Вайсковая форма

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Навучэнцы Менскай сувораўскай вайсковай вучэльні ў параднай форме (3 ліпеня 2017 г.)

Вайско́вая фо́рма — набор прадметаў вайсковага абмундзіраваньня, рыштунку і знакаў адрозьненьня вайскоўцаў, усталяваны для асабовага складу Ўзброеных сілаў, войскаў і вайсковых фармаваньняў.

Віды: палявая, парадная і штодзённая (для строю і па-за строем). Вызначаецца адпаведным камандаваньнем і штабам. Парадак нашэньня ўсталёўваецца вайсковым статутам. Падзяляецца на зімовую і летнюю, пераход на якую ўстанаўліваецца міністрам абароны. Таксама вылучаюць лётна-тэхнічнае і працоўнае адзеньне, парадак нашэньня якога вызначае камандзір вайсковай часткі. Афіцэрам і прапаршчыкам надаецца права працягваць яе нашэньне пасьля звальненьня ў запас (адстаўку) за бездакорную службу звыш 20 гадоў[1].

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле Закону Рэспублікі Беларусь «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе» 1992 году, «узоры вайсковай формы адзеньня ... паводле вайсковых званьняў вайскоўцаў зацьвярджаюцца прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь» (арт. 48)[2]. 21 ліпеня 2009 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 388 «Аб вайсковай форме адзеньня і знаках адрозьненьня паводле вайсковых званьняў». 17 сакавіка 2020 году А. Лукашэнка падпісаў па-беларуску Ўказ № 100 «Аб вайсковай форме адзеньня і знаках адрозьненьня па вайсковых званьнях вайскоўцаў», паводле якога пастанаўлялася заснаваць вайсковую форму адзеньня і зацьвердзіць Пералік яе прадметаў. «Пералік прадметаў вайсковай формы адзеньня» 2020 году зьмяшчаў 7 разьдзелаў датычна вайскоўцаў: 1) Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь, 2) Дзяржаўнага памежнага камітэту Рэспублікі Беларусь, 3) Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь, 4) унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь, 5) Службы бясьпекі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, 6) Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь, 7) зводнай роты ганаровай варты. Ва Ўзброеных сілах Беларусі выдавалі 3 розныя наборы адзеньня вайскоўцам тэрміновай службы, курсантам і вайскоўцам-кантрактнікам з афіцэрамі. Вайскоўцам-тэрміновікам выдавалі 25 прадметаў адзеньня: шэрая шапка-вушанка са штучнага футра з кукардай залацістага (ахоўнага) колеру, шапка з кукардай ахоўнага колеру, фуражка ахоўнага колеру з залацістай кукардай, летняя фуражка з кукардай ахоўнага колеру, аліўкавы бэрэт (для Сілаў спэцыяльных апэрацыяў — блакітны) з залацістай кукардай, зімовая куртка ахоўнага колеру з пагонамі і тэкстыльным або шэрым са штучнага футра здымным каўняром, летнія куртка з пагонамі і нагавіцы ахоўнага колеру, кашуля з пагонамі і гальштук ахоўнага колеру, залацістая закрэпка для гальштука, зімовая куртка ахоўнага колеру з пагонамі, уцяпляльнікам і тэкстыльным або шэрым са штучнага футра каўняром, зімовыя нагавіцы ахоўнага колеру, летнія куртка з пагонамі і нагавіцы ахоўнага колеру, зімовыя і міжсэзонныя пальчаткі чорнага (ахоўнага) колеру, міжсэзонныя і ўцепленыя кальсоны і фуфайка ахоўнага колеру (для ССА — фуфайка-нацельнік з палосамі белага і блакітнага адценьняў замест міжсэзоннай фуфайкі), тэрмабялізна чорнага (ахоўнага) колеру, футболка ахоўнага колеру (для ССА — саколка-нацельнік з палосамі белага і блакітнага адценьняў), майткі чорнага (ахоўнага) колеру, зімовыя і летнія чорныя шкарпэткі, чаравікі чорнага (ахоўнага) колеру з высокімі берцамі, нагавічны і паясны рамяні чорнага (ахоўнага) колеру[3].

Згодна зь «Пералікам прадметаў вайсковай формы адзеньня» курсантам выдавалі 27 прадметаў адзеньня, сярод якіх было 2 дадатковыя прадметы абутку параўнальна з тэрміновікамі: чорныя паўчаравікі (чаравікі) і зімовыя паўботы. Ім выдавалі і шэраг адрозных прадметаў адзеньня: вушанка была з аўчыны; фуражка — аліўкавага адценьня з чорным казырком, плеценым шнурам, гузікамі і чырвоным кантам (для ССА і Вайскова-паветраныя сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны — з блакітным кантам); пілётка з кантам замяняла бэрэт, які дадаткова выдаваўся блакітнага колеру толькі курсантам ССА; аліўкавая дэмісэзонная куртка з нарукаўнымі знакамі была замест зімовай курткі без уцяпляльніка; гальштук і кашуля былі аліўкавага адценьня (без закрэпкі). Таксама выдаваліся аліўкавыя штодзённыя кіцель з пагонамі і нарукаўнымі знакамі ды нагавіцы з кантамі. Урэшце жанчынам дадаткова выдавалі панчохі цялеснага (чорнага) адценьня, а таксама боты — замест паўботаў, туфлі — замест паўчаравікаў, блузку — замест кашулі, спадніцу — замест штодзённых нагавіцаў і бэрэт з кантам і залацістай кукардай — замест аліўкавай фуражкі. Кантрактнікам і афіцэрам выдавалі 29 прадметаў адзеньня, сярод якіх дадаткова параўнальна з курсантамі: аліўкавыя парадныя фуражку (памежнікам — зялёную зь сінім аколышам, іх лётчыкам — з залацістай эмблемай на версе, для ССА і ВПС і войскаў СПА — з блакітным аколышам), кіцель з пагонамі і нарукаўнымі знакамі ды нагавіцы з кантамі; аліўкавую штодзённую куртку з пагонамі, нарукаўнымі знакамі, нагруднымі нашыўкамі і нагавіцы з кантамі; аліўкавую дэмісэзонную куртку з пагонамі, нарукаўнымі знакамі і тэкстыльным каўняром, белую кашулю з пагонамі, плашч-накідку ахоўнага колеру і аліўкавую футболку-пола з пагонамі. Таксама ім выдавалі і шэраг адрозных прадметаў адзеньня: аліўкавую фуражку з залацістым кантам — замест пілёткі; воданепранікальны касьцюм ахоўнага колеру — замест уцепленых кальсонаў і фуфайкі. Але не выдавалі пальчатак і майткоў. Урэшце палкоўнікі і вышэйшыя афіцэры атрымлівалі шэры здымны каўнер з натуральнага каракулю[3].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Віктар Восіпаў, Ігар Дзенісенка, Рыгор Лянькевіч. Форма адзеньня ваенная // Ваенная энцыкляпэдыя Беларусі / гал.рэд. Ларыса Языковіч, маст. Віктар Ляхар. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2010. — С. 1016. — 1136 с. — 2100 ас. — ISBN 978-985-11-0542-3
  2. ^ Закон Рэспублікі Беларусь «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе». Артыкул 48 (рас.) // Кодэксы Беларусі, 2020 г. Праверана 1 красавіка 2020 г.
  3. ^ а б А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 сакавіка 2020 г. № 100 «Аб вайсковай форме адзеньня і знаках адрозьненьня па вайсковых званьнях вайскоўцаў» // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 21 сакавіка 2020 г. Праверана 2 красавіка 2020 г.