Руднае (Гомельская вобласьць)
| Руднае лац. Rudnaje | |
| Населены пункт | |
| Краіна | Беларусь |
|---|---|
| Вобласьць | Гомельская |
| Раён | Хвойніцкі |
| Сельсавет | Судкоўскі |
| Дата заснаваньня | перад 1590 годам |
| Часавы пас | |
| Каардынаты | 51°50′27″ пн. ш. 29°55′36″ з. д.HGЯO |
| Насельніцтва | |
| Колькасьць | 0 чал. |
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |
| Тэлефонны код | +375 2346 |
| Паштовы індэкс | 247620 |
| СААТА | 3254816056 |
| Нумарны знак | 3 |
| Руднае на мапе Беларусі ± Руднае | |
Руднае[1] — былая вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці. Да ліквідацыі ўваходзіла ў склад Судкоўскага сельсавету.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Карона Каралеўства Польскага ў Рэчы Паспалітай
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Упершыню вёска згаданая ў судовым акце ад 6 красавіка 1590 году. Гэта пратэст пана кіеўскага падкаморага Шчаснага Харлінскага на адрас князя Аляксандра Вішнявецкага, старосты чаркаскага, які наслаў быў нібыта некалькі соцень (!) падданых сваіх брагінскіх на чале з ураднікам Кірыянам Вайніловічам на вёскі Руднае, Храпкаў, Навасёлкі, Багушы, да ключа Астраглядавіцкага прыналежныя, а яны людзей зьбілі і скалечылі, каморы і іншыя будынкі пашкодзілі, начыньне рознае, худобу з быдлам пазабіралі і да ключа Брагінскага адвялі[2]. Ад таго часу і да парэформавага пэрыяду ўжо ў Расейскай імпэрыі Навасёлкі належалі тым уладальнікам, што і Хвойнікі з Астраглядамі, г. зн. пасьля Харлінскіх, — Абрамовічу, Бжазоўскім, Шуйскім і Прозарам[3].

Як запісана ў дакумэнце пад назвай «Regestr wybierania podymnego jednego w powiecie Owruckim w roku... 1634», пан Мікалай Абрамовіч «ze wsi Dworiszcz z Nowosiełok z dymów sta dwadziestu z Rudnego z dymów piąciu» плаціў па 15 грошаў з кожнага дыму, усяго — 62 злотых і 15 грошаў[4]. 16 красавіка 1637 году М. Абрамовіч за плату ў 12 000 злотых перадаў фальварак і сяло Руднае ды сёлы Дворышча і Навасёлкі на тры гады ў карыстаньне зямяніну Стэфану Воўку[5]. Паводле тарыфу падымнага «dwoiego» Кіеўскага ваяводзтва 1640 году, С. Воўк з 5 дымоў Руднага (z Rudnia) выплачваў 5 злотых[6].

Згодна з інвэнтаром 1721 году, калі абцяжараны даўгамі Хвойніцкі маёнтак ад пасэсара Юзафата Парышэвіча, біскупа валоскага, перайшоў дзедзічнаму ўладальніку князю Мікалаю Шуйскаму, харунжычу берасьцейскаму, у вёсцы Руднае было 7 двароў, зь якіх выбіралася 33[a] злотых чыншу, ачковага 9 зл., а таксама рознага дзякла жытам, грэчкай, талькамі[b] нітак, курамі. Зазначана, што руднаўцы выконвалі тыя ж павіннасьці, што і валоцкія сяляне, г. зн. адпрацоўвалі паншчыну ад Вялікадня (Wielkiej Nocy) да сьв. Міхайлы па тры дні, ад Міхайлы да Вялікадня па два дні, гвалты адбывалі, грэблі масьцілі, з падводамі езьдзілі або грашыма адкупаліся, «быдла рагатага і нерагатага», птушку, як і збожжа ярыннага давалі. Прозьвішчы жыхароў, паводле таксама і рэвізіі 1716 г., — Назаранка, Атрошка (Атрошчанка), Лук'яненка, Брухавецкі, Мікалайчык[7].
У тарыфе падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва 1734 году сказана, што вёска Руднае (Rudno) ў складзе Хвойніцкай воласьці належала князю Ігнацыю Шуйскаму, харунжычу берасьцейскаму[8]. У 1754 годзе з 13 двароў (×6 — прыкладна 78 жыхароў) вёскі Навасёлкі Хвойніцкага маёнтку «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачвалася 2 злотых і паўгроша, «na milicję» (пераважна дзеля барацьбы з гайдамакамі) 8 злотых і 2 грошы[9].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Руднае — у межах Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[10]. У крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 году, вёска Руднае згаданая сярод уладаньняў пана Людвіка[c] Прозара, якія былі перайшлі «в казну», але потым «по высочайшему повелению» вернутыя пані Луізе (з князёў Шуйскіх) Прозаравай[11], спадчыннай іх уладальніцы. Тады тут налічвалася 25 двароў з 85 душамі мужчынскага і 101 душой жаночага полу сялянаў[12].
У дакумэнце, пазначаным 15 сакавіка 1812 году, запісана, што фальварак Руднае з усімі прылегласьцямі, які належаў пані Людвіцы з князёў Шуйскіх, жонцы абознага Караля, Прозаравай, аддадзены ў трохгадовую арэнду шляхцічу Ваўжынцу Балашэвічу за штогадовую выплату 900 рублёў серабром[13].
Інвэнтар Юзафаўскага (Езапоўскага) маёнтку 1844 году засьведчыў прыналежнасьць Руднага з 35 сем’ямі ў складзе аднайменнага фальварку пану Юзафу, сыну Караля, Прозару[14]. «Список населённых мест Минской губернии на 1857 год» паказвае, што 247 жыхароў Руднага абодвух полаў зьяўляліся прыхаджанамі Сьвята-Міхайлаўскай царквы ў сяле Стралічаў, 3 мужчыны і 4 жанчыны належалі да парафіі Астраглядаўскага касьцёлу Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[15].
У парэформавы пэрыяд Руднае адміністрацыйна належала да Хвойніцкай воласьці. На пачатак 1870 году ў вёсцы налічвалася 120 гаспадароў зь сялянаў-уласьнікаў, прыпісаных да Руднаўскага сельскага таварыства, 1 аднадворац, прыпісаны да воласьці[16].
Паводле перапісу 1897 году, у Рудным — 82 двары, 525 жыхароў, капліца, хлебазапасны магазын. На 1909 год у вёсцы было 96 двароў, 592 жыхары, побач — аднадворны хутар з 26 жыхарамі[17].
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Руднае, аднак, у складзе Хвойніцкай воласьці апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[18].
1 студзеня 1919 году, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. Паводле запіскі «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 сьнежня 1920 і на 15 красавіка 1921 году ў Руднаўскай школе першай ступені (г. зн. пачатковай) было адпаведна 35 і 49 вучняў[19].
Вёска Руднае ліквідаваная ў 2013 годзе[20].
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Віктар Жаўняк (нар. 1938) — беларускі архітэктар.
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ У дакумэнце чамусьці значацца 43 злотыя, але чыншу па гаспадарках выбрана 32 зл. і 30 грошаў, што складае ўсяго 33 зл.; гэта азначае, што паборы на той час выконваліся выключна грашыма.
- ↑ Талькай называлі маток прадзіва, які атрымліваўся з 1 фунта (450 г.) лёну.
- ↑ Тут, напэўна, дапушчана памылка прачытаньня тэксту рэвізіі, бо ў ёй згаданая Людвіка з князёў Шуйскіх Прозарава, жонка абознага Караля.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf) С. 314
- ↑ Аrchiwum Główny Akt Dawnych. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich (далей: AGAD. APiJ). Sygn. 1. S. 7
- ↑ Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 12—18
- ↑ Сергій Шинкар. Подимний податок Овруцького повіту від 1634 року: на що збирала гроші місцева шляхта? // Літопис Волині. Всеукраїнський науковий часопис. Число 16. — Луцьк: Східноєвропейський національний університет імені Лесі Українки, 2016. С. 107—115. Додаток. С. 112
- ↑ Sumariusz Metryki Koronnej. Księga wpisów MK184 z Archiwum Głównego Akt Dawnych [Electronic resource] / Oprac. Janusz Dąbrowski. № 62 – Mode of access:
- ↑ Archiwum Państwowe w Krakowie. Archiwum Młynowskie Chodkiewiczów. Mikr. № J – 14970. Sygn. 404. S. 197
- ↑ НГАБ у Менску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 120, 124, 141
- ↑ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 286
- ↑ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. / Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 192
- ↑ Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
- ↑ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 70 — 71
- ↑ НГАБ. Ф. 333. Воп.9. Спр. 59. А. 149—153
- ↑ Аrchiwum Główne Akt Dawnych. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich. Sygn. 14. S. 9, 35
- ↑ НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1481. А. 14 і наст.
- ↑ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 381, 696
- ↑ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 69
- ↑ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 173
- ↑ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья. С. 85
- ↑ Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. Ф. 68. Воп. 1. Спр. 16. А. 19
- ↑ Решение Хойникского районного Совета депутатов от 25 июня 2013 г. № 134 Об упразднении сельских населенных пунктов Хойникского района
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.