Вайсковая служба
Вайско́вая слу́жба — выкананьне вайсковага абавязку ў складзе узброеных сілаў і іншых войскаў ды вайсковых фармаваньняў.
Вылучаюць службу паводле кантракту і закліку. Падчас яе прыпыняецца праца на прадпрыемстве і навучаньне ва ўстанове. Праходжаньне службы вызначаецца законам, вайсковым статутам і палажэньнем. Падчас вайсковай службы адбываецца прызначэньне на вайсковую пасаду і прысваеньне вайсковага званьня[1]. У некаторых краінах вызначаецца законам аб вайсковай павіннасьці[2].
Віды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вылучаюць 3 віды вайсковай службы: 1) у запасе, 2) паводле кантракту, 3) тэрміновую.
- Запас. Праходзіцца ў вайсковых частках і іншых установах Узброеных сілаў і транспартных войскаў на занятках і навучальных зборах дзеля атрыманьня вайсковай спэцыяльнасьці без спыненьня працоўнай дзейнасьці. Тэрмін службы складае: 1) навучальны год — для выпускнікоў вайсковай катэдры на факультэце ВНУ, 2) 2 гады — для выпускнікоў ВНУ, 3) 3 гады — для асобаў без вышэйшай адукацыі. Працягласьць 1-га навучальнага году складае 300—850 гадзінаў у залежнасьці ад атрыманай вайсковай спэцыяльнасьці, 2-га і 3-га году — па 250 навучальных гадзінаў. На час заняткаў і навучальных збораў наймальнікі вылучаюць кароткачасовы адпачынак ад працы без захаваньня заробку. Пасьля службы ў запасе асобам з вышэйшай і сярэдняй спэцыяльнай асьветай прысвойваюць званьне прапаршчыка. Для іншых тэрмін выслугі ў званьні шарагоўца складае навучальны год і наступны год у званьні малодшага сяржанта. На час заняткаў і навучальных збораў запасьнікаў ставяць на забесьпячэньне ў якасьці асабовага складу вайсковай часткі. Галоўны штаб Узброеных сілаў вызначае вайсковыя часткі і спэцыяльнасьці, тэрміны адпраўкі і вайсковыя камісарыяты, а таксама лік закліканых да службы ў запасе. Парадак праходжаньня службы ў запасе вызначаецца адмысловым Палажэньнем. Заклікаюць на такую службу ў выпадку адсутнасьці патрэбы ў тэрміновых вайскоўцах[3].
- Кантракт. Праходзіцца добраахвотна для заняцьця вакантнай пасады ў вайсковай частцы. Афіцэры запасу могуць паступаць на такую службу ў веку да 40 гадоў, а іншыя асобы ўпершыню на афіцэрскія пасады — да 30 гадоў. Салдатаў, сяржантаў і прапаршчыкаў запасу таксама прымаюць да 40 гадоў на адпаведныя пасады, а іншых упершыню на такія пасады — да 35 гадоў. Кантракт могуць заключыць з: 1) жанчынай у веку ад 19 гадоў, 2) вайсковаабавязаным мужчынам, 3) тэрміновым вайскоўцам пасьля 6 месяцаў службы. Камандзір вайсковай часткі заключае кантракт на падставе рашэньня атэстацыйнай камісіі аб адпаведнасьці, у тым ліку паводле стану здароўя і адсутнасьці судзімасьці[4].
- Тэрміновая. Ажыцьцяўляецца паводле закліку. Працягласьць складае для: 1) выпускніка вайсковай катэдры на факультэце ВНУ — 6 месяцаў, 2) вайскоўца з вышэйшай асьветай — 12 месяцаў, 3) вайскоўца без вышэйшай асьветы — 18 месяцаў, 4) афіцэра паводле закліку — 24 месяцы. Тэрмін выслугі ў вайсковых званьнях шараговец, малодшы сяржант, сяржант і старшы сяржант складае па 3 месяцы. Выпускнікам вайсковай катэдры адразу прысвойваецца званьне малодшы сяржант[5].
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле 57-га артыкула Канстытуцыі Беларусі, «Абарона Рэспублікі Беларусь — абавязак і святы доўг грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Парадак праходжаньня вайсковай службы, падставы і ўмовы вызваленьня ад вайсковай службы ці замена яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам». Згодна з 36-м артыкулам «вайскоўцы ня могуць быць сябрамі палітычных партыяў і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў, якія дамагаюцца палітычных мэтаў»[6]. 5 лістапада 1992 году Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь ухваліў Закон № 1914-XІІ «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе», які зь 2003 году дзейнічае ў новай рэдакцыі. 25 красавіка 2005 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 186 «Аб зацьвярджэньні Палажэньня аб парадку праходжаньня ваеннай службы»[1]. 21 студзеня 2014 году набыла моц папраўка ў Закон Беларусі «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе», паводле якой ад закліку ў мірны час вызвалілі бацькоў 3-х і больш дзяцей[7].
Паводле 30-га артыкула Закону Беларусі «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе», закліку на вайсковую службу, у тым ліку ў запасе, падлягаюць мужчыны 18—27 гадоў, якія стаяць на вайсковым уліку ў вайсковым камісарыяце не ў запасе[8]. Згодна зь 58-м артыкулам гранічны ўзрост знаходжаньня на вайсковай службе паводле кантракту складаў 48 гадоў для жаўнераў, сяржантаў і старшынаў, прапаршчыкаў, малодшых і старэйшых афіцэраў да падпалкоўніка. Для палкоўніка такі ўзрост складаў 50 гадоў, для генэрал-лейтэнанта і генэрал-маёра — 55 гадоў, для генэрал-палкоўніка — 60 гадоў[9].
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Юры Партноў. Ваенная служба // Ваенная энцыкляпэдыя Беларусі / гал.рэд. Ларыса Языковіч, маст. Віктар Ляхар. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2010. — С. 210. — 1136 с. — 2100 ас. — ISBN 978-985-11-0542-3
- ^ Воінская служба // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 4. — С. 256. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0144-3
- ^ Служба ў рэзэрве // Міністэрства абароны Беларусі, 2021 г. Праверана 22 кастрычніка 2021 г.
- ^ Вайсковая служба паводле кантракту // Міністэрства абароны Беларусі, 2021 г. Праверана 22 кастрычніка 2021 г.
- ^ Тэрміновая вайсковая служба // Міністэрства абароны Беларусі, 2021 г. Праверана 22 кастрычніка 2021 г.
- ^ А. Лукашэнка. Канстытуцыя 1994 году са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 2004 г. Праверана 223 кастрычніка 2021 г.
- ^ Валяр’ян Шкленьнік. Маеш траіх дзяцей? Вызвалены ад закліку ў армію // Пляцдарм. — 15 студзеня 2014. — № 1 (30).
- ^ Станіслаў Шушкевіч. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе» (Артыкул 30) (рас.) // Партал «Заканадаўства Беларусі», 2021 г. Праверана 22 кастрычніка 2021 г.
- ^ Станіслаў Шушкевіч. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе» (Артыкул 58) (рас.) // Партал «Заканадаўства Беларусі», 2021 г. Праверана 22 кастрычніка 2021 г.
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |