Перайсьці да зьместу

Беларусазнаўства

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
беларусазнаўства
навуковая дысцыпліна
Падкляса адславістыка Рэдагаваць
Прадмет вывучэньнябеларуская мова, беларусы, культура Беларусі Рэдагаваць
Практыкуеццабеларусазнавец Рэдагаваць

Беларусазна́ўства — гуманітарная навука, якая вывучае адметнасьць і агульнасьць беларусаў, іх нацыянальны рух, узаемаадносіны з суседзямі й ролю ў сыстэме міжнароднай супольнасьці народаў у мінулым і сучасным. Вызначаецца комплексным, міждысцыплінарным падыходам да праблемаў дасьледаваньня. Зьдзяйсьняе самапазнаньне нацыі з мэтай выпрацоўкі й удасканаленьня нацыянальнай тэорыі, вызначэньня нацыянальнага шляху (аб’яднаўчай ідэі), аховы нацыянальных формаў быцьця, у якіх выяўляюцца заканамернасьці агульначалавечага прагрэсу. Лацінізаванай калькай азначэньня «беларусазнаўства» зьяўляецца малаўжывальнае азначэньне «альбарутэніка»[1].

У межах навуковай плыні існуе асьветнае беларусазнаўства, якое распаўсюджвае сярод насельніцтва веды па мове, літаратуры, гісторыі, этнаграфіі, геаграфіі, эканоміцы, фальклярыстыцы, мастацтвазнаўстве й інш. Спалучэньне навуковай і асьветнай дзейнасьці тлумачыцца цеснай сувязьзю тэорыі й практыкі нацыянальнага будаўніцтва. Пад узьдзеяньнем самых розных абставінаў нацыі заўсёды зьяўляюцца пэўным варыянтам кансалідацыі, а не застылай структурай. Пасьпяховае разьвіцьцё нацыі немагчымае без пастаянных мэтанакіраваных намаганьняў па яе духоўным аздараўленьні, таму нацыянальная тэорыя толькі ў зьвязку з нацыянальнай прапагандай надаюць этнасу жыцьцяздольнасьць і згуртаванасьць.

Нацыянальная навукова-асьветная праца звычайна арганізуецца на дзяржаўным узроўні з выкарыстаньнем найноўшых дасягненьняў у галіне навукі й тэхнікі (выдавецтвы, друкарні, радыёстанцыі, кіна- і тэлестудыі) і з дапамогай бібліятэкаў, архіваў, музэяў. У межах беларусазнаўства вядзецца ўлік і збор навуковай і мастацкай літаратуры, які складае асобны разьдзел пад назвай беларусістыка, ці беларосіка, альбаросіка, альбарутэніка. Часам пад беларусістыкай разумеюць сукупнасьць розных культурных здабыткаў беларускай нацыі (беларусістыка ў мастацтве, музыцы й г. д.). Беларусістамі называюць навукоўцаў, якія займаюцца дасьледаваньнем Беларусі.

Гісторыя развіцьця

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сваім разьвіцьці беларусазнаўства прайшло некалькі этапаў. Пэрыяд з канца XVIII стагодзьдзя да 1880-х гадоў быў падрыхтоўчым. У пачатку XIX стагодзьдзя выкладчыкі Віленскага ўнівэрсытэту. Ігнат Даніловіч і Міхаіл Баброўскі спрабавалі навукова абгрунтаваць беларускую нацыянальную ідэю, але ў выніку русіфікатарскай палітыкі царызму іх дзейнасьць была нэўтралізаваная. Вывучэньне беларускай мовы, этнаграфіі, гісторыі вялося пераважна ў рамках польскай або расейскай навукі. Расейская імпэрыя спрабавала абгрунтаваць на Беларусі працяг Расеі, тады як некаторыя польскія дзеячы — Польшчы. Але менавіта вынікі расейскай і польскай навукі, на думку навукоўцаў, незалежна ад палітычнай арыентацыі дасьледчыкаў пацьвердзілі нацыянальную самабытнасьць беларусаў, абудзілі ў беларускай інтэлігенцыі цікавасьць да сваіх каранёў.

