Кузьма Цярэшчанка
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Цярэшчанка (неадназначнасьць).
Кузьма Цярэшчанка лац. Kuźma Ciareščanka | |
Цярэшчанка ў 1919 годзе | |
Міністар унутраных справаў БНР | |
---|---|
1 лютага 1919 — чэрвень 1919 | |
Папярэднік: | Язэп Варонка |
Наступнік: | Тамаш Грыб |
в.а. Міністра унутраных справаў БНР | |
22 кастрычніка 1918 — 1 лютага 1919 | |
камісар Міністэрства беларускіх справаў Літоўскай тарыбы | |
пачатак 1919 — ? | |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
кастрычнік 1888 |
Памёр: |
12 сакавіка 1922 (33 гады) |
Партыя: | Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянэраў |
Адукацыя: | |
Кузьма́ Ю́р’евіч Цярэ́шчанка (Тэрэшчанка; кастрычнік 1888, в. Замосьцішча, Рослаўскі павет Смаленская губэрня — 12 сакавіка 1922) — беларускі грамадзка-палітычны дзяяч.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Скончыў Пскоўскую каморніцкую школу (1906), Маскоўскі сельскагаспадарчы інстытут (1912).
3 1906 прыхільнік партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў. У час вучобы ў Маскве актыўны ўдзельнік беларускага студэнцкага гуртка.
3 пачатку Першай сусьветнай вайны у дзеючай арміі. У 1917 старшыня Пскоўскай беларускай рады, дэлегат зьезду беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага фронту ў Віцебску і Ўсебеларускага зьезду ў Менску. З 1918 чалец Віленскай беларускай рады, адзін з арганізатараў Гарадзенскага Беларускага нацыянальнага камітэту. Прымаў удзел у арганізацыі партыі беларускіх эсэраў на Гарадзеншчыне, падтрымліваў сувязі з бальшавікамі.
У студзені-лютым 1919 камісар Міністэрства беларускіх справаў Літоўскай тарыбы ў Беластоку, Горадні. 1 лютага 1919 прызначаны Антонам Луцкевічам на пасаду міністра ўнутраных справаў БНР[1],[2]. Удзельнік клюбу «Беларуская хатка» ў Горадні, адзін з ініцыятараў скліканьня Беларускага зьезду Віленшчыны і Гарадзеншчыны летам 1919. З восені 1919 старшыня Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта ў Менску, адзін з кіраўнікоў Цэнтральнага Беларускага саюза сельскай гаспадаркі. Вітаючы начальніка Польскай дзяржавы Юзэфа Пілсудзкага ў Менску, Цярэшчанка падзякаваў яму за вызваленьне Гародні, Вільні і Менску і прыгадаў, што ў няволі застаюцца прыналежныя Беларускай Народнай Рэспубліцы гарады — Віцебск, Магілёў, Смаленск[3].
Чалец Найвышэйшай Рады БНР. На нацыянальна-палітычнай нарадзе ў 1920 у Рызе самавольна склаў яе паўнамоцтвы, прызнаў урад Вацлава Ластоўскага.
У другой палове 1920 знаходзіўся ў Варшаве і заходніх паветах Беларусі. Напрыканцы лістапада Беларуская Вайсковая Камісія накіравала групу афіцэраў з 12 чалавек на чале з Кузьмой Цярэшчанкам на дапамогу ўдзельнікам Слуцкага паўстаньня. Але да случакоў даехалі толькі 3 афіцэры.
Цярэшчанка адмоўна ставіўся да Балаховіча, заявіўшы: «Для беларусаў Балаховіч зьяўляўся прадстаўніком чорнай расейскай рэакцыі ў Адзінай, Недзялімай»[4].
З 1921 у Вільні, удзельнічаў у арганізацыі Саюзу сельскай гаспадаркі Віленскага краю.
У пачатку 1922 пераехаў у Савецкую Беларусь, працаваў на адказных пасадах у Цэнтральным Беларускім саюзе сельскай гаспадаркі.
Памёр пры загадкавых абставінах, паводле афіцыйных зьвестак — ад разрыву сэрца[5].
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кузьма Цярэшчанка. Мой удзел у беларускім руху. // Валер Булгакаў. ARCHE : часопіс. — Менск: «Рэдакцыя часопісу «Архэ-Пачатак». — № 11(110). — С. 65—97. — ISBN ISSN 1392-9682.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Андрэй Чарнякевіч. Паліто за чатыры мільёны // Пагоня.
- ^ Въ Бѣлоруссіи. Бесѣда съ управляющимъ министерствомъ внутр. дѣлъ Бѣлоруссіи г. Терещенко // Мансыревъ С. П. Новая Россія : газэта. — Талін: 01 жніўня 1919. — № 100. — С. 2, 3.
- ^ ІІ. Змаганне за сваю дзяржаўнасць // Яўген Мірановіч. Навейшая гісторыя Беларусі. — Беласток: Праграмная Рада Тыднёвіка Беларусаў у Польшчы Ніва, 1999
- ^ Уладзімер Ляхоўскі. Беларусь падчас польска-савецкае вайны (1919—1921 ГГ.)(недаступная спасылка) // Лекцыі Беларускага Калегіюму
- ^ Будзіловіч, Л. Памяці Кузьмы Тарэшчанкі // Францішак Аляхновіч. Беларускі звон : тыднёвая часопісь. — Вільня: Б. Клецкіна, 13-га траўня 1922. — № 13(38). — С. 2.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ляхоўскі, Уладзімір.Чарнякевіч, Андрэй. Цярэшчанка, Кузьма . Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — С. 128—129. 616 с.: іл. ISBN 985-11-0276-8..
- Ляхоўскі, Уладзімір.Чарнякевіч, Андрэй. Кузьма Цярэшчанка: acta non verba // Булгакаў Валер. Архэ : часопіс. — Мінск: Рэдакцыя часопісу Архэ, 2011. — № 11. — С. 22—63. — ISBN 1392-9682.
- ЦЯРЭШЧАНКА (ТЭРЭШЧАНКА) Кузьма Юр’евіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.