Перайсьці да зьместу

Мглін

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мглін
лац. Mhlin
Саборная царква
Саборная царква
Герб Мгліна
Першыя згадкі: 1389
Горад з: 27 сакавіка 1626
Краіна: Расея
Суб’ект фэдэрацыі: Бранская вобласьць
Муніцыпальны раён: Мглінскі
Вышыня: 180 м н. у. м.
Насельніцтва: 8219 чал. (2009)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: 48339
Паштовы індэкс: 243220
Нумарны знак: 32
Геаграфічныя каардынаты: 53°3′40″ пн. ш. 32°50′54″ у. д. / 53.06111° пн. ш. 32.84833° у. д. / 53.06111; 32.84833Каардынаты: 53°3′40″ пн. ш. 32°50′54″ у. д. / 53.06111° пн. ш. 32.84833° у. д. / 53.06111; 32.84833
Мглін на мапе Расеі
Мглін
Мглін
Мглін
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Мглін — места ў Расеі, на рацэ Судынцы. Адміністрацыйны цэнтар Мглінскага раёну Бранскай вобласьці. Насельніцтва на 2016 год — 8161 чалавек. Знаходзіцца за 167 км на захад ад Бранску, за 25 км ад чыгуначнай станцыі Ўнеча.

Мглін — магдэбурскае места гістарычнай Старадубшчыны (частка Смаленшчыны і Севершчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага, на этнічнай тэрыторыі беларусаў.

Паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На думку некаторых дасьледнікаў, у XII ст. тут існавала летапіснае паселішча Зартый. Тым часам першы пісьмовы ўпамін пра Мглін зьмяшчаецца ў Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх (канец XIV ст.) як «літоўскі» замак. У ХV ст. ён стаў цэнтрам воласьці Віленскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага[1], з 1472 году — у Смаленскім ваяводзтве. У 1502 годзе Мглін захапіла Маскоўская дзяржава.

У пачатку XVII ст. Мглін вярнуўся ў склад Вялікага Княства Літоўскага, што пацьвердзіла Дэвулінскае замірэньне 1618 году. Ён увайшоў у Старадубскі павет Смаленскага ваяводзтва. Дзеля абароны места ад нападу з усходу тут, пры замку, утварылася казацкая харугва, якая ў 1625 годзе атрымала сьцяг чырвонага колеру з чорным крыжам на ім. 27 сакавіка 1626 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў Мгліну Магдэбурскае права і герб «у блакітным полі сьвяты Флярыян з дрэвам вярбой у руцэ»[2]. У 1652 годзе места захапілі войскі Б. Хмяльніцкага. Сян апошняга Юры ў 1661 годзе прывёў пад Мглін крымскіх татараў, якія спалілі места.

Пад уладай Маскоўскай дзяржавы і Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Цэрквы Прачыстай Багародзіцы і Сьвятой Барбары, да 1918 г.

Згодна з Андрусаўскім замірэньнем 1667 году Мглін апынуўся ў складзе Маскоўскай дзяржавы. Яшчэ ў 1666 годзе сярод іншых ён атрымаў ад маскоўскага гаспадара Аляксея Міхайлавіча грамату на аднаўленьне мескіх прывілеяў.

У час Вялікай Паўночнай вайны ў 1708 годзе Мглін узялі ў аблогу войскі швэдзкага караля Карла XII, які рухаўся да Палтавы. У 1760 годзе расейская імпэратрыца Елізавета Пятроўна падаравала места графу К. Разумоўскаму. У 1781 годзе Мглін стаў павятовым местам Ноўгарад-Северскага намесьніцтва, з 1802 году — Чарнігаўскай губэрні.

У сярэдзіне XIX ст. у Мгліне было 958 будынкаў, сярод якіх было 15 мураваных, дзеялі 6 цэркваў і 2 юдэйскія малітоўныя дамы, працавалі лякарня на 25 ложкаў, 6 корчмаў і 60 крамаў. На 1861 год у месьце працавалі 3 цагельні, 2 салатопныя і скураныя заводы.

У 1851 годзе расейска-нямецкі навуковец Пётар Кёпэн(be) пісаў: «Каля дзьвюх трацінаў Смаленскай губэрні насяляюць беларусы. <…> Гэтыя ж беларусы пад назвай ліцьвінаў сягаюць у Малую Русь, дзе пашыраюцца ў Мглінскім і Сураскім паветах Чарнігаўскай губэрні»[a][3]. У 1860 годзе ўкраінскі этнограф Міхайла Леўчанка(uk) сьведчыў паводле ўласных назіраньняў, што «калі рухацца далей на поўнач [ад ракі Дзясны] праз Старадуб, Мглін да Рослава, вы паўсюль заўважыце адзін строй і адзіную гаворку — беларускую», адзначаючы пры тым наступныя асаблівасьці адзеньня: «шапка белая (яламок, мадзерка, мардзелка) лямцавая, у мужчыны, белая хустка (але не намітка) у жанчыны — гэта ліцьвіны або беларусы»[4]. У 1882 годзе расейскі этнограф Сяргей Максімаў зазначаў: «паўночны кут Чарнігаўскай губэрні (паветы Мглінскі і Сураскі) населены беларусамі чыстага бяспрыкладнага тыпу, якія, аднак, з афіцыйным этнонімам „беларусы“ не знаёмыя, а называюцца „ліцьвінамі“»[5]. А ў 1890 годзе адзначалася, што ў газэце «Чарнігаўскія губэрнскія ведамасьці» выйшаў артыкул пра «народныя паданьні ліцьвінаў — жыхароў Ноўгарад-Северскага, Старадубскага, Мглінскага і Сураскага паветаў»[6].

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Мглін абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, дзе стаў цэнтрам павету («падраёну») Гомельскага раёну[7]. Аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР, дзе ён стаў цэнтрам павету Гомельскай губэрні. У 1929 годзе Мглін стаў цэнтрам раёну ў Заходняй вобласьці (з 1937 году у Арлоўскай вобласьці, з 1944 году ў Бранская вобласьці).

  • XIX стагодзьдзе: 1861 год — 8668 чал.; 1885 год — 6165 чал.[8]; 1900 год — 11 072 чал. (5462 муж. і 5610 жан.), у тым ліку 4518 праваслаўных, 365 каталікоў, 88 пратэстантаў, 6016 юдэяў, 85 іншай веры[9]
  • XIX стагодзьдзе: 1939 год — 7,3 тыс. чал.; 1959 год — 6,1 тыс. чал.; 1979 год — 6,5 тыс. чал.; 1992 год — 8,3 тыс. чал.[10]; 1998 год — 9,0 тыс. чал.[11]; 2000 год — 8,8 тыс. чал.[12]
  • XXI стагодзьдзе: 2008 год — 8222 чал.; 2016 год — 8161 чал.

У Мгліне працуюць 2 сярэднія, мастацкая і музычная школы, школа-інтэрнат, тэхнікум агратэхналёгіяў і філія Бранскага інстытуту кіраваньня і бізнэсу.

У 2013 годзе адкрыўся фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басэйнам і трэнажорнай заляй.

Масласыраробны, крухмальны, асфальтавы заводы. Швацкая фабрыка. Лясная гаспадарка.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзее Мглінскі краязнаўчы музэй.

  • Царква саборная Прачыстай Багародзіцы (1815—1830)
  • Царква Сьвятой Барбары (1874)
  • Царква Сьвятога Мікалая (1863)
  • Марыя Косіч (1850—1911) — беларуская пісьменьніца і фальклярыстка, дасьледніца беларусаў Севершчыны; нарадзілася ў вёсцы Расусе колішняга Мглінскага павету
  • Сяргей Скандракоў (1876—1953) — беларускі навуковец-аграном, журналіст
  1. ^ ням. «Etwa zwei Drittheile des Ssmolenskischen Gouvernements sind von Weissrussen bewohnt. <…> Diese nämlichen Weissrussen erstrecken sich, unter dem Namen Litauer, bis nach Kleinrussland hinein, wo sie sich über die Kreise Mglin nnd Ssurash des Gouvernements Tschernigow ausbreiten»
  1. ^ Мяцельскі А. Мглін // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 346.
  2. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 194.
  3. ^ Mélanges russes tirés du Bulletin historico-philologique de l’Académie impériale des sciences de St.-Pétersbourg. T. II, 1855. P. 2.
  4. ^ Левченко М. Места жительства и метные названия русинов // Основа. № 1, 1861. С. 265.
  5. ^ Катлярчук А. Беларусы бранскага краю // ARCHE Пачатак. № 2 (16), 2001 г.
  6. ^ Этнографическое обозрение. №. 1. — Москва, 1890. С. 215.
  7. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Вільня, 2002. С. 194.
  8. ^ Krzywicki J. Mglin // Słownik geograficzny... T. VI. — Warszawa, 1885. S. 281.
  9. ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  10. ^ Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
  11. ^ Энциклопедический словарь
  12. ^ Мглин на Народная энциклопедия городов и регионов России

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]