Сьвядомае самапазнаньне нацыі пачалося ў 1880—1890-я гады. Ля вытокаў беларусазнаўства стаялі Францішак Багушэвіч, Карусь Каганец, археоляг Г. Татур, беларускія народнікі, беларускі гурток вучняў менскай гімназіі. У пачатку XX стагодзьдзя пытаньнямі беларусазнаўства займаліся «Круг беларускай народнай прасьветы і культуры», Беларуская сацыялістычная грамада. Ва ўмовах нацыянальнага прыгнёту з боку царызму, забароны беларускага друку беларусазнаўства знаходзілася фактычна на нелегальным становішчы, заставалася прыватнай справай сьвядомых асобаў, беларускіх навукова-асьветных гурткоў і таварыстваў, а таксама нацыянальных палітычных партыяў і аб’яднаньняў, мела цесную сувязь з нацыянал-вызваленчым рухам, набыло характар самаабароны ад русіфікацыі й палянізацыі. Дасьледаваньні вяліся пераважна па асобных навуках і толькі ў выніку выпрацоўкі палітычных праграмаў нацыянальнай спадчыны пачала вывучацца комплексна.

У выніку рэвалюцыі 1905—1907 гг. беларусазнаўства набыло легальныя формы, атрымала магчымасьць абапірацца на нацыянальныя пэрыядычныя выданьні. На чале культурнай працы стала газэта «Наша Ніва». У 1913 годзе ў Віцебскім аддзяленьні Маскоўскага археалягічнага інстытуту Аляксей Сапуноў пачаў чытаць курс лекцый па гісторыі Беларусі. Гады палітычнай рэакцыі вярнулі дзеячоў газэты «Наша Ніва» з вышыняў рэвалюцыйнага рамантызму на глебу рэальных жыцьцёвых клопатаў. Дзеячы на чале з братамі Антонам і Іванам Луцкевічамі асэнсоўвалі досьвед нацыянальна-вызваленчай барацьбы, працягвалі распачаты БСГ пошук вырашэньня аграрнага пытаньня з улікам нацыянальных традыцыяў. Нашанівец Вацлаў Ластоўскі выдаў першую навуковую працу на беларускай мове «Кароткая гісторыя Беларусі» (Вільня, 1910). Згуртаваныя вакол «Нашай Нівы» беларускія песьняры Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч і інш. замацавалі асновы нацыянальнай літаратуры, якая стала для беларусазнаўства найважнейшай крыніцай зьвестак пра духоўны сьвет і псыхалягічны склад беларусаў. У Санкт-Пецярбургу выдаваўся літаратурна-мастацкі альманах «Маладая Беларусь», які фактычна зьяўляўся першым выданьнем беларускай навуковай публіцыстыкі, працаваў Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту. Пры ўдзеле Яўхіма Карскага, Еўдакіма Раманава, Аляксея Шахматава, Браніслава Эпімах-Шыпілы й інш. навукоўцаў гурткоўцы распрацавалі комплексную праграму дасьледаваньня беларускай мовы, фальклёру, этнаграфіі, народнага мастацтва, а таксама асноўныя кірункі асьветніцкай працы. На паседжаньнях гуртка чыталіся навуковыя даклады «Нарыс беларускай народнай думкі», «Разьвіцьцё нацыянальнай беларускай ідэі» й інш. Тут упершыню загаварылі пра беларусазнаўства як сыстэму ведаў пра Беларусь. Беларусазнаўцы як на здабыткі сваёй працы, так і на вынікі дасьледаваньняў шматлікіх навукова-асьветных аб’яднаньняў заходнерусісцкага кірунку.

У 1914—1920 гг., у пэрыядзе знаходжаньня краіны серад падзеяў І сусьветнае вайны, Лютаўскае рэвалюцыі ды кастрычніцкага перавароту, цікавасьць да беларусазнаўства значна пабольшала. Да яго зьвярталіся шматлікія беларускія партыі, якія рознымі спосабамі імкнуліся зьберагчы адзінства нацыі, абараніцца ад суседзяў, адстаяць права Беларусі на дзяржаўную незалежнасьць. Упершыню беларусазнаўства атрымала хоць і намінальную, але падтрымку з боку прадстаўнічых арганізацыяў (нацыянальныя камітэты, беларускія рады) і дзяржаўных утварэньняў беларускага народу (БНР, БССР). Адначасова беларусазнаўства як навуковая плынь пачала дзяліцца на айчынную, міграцыйную й замежную, адлюстроўваючы нялёгкі шлях беларускага адраджэньня. Зьявіліся новыя беларускія пэрыядычныя выданьні, навукова-асьветныя таварыствы, гурткі. Тым ня менш, беларусазнаўства ня здолела абараніць нацыю ад ідэйнай інтэрвэнцыі, адшукаць адзіны шлях, па якім пайшлі б усе беларусы. Папярэдні досьвед беларусазнаўства, як і палітычны досьвед беларускага народу, быў недастатковым. У 1920-я гады вастрыня беларускага пытаньня, незавершанасьць адраджэньня стымулявалі беларусазнаўства па абодва бакі дзяржаўнай мяжы. Маскоўскае кіраўніцтва ў палітычных мэтах дэманстравала свае ляяльныя адносіны да беларусаў. Нацыянальна-сьвядомыя кіраўнікі БССР (Аляксандар Чарвякоў, Усевалад Ігнатоўскі й інш.) распачалі беларусізацыю. Упершыню беларусазнаўства атрымала афіцыйнае прызнаньне ў БССР, стала кірункам дзяржаўнае дзейнасьці. Яго арганізацыяй займаўся Народны камісарыят асьветы БССР, у складзе якога існавалі Беларускі аддзел (з 1920), Акадэмічны цэнтар (з 1921), Навукова-тэрміналягічная камісія (з 1921). З 1922 г. навукова-асьветную, у тым ліку й беларусазнаўчую, дзейнасьць узначаліў Інстытут беларускай культуры. Перавага аддавалася навуковаму беларусазнаўству, дасьледаваньні набылі комплексны характар. Распрацоўвалася беларуская навуковая тэрміналёгія, мэтанакіравана і пасьлядоўна выяўляліся асаблівасьці матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў, іх гаспадарчых формаў вытворчасьці, грамадзкіх адносінаў. Разгарнуўся краязнаўчы рух. Навуковыя вынікі друкаваліся ў «Запісках гуманітарных навук» Інбелкульту, часопісах «Наш край», «Полымя», «Маладняк». Пры Інбелкульце працавала Бібліяграфічная камісія, якая займалася ўлікам літаратуры пра Беларусь. Беларусістыцы адводзілася асноўнае месца ў інбелкультаўскай і Беларускай дзяржаўнай бібліятэках.

Замацоўвалася ўсьведамленьне, што беларусазнаўства — гэта ня толькі асьветная дысцыпліна, але й асобная навука, што зьбірае й вывучае матэрыялы пра Беларусь, арганізуе нацыянальную прапаганду. Але пад навуковым беларусазнаўствам найчасьцей разумелі мэханічную злучнасьць разнастайных навук пра Беларусь. Каб узьняць навуковый узровень беларусазнаўства, 10 сьнежня 1924 году Прэзыдыюм Інбелкульту прыняў рашэньне склікаць у чэрвені 1925 году навуковы зьезд беларусазнаўцаў з мэтай падсумоўваньня навуковых вынікаў усіх галінаў беларусазнаўства, абмеркаваць спрэчныя пытаньні й вызначыць чарговыя задачы. Заплянаваны зьезд разьвіўся ў Акадэмічную канфэрэнцыю па рэформе беларускага правапісу й азбукі (1926). Зь сярэдзіны 1920-х гадоў ВКП(б) і КП(б)Б пачалі адкрыта цягнуць навуку пад свой ідэалягічны кантроль, руйнаваць яе нацыянальныя формы. Інбелкульт паступова траціў сваё першапачатковае прызначэньне, у 1929 г. ператвораны ў Беларускую акадэмію навук, дзе беларусазнаўства прыродазнаўчымі навукамі было адцесьнена на другі плян. ВНУ рэспублікі ня сталі цэнтрамі беларусазнаўства, адпаведныя катэдры так і не былі адкрытыя. Не была ажыцьцёўленая й прапанова Наркамату асьветы БССР (1924) пра стварэньне пры БДУ дасьледчага інстытуту Беларусі.

Асьветнае беларусазнаўства

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асьветнае беларусазнаўства зьвязвалася зь дзяржаўнай палітыкай беларусізацыі. Выкладаньне беларусазнаўства як прадмету пачало ўводзіцца ў школах з 1920/21 навучальнага году. Арганізоўваліся курсы й гурткі. У 1923—1924 гадах Аляксей Сапуноў выкладаў беларусазнаўства ў Віцебскім пэдагагічным інстытуце. У 1924—1927 гадах у Менску дзейнічалі Вышэйшыя курсы беларусазнаўства, на якіх рыхтавалі настаўнікаў і лектараў. Асьветнае беларусазнаўства ў значнай ступені мела фармальны характар, яму процідзейнічалі зрусіфікаваныя чыноўнікі й настаўнікі. Нацыянальная ідэя магла ўзяць верх над камуністычнай, а гэта не ўваходзіла ў разьлік кіроўчай партыйнай бюракратыі, для якой беларусізацыя была толькі агітацыйнай кампаніяй, завершанай у канцы 1920-х гадоў.

