Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях
Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях | |
Заканадаўчы орган | |
---|---|
Нумар | 91-З |
Прыняцьце | Палатай прадстаўнікоў 18 сьнежня 2020 (3 гады таму) |
Ухваленьне | Саветам Рэспублікі 18 сьнежня 2020 (3 гады таму) |
Падпісаньне | прэзыдэнтам Беларусі 6 студзеня 2021 (3 гады таму) |
Уступ у сілу | 1 сакавіка 2021 (3 гады таму)[1] |
Першая публікацыя | 22 студзеня 2021 (3 гады таму) Нацыянальны прававы партал Беларусі, № 2/2811 |
Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях — звод заканадаўства Беларусі аб падставах і ўмовах адміністрацыйнай адказнасьці, які набыў моц у сакавіку 2021 году.
Паводле артыкула 1.1, «вызначае: 1) дзеяньні, якія ёсьць адміністрацыйнымі правапарушэньнямі; 2) падставы і ўмовы адміністрацыйнай адказнасьці; 3) адміністрацыйныя спагнаньні і прафіляктычныя захады ўзьдзеяньня, якія могуць быць прымененыя да фізычных асобаў, якія ўчынілі адміністрацыйныя правапарушэньні, і юрыдычных асобаў, падлеглых адміністрацыйнай адказнасьці». На 2022 год налічваў 26 главаў і падзяляўся на Агульную і Асаблівую часткі. На 2022 год дзейнічаў з адным зьмяненьнем ад 4 студзеня 2022 году[2]. Замяніў сабой аднайменны Кодэкс 2003 году. 6 красавіка 2022 году Экспэртная рада ў пытаньнях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову, якая дзейнічала пры Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі Беларусі (НЦПІ), ухваліла Пратаколам № 1 пераклад яго рэдакцыі паводле Закону ад 4 студзеня 2022 г. № 144-З. У выніку гэты кодэкс стаў 13-м у перакладзе Экспэртнай рады. На той час Экспэртная рада складалася з прадстаўнікоў дзяржаўных і прыватных ВНУ, а таксама 7 дзяржаўных органаў Беларусі: Адміністрацыі прэзыдэнта і Нацыянальнай акадэміі навук, Палаты прадстаўнікоў і Міністэрства юстыцыі, Міністэрства культуры і НЦПІ, а таксама Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў[3].
Агульная частка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Агульная частка Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях зьмяшчала 2 разьдзелы: 1) «Агульныя палажэньні», 2) «Адміністрацыйнае правапарушэньне. Адміністрацыйная адказнасьць», а таксама першыя 5 (5—9) главы 3-га разьдзелу. Паводле артыкула 1.2, задачамі Кодэксы былі «абарона жыцьця, здароўя, правоў, свабодаў і законных інтарэсаў фізычных асобаў, інтарэсаў грамадзтва і дзяржавы, правоў і законных інтарэсаў юрыдычных асобаў, а таксама папярэджаньне адміністрацыйных правапарушэньняў». Пры гэтым, прадугледжвалася, што суд і органы адміністрацыйнага працэсу накіроўваюць свае захады на: 1) выяўленьне і ліквідацыю прычынаў і ўмоваў учыненьня правапарушэньняў; 2) павышэньне правасвядомасьці і прававой культуры фізычных асобаў, іх выхаваньне ў духу выкананьня гэтага Кодэксу і міжнародных дамоваў Беларусі, павагі да нацыянальных традыцыяў, грамадзкіх і культурных каштоўнасьцяў беларускага народу, правоў і свабодаў іншых асобаў. Урэшце, згадвалася, што «Кодэкс грунтуецца на прынцыпах законнасьці, справядлівасьці, гуманізму, роўнасьці перад законам, а таксама вінаватай адказнасьці фізычных асобаў»[2].
