Ян Серада
Ян Серада лац. Jan Sierada | |
Старшыня Рады БНР | |
---|---|
сакавік 1918 — 14 траўня 1918 | |
Папярэднік: | пасада заснавана |
Наступнік: | Язэп Лёсік |
Міністар гаспадаркі БНР | |
21 лютага 1918 — ліпень 1918 | |
Папярэднік: | пасада заснавана |
Наступнік: | Тодар Вернікоўскі |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
1 (13) траўня 1879 в. Задзьвея, Наваградзкі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя |
Памёр: |
не раней за 19 лістапада 1943 СССР, дакладна невядома |
Партыя: | Беларуская сацыялістычная грамада |
Сужэнец: | Ксенія Сьцяпанаўна[1] |
Дзеці: | Мікалай (1908—1993)[Крыніца?], Натальля (1909—1991) |
Адукацыя: | Варшаўскі вэтэрынарны інстытут (1903) |
Ян Мікі́тавіч Серада́ (Іван, Янка; 13 траўня [ст. ст. 1 траўня] 1879, с. Задзьвея, Наваградзкі павет, сучасны Баранавіцкі раён — пасьля 19 лістапада 1943) — беларускі грамадзкі і палітычны дзяяч, пэдагог, публіцыст. Першы Старшыня Рады БНР.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся (13 траўня [ст. ст. 1 траўня] 1879 году ў Задзьвеі Наваградзкага павету Менскай губэрні. У 1903 годзе скончыў Варшаўскі вэтэрынарны інстытут. У 1905—1906 гадах служыў у арміі ў Маньчжурыі. Працаваў вэтэрынарам у Менскай губэрні (1907—1911), тады ж выкладаў у Мар’іна-Горскім сельскагаспадарчым вучылішчы. Быў мабілізаваны ў час Першай сусьветнай вайны, працаваў вэтэрынарам на фронце[2].
Сябра Беларускай сацыялістычнай грамады. Старшыня прэзыдыюму Ўсебеларускага кангрэсу (1917). Старшыня Рады БНР (1918). Сябра ЦК Беларускай партыі сацыялістаў-фэдэралістаў (1918). Уваходзіў у Часовы Беларускі нацыянальны камітэт, прэзыдыюм Найвышэйшай рады БНР (1919—1920).
Працаваў у Наркамаце земляробства БССР. Навуковы супрацоўнік і загадчык бібліятэкі (1925—1927) Інбелкульту, выкладчык Менскага беларускага пэдагагічнага тэхнікуму (1921—1925). Арганізатар і дырэктар Менскага вэтэрынарна-заатэхнічнага тэхнікуму (1923—1924). Дацэнт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горы-Горках (ліпень 1925 — сьнежань 1929). Навуковы супрацоўнік Беларускага НДІ сельскай і лясной гаспадаркі (з 1927).
Быў арыштаваны ДПУ БССР 4 ліпеня 1930 году ў сувязі са справай «Саюзу вызваленьня Беларусі». Пастановай Калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 году сасланы ў Яраслаўль тэрмінам на 5 гадоў. Паўторны прыгавор вынесены 27 сьнежня 1941 году; атрымаў 10 гадоў пазбаўленьня волі. Датэрмінова вызвалены 19 лістапада 1943 году з Краслага (Краснаярскі край). Далейшы лёс невядомы. Па першым прыгаворы рэабілітаваны 10 ліпеня 1988 году, па другім — 16 студзеня 1989 году.
У друку
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Публікаваўся з 1914 году (часопіс «Саха»). Выступаў у друку з навуковымі, навукова-папулярнымі і публіцыстычнымі артыкуламі на сельскагаспадарчыя тэмы.
Творы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Як трэба каваць коні. Мн., 1926
- Вэтэрынарыя і зоагігіена. Кн. 1—2. Мн., 1927—1928
- Пабудова сіласаў у калгасах і саўгасах. Мн., 1930
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Прэзыдэнт Рады БНР — першы Прэзыдэнт Беларусі
- ^ Васілеўскі, Ю. В. Серада Янка // БЭ. — Мн.: 2002 Т. 14. с. 342
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Уладзімір Ліўшыц. У Горках працаваў першы старшыня Рады БНР
- Уладзімір Ліўшыц. Першы старшыня БНР // С Горками и академией связаны судьбой (события, люди и дела). Заметки краеведа. — Горки: 2013. — С. 35—41.
- СЕРАДА Янка (Іван)
|