Веляцін
Веляцін | |
трансьліт. Vieliacin | |
Першыя згадкі: | 1541 год |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Хвойніцкі |
Сельсавет: | Паселіцкі |
Насельніцтва: |
|
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2346 |
Паштовы індэкс: | 247623 |
СААТА: | 3254836011 |
Нумарны знак: | 3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°52′39″ пн. ш. 30°6′16″ у. д. / 51.8775° пн. ш. 30.10444° у. д.Каардынаты: 51°52′39″ пн. ш. 30°6′16″ у. д. / 51.8775° пн. ш. 30.10444° у. д. |
± Веляцін |
Веляці́н[1] — вёска ў Беларусі, уваходзіць у склад Паселіцкага сельсавету Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2004 год — 429 чалавек. Знаходзіцца за 11 км на паўднёвы ўсход ад места і чыгуначнай станцыі Хвойнікаў, каля аўтамабільнай дарогі Хвойнікі — Брагін.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае і Карона Каралеўства Польскага
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ці не ўпершыню Веляцін згаданы ў дакумэнце ад 6 кастрычніка 1541 году[a] з запісам аб узаемных саступках грунтоў у Брагінскім маёнтку князя Аляксандра Міхайлавіча Вішнявецкага і ў Астраглядаўскім маёнтку князя Дзьмітрыя Раманавіча Відыніцкага (Любецкага) з жонкай Феннай Палазовічаўнай. Належаў князю Вішнявецкаму[3]. Месьціўся ў Кіеўскім ваяводзтве Вялікага Княства Літоўскага, зь сярэдзіны 1569 году — Каралеўства Польскага.
Згодна з актам аб разьдзеле маёнтку Брагін 1574 году паміж князямі-братамі Міхаілам і Аляксандрам Аляксандравічамі Вішнявецкімі «Село Велетин з бояры путными, з людми заседелыми и незаседелыми, з даню грошовою и медовою, з кгрунты, дубровами, чертежами, полями и сеножатми» дасталося князю Аляксандру[4]. З падатковага рэестру Кіеўскай зямлі 1581 году вядома, што Веляцін належаў удаве княгіні Аляксандры з дому Капустаў Вішнявецкай і было ў ім восем двароў сялян-агароднікаў, зь якіх выбіралася па 4-6 грошаў[5].
Потым да 1622 году часткай Брагінскіх добраў зь вёскай Веляцін валодаў князь Адам Аляксандравіч Вішнявецкі, у якога ў 1603 годзе знаходзіўся на службе будучы самазванец на расейскім пасадзе Ілжэдзьмітры I. 20 ліпеня 1641 году пані Крысьціна, дачка князя Адама, на той час жонка Пятра Даніловіча, крайчага кароннага, саступіла князю Ярэмію Вішнявецкаму сваю палову замку і места Брагін зь сёламі, у ліку якіх быў і Веляцін[6]. Брагінскі маёнтак малодшай галіны роду Вішнявецкіх ізноў быў аб’яднаны ў адных руках.
На 7 сакавіка 1650 году дзяржаўцам Брагіна і той часткі воласьці, якая да 1641 г. належала пані Крысьціне Даніловічавай, названы пан Даніэль Сіліч. Тады ў Веляціне, Мікулічах, Лісьцьвіне, у частцы Сяльца разам налічвалася 130 дымоў (≈780 жыхароў)[7].