Агульныя палажэньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы разьдзел Кодэксу ўлучаў главу «Задачы і прынцыпы» зь 10 артыкулаў пра: прынцыпы законнасьці і справядлівасьці, гуманізму і роўнасьці перад законам, а таксама вінаватай адказнасьці; дзеяньне Кодэксу ў прасторы і часе, тлумачэньне тэрмінаў. Згодна з артыкулам 1.3 прыцягненьне да адміністрацыйнай адказнасьці і вызваленьне ад яе, накладаньне адміністрацыйнага спагананьня і прымяненьне папераджальных захадаў «ажыцьцяўляецца не інакш як паводле пастановы (за выняткам вуснай заўвагі) суду і органа, які вядзе адміністрацыйны працэс». Пры гэтым, палажэньні Кодэксу «не падлягаюць пашыральнаму тлумачэньню. Іх прымяненьне паводле аналёгіі не дапускаецца». У артыкуле 1.4 вызначалася, што адмінспагнаньне мела быць «сувымерным цяжару ўчыненага адмінправапарушэньня і адпавядаць мэце яго накладаньня», а таксама мела быць неабходным і дастатковым для выхаваньня правапарушальніка. Таксама згадвалася, што адказнасьць юрыдычнай асобы магла наступаць, калі адказнасьць яе вінаватага працаўніка была недастатковай праз прычыненьне правапарушэньнем значнай шкоды ахаваным зацікаўленасьцям. Зь іншага боку, падкрэсьлівалася, што спаганьне зь індывідуальнага прадпрымальніка і юрыдычнай асобы «ня мае на мэце прывядзеньне да эканамічнай неплатаздольнасьці і прычыненьне шкоды іх справавой рэпутацыі». Паводле артыкула 1.5, накладаньне адмінспаганьня на фізасобу «ня мае на мэце зьнявагу яе чалавечай годнасьці і прычыненьне ёй фізычных або духоўных пакутаў». Урэшце, падкрэсьлівалася, што спагнаньні і папераджальныя захады датычна непаўналетніх «ня маюць прычыняць шкоду іх здароўю і інтэлектуальнаму разьвіцьцю»[2].
Згодна з артыкулам 1.6 вызначалася, што правапарушальнікі «падлягаюць адмінадказнасьці незалежна ад іх плоці і расы, нацыянальнасьці і мовы, паходжаньня і грамадзянства, маёмаснага і службовага становішча, месца жыхарства або месцазнаходжаньня, перакананьняў, стаўленьня да рэлігіі і прыналежнасьці да грамадзкіх аб’яднаньняў». Пры гэтым, юрыдычныя асобы падлягаюць адказнасьці «незалежна ад формы уласьнасьці і месцазнаходжаньня, арганізацыйна-прававой формы і падпарадкаванасьці», а таксама «іншых акалічнасьцяў, абумоўленых асаблівасьцямі іх стварэньня і дзейнасьцю». У артыкуле 1.7 згадвалася, што фізасоба падлягала адказнасьці толькі за «правапарушэньні, у дачыненьні якіх вызначаная яе віна». Паводле артыкула 1.8, фізычныя і юрыдычныя асобы падлягалі адказнасьці за правапарушэньне на землях Беларусі, а фізасоба — таксама за правапарушэньне: 1) у афіцыйным прадстаўніцтве Беларусі пры беларускай падсуднасьці; 2) на улічаным у Беларусі паветраным судне; 3) на судне пад дзяржаўным сьцягам Беларусі, 4) на вайсковым паветраным судне або караблі Беларусі. Сярод іншага, грамадзяне Беларусі і пастаянныя жыхары Беларусі без грамадзянства падгялалі адказнаасьці за ўчыненыя за мяжой правапарушэньні, «калі ўчыненыя імі дзеяньні прызнаныя ў Рэспубліцы Беларусь адміністрацыйнымі правапарушэньнямі і караюцца ў дзяржаве, на тэрыторыі якой яны былі ўчыненыя, і калі гэтыя асобы не былі прыцягнутыя да адказнасьці ў гэтай дзяржаве». У такім выпадку спагнаньне накладаецца «не вышэй за верхнюю мяжу, прадугледжаную законам дзяржавы, на тэрыторыі якой было ўчынена правапарушэньне». Згодна з артыкулам 1.9 супрацьпраўнасьць дзеяньня вызначалася заканадаўствам, якое дзейнічала падчас яго ўчыненьня. Пры гэтым, часам учыненьня прызнаваўся час ажыцьцяўленьня дзеяньня незалежна ад часу надыходу наступстваў. Заканадаўства, якое ўзмацняла адказнасьць правапарушальніка, ня мела зваротнай сілы, таму не распаўсюджвалася на правапарушэньне, учыненае да набыцьця моцы такім заканадаўствам. І наадварот дзейнае заканадаўства мела зваротную сілу, калі зьмякчала адказнасьць і скасоўвала супрацьпраўнасьць дзеяньня[2].
