У першым выпадку савецкія футбалісты вылецелі на стадыі 1/8 фіналу, а ў другім ня здолелі нават пераадолець групавы этап. Значна больш удала склаўся чэмпіянат Эўропы 1988 году, дзе падапечныя Лабаноўскага ўзялі срэбраныя мэдалі, толькі ў фінале саступіўшы зборнай Нідэрляндаў. Пасьпяховая гульня Алейнікава на тым турніры прыцягнула да яго ўвагу эўрапейскіх клюбаў[3]. У 1990 годзе кіраваць зборнай пачаў Анатоль Бышавец, які заняўся сур’ёзным абнаўленьнем складу. Алейнікаў быў адным з старажылаў, які працягнуў выступаць у стартавым складзе зборнай[10]. У складзе зборнай СНД ён браў удзел у чэмпіянаце Эўропы 1992 году[11]. Па распадзе СССР футбаліст згуляў некалькі матчаў за зборную Беларусі, пасьля чаго завяршыў кар’еру ў зборнай.

У чэмпіянатах СССР правёў 220 матчаў, забіў 31 гол. Чэмпіён СССР 1982 году, фіналіст Кубка СССР 1987 году. Уладальнік Кубка Італіі 1990 году. У эўрапейскіх кубкавых турнірах згуляў 36 матчаў. Уладальнік Кубка УЭФА 1990 году.

За зборную СССР/СНД у 1984—1992 правёў 77 матчаў, забіў 6 галоў. Віцэ-чэмпіён Эўропы 1988, удзельнік чэмпіянату Эўропы 1992, чэмпіянатаў сьвету 1986 і 1990. Ляўрэат прызоў за адны з самых хуткіх галоў на чэмпіянаце сьвету 1986 (матч СССР — Вугоршчына, 4-я хвіліна) і чэмпіянаце Эўропы 1988 (матч СССР — Ангельшчына, 3-я хвіліна). Выступаў за зборную сьвету супраць зборнай Бразыліі ў матчы, прысьвечаным 50-годзьдзю Пэле (Мілян, 1990 год). У 1992—1994 гадах выступаў за зборную Беларусі (4 матчы).

7 разоў уваходзіў у сьпісы найлепшых футбалістаў СССР. Тры разы прызнаваўся Футбалістам году ў Беларусі (1984, 1986, 1988). Заслужаны майстар спорту СССР (1988). Па выніках апытаньня да 50-годзьдзя УЭФА быў прызнаны найлепшым футбалістам Беларусі за 50 гадоў.

Адразу па завяршэньні гульнёвай кар’еры Алейнікаў стаў стаць трэнэрам, працуючы з аматарскімі камандамі Італіі. У сэзоне 1998—1999 гадоў трэнаваў італьянскую каманду «Ананьні» з Сэрыі D. А ў сэзоне 2000—2001 ачольваў іншую каманду гэтай жа лігі «Пантэдэру 1912».

Пасьля гэтага непрацяглы час ачольваў расейскія каманды. Гэтак да траўня 2003 году працаваў галоўным трэнэрам «Тарпэда-Мэталюрга» (Масква). З чэрвеня па верасень 2003 году быў галоўным трэнэрам клюбу «Віднае». Зь сьнежня 2003 году быў прызначаны каардынатарам груп усіх узростаў дзіцяча-юнацкай футбольнай школы ў Капэртына, Італія. Таксама быў трэнэрам у філіі футбольнай акадэміі «Ювэнтусу» ў Леччэ з 2005 году. У 2007—2008 і 2011—2012 гадах быў трэнэрам італьянскай каманды «Крас» з шостага дывізіёну чэмпіянату Італіі. У сакавіку 2014 году прызначаны галоўным трэнэрам летувіскага клюбу «Дайнава» з Аліты[12], але ўжо ў траўні пакінуў клюб празь непаразуменьні з кіраўніцтвам клюбу. За гэты час «Дайнава» ўсьцяж травала паразы ў 14 гульнях з розьніцай мячоў 1:75[13].

У 2015 годзе аб’явіў аб запуску дзіцячай школы, якую назвалі Фабрыкай футболу Сяргея Алейнікава. Спачатку гаварылася, што ўсе пытаньні ў арганізацыі разьвязаныя, а грошай з бацькоў вырашылі практычна ня браць і праводзілі набор юных футбалістаў веку 7—10 гадоў. Аднак праект не пражыў і году, а сам Алейнікаў вярнуўся ў Італію[5]. Працаваў інструктарам ФІФА, беручы ўдзел у падрыхтоўцы маладых трэнэраў[14].

Клюб Сяргея Алейнікава

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У гонар футбаліста газэта «Прессбол» запачаткавала Клюб Сяргея Алейнікава, у які ўвахозяць беларускія футбалісты, што згулялі 500 ці болей гульняў на найвышэйшым узроўні. Пры гэтым лічацца гульні ў найвышэйшых дывізіёнах краінаў, кубках краінаў, кантынэнтальных кубках, гульнях у складзе моладзевай, алімпійскай і нацыянальный зборнай СССР і Беларусі.

  1. ^ а б в Sergey Alejnikov // Transfermarkt (мн.) — 2000.
  2. ^ а б в Sergei Aleinikov // FBref (мн.)
  3. ^ а б в г д е ё ж «Из Минска в Турин. История Сергея Алейникова, впечатлившего Ювентус». Sports.ru
  4. ^ «Сергей Алейников е новият спортен директор на Локомотив (Пловдив)». БНТ Новини.
  5. ^ а б в г д е ё ж «Работал слесарем, играл для Пеле, принес золото «Динамо» в 1982-м. Что мы знаем о футболисте, которого многие ставят выше Белькевича и Глеба». by.tribuna.com
  6. ^ «Спорт-Экспресс Футбол». — № 13. — 22 чэрвеня 1999.
  7. ^ Саприн Н. Сергей Алейников: Кажется, дождался! // Спорт-Экспресс (газета). — 1993. — № 165—166 (27 ліпеня). — с. 1.
  8. ^ Щурко С. Сергей Алейников: В Японии я стал мимом. Там слов не понимают // Спорт-Экспресс (газета). — 15 кастрычніка 1994.
  9. ^ Кружков А. Ахрик Цвейба: Японцы после поражения своей команды не свистят — плачут // Спорт-Экспресс (газета). — 15 жніўня 1996.
  10. ^ Евгений Каменецкий. «ЧМ-1990. Сборная СССР, без вины «виновата», или… как её настигла „Группа Смерти“!» Sports.ru
  11. ^ Андрей Пономарев. «Сборная СНГ на Евро-1992. Где они сейчас?» Sports.ru
  12. ^ Сергей Алейников возглавил литовскую «Дайнаву» (рас.)
  13. ^ Сергей Алейников покинул «Дайнаву» (рас.)
  14. ^ «Сидят в АБФФ, тренируют в сборной и «вышке», а кто-то уехал в деревню — где спустя 40 лет чемпионы СССР—1982 из минского „Динамо“». by.tribuna.com
  • Алейников С. Е., Беленький Д. И. И жизнь, и слезы, и футбол… — Мн.: Полымя, 1992. — 256 с.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]