Аляксей Шахматаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Аляксей Шахматаў

Аляксей Аляксандравіч Шахматаў (5 (17) чэрвеня 1864, Нарва16 жніўня 1920, Петраград) — расейскі філёляг і гісторык, пачынальнік гістарычнага вывучэньня расейскай мовы, старажытнарускага летапісаньня і літаратуры.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў дваранскай сям’і, у 1883 годзе паступіў на гісторыка-філялягічны факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэту. У 1884 годзе ў «Дасьледаваньнях па расейскай мове» апублікаваны яго першы артыкул «Дасьледаваньні аб мове наўгародзкіх грамат XIII і XIV стст». Вучань Ф. Ф. Фартунатава. Упершыню заўважаны ў сур’ёзных навуковых колах пасьля выступу падчас абароны А. І. Сабалеўскім яго доктарскае дысэртацыі — аб сыстэме фанэмаў праславянскай мовы. Шахматаў выступіў зь пераканаўчай крытыкай некаторых важных палажэньняў дакладу, чым выклікаў моцную непрыязнасьць ужо вядомага ў той час сваімі навуковымі працамі Сабалеўскага. Напружаныя адносіны навукоўцаў захоўваліся да канца жыцьця Шахматава.

У 1884 годзе прадставіў сваю працу «Дасьледаваньні ў галіне расейскае фанэтыкі» на сушуканьне ступені магістра, аднак яму была прысуджаная вышэйшая ступень доктара расейскае мовы й славеснасьці. У 1887 годзе абараніў дысэртацыю на тэму «Аб даўжыні і націску ў агульнаславянскай мове», пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту застаўся пры ім і да 1890 году стаў прыват-дацэнтам. Першыя навуковыя распрацоўкі — у галіне дыялекталёгіі. Зьдзейсьніў дзьве экспэдыцыі ў сярэдзіне 1880-х гадоў — у Архангельскую і Аланецкую губэрні.

Пасьля сьмерці Я. К. Грота ўзяў на сябе складаньне першага нарматыўнага слоўніка расейскай мовы. З 1894 году ад’юнкт Пецярбурскае АН, з 1898 — сябар Упраўленьня Акадэміі навук, самы малады за ўсю гісторыю яе існаваньня (34 гады), з 1899 — сапраўдны сябар АН. З 1910 году — прафэсар Пецярбурскага ўнівэрсытэту. З 1906 — сябар Дзяржаўнае рады і Дзяржаўнае Думы ад акадэмічнае курыі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы рэформы расейскае артаграфіі, праведзенай у 19171918 гадох.

Сябар Сэрбскай Акадэміі навук (1904), доктар філязофіі Праскага ўнівэрсытэту (1909), доктар філязофіі Бэрлінскага ўнівэрсытэту (1910), сябар-карэспандэнт Кракаўскае Акадэміі навук (1910) і інш. Ягонай сястрой — Е. А. Шахматавай-Масальскай — пакінутыя мэмуары аб ім.

Шахматаў прасачыў гісторыю старажытнарускага летапісаньня XI—XVI стст., упершыню застасаваўшы для іх вывучэньня параўнальна-гістарычны мэтад, дзякуючы чаму вызначыў час стварэньня, крыніцы кожнага з аўтараў найстарэйшых летапісных збораў, склад тэксту «Аповесьці мінулых гадоў». Пасьля працаў Шахматава любое дасьледаваньне па гісторыі старажытнае Русі абапіраецца на яго высновы. Навуковец заклаў асновы тэксталёгіі як навукі. Выводзіў усходнеславянскія мовы ад «агульнастаражытнарускай» мовы, дэзынтэграцыя якой, паводле яго меркаваньня, пачалася ўжо ў 7 стагодзьдзі, але была затрыманая інтэграцыйнымі працэсамі, зьвязанымі зь дзяржаўным адзінствам у рамках Кіеўскай Русі.