Правапарушэньне і адказнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Другі разьдзел Кодэксу ўлучаў 3 главаў: 1) «Адміністрацыйнае правапарушэньне», 2) «Акалічнасьці, якія выключаюць прызнаньне дзеяньня адмінправапарушэньнем», 3) «Адміністрацыйная адказнасьць». Найбольшай была трэцяя глава зь 9 артыкулаў, якія вызначалі: мэты і век наступленьня адмінадказнасьці, бесьсьвядомасьць і дзеяньні з адказнасьцю паводле патрабаваньня; адказнасьць вайскоўцаў і іншых асобаў пад дысцыплінарным статутам або палажэньнем аб дысцыпліне, індывідуальнага прадпрымальніка і юрыдычнай асобы; адказнасьць юрыдычнай асобы пры пераўтварэньні і ўласьнікаў самаходаў, тэрмін сканчэньня ўліку адмінспагнаньня. Паводле артыкула 4.1, адміністрацыйная адказнасьць у выглядзе асуджэньня правапарушальніка і накладаньня на яго спагнаньня мела на мэце выхаваньне правапарушальніка і папярэджаньне ўчыненьне новага правапарушэньня. Пры гэтым, правапарушальнікі абавязваліся пакрыць прычыненую шкоду. Урэшце, прадугледжвалася, што «спрэчкі аб пакрыцьці шкоды вырашаюцца ў парадку цывільнага судаводзтва». Згодна з артыкулам 4.2 адмінадказнасьці падлягала асоба ў веку ад 16 гадоў. Асобы ў веку ад 14 да 16 гадоў адказвалі толькі за: 1) наўмыснае прычыненьне цялеснага пашкоджаньня або парушэньне ахоўнага прадпісаньня, 2) абразу, 3) дробны крадзеж, 4) наўмыснае пашкоджаньне чужой маёмасьці, 5) жорсткае абыходжаньне з жывёлай або пазбаўленьне ад яе, 6) дробнае хуліганства. У артыкуле 4.3 вызначалася, што адказнасьці не падлягала асоба ў стане бесьсьвядомасьці, якая не ўсьведамляла «фактычны характар і супрацьпраўнасьць» дзеяньня або не кіравала такім дзеяньнем праз душэўную хваробу[2].
Паводле артыкула 4.4, толькі пры выказаным патрабаваньні пацярпелага і ягонага законнага прадстаўніка цягнулі адказнасьць: наўмыснае прычыненьне цялеснага пашкоджаньня або парушэньне ахоўнага прадпісаньня, абраза, адмова ў наданьні зьвестак, парушэньне права на свабоду аб’яднаньняў, парушэньне аўтарскага права і права прамысловай уласнасьці, парушэньне патрабаваньня заключэньня грамадзянска-прававой дамовы, прычыненьне маёмаснай шкоды, наўмыснае пашкоджаньне чужой маёмасьці, прысваеньне знойдзенай маёмасьці, падман спажыўца, нядобрасумленная канкурэнцыя, прычыненьне лёгкага цялеснага пашкоджаньня ў выніку парушэньня кіроўцам або пешаходам правілаў дарожнага руху, недазволены доступ да кампутарных зьвестак і разгадлошваньне камэрцыйнай таямніцы. Пры гэтым, пракурор і орган адмінпрацэсу паводле ягонага даручэньня маглі распачаць адмінпрацэс незалежна ад патрабаваньня пацярпелага і ягонага прадстаўніка, калі: 1) правапарушэньне ўчынілі супраць асобы ў матэрыяльнай і службовай залежнасьці ад правапарушальніка, ня здольнай самастойна зьвярнуцца па абарону сваіх правоў, свабодаў і законных зацікаўленасьцяў; 2) учыненым дзеяньнем прычынілі значную шкоду зацікаўленасьцям грамадзтва і дзяржавы. Згодна з артыкулам 4.5 на вайскоўцаў і службоўцаў органаў унутраных справаў, органаў фінансаваў расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю, Сьледчага камітэту і Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў, органаў і падразьдзяленьняў па надзвычайных сытуацыях «ня могуць быць накладзеныя адміністрацыйныя спагнаньні ў выглядзе грамадскіх працаў і адміністрацыйнага арышту, а на вайскоўцаў тэрміновай вайсковай службы — таксама ў выглядзе штрафу»[2].
