Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар францішканаў (Сьвіслач)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар францішканаў
| |
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар францішканаў
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Сьвіслач |
Канфэсія | каталіцтва |
Заснавальнік | Геранім Крышпін-Кіршэнштайн |
Дата скасаваньня | 1940 |
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы[a] і кляштар францішканаў— помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя ў Сьвіслачы. Знаходзіўся ў цэнтры места, на Рынку. Твор традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры і стылю барока.
Комплекс Сьвіслацкага францішканскага кляштару складаўся з драўлянага касьцёла, мураванага кляштарнага корпуса і агароджы з брамай. У 1860-я гады ўлады Расейскай імпэрыі зьнішчылі касьцёл.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы драўляны касьцёл у Сьвіслачы збудавалі паміж 1633 і 1654 (1666) гадамі. У 1705 годзе гарадзенская харунжая Алена Яна з Агінскіх заснавала пры касьцёле кляштар францішканаў. У 1754 годзе ўладальнікі мястэчка Тышкевічы збудавалі новы драўляны касьцёл. На 1779 год ужо існаваў мураваны кляштарны корпус, збудаваны замест ранейшага драўлянага.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Сьвіслач апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзеяць. У 1817 годзе будынак кляштару накрылі дахоўкай. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1832 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар, а па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў — зачынілі касьцёл і неўзабаве зьнішчылі яго будынак. Атрыманы будаўнічы матэрыял выкарысталі дзеля будаваньня царквы Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) у вёсцы Лашы[1].
Намаганьні ўладальніцы манётку графіні Красінскай у 1905 годзе збудаваць на выкупленым пляцы мураваны касьцёл ня далі плёну празь пярэчаньні гарадзенскага і берасьцейскага япіскапа Ўрадавага сыноду.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Касьцельная агароджа захоўвалася яшчэ за часамі міжваеннай Польскай Рэспублікі.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Касьцёл — помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры з рысамі стылю барока. Гэта быў прастакутны зруб з 3-граннай апсыдай, 2-схільны гонтавы дах над якой пераходзіў у вальмавы і завяршаўся сыгнатуркай. Над фасадам узвышалася 2-ярусная 4-гранная шатровая званіца. Асымэтрыю ў кампазыцыю будынка ўносіла бакавая прастакутная закрысьція. Вэртыкальна ашаляваныя фасады праразаліся прастакутнымі аконнымі праёмамі.
Унутраную прастору аздаблялі тры алтары, у галоўным зь якіх знаходзіўся абраз «Найсьвяцейшая Панна Марыя і Сьвяты Францішак». Бакавыя алтары прысьвячаліся Сьвятому Антонію Падуанскаму і Сьвятому Язэпу.
Кляштарны корпус — помнік архітэктуры барока. Гэта быў 2-павярховы будынак з цаглянымі падлогамі і скляпеньнямі. Унізе знаходзілася трапэзная, камора, склад і амбар.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Праект муравана касьцёла. М. Шульц, 1802—1803 гг.
-
Н. Орда, 7 ліпеня 1868 г.
-
Паводле Н. Орды, 1875 г.
-
1879 г.
-
1915—1918 гг.
-
А. Шанбэрг, 1929 г.
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Паводле іншых зьвестак, меў тытул Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 453.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.