Перайсьці да зьместу

П’янае кіраваньне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Знак «Ня пі за стырном»

П’янае кіраваньне — кіраваньне транспартным сродкам у стане ап’яненьня дурманлівым рэчывам, у тым ліку алькаголем[1].

У 2007 годзе ў Беларусі ўвялі крымінальную адказнасьць за паўторнае кіраваньне нападпітку. Пазьней дапушчальны ўзровень алькаголю ў крыві зьнізілі з 0,5 да 0,3 праміле. За 2011 год затрымалі 52 000 п’яных кіроўцаў[2]. У 2011 г., паводле зьвестак Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь (МУС Беларусі), п’яныя кіроўцы ўчынілі каля 20% дарожна-транспартных здарэньняў (ДТЗ). Штодня супрацоўнікі Ўправы дзяржаўнай аўтамабільнай інспэкцыі (УДАІ) МУС Беларусі затрымлівалі каля 100 п’яных кіроўцаў, у пятніцы і суботы — да 200. Дапушчальны ўзровень утрыманьня алькаголю ў крыві кіроўцы складаў 0,29 праміле. Паводле артыкула 18.16 Кодэкса Рэспублікі Беларусь «Аб адміністрацыйных правапарушэньнях», у 2012 г. за п’яную язду спаганялі ад 15 да 35 базавых велічыняў (ад 1,5 млн да 3,5 млн рублёў; ад $179 да $418)[3] і пазбаўлялі права кіраваць транспартнымі сродкамі на 3 гады. Паводле артыкула 317.1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, за паўторную цягам году п’яную язду суд мог спагнаць да 1000 базавых велічыняў (10 млн руб; $1195) і пазбавіць права кіраваньня на тэрмін да 5 гадоў, або выракчы да 6-месячнага арышту ці да 2 гадоў выпраўленчай працы, абмежаваньня або пазбаўленьня волі ў турме[4].

У 2011 г., паводле дадзеных МУС Беларусі, 18% загінулых у ДТЗ у Беларусі было па віне п’яных кіроўцаў. 4681 кіроўцу прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці за паўторную цягам году п’яную язду. Пагатоў яшчэ каля 1000 кіроўцаў ізноў паўторна пайшлі на гэтае злачынства. За 2012 год супрацоўнікі УДАІ МУС Беларусі правялі каля 50 000 затрыманьняў п’яных кіроўцаў. Таксама п’яныя кіроўцы склалі каля 40% асуджаных у Беларусі за сьмерць і цяжкае зьнявечаньне людзей у ДТЗ[5].

Чуйнік алькаголю для праверкі дыханьня (Бразылія, 2007 г.)

24 кастрычніка 2013 г. набылі моц папраўкі ў артыкул 18.16 Кодэкса «Аб адміністрацыйных правапарушэньнях», паводле якіх больш як 3-кратна вырасла спагнаньне за п’янае кіраваньне, якое стала складаць «ад 50 да 100 базавых велічыняў» (ад 6,5 млн да 13 млн рублёў; ад $725 да $1449). Таксама ўступілі ў сілу папраўкі ў артыкул 317.1 Крымінальнага кодэкса, паводле якой паўторнае цягам году п’янае кіраваньне стала прадугледжваць абавязковае зьняволеньне, ці то ў выглядзе арышту да 6 месяцаў, ці то ў выглядзе абмежаваньня або пазбаўленьня волі да 2 гадоў у турме. Таксама пры паўторным цягам году затрыманьні за стырном у стане ап’яненьня ўвялі канфіскацыю транспартнага сродку незалежна ад права ўласнасьці на яго[6].

Паводле 9-га артыкула Правілаў дарожнага руху Рэспублікі Беларусь (ПДР Беларусі), «Кіроўца абавязаны… па патрабаваньні супрацоўніка ДАІ прайсьці ў вызначаным парадку праверку для вызначэньня стану алькагольнага ап’яненьня або стану, выкліканага ўжываньнем наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў, іх аналягаў, таксычных або іншых адурманьвальных рэчываў». Адпаведна паводле 10-га артыкула ПДР Беларусі, «Кіроўцу забараняецца кіраваць транспартным сродкам у стане алькагольнага ап’яненьня або ў стане, выкліканым спажываньнем наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў, іх аналягаў, таксычных або іншых адурманьвальных рэчываў, а таксама спажываць алькагольныя, слабаалькагольныя напоі, піва, наркатычныя сродкі, псыхатропныя рэчывы, іх аналягі, таксычныя або іншыя адурманьвальныя рэчывы пасьля падачы супрацоўнікам органаў унутраных справаў патрабаваньня аб спыненьні транспартнага сродку для праходжаньня ў вызначаным парадку праверкі на прадмет вызначэньня стану алькагольнага ап’яненьня або стану, выкліканага спажываньнем наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў, іх аналягаў, таксычных або іншых адурманьвальных рэчываў. У гэтых выпадках супрацоўнікі ДАІ маюць права выконваць затрыманьне і прымусовае адбуксаваньне транспартнага сродку пры адсутнасьці іншай правамернай магчымасьці даставіць транспартны сродак да месца захоўваньня»[7].

  1. ^ А.Лукашэнка. Кодэкс Рэспублікі Беларусь «Аб адміністрацыйных правапарушэньнях» ад 21 красавіка 2003 г. № 194-З // Законы аб наглядзе за тытунем (Вашынгтон, ЗША), 1 траўня 2015 г. Праверана 27 чэрвеня 2017 г.
  2. ^ Тарас Шчыры. Келіх колам не таварыш // Зьвязда : газэта. — 9 лістапада 2013. — № 211 (27576). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2012 год (8369,71 за даляр) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2013 г. Праверана 27 чэрвеня 2017 г.
  4. ^ Уладзімер Здановіч. «Кіроўцу, які выпіў хоць бы келіх піва, варта разглядаць як патэнцыйнага забойцу» // Радар. — 28 красавіка 2012. — № 4 (32). — С. 6.
  5. ^ Вольга Мядзьведзева. Аўтамабіль як прылада для злачынства // Зьвязда. — 12 чэрвеня 2013. — № 106 (27471). — С. 2.
  6. ^ Іван Някрасаў. Паездка з цьвярозай галавой // Газэта «Прамень» (Стоўпцы), 20 студзеня 2017 г. Праверана 28 чэрвеня 2017 г.
  7. ^ Раздзел 3. Правы і абавязкі кіроўцаў // Правілы дарожнага руху Рэспублікі Беларусь (ТАА «Новы паварот»), 2016 г. Праверана 28 чэрвеня 2017 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

П’янае кіраваньнесховішча мультымэдыйных матэрыялаў