Клівы
| Клівы лац. Klivy | |
| Населены пункт | |
| Краіна | Беларусь |
|---|---|
| Вобласьць | Гомельская |
| Раён | Хвойніцкі |
| Сельсавет | Судкоўскі |
| Дата заснаваньня | перад 1560 годам[a] |
| Часавы пас | |
| Каардынаты | 51°54′34″ пн. ш. 29°49′31″ у. д.HGЯO |
| Насельніцтва | |
| Колькасьць |
|
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |
| Тэлефонны код | +375 2346 |
| Паштовы індэкс | 247625 |
| СААТА | 3254816022 |
| Нумарны знак | 3 |
| Клівы на мапе Беларусі ± Клівы | |
Клівы́[2] — вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці. Уваходзіць у склад Судкоўскага сельсавету.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
У рэвізіі Мазырскага староства, выкананай каралеўскімі камісарамі панамі Рыгорам Валовічам і Мікалаем Нарушэвічам да 8 кастрычніка 1560 году, тэкст якой вядомы з актавай кнігі 1777 году, мяжа сяла Загальля і Клевоў вызначана наступным чынам: «ад мяжы Алексіцкай ад рэчкі Рабца балотам Чарнышоўскім (Чорнаўшчынскім?) да мосту Каравога, ад мосту ў Мутніцы да мяжы Нямірчай, вострава Супорнага, ад Супорнага да селішча Настольля, ад таго селішча да Гала Калінкі [Галынкі[4]], ад Калінкі (Галынкі) да балота Сновага [Цесновага[4]], тым балотам у рэчку Рабец... Шырыня грунту ад рэчкі Рабец да селішча Настольля ўздоўж на паўтрэці мілі, а ўпоперак да Каменкі да Прозічы на мілю». Засьведчана, што ловаў звярыных, акрамя асобных пераходаў, няма. І што падданыя тых сёлаў супольна з баярынам Стафанам маюць астравы Ляды, Сычоў і Вастровіч з бортнымі дрэвамі, зь якіх даніну плацяць[5]. Тое, відавочна, і было найранейшай згадкай пра Клівы (Клевы) ў пісьмовых крыніцах. Жніўнем 1563 году датаваны рэестар раздачы каралём Жыгімонтам Аўгустам маёнткаў шляхце, якая пазбавілася сваіх уладаньняў у Полацкім ваяводзтве, акупаваным войскамі цара Івана Грознага. У ім сказана: «Павлу а Давыду Есманомъ у волости Мозырскои — село Загале, Клевцы»[6].
Надалей у прывілеі Давыду Есману, датаваным 25 днём лютага 1585 году, кароль Стэфан Баторы, зважаючы на тое, што пан Давыд «на служъбахъ господаръскихъ… под Полоцкомъ, под Луками и под Псковом з нелитованьемъ здоровъя своего, не жалуючы утраты маетъности своее противъ непрыятелю нашому великому князю московскому статечъне и мужъне застановялъсе», падараваў шляхцічу «до жывота его», акрамя іншых добраў, «село Клевы, которое в першой данине[b] отъ насъ г(о)с(по)д(а)ра маетъ, в немъ дымовъ двадцать шест» «у волости старостъва Мозырского, пры селе Загальи»[7].
Да Люблінскай уніі 1569 году Клівы адміністрацыйна належалі да Мазырскага павету Кіеўскага ваяводзтва, пасьля — да Мазырскага павету Менскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага.


У XVII—XVIII стагодзьдзях вёска ўваходзіла ў Загальскае староства. Паводле рэвізіі 1716 году wieś Klewy складалі шэсць[c] дымоў: гаспадары Іван Скопіч, Курыла Малыш, Сьцяпан Гладзенка, Антон Чэркас, Гаўрыла Бачэнка, Апанас Лук’яненка плацілі старосьце князю Дамініку Яну Шуйскаму, акрамя дзякла, чыншу 7 злотых, 15 грошаў, даніны мядовай 14 бельцаў[8].
Надалей пра вёску Клівы з 14 дварамі ў добрах староства Загальскага маецца зьвестка ў матэрыяле Генэральнай візытацыі Загальскай Сьвята-Траецкай уніяцкай царквы Мазырскага дэканату, праведзенай а. Эліяшам (Ільлёй) Бародзічам, протанатарыем апостальскім дыяцэзіі Пінскай і Тураўскай, датаванай 9-м днём лютага 1778 году. У візытацыі, выкананай 10 студзеня 1787 году каад'ютарам пінскім і тураўскім Язафатам Булгакам, сказана, што ў Клівах было ўжо 20 двароў[9].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Клівы апынуліся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году — у складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[10]. На 1795 год вёска Клевы, як і 12 іншых паселішчаў Загальскага староства, належала «малолетнему Станиславу Бужинскому по жизни его», але была ў арэндзе ў судзьдзі Вінцэнція Жука[11]. Тады ў ёй налічвалася 19 двароў, 51 жыхар мужчынскага і 42 жаночага полу[12].

Як вынікае з матэрыялаў шляхецкай рэвізіі 1811 году, дыспанэнтам Загальскага казённага маёнтку на той час выступаў абшарнік Тадэвуш Солтан[13]. У ходзе рэформы П. Д. Кісялёва ў межах названага маёнтку, да якога належалі і Клівы, была ўтворана воласьць[d] з управай, згаданая ў 1848 годзе.[14]. На 1850 год у вёсцы 20 двароў, 136 жыхароў[1]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 129 жыхароў вёскі Клівы абодвух полаў былі прыхаджанамі Загальскай Сьвята-Траецкай царквы, а 33 жыхары зьяўляліся парафіянамі Юравіцкага касьцёлу Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі[15].
У парэформавы пэрыяд Клівы адміністрацыйна належалі да Хвойніцкай воласьці. У кліравой ведамасьці Загальскай царквы 1869 году сказана, што за 2 вярсты ў 19 і 1/2 двара[e] вёскі Клевы жылі 78 мужчын і 75 жанчын зь ліку яе прыхаджанаў[16].
На пачатак 1870 году тут — 63 мужчынскія душы з былых дзяржаўных сялянаў, прыпісаных да Кліўскога сельскага таварыства[17]. Згодна са зьвесткамі на 1876 і 1879 гады, Клівы большай часткай жыхароў заставаліся ў прыходзе Загальскай царквы[18].
Паводле перапісу 1897 году — 58 двароў, 298 жыхароў[1]. На 1909 год у Клівах налічваўся 61 двор з 362 жыхарамі[19].
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Клівы ў складзе Хвойніцкай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[20].
1 студзеня 1919 году, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. Паводле запіскі пад назвай «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда» на 15 красавіка 1921 году ў Клевах працавала школа першай ступені (пачатковая) з 54 вучнямі[21].

Пасьля другога ўзбуйненьня БССР з 8 сьнежня 1926 году Клівы — цэнтар сельсавету ў Хвойніцкім раёне Рэчыцкай акругі. З 9 чэрвеня 1927 году — у складзе Гомельскай акругі. На 1930 год у вёсцы было 103 двары з 543 жыхарамі. У 1931 годзе арганізаваны калгас «Баявік», працавалі торфараспрацоўчая арцель (з 1926) і кузьня[1]. 23 жніўня 1937 году да сельсавету далучана тэрыторыя скасаванага Паташынскага нацыянальнага польскага сельсавету, цэнтар перанесены ў вёску Загальле, сельсавет перайменаваны ў Загальскі. З 20 лютага 1938 году — у Палескай вобласьці.
У гады Вялікай Айчыннай вайны на франтах загінулі і прапалі безь вестак 84 вяскоўцы. Відавочцамі засьведчаныя расстрэлы і вываз у Нямеччыну дзесяткаў жыхароў Клівоў, што апынуліся пад акупацыяй[22].
З 8 студзеня 1954 году — у складзе Гомельскай вобласьці. 16 ліпеня 1954 году Загальскі сельсавет быў скасаваны, а тэрыторыя далучана да Барысаўшчынскага сельсавету[23]. Паводле перапісу 1959 года ў Клівах налічвалася 600 жыхароў. У складзе саўгаса «Хвойніцкі» з цэнтрам у вёсцы Казялужжа[1].
Да 1 сьнежня 2009 году вёска ўваходзіла ў склад Казялузскага сельсавету[24].
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Уладзімер Гардзеенка (нар. 1936) — беларускі мастак, пэдагог.
- Мікалай Гардзеенка (нар. 1938) — беларускі архітэктар.
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Не з XIX ст., як пісаў С. В. Марцэлеў[1]
- ↑ Брат Павал спачыў у 1565 г., таму зараз кароль Стэфан асобным прывілеем пацьвердзіў права на добры ўжо аднаму пану Давыду. Падараваныя ў 1563 г. каралём Жыгімонтам Аўгустам, апошнім зь Ягелонаў, Клевцы, як можна меркаваць, зыходзячы з памяншальнай формы назвы паселішча, былі ўсяго хіба нейкім прыдаткам сяла Загальле. І значная колькасць дымоў у Клевах на 1585 год — заслуга самога Д. Есмана, бо ён тое месца «людми осадилъ».
- ↑ Прынамсі, столькі было ўлічана.
- ↑ Ня варта блытаць з валасьцямі парэформавага часу — адміністрацыйнымі адзінкамі ў складзе паветаў.
- ↑ Так запісана ў крыніцы. Але, як засьведчыў іерэй Расьціслаў Бандарэнка, меліся на ўвазе ня ўласна сядзібы, а царкоўныя двары, кожны зь якіх мусілі складаць 4 мужчынскія душы.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- 1 2 3 4 5 Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6. С. 445
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
- ↑ Herbarz Polski. Cz. 1, Wiadomości historyczno-genealogiczne o rodach szlacheckich. / Ułożył i wydał Adam Boniecki. – Warszawa, 1906. T. IX. S. 27 – 29 (28)
- 1 2 Аrchiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich. Sygn. 132. S. 1, 3, 5
- ↑ Архив Юго-Западной России. Ч. 8. Т. 5. Акты об украинской администрации XVI—XVII вв. — Киев, 1907. С. 481
- ↑ Метрыка Вялікага Княства Літоўскага (далей: Метрыка ВКЛ). Кніга запісаў 44. (1559—1566). / Падрыхтаваў А. І. Груша. — Мінск: Арты-Фэкс, 2001. № 82
- ↑ Метрыка ВКЛ. Кніга запісаў 70. (1582—1585). / Падрыхт. А. А. Мяцельскі. — Мінск: Беларуская навука, 2008. № 177
- ↑ НГАБ у Менску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 144
- ↑ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41240. А. 106адв., 108, 172, 173адв.
- ↑ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
- ↑ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурноевзаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 72
- ↑ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 59. А. 512—515
- ↑ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 129—130, 161—162
- ↑ Военно-статистическое обозрение Российской империи. Т. 9. Ч. 4. Минская губерния. — С.-Петербург: Тип. Деп. Ген. штаба, 1848. С. 5, 7
- ↑ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 379адв., 708
- ↑ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40899. А. 96адв.
- ↑ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 71
- ↑ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 456; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 71
- ↑ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 84
- ↑ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
- ↑ Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. Ф. 68. Воп. 1. Спр. 16. А. 19
- ↑ Памяць: Гiсторыка-дакументальная хронiка Хойнiцкага раена / Рэд. кал. М. А. Ткачоў [і інш.]; маст. А. М. Хількевіч. — Мінск: БелЭн iмя Петруся Броўкi, 1993. С. 169, 252—254
- ↑ Указ Президиума Верховного Совета БССР от 16 июля 1954 г. Об объединении сельских советов Гомельской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938—1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с.
- ↑ «Об изменении административно-территориального устройства Хойникского района Гомельской области». Решение Гомельского областного Совета депутатов от 1 декабря 2009 г. № 290 (рас.)
- ↑ Інфармацыя аб насельніцтве Судкоўскага сельсавету на 01.01.2021г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.