Арсэн Вэнгер
| Арсэн Вэнгер | ||
| Пэрсанальная інфармацыя | ||
|---|---|---|
| Нарадзіўся | 22 кастрычніка 1949[1][2] (76 гадоў) | |
| Рост | 193 см | |
| Пазыцыя | абаронца, лібэра | |
| Клюбы | ||
| Гады | Клюб | Гульні (галы)¹ |
| 1969—1973 | Мюцыг[d] | 65 (9) |
| 1973—1975 | Мюлюз[d] | 56 (4) |
| 1975—1978 | П’еро Вабан[d] | |
| 1978—1981 | Страсбург | 11 (0) |
| Трэнэрскія клюбы | ||
| 1984—1987 | Нансі | |
| 1987—1994 | Манака | |
| 1995—1996 | Нагоя Грампус[d] | |
| 1996—2018 | Арсэнал Лёндан | |
Арсэн Вэнгер ОБІ (па-француску: Arsène Wenger; нар. 22 кастрычніка 1949 году, Страсбург) — францускі футбаліст, футбольны трэнэр, галоўны трэнэр лёнданскага «Арсэналу» ў 1996—2018 гадах.
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Скончыў інжынэрны факультэт Унівэрсытэту Страсбургу (1974), мае навуковую ступень доктара навук у вобласьці эканомікі. Валодае шасьцю мовамі: францускай, ангельскай, нямецкай, італьянскай, гішпанскай і японскай.
Футбаліст
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэбютаваў на пазыцыі цэнтральнага абаронцы ў аматарскай камандзе «Мютцыг» (AS Mutzig). Першы прафэсійны кантракт падпісаў ва ўзросьце 24 гадоў з клюбам 2-га дывізіёну «Мюлюз» (FC Mulhouse), працягнуў кар’еру ў клюбе 3-га дывізіёну «П’еро Вабан» з Страсбургу (AS Pierrots Vauban Strasbourg). На вышэйшым узроўні выступаў за «Страсбург» (RC Strasbourg), за 3 сэзоны правёў усяго 12 матчаў. У сэзоне 1978/1979 атрымаў тытул чэмпіёну Францыі.
Трэнэр
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1981—1994 гадах займаўся трэнэрскай дзейнасьцю ў Францыі: быў трэнэрам моладзевай каманды «Страсбургу» (1981—1983), памагатым трэнэра ў «Кане» (AS Cannes, 1983—1984). У 1984—1987 — галоўны трэнэр «Нансі», у 1987—1994 — галоўны трэнэр «Манака». У сэзоне 1987/1988 «Манака» стаў чэмпіёнам Францыі, а ў 1992 — уладальнікам срэбных мэдалёў, у 1989 — фіналістам Кубка Францыі, у 1991 — уладальнікам Кубка Францыі, у 1992 — фіналістам Кубка ўладальнікаў кубкаў.
У 1995—1996 гадах трэніраваў клюб «Нагоя Грампус Эйт» (Нагоя, Японія), які ў сэзоне 1995/1996 стаў уладальнікам Кубка Імпэратара і Кубка Джэй-Лігі. Па выніках гэтага сэзону быў прызнаны найлепшым трэнэрам Японіі.
З 1996 году — галоўны трэнэр клюбу «Арсэнал» (Ангельшчына). Пры ім клюб стаў чэмпіёнам Ангельшчыны (сэзоны 1997/1998, 2001/2002, 2003/2004), уладальнікам Кубка (1997/1998, 2001/2002, 2002/2003, 2004/2005) і Супэркубка Ангельшчыны (1998/1999, 1999/2000, 2002/2003, 2004/2005), фіналістам Лігі чэмпіёнаў (2005/2006), фіналістам Кубка УЭФА (1999/2000).
Узначаліўшы «Арсэнал», стварыў брыгаду адмыслоўцаў, якая займаецца пытаньнямі функцыянальнай падрыхтоўкі футбалістаў. Кожны гулец атрымаў індывідуальную праграму трэніровак і аднаўленчых працэдур. Для кожнага футбаліста была таксама распрацавана адмысловая дыета. Гэтыя меры спрыялі дасягненьню клюбам высокіх вынікаў. Вядомы сваёй актыўнай і пасьпяховай сэлекцыйнай палітыкай — пры ім «Арсэнал» актыўна набывае маладых футбалістаў, якія затым становяцца «зоркамі».
У Ангельшчыне яго клічуць «Прафэсар». Першы замежны трэнэр у Ангельшчыне, клюб якога выйграў нацыянальны чэмпіянат. Адзіны замежны трэнэр у Ангельшчыне, каму атрымалася зрабіць «залаты дубль» — выйграць у адным сэзоне і чэмпіянат, і Кубак. Першы замежны трэнэр, прызнаны ў гэтай краіне «трэнэрам году». У 2001 годзе адмовіўся ад паста трэнэра нацыянальнай зборнай Францыі, жадаючы працягнуць працу з «Арсэналам».
У сэзоне 1998/1999 стаў ляўрэатам прыза Fair play («Сумленная гульня») за тое, што адмовіўся ад перамогі ў кубкавым матчы з «Шэфілдам». Тады адзін з гульцоў «Шэфілда» атрымаў траўму, пасьля чаго яго партнэр выбіў мяч за бакавую лінію, каб перапыніць гульню і дазволіць аказаць гульцу мэдыцынскую дапамогу. Па «джэнтэльмэнскіх правілах» гульцы «Арсэналу» павінны былі ў гэтым выпадку аддаць мяч суперніку, але замест гэтага яны захавалі мяч у сябе і забілі гол, што не супярэчыла правілам. У выніку «Арсэнал» атрымаў перамогу зь лікам 2:1 (гэты гол стаў вырашальным). Арсэн Вэнгер выступіў за перагулёўку матчу. У новым матчы «Арсэнал» ізноў перамог з тым жа лікам.
Песьня пра Вэнгера
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гурт Arsenal Away Boyz прысьвяціў Арсэну песьню «(We Love You) Arsene Wenger», якая ўвайшла ў альбом гэтага гурту прысьвечаны «Арсэналу» New Generation.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Нарадзіліся 22 кастрычніка
- Нарадзіліся ў 1949 годзе
- Нарадзіліся ў Страсбургу
- Футбалісты клюбу «Мюлюз»
- Футбалісты клюбу «Страсбург»
- Футбалісты клюбу «Нансі»
- Футбалісты клюбу «Манака»
- Футбалісты клюбу «Нагоя Грампус»
- Футбалісты клюбу «Арсэнал» Лёндан
- Францускія футбалісты
- Францускія футбольныя трэнэры
- Трэнэры ФК «Арсэнал» Лёндан