Магілёўскае паўстаньне (1661)
Магілёўскае паўстаньне | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||||
Супернікі | |||||||||
Вялікае Княства Літоўскае | Царства Расейскае | ||||||||
Страты | |||||||||
невядома | 3000—7000 чалавек | ||||||||
Магілёўскае паўста́ньне адбывалася 1 лютага 1661 року, падчас вайны 1654—1667 рокаў. Жыхары акупаванага маскоўскімі войскамі Магілёва за некалькі гадзінаў зьнішчылі шматтысячны гарнізон і вызвалілі места. Пасьля гэтага кароль Рэчы Паспалітае Ян Казімер Ваза вярнуў Магілёву Майдэборскае права, адабранае ў 1654 року пасьля таго, як магілёўцы здаліся маскавітам бяз бою.
Перадумовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1660 року, заключыўшы мір са Швэцыяй, Рэч Паспалітая накіравала свае сілы супроць маскоўскага войска і атрымала некалькі бліскучых перамогаў, прасунуўшыся на ўсход ад Ляхавічаў да Бярэзіны.
У занятым маскоўскімі войскамі местах расла незадаволенасьць мясцовага насельніцтва сваім паднявольным становішчам, што прывяло да шэрагу хваляваньняў. Пасьля таго, як войска Вялікага Княства й Кароны разьбіла расейцаў на рацэ Басі, зручны момант для паўстаньня зьявіўся ў Магілёве[1].
Паўстаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Быў распрацаваны плян паўстаньня, паводле якога ўсе гаспадары, у якіх стаялі па хатах маскоўскія ратнікі, мусілі абясшкодзіць іхнюю зброю, дастаўшы крэмень ці іншым чынам папсаваўшы яе. Датай пачатку паўстаньня было прызначанае 10 лютага. Да апошняе хвіліны расейцы не здагадваліся пра змову месьцічаў.
Прычынай заўчаснага (ня 10, а 1 лютага) пачатку паўстаньня называюцца зьняважлівыя паводзіны расейскіх жаўнераў на гандлёвай плошчы. У звычайны рынкавы дзень царскія вайскоўцы пачалі крыўдзіць і зьневажаць гандлярак. Паводле легенды, умоўны заклік «Пара!» тады вымавіў ля ратушы бурмістар Язэп Левановіч, што кіраваў падрыхтоўкай паўстаньня. На гукі звону зьбегліся местачкоўцы, неўзабаве ім на дапамогу прыйшлі выпушчаныя з турмы ваеннапалонныя, і за некалькі гадзінаў напружанага бою была зьнішчаная практычна ўся маскоўская залога (па розных ацэнках, ад трох да сямі тысячаў чалавек). Уцяклі толькі некалькі чалавек, якія, дабегшы да Рослава, паведамілі, што «могилевские мещане… изменили… ратных людей в Могилеве всех порубили»[2]. Тры ваяводы і некалькі афіцэраў былі захоплены ў палон і адпраўлены ў Варшаву.
Вынікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]За паўстаньне Магілёву было вернутае Майдэборскае права, адабранае ў 1654 року пасьля таго, як места было аддадзенае маскоўскаму войску бяз бою, а таксама места атрымала новы герб «у блакітным полі тры срэбныя мескія вежы, у адчыненай сярэдняй браме — рыцар з узьнятым мячом, а над ім герб — Пагоня»[3] і вялікую пячатку. Найбольш актыўныя ўдзельнікі паўстаньня атрымалі шляхецтва.
Падобныя паўстаньні адбыліся ў Дзісьне, Себежы, Гомелі й іншых местах, што яскрава сьведчыла пра незадаволенасьць іхніх жыхароў новай уладай[1].
Месца пахаваньня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Целы забітых маскоўцаў пахавалі на сучаснай пл. Арджанікідзэ, у выніку чаго гэтае месца да сярэдзіны XX стагодзьдзя насіла назву «Касьцярня». У 2007 годзе на месьце спачыну маскоўскіх стральцоў мясцовымі ўладамі была пабудаваная аўтазапраўка. Парэшткі расейскіх жаўнераў былі скінутыя экскаватарам у роў[4].
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 1661 г. № 361-й. Марта 4. — Отпіска, вѣстовая, кн. П. А. Долгорукова объ измѣнѣ могилевскихъ мѣщанъ и о захватѣ ими города. / Д. Я. Самоквасовъ // Акты Московскаго государства. Изданные Императорскою Академіею наукъ. Разрядный приказъ. Московскій столъ. 1660 — 1664.. — Санктпетербургъ: Типографія Императорской Академіи наукъ, 1901. — Т. 3. — С. 333.
- И. П. Забытая могила / И. Пятницкій // Могилевскія епархіальныя ведомости. — Магілёў: 15.04.1909. — № 8. — С. 294—296.
- Бацюкоў, А. На магіле маскоўскіў стральцоў // Наша гісторыя, №3, 2018, с.48-52. ISBN 2617-2305
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Магілёў — Паўстаньне Апэндыкс. Грамадзкае аб’яднаньне «Лекарскі саюз». Праверана 2 чэрвеня 2011 г.
- ^ Сагановіч, Генадзь Невядомая вайна: 1654-1667. Пералом. Бібліятэка гістарычных артыкулаў «Жыве Беларусь». Праверана 2 чэрвеня 2011 г.
- ^ Магілёў // Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- ^ Зьміцер Мышкоўскі Фашиствующие руководители, уймитесь!. Наша Ніва. Праверана 2 чэрвеня 2011 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Г. Сагановіч. Невядомая вайна: 1654—1667. Пералом. Бібліятэка гістарычных артыкулаў «Жыве Беларусь»