Беларусазнаўства ў Заходняй Беларусі й замежжы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Заходняй Беларусі беларусазнаўства трымалася на самаахвярнай працы нацыянальна сьвядомай інтэлігенцыі. У 1921 годзе ў Вільні распачалі дзейнасьць Беларускае навуковае таварыства й Беларускі музэй імя І. Луцкевіча — своеасаблівыя цэнтры беларускай навукі й культуры. Беларусазнаўчую асьветную ролю выконвалі беларускія пэрыядычныя выданьні, Таварыства беларускай школы. Сярод замежных беларусазнаўчых цэнтраў 1920-х гадоў вядомасьць мелі Навуковае таварыства імя Ф.Скарыны ў Празе, Беларускі нацыянальны камітэт у ЗША, Беларускае навуковае таварыства ў Рызе. Беларусазнаўцы замежжа падтрымлівалі сувязь з Інбелкультам.

Заняпад беларусазнаўства (1930-я — 1980-я гг.)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У БССР навукова-асьветная дзейнасьць з пачатку 1930-х гадоў канчаткова падпала пад кантроль Масквы й магла ажыцьцяўляцца толькі ў межах дэнацыяналізаванай савецкай ідэалёгіі. Высьпяваньне 2-й сусьветнай вайны паскорыла ўстанаўленьне дыктатур сталіністаў і пілсудчыкаў, якія, зразумела, не маглі цярпець беларускі «сэпаратызм». Яны зьнішчалі працаўнікоў беларускай культуры. Але калі ў складзе Польшчы беларускія сілы змагаліся за захаваньне беларусазнаўства, то ў БССР пераважна адракаліся ад яго ў імя сацыялізму й сусьветнай рэвалюцыі, асабістага дабрабыту, які залежаў ад паслухмянасьці партыйна-дзяржаўнай эліце.

Далучэньне ў 1939 годзе Заходняй Беларусі да БССР не прывяло да дараджэньня беларусазнаўства. Не дапамаглі гэтаму ні перамога ў Другой сусьветнай вайне, ні ўтварэньне сусьветнай сыстэмы сацыялізму, ні пабудова ў СССР «разьвітога сацыялізму». Партыйна-бюракратычная сыстэма з мэтай дэнацыяналізацыі пазбаўляла беларусаў натуральнага права самапазнаньня. Літаратура й мастацтва, хоць і заставаліся беларускамоўнымі, але не заўсёды адпавядалі беларускай духоўнасьці, мелі вельмі вузкае кола спажыўцоў. З навукоўцаў больш шанцавала археолягам, этнографам, фальклярыстам. Але сабраныя імі матэрыялы, як і здабыткі прадстаўнікоў іншых навук, не выкарыстоўваліся для адраджэньня нацыі.

Аднаўленьне беларусазнаўства

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заняпад беларусазнаўства працягваўся да канца 1980-х гадоў. Пэўны ўклад у захаваньне традыцыяў беларусазнаўства зрабілі цэнтры беларускай эміграцыі ў ЗША, Канадзе, ФРГ, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Чэхіі й інш. Айчыннае беларусазнаўства пачало аднаўляцца за адраджэньнем беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. Павялічылася беларусазнаўчая навукова-асьветная роля пэрыядычных выданьняў Беларусі, асабліва газэты «Літаратура і мастацтва», заснаваны часопіс «Спадчына» (з 1989). У 1991 годзе створаны Нацыянальны навукова-асьветны цэнтар імя Францішка Скарыны й у яго складзе аддзел беларусазнаўства, факультэты беларускай філялёгіі й культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Я. Купалы й Менскага пэдінстытуту. Задачы беларусазнаўства значна ўскладніліся. Яно павіннае ўжо было займацца не аздараўленьнем, а духоўнай рэанімацыяй беларускай нацыі. Павялічылася патрэба ў глыбокім і ўсебаковым вывучэньні гістарычнага вопыту й духоўных каштоўнасьцяў беларусаў, каб падтрымаць і аднавіць нацыянальныя формы быцьця, у якіх былі б створаныя самыя спрыяльныя ўмовы для поўнага раскрыцьця здольнасьцяў кожнага прадстаўніка нацыянальнай супольнасьці.

  • Інстытут беларускай культуры: Гісторыя ўзнікнення. Сучасная структура. Навукова-даследчая дзейнасць / Апрац. А. І. Цвікевіч. — Мн.: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1926. — 118 с.
  • Практычнае вырашэнне нацыянальнага пытання ў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы: Да X гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Ч. 1: Беларусізацыя. — Мн.: Нацыянальная камісія ЦВК БССР, 1928. — 148 с.
  • Шыбека, З. В. Беларусазнаўства // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]