Пасьля сьмерці князя ваяводы рускага Ярэмія ў 1651 годзе вёска пэўны час была ўладаньнем сына, будучага караля Міхала Карыбута, але апошні саступіў яе маці княгіні Грызэльдзе Канстанцыі з роду Замойскіх Вішнявецкай. Каля 1672 году Брагінскія добра дасталіся пляменьніку княгіні пану Станіславу Канецпольскаму, а ў 1682 годзе, паводле тэстамэнту, — яго родзічу пану Яну Аляксандру Канецпольскаму, ваяводзічу бэлзскаму. Пад 1687 годам у справе Оўруцкага гродзкага суда Веляцін названы сярод паселішчаў, зруйнаваных працяглым (ад лістападу 1686 года да самых świątek zielonych) пастоем рэестравых казакоў палкоўніка Войска Запарожскага Паўла Апостала Шчуроўскага. У кожным з чатырох двароў тут карміўся адзін казак з сваім канём. Тады за гарэлку, рыбу, порах, чатыры пары хустаў палатна на ўладкаваньне паходных шатроў, чацьвёра ботаў вяскоўцы заплацілі 26 злотых, за адзін воз з хамутом, раменнай шляёй, касой, сякерай, рыдлёўкай, біклагай, мазьніцай з двума гарцамі дзёгцю, за соль — 416 злотых, а яшчэ далі легуміны 9 вёдраў, аўса 40 вёдраў[8]
Пасьля сьмерці ў 1719 годзе серадзкага ваяводы Яна Канецпольскага і працяглага (яшчэ і пры жыцьці дзедзіча) знаходжаньня ў заставе ў паноў Сілічаў[9], каля 1733 году Веляцін стаў уладаньнем князя Міхала Сэрвацыя са старэйшай галіны роду Вішнявецкіх, які менавіта тады ўпершыню падпісаўся «графам на Брагіне»[10]. Празь дзесяць гадоў як спачыў князь Міхал, у 1754 годзе, Брагінскі маёнтак (у тым ліку Веляцін) быў куплены ў яго дачкі княгіні Эльжбэты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай панам Францам Антоніем Ракіцкім, ашмянскім войскім. Нашчадкі апошняга валодалі ім яшчэ і ў другой палове XIX стагодзьдзя.
У 1754 годзе з 23 двароў (×6 — каля 138 жыхароў) вёскі Веляцін Брагінскага маёнтку «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачваліся 3 злотых, 17 з паловай грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 14 злотых, 10 грошаў[12].
Перапісы габрэйскага насельніцтва 1765, 1778 і 1784 гадоў засьведчылі пражываньне ў Веляціне адпаведна 11, 4 чалавек (głow), прыналежных да Брагінскага кагалу, і хрысьціяніна (пагалоўшчыне не падлягаў)[13]. Магмыма, выбух гайдамацка-сялянскай Каліеўшчыны ў 1768 годзе паўплываў на колькасьць габрэяў у вёсцы, роўна як і на прыняцьце адным зь іх (напэўна, галавой сямейства) хрысьціянства.
Вёска Веляцін згаданая ў эксплікацыі да мапы Брагінскага графства, датаванай 27 днём жніўня 1783 году.
Расейская імпэрыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Веляцін — у межах Чарнігаўскага намесьніцтва, з 1796 году ў складзе адноўленага Рэчыцкага павету Чарнігаўскай, потым Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[14]. У крыніцы, заснаванай на зьвестках рэвізіі 1795 году, сказана што вёска Веляцін была ў заставе ад Людвіка Прозара[c] ў пана судзьдзі оўруцкага Міхала Паўшы, хоць уласьнікамі яго зьяўляліся графы Ракіцкія[15]; гэткая падвойная застава, надта пашыраная ў Рэчы Паспалітай і ў дарэформавай Расейскай імпэрыі.
Згодна з «Фармулярнай ведамасьцю» сяла Мікулічаў Богаяўленскай царквы 1822 году, вёска Веляцін з 83 душамі мужчынскага і 69 душамі жаночага полу належала пану Міхалу Ракіцкаму[16]. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 285 жыхароў вёскі Веляцін зьяўляліся прыхаджанамі Мікуліцкай Богаяўленскай царквы, 5 мужчын і 3 жанчыны былі парафіянамі Астраглядаўскага касьцёлу Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[17].
У парэформавы пэрыяд Веляцін – у Мікуліцкай воласьці. У пачатку 1870 года тут — 105 мужчын-гаспадароў зь ліку сялян уласьнікаў, прыпісаных да Веляцінскага сельскага таварыства[18].Згодна са зьвесткамі на 1876 і 1879 гады, Веляцін заставаўся ў прыходзе Мікуліцкай царквы[19]. 29 траўня 1881 году ў выніку пажару згарэла 57 двароў[2]. У ведамасьці Мікуліцкай Богаяўленскай царквы за 1903 год засьведчана, што ў вёсцы Веляцін налічвалася 63 і 3/4 двара, у якіх жылі 255 асобаў мужчынскага і 207 асобаў жаночага полу верных[20]. На 1909 год у Веляціне налічвалася 80 двароў і 602[d] жыхары[21].
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісання Берасьцейскай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Веляцін у складзе Мікуліцкай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўля Скарападзкага[22].
1 студзеня 1919 г., згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.
Пасьля другога ўзбуйненьня БССР, з 8 сьнежня 1926 да 30 снежня 1927 года Веляцін — цэнтр сельсавету Хойніцкага раёну Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 году Гомельскай акругі. У пачатку 1930 году тут створаны калгас «Бальшавік», працавалі вятрак, кузьня[2]. З 20 лютага 1938 г. — у Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.
У гады Вялікай Айчыннай вайны на фронце і ў партызанскай барацьбе загінулі 99 вяскоўцаў, яшчэ двое расстраляныя акупантамі[23].
З 8 студзеня 1954 году Веляцін — у складзе Гомельскай вобласьці. Паводле перапісу 1959 г. тут налічвалася 862 жыхары, цэнтр калгасу «Бальшавік». Існавалі 9-гадовая школа, дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, дзіцячы садок, адзьдзяленьне сувязі, крама, швейная майстэрня[2].
У 2000-я гады Веляцін атрымаў афіцыйны статус «аграгарадку».
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Плян Веляціна складаецца зь зьлёгку скрыўленай доўгай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, да якой з поўначы далучаюцца кароткія вуліцы. Забудова двухбаковая, пераважна драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. У 1986—1994 гадох у вёсцы збудавалі цагляныя дамы на 50 кватэр, у якіх разьмясьціліся перасяленцы з забруджаных радыяцыяй месцаў у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС[2].
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Не з XVII ст., як пісаў С. В. Марцэлеў[2]
- ^ Ужытая форма Вялецін — свавольства ўкладальнікаў мапы, супярэчнае таму, як здаўна прамаўлялі і сёньня прамаўляюць назву паселішча самі вяскоўцы і навакольныя жыхары.
- ^ Тут, напэўна, дапушчана памылка прачытаньня тэксту рэвізіі, бо ў ёй згаданая Людвіка з князёў Шуйскіх Прозарава, жонка абознага Караля.
- ^ С. В. Марцэлеў падаў такую колькасьць на 1850 г.[2]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
- ^ а б в г д е Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6. С. 434—435
- ^ Аrchiwum Główny Akt Dawnych. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich. Sygn. 1. S. 3, 4
- ^ https://web.archive.org/web/20200605102849/http://www.belniidad.by/sites/default/files/bash/bash01_2000.pdf Беларускі археаграфічны штогоднік. Выпуск 1. — Мінск, 2000. С. 188
- ^ Źródła dziejowe. T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / A. Jabłonowski — Warszawa, 1894. Wykazy… S. 36, 38
- ^ Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Radziwiłłów. Dział X. Sygn. 933. S. 8-13
- ^ Національно-визвольна війна в Україні. 1648-1657. Збірник за документами актових книг / Керівник проекту Музичук О. В.; Упор.: Сухих Л. А., Страшко В. В. Державний комітет архівів України. Центральний державний історичний архів України, м. Київ. – Київ, 2008. С. 534
- ^ Архив Юго-Западной России. Ч. 3. Т. 2. Акты о казаках (1679—1716). — Киев, 1868. С. 152
- ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 285
- ^ Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. — Вильна, 1870. Т. IV. Акты Бресцкого гродского суда. С. 485
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў 4-х тамах: Т. 2. — Мінск: Белкартаграфія, 2013. С. 122
- ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 190; гл. таксама: С. 13-15, 20-22
- ^ Архив Юго-Западной России. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. – Киев, 1890. С. 302, 391, 711
- ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
- ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 72
- ^ НГАБ у Менску. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40552. А. 66
- ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 381, 681
- ^ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 71
- ^ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 458; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 97
- ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41139. А. 202адв.
- ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 25
- ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85
- ^ Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Хойніцкага раёна. — Мінск: БЭ, 1993. С. 170, 256—259
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.
- Czamańska I. Wiśniowieccy. Monografia rodu. — Poznań, 2007
- Мацук А. Брагін // Князі Вишневецькі. — Київ, 2016(2017). С. 213—215
- Pamiętniki o Koniecpolskich. Przyczynek do dziejów polskich XVII wieku. / Wydał Stanisław Przyłęcki. — Lwów, 1842. S. 375—389
- Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 4 — 7, 12 — 15, 23 — 27