Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла (Гнезна)
| Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла | |
Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла | |
| Краіна | Беларусь |
| Вёска | Гнезна |
| Каардынаты | 53°07′24″ пн. ш. 24°20′39″ у. д.HGЯO |
| Канфэсія | каталіцтва |
| Эпархія | Гарадзенская дыяцэзія |
| Архітэктурны стыль | гатычная архітэктура і беларуская готыка |
| Дата заснаваньня | 1524 |
| Статус | Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |
Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла на мапе Беларусі ± Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла | |
Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла — помнік архітэктуры XVI стагодзьдзя ў Гнезьне. Знаходзіцца ў цэнтры колішняга мястэчка. Дзее. Твор архітэктуры готыкі. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Мураваны касьцёл у Гнезьне ў 1524 годзе фундавалі Ян Шамятовіч з жонкай Альжбетай. У 1555 годзе Геранім Хадкевіч пераабсталяваў касьцёл пад кальвінскі збор. У 1643 годзе будынак касьцёла вярнулі каталікам. У 1678 праводзіўся рамонт касьцёла[1].
За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) касьцёл атрымаў пашкоджаньні. У 1728 годзе яго зноў адрамантавалі. У 1787 годзе да паўднёвага фасаду прыбудавалі закрысьцію.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Гнезна апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзеяць. У 1812 годзе над будынкам згарэў дах, які неўзабаве адрамантавалі.
У 1839 годзе драўляныя элемэнты касьцёла зноў пацярпелі ад пажару. У 1844 годзе касьцёл адбудавалі на сродкі зямяніна Г. Тарасовіча і адкрылі наноў. У 1890 годзе праводзіўся чарговы рамонт будынка, у час якога паставілі мураваны галоўны алтар, зноў прыбудавалі закрысьцію, паклалі тэракотавую падлогу.
Наноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
За часамі міжваеннай Польскай Рэспублікі ў 1924 годзе ўтварыўся камітэт з рэстаўрацыі помніка[2]. У 1930—1932 гадох праводзілася рэстаўрацыя касьцёла паводле праекту Т. Плюцынскага.
Савецкія ўлады зачынілі касьцёл і перадалі яе ў 1968 годзе мясцоваму калгасу ў якасьці складу[3]. Праз пэўны час помнік давялі да занядбанага стану.
У 1989 годзе касьцёл вярнулі каталікам і адрэстаўравалі.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Помнік архітэктуры позьняй готыкі. Гэта 1-нэфавая 1-вежавая базыліка, накрытая 2-схільным чарапічным дахам з вальмамі над алтаром. Прастакутны асноўны аб’ём пераходзіць у 3-гранную апсыду — характэрны ўплыў новага стылю ў архітэктуры — рэнэсансу. Тарэц даху на галоўным фасадзе закрываецца прыступкавым атыкам. 2-ярусная вежа (васьмярык на чацьверыку) накрываецца высокім шатром з прагібам. Ніжні ярус вежы роўны вышыні нэфа, прастакутны ў пляне. На бакавых фасадах паміж гранёнымі кантрафорсамі разьмяшчаюцца высокія гатычныя стральчатыя вокны. Бакавыя сьцены і апсыда ўмацоўваюцца гранёнымі контрфорсамі, завершанымі прыступкавымі кансолямі. Такія ж кансолі завяршаюць архітэктурныя элемэнты, якія аздабляюць верхні ярус вежы. Уваход мае выгляд аркавага парталу, абапал якога две роўныя стральчатыя аркі. Такія ж тры аркі над парталам. Верхняя частка прытвора і сьцены асноўнага аб’ёма праразаюцца двума радамі невялікіх квадратных аб’ёмаў — прадухаў.
Унутраная прастора нэфу перакрываецца бэлькамі з роўнай стольлю. У заходняй частцы над уваходам разьмяшчаюцца хоры на дзьвюх круглых калёнках. У тоўшчы паўночнай сьцяны вітыя ўсходы, якія вядуць на хоры. У інтэр'еры захоўваліся абразы і скульптура XVII—XVIII стагодзьдзяў.
Касьцельны пляц атачаецца мурам з брамай. На ім захаваліся надмагільлі XIX — першай паловы XX стагодзьдзяў.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Гістарычныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Старыя здымкі
- 1918 г.
- 1918 г.
- 1920 г.
- Ю. Ядкоўскі, 1925 г.
- Ю. Ядкоўскі, 1925 г.
- Ю. Лубінскі, 1930-я гг.
- да 1939 г.
- да 1939 г.
- да 1939 г.
- да 1939 г.
- да 1939 г.
- 1939 г.
Сучасныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Сучасны стан
- Агульны выгляд
- Галоўны фасад
- Бакавы фасад
- Фрагмэнт
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Ярашэвіч А. Гнезнаўскі касцёл Міхаіла Архангела // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 149.
- ↑ Кушнярэвіч А. Гнезнаўскі Міхайлаўскі касцёл // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 541.
- ↑ Ярашэвіч А. Гнезнаўскі касцёл Міхаіла Архангела // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 150.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Пярвышын У., Кушнярэвіч А., Баркун Л. Гнезнаўскі касцёл // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. № 2. 1989.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]| Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 412Г000096 |