У артыкуле 4.6 згадвалася, што «прыцягненьне да адміністрацыйнай адказнасьці юрыдычнай асобы не вызваляе ад адміністрацыйнай адказнасьці за пэўнае правапарушэньне яе вінаватую службовую асобу, таксама як прыцягненьне да адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасьці службовай асобы юрыдычнай асобы не вызваляе ад адміністрацыйнай адказнасьці за гэтае правапарушэньне юрыдычную асобу». Паводле артыкула 4.7, пераўтварэньне юрыдычнай асобы «ня ёсьць падставай для вызваленьня яе ад адміністрацыйнай адказнасьці за ўчыненае адміністрацыйнае правапарушэньне». Пагатоў, «пры разьдзяленьні юрыдычнай асобы або пры вылучэньні зь яе складу адной або некалькіх юрыдычных асобаў — да адказнасьці прыцягваецца тая юрыдычная асоба, да якой у адпаведнасьці з разьдзяляльным балянсам перайшлі правы і абавязкі паводле заключаных угодаў або маёмасьці, у сувязі зь якімі было ўчынена адміністрацыйнае правапарушэньне». Згодна з артыкулам 4.8 кіроўца самахода падлягае адказнасьці пры наяўнасьці зьвестак пра яго ў органа адмінпрацэсу. У выпадку засьведчаньня правапарушэньня супраць бясьпекі руху і выкарыстаньня самахода аўтаматычнымі сродкамі фотафіксацыі адказнасьці падлягае ўласьніка самахода. У артыкуле 4.9 прадугледжвалася, што асоба лічыцца не падвергнутай адмінспагнаньню:
- з дня выкананьня пастановы аб накладаньні спагнаньня за ўчыненьне правіннасьці;
- па сканчэньні 6 месяцаў з дня выкананьня такой пастановы за значнае правапарушэньне;
- па сканчэньні году з дня выкананьня такой пастановы за грубае правапарушэньне;
- па сканчэньні тэрміну даўнасьці выкананьня такой пастановы;
- з дня спыненьня выкананьня такой пастановы;
- з дня вызваленьня фізасобы ад далейшага выкананьня спагнаньня ў выглядзе грамадзкіх працаў;
- з дня вызваленьня ад далейшага выкананьня спаганьня ў выглядзе адміністрацыйнага арышту;
- з дня вызваленьня ад выкананьня адміністрацыйнага спагнаньня[2].
Папярэджаньне і спагнаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Трэці разьдзел Кодэксу ў Агульнай частцы зьмяшчаў 5 главаў: 1) «Прафіляктычныя захады ўзьдзеяньня», 2) «Паняцьце і віды адміністрацыйных спагнаньняў», 3) «Накладаньне адміністрацыйнага спагнаньня», 4) «Падставы для вызваленьня ад адміністрацыйнай адказнасьці», 5) «Адміністрацыйная адказнасьць непаўналетніх». Найбольшай была другая глава з 11 артыкулаў, якія акрэсьлівалі: асноўныя і дадатковыя адміністрацыйныя спагнаньні, штраф і грамадзкія працы, адміністрацыйны арышт і пазбаўленьне права займацца пэўнай дзейнасьцю, дэпартацыю і канфіскацыю, спагнаньне кошту і забарону наведваць фізкультурна-спартовых збудаваньні. Паводле артыкула 6.2, «адміністрацыйныя спагнаньні ў выглядзе грамадзкіх працаў і адміністрацыйнага арышту, канфіскацыі і спагнаньня кошту, забароны на наведваньне фізкультурна-спартовых збудаваньняў накладаюцца толькі судом», за выняткам адмінарышту органамі ўнутраных справаў. Згодна з артыкулам 6.3 «штраф, грамадзкія працы і адміністрацыйны арышт прымяняюцца ў якасьці асноўнага адміністрацыйнага спагнаньня», а канфіскацыя, спагнаньне кошту і забарона на наведваньне фізкультурна-спартовых збудаваньняў — у якасьці дадатковага. Пазбаўленьне права займацца пэўнай дзейнасьцю і дэпартацыі прымяняліся ў якасьці асноўнага і дадатковага спагнаньня. У артыкуле 6.4 згадвалася, што штраф «вызначаецца ў беларускіх рублях з улікам памеру базавай велічыні, усталяванага на дзень вынясеньня пастановы аб накладаньні адмінспагнаньня, а ў выпадках, прадугледжаных у санкцыях, — у адсоткавых або кратных адносінах да кошту прадмета ўчыненага адмінправапарушэньня, сумы шкоды, выручкі, угоды, вонкавагандлёвай апэрацыі або даходу, розьніцы між фактычнай выручкай, атрыманай ад рэалізацыі тавараў, і разьліковай велічынёй выручкі ад рэалізацыі тавараў». Пры гэтым, штраф меў складаць прынамсі 1/10 базавай велічыні. Яго памер абмяжоўваўся для фізасобы 200 базавымі велічынямі, для індывідуальнага прадпрымальніка — 500, а для юрыдычнай асобы — 1000. Сярод іншага, штраф у адсоткавых і кратных адносінах мог складаць да 2-разовага памеру ад адпаведных кошту, сумы і розьніцы[2].
Паводле артыкула 6.5, грамадзкія працы выконваюцца ў вольны ад асноўнай працы, службы або навучаньня час бясплатна дзеля дасягненьня карыснай грамадзству мэты. Яны ўсталёўваюцца «на тэрмін ад 8 да 60 гадзінаў і выконваюцца ня больш за 4 гадзіны на дзень». Пагатоў, «грамадзкія працы могуць накладацца судом пры наяўнасьці згоды фізасобы, якая ўчыніла адмінправапарушэньне, на іх прымяненьне. Пры гэтым яны ня могуць быць накладзеныя на: 1) асобаў, якія дасягнулі агульнаўсталяванага пэнсійнага веку; 2) асобаў у веку ад 14 да 18 гадоў; 3) цяжарных жанчынаў і асобаў, якія знаходзяцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці; 4) інвалідаў I і II групы; 5) замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, якія не пражываюць пастаянна ў Рэспубліцы Беларусь»; 6) вайскоўцаў і міліцыянтаў, фінансавых сьледчых КДК Беларусі і службоўцаў Сьледчага камітэту, ДКСЭ Беларусі і МНС Беларусі. Урэшце, суд паводле прадстаўленьня мясцовага выканаўчага і распарадчага органа вызваляе асобу ад далейшага выкананьня грамадзкіх працаў пры ўзьнікненьні вышэйазначаных акалічнасьцяў. Згодна з артыкулам 6.6 адміністрацыйны арышт заключаўся ва ўтрыманьні правапарушальніка ва ўмовах ізаляцыі на тэрмін да 30 содняў. Пры гэтым, «у тэрмін адміністрацыйнага арышту залічваецца тэрмін адміністрацыйнага затрыманьня». Таксама «арышт ня можа быць накладзены на: 1) асобаў у веку ад 14 да 18 гадоў; 2) цяжарных жанчынаў; 3) інвалідаў I і ІІ групы; 4) жанчынаў і самотных мужчынаў, у якіх ёсьць на ўтрыманьні непаўналетнія дзеці; 5) асобаў, у якіх ёсьць на ўтрыманьні інваліды I групы, або якія ажыцьцяўляюць догляд састарэлых асобаў, што дасягнулі 80-гадовага веку»; 6) вайскоўцаў і міліцыянтаў, фінансавых сьледчых КДК Беларусі і службоўцаў Сьледчага камітэту, ДКСЭ Беларусі і МНС Беларусі. Паводле прадстаўленьня кіраўніка месца адбываньня арышту суд і орган, які вынес пастанову аб правапарушэньні, мелі вызваліць арыштаванага ў выпадку ўзьнікненьня вышэйпералічаных акалічнасьцяў[2].
