Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля (Воўпа)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля
| |
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля
| |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Воўпа |
Каардынаты | 53°22′13″ пн. ш. 24°21′25″ у. д. / 53.37028° пн. ш. 24.35694° у. д.Каардынаты: 53°22′13″ пн. ш. 24°21′25″ у. д. / 53.37028° пн. ш. 24.35694° у. д. |
Канфэсія | каталіцтва |
Эпархія | Гарадзенская дыяцэзія |
Архітэктурны стыль | народнае дойлідзтва Беларусі[d] |
Статус | Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля | |
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля на Вікісховішчы |
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля — помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя ў Воўпе. Знаходзіцца ў паўночнай частцы колішняга мястэчка, каля могілак[a]. Дзее. Твор традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры з рысамі позьняга барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Рымска-каталіцкая парафія ў Воўпе ўтварылася ў 1474 годзе. У 1477 годзе ўладальнік маёнтку ваявода віленскі Алехна Судзімонтавіч разам з жонкай Ядвігай фундавалі тут першы драўляны касьцёл, кансэкраваны 27 красавіка таго ж году віленскім біскупам Янам Ласовічам. У 1526 годзе Павал Гальшанскі фундаваў у касьцёле алтар Сьвятой Ганны.
У 1618 годзе з фундацыі віленскага біскупа Яўстаха Валовіча на месцы старога касьцёла збудавалі новы драўляны. У 1630-х гадох гэты касьцёл згарэў, яго адбудавалі каля 1640 году з фундацыі князя Казімера Льва Сапегі і яго жонкі Тэадоры Крыстыны. У 1679 годзе віленскі біскуп-суфраган Мікалай Слупскі кансэкраваў адбудаваны касьцёл.
У 1773 годзе з фундацыі Юзэфа Казімера Касакоўскага замест старога струхнелага збудавалі новы драўляны касьцёл, кансэкраваны 10 сакавіка 1776 году.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Воўпа апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзеяць. У 1858 годзе каля касьцёла збудавалі новую драўляную вежу-званіцу. У 1890 годзе ў касьцёле зрабілі новы амбон.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]За савецкім часам касьцёл працягваў дзеяць.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры з рысамі позьняга барока. Гэта падоўжаны прастакутны ў пляне зруб, з бакоў якога далучаюцца 5-гранныя крылы трансэпта. У канцы алтарнай часткі нэфу (з паўночнага захаду) вылучаюцца перагародкамі тры закрысьціі. Галоўны фасад мае тры часткі: цэнтральная ў выглядзе неглыбокага рызаліту завяршаецца атыкам і трыкутным франтонам, бакавыя ўтвараюцца дзьвюма 2-яруснымі вежамі зь нізкімі шатровымі дахамі і фігурнымі шпілямі над імі. Нэф накрываецца ламаным гонтавым дахам зь вежачкай над алтарнай апсыдай, бакавыя прыбудовы — вальмавымі. Гарызантальна ашаляваныя сьцены падзяляюцца высокімі прастакутнымі і лучковымі аконнымі праёмамі, умацоўваюцца вэртыкальнымі брусамі-лапаткамі. З бакоў прастакутнага ўваходнага праёму на высокіх бутавых пастамэнтах стаяць дзьве скульптуры анёлаў.
Унутраная прастора перакрываецца роўнай бэлькавай стольлю, аформленай філёнгамі ў выглядзе несапраўдных кесонаў. Аркавымі праёмамі з нэфам злучаюцца бакавыя прыбудовы. Вылучаецца драўляны разьбяны галоўны алтар — помнік манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва першай паловы XVII ст., які спалучаў рысы маньерызму і раньняга барока. У інтэр’еры захоўваюцца абразы «Зьвеставаньне» (сярэдзіна XVII ст.), «Маці Божая Чанстахоўская» (XVII ст.), «Маці Божая зь дзіцем і сьвятымі Дамінікам і Кацярынай Сіенскай» (XVIII ст.), «Стыгматызацыя Сьвятога Францішка» (1888 год)[1].
Касьцельны пляц атачаецца невысокай бутавай агароджай, галоўны ўваход пазначаецца брамай у выглядзе чатырох грувасткіх цагляных атынкаваных слупоў. Направа ад касьцёла стаіць асобная 2-ярусная вежа-званіца.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гістарычныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
да 1901 г.
-
1908 г.
-
да 1939 г.
Сучасныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Агульны выгляд
-
Галоўны фасад
-
З боку апсыды
-
Галоўны алтар
-
Бакавы алтар
-
Фрагмэнт алтара
-
Хоры
-
Званіца
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Міра
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 70.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 412Г000093 |