Новы Двор (Сьвіслацкі раён)
| Новы Двор лац. Novy Dvor | |
| Населены пункт | |
| Краіна | Беларусь |
|---|---|
| Вобласьць | Гарадзенская |
| Раён | Сьвіслацкі |
| Сельсавет | Навадворскі |
| Магдэбурскае права | XVII ст. |
| Часавы пас | |
| Каардынаты | 52°50′ пн. ш. 24°21′ у. д.HGЯO |
| Насельніцтва | |
| Колькасьць | 924 чал. (2004) |
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |
| Тэлефонны код | +375 1513 |
| Паштовы індэкс | 231983 |
| Нумарны знак | 4 |
| Новы Двор на мапе Беларусі ± Новы Двор | |
Но́вы Двор[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Мядзянцы. Цэнтар сельсавету Сьвіслацкага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2003 год — 924 чалавекі. Знаходзіцца за 38 км на паўднёвы ўсход ад места і чыгуначнай станцыі Сьвіслачы.
Новы Двор — даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Ваўкавышчыны (частка Наваградчыны).
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Першы пісьмовы ўпамін пра Новы Двор датуецца 1409 годам, калі ён знаходзіўся ў валоданьні вялікага князя Вітаўта. Паселішча значыцца на мапах 1508, 1613 і 1654 гадох. У 1551 годзе празь мястэчка з Кракава ў Вільню праходзіў пахавальны картэж зь целам Барбары Радзівіл.
У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Новы Двор спалілі швэдзкія войскі. У пачатку сьнежня 1655 году непадалёк ад мястэчка тутэйшая шляхта атрымала перамогу над маскоўскімі захопнікамі. Прыкладна ў другой палове XVII ст. Новы Двор атрымаў Магдэбурскае права і герб, пацьверджаныя каралямі і вялікімі князямі Янам Казімерам (3 жніўня 1661 году), Міхалам Карыбутам Вішнявецкім (20 сакавіка 1670 году), Янам Сабескім, (20 студзеня 1679 году), Аўгустам Моцным (28 лістапада 1718 году) і Аўгустам Сасам (14 лістапада 1744 году). У 1692 годзе сярод вернікаў мясцовай парафіі ўпаміналася старалітва.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Новы Двор апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Ваўкавыскім павеце Гарадзенскай губэрні. На 1833 год у мястэчку было 90 драўляных будынкаў, дзеяла царква. З 1860 году існавала расейская царкоўна-прыходзкая школа. У 1862 годзе адкрылася расейская аднаклясная народная вучэльня, у 1900 годзе — двухклясная народная вучэльня (у 1905 годзе навучаліся 89 хлопчыкаў і 16 дзяўчынак). 13 траўня 1863 году каля Новага Двору адбылася сутычка расейскіх карных войскаў і 40 казакаў з паўстанцамі. Захаваліся імёны сялянаў зь мястэчка Новы Двор, удзельнікаў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864), якіх пазьней рэпрэсавалі ўлады Расейскай імпэрыі. Сярод іх значацца Франц Ярашэвіч, Восіп Грушэўскі, Франц Раманоўскі, Антон Грушэўскі, Максім Завістоўскі, Фёдар Кулік, Станіслаў Грушэўскі і Міхал Ганчарэвіч[2]. 17 верасьня 1867 году ў Новым Двары асьвяцілі новую царкву-мураўёўку. Паводле вынікаў перапісу 1897 году — 271 двор, царква, сынагога, народная вучэльня, збожжавы магазын, крама дробнага тавару, 2 млыны, 2 піцейныя дамы.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Новы Двор занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Новы Двор абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[3]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Новы Двор увайшоў у склад Беларускай ССР[4]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году ён апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Ваўкавыскім павеце Беластоцкага ваяводзтва.
У 1939 годзе Новы Двор увайшоў у БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стаў цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі. На 2000 год тут быў 381 двор, на 2003 год — 416. У 2000-я гады Новы Двор атрымаў афіцыйны статус «аграгарадку».
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- XIX стагодзьдзе: 1829 год — 399 чал., у тым ліку 18 юдэяў[5]; 1830 год — 216 муж., зь іх шляхты 2, духоўнага стану 1, мяшчанаў-юдэяў 18, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 195[6]; 1833 год — 409 чал. (206 муж. і 203 жан.); 1837 год — 714 чал., у тым ліку 49 юдэяў; 1886 год — 1183 чал. (563 муж. і 620 жан.), у тым ліку 100 юдэяў[7]; 1897 год — 1481 чал.
- XX стагодзьдзе: 1901 год — 1,2 тыс. чал.; 1905 год — 1,4 тыс. чал.[8]; 1912 год — 1573 чал.; 1921 год — 646 чал., у тым ліку 146 юдэяў; 1937 год — 1,4 тыс. чал.[9]; 2000 год — 987 чал.[10]
- XXI стагодзьдзе: 2003 год — 924 чал.
Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У Новым Двары працуюць сярэдняя школа, амбуляторыя, дом культуры, бібліятэка, пошта.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Лясьніцтва.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Царква Сьвятога Міхала Арханёла (1868)
- Сынагога
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9. (pdf)
- ↑ Раманаў С. Пад выявай збройнага арханёла // «Свіслацкая газета», 19 верасьня 2009. C. 4.
- ↑ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ↑ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ↑ Nowy Dwór(недаступная спасылка), «Віртуальны Штэтл»
- ↑ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 412.
- ↑ Krzywicki J. Nowydwór (11) // Słownik geograficzny... T. VII. — Warszawa, 1886. S. 295.
- ↑ Указатель населенным местам Гродненской губернии с относящимися к ним необходимыми сведениями. — Гродно, 1905.
- ↑ Karpyza W. Nowy Dwór // «Magazyn Polski» № 1—2, 2000. S. 50.
- ↑ БЭ. — Мн.: 2000 Т. 11. С. 372.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 11: Мугір — Паліклініка. — 560 с. — ISBN 985-11-0188-5
- Раманаў С. Пад выявай збройнага арханёла // Свіслацкая газета. 19 верасьня 2009 г.
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat. — Warszawa, 1886.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
| ||||||||