У артыкуле 6.7 «пазбаўленьне права займацца пэўнай дзейнасьцю ўстанаўліваецца на тэрмін ад 3-х месяцаў да 5 гадоў, а пазбаўленьне права займацца відам дзейнасьці, на ажыцьцяўленьне якой патрабуецца спэцыяльны дазвол, — ад 3-х месяцаў да аднаго году». Сярод іншага, інвалідаў маглі пазбавіць права кіраваць самаходам толькі за п’янае кіраваньне і адмову ад праверкі на яго. Паводле артыкула 6.8, выдварэньне за межы Беларусі прымянялі да замежнага грамадзяніна і асоба без грамадзянства. Згодна з артыкулам 6.9 «канфіскацыя заключаецца ў прымусовым безаплатным адабраньні і перадачы ва ўласнасьць дзяржавы: 1) даходу і выручкі, атрыманых у выніку супрацьпраўнай дзейнасьці»; 2) прадмета правапарушэньня, прыладаў і сродкаў яго ўчыненьня ва ўласнасьці правапарушальніка. У артыкуле 6.10 прадугледжвалася, што «спагнаньне кошту заключаецца ў прымусовым адабраньні і перадачы ва ўласнасьць дзяржавы грашовай сумы, якая адпавядае кошту прадмета адміністрацыйнага правапарушэньня, прыладаў і сродкаў яго ўчыненьня». Спагнаньне кошту прымяняецца: 1) пры адсутнасьці маёмасьці, якая ёсьць прадметам правапарушэньня, прыладай або сродкам яго ўчыненьня; 2) пры немэтазгоднасьці збыту такой маёмасьці; 3) калі такая маёмасьць не ва ўласнасьці правапарушальніка. Паводле артыкула 6.11, забарона на наведваньне фізкультурна-спартовых збудаваньня тычылася часу правядзеньня спартова-масавых мерапрыемстваў і спартовых спраборніцтва ды ўсталёўвалася на тэрмін ад 3-х месяцаў да 3-х гадоў. Такую забарону ўводзілі за ўчыненьне падчас спартовага мерапрыемства на тэрыторыі адпаведнага збудаваньня правапарушэньня, якое прадугледжвала арышт[2].
Асаблівая частка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Асаблівая частка Кодэксу зьмяшчала разьдзел «Заключныя палажэньні» і апошнія 17 главаў (10—26) 3-га разьдзела: 1) «Адміністрацыйныя правапарушэньні, якія пасягаюць на правы і свабоды чалавека і грамадзяніна», 2) «Адмінправапарушэньні супраць уласнасьці», 3) «Адмінправапарушэньні ў галіне фінансаў, рынку каштоўных папераў і банкаўскай дзейнасьці», 4) «Адмінправапарушэньні ў галіне прадпрымальніцкай дзейнасьці», 5) «Адмінправапарушэньні супраць парадку падаткаабкладаньня», 6) «Адміністрацыйныя мытныя правапарушэньні», 7) «Адмінправапарушэньні супраць экалягічнай бясьпекі, навакольнага асяродзьдзя і парадку прыродакарыстаньня», 8) «Адмінправапарушэньні супраць здароўя насельніцтва», 9) «Адмінправапарушэньні супраць бясьпекі руху і эксплюатацыі транспарту», 10) «Адмінправапарушэньні супраць грамадзкага парадку і грамадзкай маралі», 11) «Адмінправапарушэньні ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны», 12) «Адміністрацыйныя правапарушэньні супраць парадку выкарыстаньня паліўна-энэргетычных рэсурсаў», 13) «Адмінправапарушэньні ў галіне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасьці, добраўпарадкаваньня і карыстаньня жылымі памяшканьнямі», 14) «Адмінправапарушэньні ў галіне сувязі і інфармацыі», 15) «Адмінправапарушэньні супраць парадку кіраваньня», 16) «Адмінправапарушэньні супраць правасудзьдзя і дзейнасьці органаў крымінальнай і адміністрацыйнай юрысдыкцыі», 17) «Адмінправапарушэньні супраць парадку прыпіскі грамадзянаў да заклічных участкаў, закліку на вайсковую службу і вайсковага ўліку»[2].
