Яўхім Бялевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Я. Бялевіч»)
Яўхім Бялевіч
Міністар фінансаў БНР
13 сьнежня 1919 — верасень 1920
Папярэднік: Васіль Захарка
Наступнік: Аляксандар Вальковіч
Міністар юстыцыі БНР
21 лютага 1918 — ліпень 1918
Наступнік: Аляксандар Цьвікевіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 27 лютага 1888
Менск
Памёр: 13 сьнежня 1942
Магадан
Партыя:
Адукацыя:

Яўхім Бялевіч (27 лютага 1888, Менск — 13 сьнежня 1942, Магадан) — дзяяч беларускага нацыянальнага руху.

Нарадзіўся 27 лютага 1888 году ў Менску. Вучыўся ў Менскай гімназіі, зь якой за ўдзел у вучнёўскіх беспарадках у 1907 выключаны і арыштаваны. Хутка вызвалены. Скончыў гімназію экстэрнам. Паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбурскага ўнівэрсытэта (скончыў у 1912).

Падчас Першай сусьветнай вайны на фронце — прапаршчык, штабс-капітан. Ад вайскоўцаў-беларусаў абраны дэлегатам на Першы Ўсебеларускі кангрэс, член яго прэзыдыюма.

Да ліпеня 1918 займаў пасаду міністра юстыцыі і фінансаў у Народным сакратарыяце — першым урадзе БНР. Як нязгодны зь яго палітыкай, выйшаў у адстаўку.

Пасьля дыпляматычны прадстаўнік ураду БНР у Кіеве, Адэсе, Бэрліне. У 1919 арыштаваны польскімі акупацыйнымі ўладамі, але здолеў уцячы з-пад варты.

У 1918—1919 сябра Беларускай партыі сацыялістаў-фэдэралістаў, у 1920 сябра Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, зь якой у жніўні 1920 выйшаў з-за адмовы лідэраў падпісаць Дэклярацыю пра абвяшчэньне незалежнасьці БССР ад 31 ліпеня 1920.

У 1920—1922 служыў у Гомелі ў чыгуначных часьцях Чырвонай арміі. 1 кастрычніка 1920 арыштаваны асобым аддзелам Заходняга фронту па падазрэньні ў контррэвалюцыйнай дзейнасьці; вызвалены праз 6 месяцаў. У чэрвені 1924 удзельнічаў у ліквідацыйным зьезьдзе БПС-Р.

Перайшоў на фінансавую работу — у 1925—1930 упаўнаважаны Наркамфіну БССР, з 1931 у Белшвейаддзяленьні Вышэйшага савета народнай гаспадаркі.

Арыштаваны 19 сакавіка 1932. Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР асуджаны на 5 гадоў папраўча-працоўных работ. Этапаваны ў Сьвірскі канцлягер НКВД Ленінградзкай вобласьці. У зьняволеньні 27 сьнежня 1936 узяты пад варту. 8 лютага 1937 Ленінградскім абласным судом асуджаны да 5 гадоў зьняволеньня і 5 гадоў пазбаўленьня правоў.

Загінуў у Магаданскім канцлягеры. Па першым прыгаворы рэабілітаваны прэзыдыюмам Менскага абласнога суда 16 лістапада 1963, па другім — пракуратурай Расейскай Фэдэрацыі 16 сьнежня 1992.