Найбольшай была пятнаццатая глава зь 59 артыкулаў, якія вызначалі: невыкананьне пісьмовага патрабаваньня, перашкоду правядзеньню праверкі і экспэртызы, непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню або патрабаваньню службоўца пры выкананьні ім паўнамоцтваў; абразу службоўца пры выкананьні ім паўнамоцтваў, парушэньне парадку працы з маёмасьцю, дэкляраваньня даходаў і маёмасьці; парушэньне заканадаўства аб ацэнцы адпаведнасьці тэхнічным патрабаваньням, акрэдытацыі органаў ацэнкі адпаведнасьці і дзяржаўным уліку вырабаў; парушэньне тэхнічнага нармаваньня, стандартызацыі і адзінства вымярэньняў; незаконнае пранікненьне на ахоўваныя збудаваньні, непадачу дакумэнта і справаздачы, парушэньне парадку падачы зьвестак дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасьці і парадку разьмяшчэньня заказаў на выраб блянкаў і іх выкарыстаньня; парушэньне парадку выкарыстаньня замежнай безаплатнай дапамогі і заканадаўства аб ёй, парушэньне законных правоў дэпутатаў і заканадаўства пры распараджэньні дзяржаўнай маёмасьцю; незаконнае перасячэньне Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, парушэньне памежнага рэжыму, рэжыму Дзяржаўнай мяжы Беларусі і рэжыму ў пунктах пропуску празь яе; парушэньне парадку ладжаньня і правядзеньня масавых мерапрыемстваў, наўмысныя пашкоджаньне і зрыў пячаткі, страту і незаконнае зьнішчэньне дакумэнтаў пастаяннага і часовага захоўваньня; незаконныя выкарыстаньне і выраб сьцягоў і вымпелаў, плякатаў, эмблемаў і сымбаляў, а таксама незаконнае выкарыстаньне найменьняў «Чырвоны Крыж», «Чырвоны Паўмесяц» і «Чырвоны Крышталь»; незаконныя дзеяньні ў дачыненьні дзяржаўных узнагародаў, незаконныя выраб, збыт і нашэньне форменнага адзеньня, незаконныя дзеяньні ў дачыненьні халоднай і газавай, пнэўматычнай і кідальнай зброі; парушэньне правілаў абыходжаньня з пальнай зброяй, выбухованебясьпечнымі, лёгкімі на загараньне і едкімі рэчывамі або піратэхнічнымі вырабамі[2].
Тамсама акрэсьліваліся: парушэньне тэрмінаў уліку пальнай і газавай, пнэўматычнай і кідальнай зброі, тэрмінаў працягу дзеяньня дазволаў на яе захоўваньне і нашэньне або правілаў пастаноўкі яе на ўлік; ухіленьне ад рэалізацыі пальнай зброі і боепрыпасаў, пражываньне без уліку і без пасьведчаньня асобы, незаконнае адабраньне і прыняцьце ў заклад дакумэнтаў, парушэньне заканадаўства аб прававым становішчы замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства і заканадаўства аб звонкавым працоўным перасяленьні; парушэньне патрабаваньняў пажарнай бясьпекі, умоваў і правілаў ахоўнай дзейнасьці, заканадаўства ў галіне абароны насельніцтва і земляў ад надзвычайных сытуацыяў; парушэньне заканадаўства аб надзвычайным або ваенным становішчы, невыкананьне вайскова-транспартнага абавязку, парушэньне патрабаваньняў па бясьпечным вядзеньні працаў; купаньне ў забароненых месцах, парушэньне парадку ўліку юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, парадку рамеснай дзейнасьці і парадку падачы звестак і дакумэнтаў для натарыяльных дзеяньняў, незаконныя дзеяньні з паляўнічай пальнай гладкаствольнай зброяй; парушэньне парадку аказаньні паслугаў аграэкатурызму, невыкананьне абавязку па звароце па дзяржаўны ўлік ў нерухомасьці, парушэньне жыльлёвага заканадаўства і заканадаўства аб нагляднай дзейнасьці, парадку наданьня і адабраньня зямельных дзялянак, перашкоду законнаму прадпрымальніцтву; парушэньне парадку наданьня і выкарыстаньня безаплатнай дапамогі, незаконныя дзеяньні ў дачыненьні дзяржаўных сымбаляў Рэспублікі Беларусь, парушэньне парадку наданьняня жылых памяшканьняў, пабудаваных і набытых з прыцягненьнем ільготнай пазыкі, паводле дамовы найму або арэнды; незаконны ўвоз асобаў у Беларусь, непрыняцьце захадаў належнай арганізацыі дзейнасьці юрыдычнай асобы, незаконнае ўзнагароджаньне ад імя або ў зацікаўленасьцях юрыдычнай асобы[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ 1 сакавіка ўступілі ў сілу абноўленыя КоАП і ПВКоАП // Газэта «Зьвязда», 1 сакавіка 2021 г. Праверана 7 верасьня 2022 г.
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м А. Лукашэнка. Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях ад 6 студзеня 2021 г. № 91-З // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 6 красавіка 2022 г. Праверана 7 верасьня 2022 г.
- ^ Экспертны савет адобрыў пераклад на беларускую мову Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэньнях // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 19 красавіка 2022 г. Праверана 7 верасьня 2022 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях // Газэта «Зьвязда», 14 студзеня 2021 г. Праверана 7 верасьня 2022 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |