Перайсьці да зьместу

Швайцарыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Швайцарыя
лац. Švajcaryja

Schweizerische Eidgenossenschaft
Confédération suisse
Confederazione Svizzera
Confederziun svizra
Confoederatio Helvetica
Сьцяг Швайцарыі Герб Швайцарыі
Сьцяг Герб
Нацыянальны дэвіз: Unus pro omnibus, omnes pro uno
Дзяржаўны гімн: «Swiss Psalm»
Месцазнаходжаньне Швайцарыі
Афіцыйная мова Нямецкая, француская, італьянская, рэтараманская
Сталіца Бэрн
Найбуйнейшы горад Цюрых
Форма кіраваньня Фэдэратыўная рэспубліка
Віёла Амхэрд
Карын Келер-Зутэр
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
136-е месца ў сьвеце
41 285 км²
4,2%
Насельніцтва
 • агульнае (2021)
 • шчыльнасьць
99-е месца ў сьвеце
875 393[1]
182/км²
СУП
 • агульны (2020)
 • на душу насельніцтва
35 месца ў сьвеце
$627,151 млрд[2]
$32 300
Валюта Швайцарскі франк (CHF)
Часавы пас
 • улетку
CET (UTC+1)
CEST (UTC+2)
Незалежнасьць
 -Абвешчаная

1 жніўня 1291
Аўтамабільны знак CH
Дамэн верхняга ўзроўню .ch
Тэлефонны код +41
Мапа Швайцарыі
Мапа Швайцарыі

Швайца́рская канфэдэра́цыя ці Швайца́рыя (Швэйцарыя[3]) — краіна ў Эўропе, якая зьяўляецца фэдэральнай парлямэнцкай рэспублікай і складаецца з 26 кантонаў. Сталіцай краіны ёсьць горад Бэрн, дзе месьцяцца фэдэральныя ўлады. Краіна разьмешчана ў Заходняй Эўропе, мае агульную мяжу зь Нямеччынай на поўначы, Францыяй на захадзе, Італіяй на поўдні й Аўстрыяй і Ліхтэнштайнам на ўсходзе.

Швайцарыя ня мае выхаду да мора, краіна геаграфічна падзеленая паміж Альпамі, Швайцарскім плято і гарамі Юра, ахоплівае тэрыторыю агульнай плошчай у 41,285 км². У той час як Альпы займаюць большую частку тэрыторыі, швайцарскае насельніцтва, якое складае каля 8 мільёнаў чалавек, канцэнтруецца ў асноўным на плято, дзе месьцяцца буйныя гарады. Сярод іх глябальнымі эканамічнымі цэнтрамі зьяўляюцца — Цюрых і Жэнэва.

Швайцарская Канфэдэрацыя мае доўгую гісторыю палітыкі нэўтралітэту, яна знаходзіцца ў стане міру з 1815 году й да 2002 году не далучалася да ААН. Аднак Швайцарыя, не зважаючы на гэтыя факты, вядзе актыўную зьнешнюю палітыку й часьцяком уцягваецца ў працэсы мірабудаўніцтва ва ўсім сьвеце[4]. Швайцарыя зьяўляецца радзімай арганізацыі Чырвонага Крыжа й месцам дысьлякацыі вялікай колькасьці іншых міжнародных арганізацыяў, у тым ліку ў краіне месьціцца другі паводле велічыні офіс ААН. На эўрапейскім узроўні Швайцарыя зьяўляецца чальцом-заснавальнікам Эўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю й часткай Шэнгенскай зоны, пры гэтым не ўваходзячы ў Эўрапейскі Зьвяз і Эўрапейскую эканамічную прастору.

Старажытныя сьляды чалавека ў Швайцарыі датуюцца каля 150 тыс. гадоў таму. Найстарэйшыя вядомыя паселішчы былі знойдзены каля Гехлінгена й былі датаваныя прыблізна 5300 годам да н. э.

Фэдэральная хартыя 1291 году

Раньняе зь вядомых культурных плямёнаў адносіліся да Гальштацкай і Лятэнскай культуры, названай у гонар археалягічнага помніка Ля Тэн на паўночным беразе возера Нэўшатэль. Лятэнская культура разьвівалася й квітнела на працягу позьняга жалезнага веку каля 450 году да н. э., магчыма, пад уплывам грэцкай і этрускай цывілізацыяў. Адным з найбольш важных племянных групаў у швайцарскім рэгіёне былі гэльвэты. У 58 годзе да н. э. у бітве пры Быбрактэ войска Юліюса Цэзара перамогло гэльвэтаў. У 15 годзе да н. э., Тыбэрыюс, якому было наканавана стаць другім рымскім імпэратарам, разам з братам Друзам, заваяваў Альпы, далучыўшы іх да Рымскай імпэрыі.

У раньнім сярэднявеччы, з IV стагодзьдзя, заходнія межы сучаснай Швайцарыі былі часткай тэрыторыі каралеўства Бургундыі. Алеманы пасяліліся на швайцарскім плято ў V стагодзьдзі, а ў далінах Альпаў у VIII стагодзьдзі, стварыўшы Алеманію. Тэрыторыя сучасная Швайцарыі была зь цягам часу падзелена паміж алеманамі й каралеўствам Бургундыі. З VI стагодзьдзя ўвесь рэгіён быў часткай Францкай імпэрыі, але пасьля сьмерці Карла Вялікага імпэрыя была падзелена паводле Вэрдэнскай дамове ў 843 годзе. Часткова тэрыторыя Швайцарыі апынулася ў Сярэднім каралеўстве, часкова ўвайшла ў склад Ўсходнефранцкай імпэрыі, на тэрыторыі якой пазьней паўстала Сьвятая Рымская імпэрыя. Большая частка тэрыторыі Швайцарыі належала пры гэтым Швабскаму герцагству і каралеўству Бургундыя. У XII-XIII стагодзьдзях рабіліся спробы аб’яднаць асобныя фэўдальныя ўладаньні пад уладай буйных фэўдалаў, такіх, як Цэрынгены, заснавальнікі Бэрна і Фрыбура, і Габсбургі. У 1264 годзе Габсбургі заваявалі галоўнае становішча ва ўсходняй Швайцарыі. На захадзе замацаваліся графы Савойскія.

У 1291 годзе памёр король Сьвятой Рымскай імпэрыі Рудольф I Нямецкі, швайцарскія абшчыны заключылі паміж сабой пастаянны абарончы союз і падпісалі дамову – докумэнтальнае пасьведчаньне супрацоўніцтва паміж ляснымі кантонамі. Цяпер заключэньне гэтай дамовы лічыцца заснаваньнем швайцарскай дзяржавы. У 1315 годзе горцы лясных кантонаў сутыкнуліся з мацнейшымі войскамі Габсбургаў і іх саюзьнікаў[5][6].

У 2015 годзе віцэ-прэзыдэнтам была Сыманэта Самаруга. У 2019 годзе прэзыдэнтам быў Улі Маўрэр.

Фэдэральны палац у Бэрне. Месца паседжаньняў Фэдэральнага сходу і Фэдэральнай рады.

Швайцарыя — фэдэратыўная рэспубліка. Дзейная канстытуцыя была прынята ў 1999 годзе. У вядзеньні фэдэральных уладаў знаходзяцца пытаньні вайны і міру, зьнешніх адносінаў, арміі, чыгункі, сувязі, грашовай эмісіі, зацьвярджэньня фэдэральнага бюджэту. Кіраўнік краіны — прэзыдэнт, абіраецца кожны год па прынцыпу ратацыі зь ліку сяброў Фэдэральнага савету.

Найвышэйшы орган заканадаўчай улады — дзьвюхпалатны парлямэнт Фэдэральны сход, які складаецца з раўнапраўных палатаў Нацыянальнага савету і Савету кантонаў. Нацыянальны савет (200 дэпутатаў) абіраецца насельніцтвам на 4 гады па сыстэме прапарцыянальнага прадстаўніцтва. Фэдэрацыйная арганізацыя Швайцарыі была замацаваная ў канстытуцыях 1848, 1874 і 1999 гадоў. Кожны кантон мае сваю канстытуцыю, законы, але іхнія правы абмежаваны фэдэральнай канстытуцыяй. Заканадаўчая ўлада належыць Парлямэнту, а выканаўчая — Фэдэральнай радзе. Савет кантонаў складаецца з 46 дэпутатаў, якія абіраюцца насельніцтвам па мажарытарнай сыстэме, па два дэпутаты ад 20 кантонаў і па адным ад 6 паўкантонаў, на 4 гады (у некаторых кантонах — на 3 гады). Усе законы, прынятыя парлямэнтам, могуць быць зацьверджаны або аспрэчаны на ўсенародным рэфэрэндуме. Для гэтага пасьля прыняцьця закону ў 100-дзённы тэрмін неабходна сабраць 50 тысячаў подпісаў. Выбарчае права прадастаўляецца ўсім грамадзянам, якія дасягнулі 18 гадоў.

Вышэйшая выканаўчая ўлада належыць ураду — Фэдэральнай радзе, якая складаецца з 7 чальцоў, кожны зь якіх ўзначальвае адно зь міністэрстваў. Чальцы Фэдэральнага рады абіраюцца на сумесным пасяджэньні абедзьвюх палатаў парлямэнта. Усе чальцы рады па чарзе займаюць пасты прэзыдэнта і віцэ-прэзыдэнта.

Асновы швайцарскай дзяржавы былі закладзены ў 1291 годзе. Да канца XVIII стагодзьдзя ў краіне не існавала цэнтральных дзяржаўных органаў, але пэрыядычна склікаліся агульнасаюзных саборы — тагзатцунгі. Цяпер Швайцарыя — фэдэрацыя 26 кантонаў (20 кантонаў і 6 паўкантонаў). На тэрыторыі Швайцарыі знаходзяцца два анклявы: Бюзінген належыць Нямеччыне і Кампіёнэ — Італіі. Да 1848 году (акрамя кароткага пэрыяду Гэльвэтычнай рэспублікі) Швайцарыя ўяўляла сабой канфэдэрацыю.

Дачыненьні зь Беларусьсю

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

10 лютага 1992 году ўрады Беларусі і Швайцарыі падпісалі Пратакол «Аб усталяваньні дыпляматычных дачыненьняў». 27 студзеня 1993 году ў Муры-Бэрн (кантон Бэрн) адчынілася Амбасада Беларусі ў Швайцарыі, якую ўзначаліў амбасадар Анатоль Мардовіч. 28 траўня 1993 году ўрады Беларусі і Швайцарыі падпісалі Пагадненьне «Аб спрыяньні ажыцьцяўленьню і ўзаемнай ахове інвэстыцыяў», якое набыло моц 13 ліпеня 1994 году. Адначасна бакі падпісалі Пагадненьне «Аб гандлі і эканамічнай супрацы», якое набыло моц 1 жніўня 1994 году. 1 ліпеня 2007 году ў Менску запрацавала Прадстаўніцтва Швайцарыі ў Беларусі (Цэнтральны раён, плошча Свабоды, д. 11). 17 сакавіка 2010 году ў Цюрыху адчынілі Ганаровае консульства Беларусі (вул. Алены, д. 11). Са Швайцарыі ў Беларусі ў асноўным пастаўлялі прамысловыя станкі, машыны і прыборы, лекі і хімічныя злучэньні. Прадпрыемствы Беларусі пераважна пастаўлялі ў Швайцарыю паслугі: аўтамабільныя і чыгуначныя перавозкі, а таксама кампутарныя паслугі.

Тэрыторыя Швайцарыі. Выява са спутніка.
Маляўнічыя краявіды ў кантоне Тычына.

Швайцарыя ня мае выхаду да мора, а ейная тэрыторыя падзяляецца на тры прыродныя рэгіёны, як то горы Юра на поўначы, Швайцарскае плято ў цэнтры й Альпы на поўдні, якія займаюць 61% ад усёй тэрыторыі Швайцарыі. Паўночная мяжа часткова праходзіць па Бодэнскаму возеру й Райну, які пачынаецца ў цэнтры Швайцарскіх Альпаў і ўтварае частку ўсходняй мяжы. Заходняя мяжа праходзіць па гарам Юра, паўднёвая — па Італьянскім Альпам і Жэнэўскаму возеру.

Плято знаходзіцца ў нізіне, але большая ягоная частка разьмешчана вышэй за 500 мэтраў над узроўнем мора. Складзеныя зь лясістых хрэбтоў (да 1600 м) маладыя складчатыя горы Юра цягнуцца на тэрыторыю Францыі й Нямеччыны. Найвышэйшы пункт Швайцарыі знаходзіцца ў Пэнінскіх Альпах, то ёсьць пік Дзюфур (4634 м), найніжэйшая — возера Ляга-Маджорэ — 193 м. У Швайцарыі знаходзіцца 6% запасаў прэснай вады Эўропы. Найбуйнейшыя рэкі — Рона, Райн, Лімат, Аарэ. Каля 25% тэрыторыі Швайцарыі пакрыта лясамі — і ня толькі ў гарах, але й у далінах, і некаторых плоскаўзвышшах. Драўніна ёсьць важнай сыравінай і крыніцай паліва.

Швайцарыя багата й знакаміта на свае азёры, найбольш прывабныя зь якіх месьцяцца па баках Швайцарскага плято — Жэнэўскае, Фірвальдштэцкае, Тунскае, Цюрыхскае, Більскае й Нэўшатэльскае. Большасьць зь іх мае ледніковае паходжаньне: яны ўтварыліся ў часы, калі буйныя леднікі спускаліся з гор на Швайцарскае плято. На поўдні ў кантоне Тычына месьцяцца азёры Ляга-Маджорэ й Люгана.

Дзесяць найбуйнейшых азёраў Швайцарыі:

Гадзіньнікі Omega Speedmaster. У вартасным выражэньні Швайцарыя вырабляе палову ад сусветнага вытворчасьці гадзіньнікаў[7].

Асноўныя кірункі імпарту Швайцарскай эканомікі складаюць прамысловае і электроннае абсталяваньне, прадукты харчаваньня, чыгун і сталь, нафтапрадукты. Асноўныямі кірункамі экспарту зьяўляюцца машыны, гадзіньнікі, тэкстыль, мэдыкамэнты, электрычнае абсталяваньне, арганічныя хімікаты.

Перавагамі эканомікі зьяўляюцца высокакваліфікаваная працоўная сіла, надзейная сфэра паслугаў. Разьвітыя галіны машынабудаваньня і высокадакладнай мэханікі. Транснацыянальныя канцэрны хімпрама, фармакалёгіі і банкаўскага сэктару. Банкаўская таямніца прыцягвае замежны капітал. Банкаўскі сэктар складае 9% СУП. Інавацыі ў масавых рынках (гадзіньнікі Swatch, канцэпцыя аўтамабіляў Swatch). Слабыя бакі практычна адсутнічаюць.

У аглямэрацыі Цюрыха пражывае 1,5 млн чалавек і месьцяцца 150 тысяч кампаніяў
Турызм зьяўляецца істотнай прыбытковай сфэрай для некаторых рэгіёнаў краіны

Швайцарыя адна з самых разьвітых і багатых краінаў сьвету, высокаразьвітая індустрыяльная краіна з інтэнсіўнай высокапрадуктыўнай сельскай гаспадаркай і амаль поўнай адсутнасьцю якіх-небудзь карысных выкапняў. Па падліках заходніх эканамістаў, яна ўваходзіць у першую дзясятку краінаў сьвету па ўзроўні канкурэнтаздольнасьці эканомікі. Швайцарская эканоміка цесна зьвязаная з вонкавым мірам, першым чынам з краінамі ЭЗ. Каля 80—85% таваразвароту Швайцарыі прыходзіцца на дзяржавы ЭЗ. Праз Швайцарыю транзытам праходзіць больш 50% усіх грузаў з паўночнай часткі Заходняй Эўропы на поўдзень і ў зваротным кірунку. Пасьля прыкметнага росту ў 1998—2000 гадох эканоміка краіны ўступіла ў паласу спаду. У 2002 годзе СУП вырас на 0,5% і склаў 417 млрд швайцарскіх франкаў. Інфляцыя была на адзнацы 0,6%. Узровень беспрацоўя дасягнуў 3,3%. У эканоміцы занята каля 4 млн чалавек (57% насельніцтва), зь іх: у прамысловасьці — 25,8%, у тым ліку ў машынабудаваньні — 2,7%, у хімічнай прамысловасьці — 1,7%, у сельскай і лясной гаспадарцы — 4,1%, у сфэры паслугаў — 70,1%, у тым ліку ў гандлі — 16,4%, у банкаўскай і страхавой сфэры — 5,5 %, у гасьцінічна-рэстаранным бізнэсе — 6,0 %. Палітыка нэўтралітэту дазволіла пазьбегнуць разбурэньня ў выніку дзьвюх сусьветных войнаў.

У 2023 годзе на атамныя электрастанцыі прыпадала 28,8 % вытворчасьці электраэнэргіі ў Швайцарыі[8].

Швайцарыя — найбагацейшая краіна сьвету і адзін з найважнейшых банкаўскіх і фінансавых сьветавых цэнтраў (Цюрых — трэці пасьля Нью-Ёрку і Лёндану сусьветны валютны рынак). Некалькі дзясяткаў гадоў Швайцарская Канфэдэрацыя ўваходзіла ў сьпіс афшорных зонаў. У краіне функцыянуе каля 4 тысячаў фінансавых інстытутаў, у тым ліку мноства філіялаў замежных банкаў. На швайцарскія банкі прыходзіцца 35-40% сусьветнага кіраваньня ўласнасьцю і маёмасьцю прыватных і юрыдычных асобаў. Яны карыстаюцца добрай рэпутацыяй у кліентаў дзякуючы стабільнаму нутрапалітычнаму становішчу, цьвёрдай швайцарскай валютай, захаваньнем прынцыпу «банкаўскай таямніцы». Швайцарыя, зьяўляючыся буйным экспартэрам капіталу, займае чацьвёртае месца ў сьвеце пасьля ЗША, Японіі, ФРН. Прамыя інвэстыцыі за мяжой складаюць 29 % швайцарскага СУП (сярэдні паказчык у сьвеце — каля 8%). 75% усіх швайцарскіх інвэстыцыяў накіроўваецца на разьвітыя прамысловасьці іншых краінаў, сярод якіх найболей прыцягваюць швайцарскія капіталы Лацінская Амэрыка і Паўднёва-ўсходняя Азія. Доля Ўсходняй Эўропы увогуле аб’ёме інвэстыцыяў пакуль што малаважная.

1 красавіка 1998 году ў Швайцарыі набыў сілу фэдэральны закон аб барацьбе з «адмываньнем» грошай у фінансавым сэктары, які дазволіў некалькі прыпадняць завесу банкаўскай таямніцы ў мэтах выяўленьня «брудных» грошай. У 1815 годзе Венскі кангрэс прыняў гарантыі нэўтралітэту Швайцарыі. З тых часоў яна не ўдзельнічала ні ўводнай вайне і яе банкі ніколі не падвяргаліся рабаваньню. Зрэшты, яшчэ пры Людовіку XVI адзін з швайцарскіх банкіраў — Жак Нэке — быў настолькі аўтарытэтным, што стаў першай асобай фінансавага ведамства Францыі.

Надзейнасьць швайцарскіх банкаў мацуецца дзякуючы знаходжаньню ў краіне са стабільнай прававой, эканамічнай, фінансавай, палітычнай сыстэмай, прапаноўваючы першаклясныя паслугі і сэрвіс. Першыя прыватныя банкі паўсталі менавіта на тэрыторыі Швайцарыі. Сёньня іх у краіне больш 400. Прыватнасьць зьвестак швайцарскія банкі гарантуюць паводле дзяржаўнага закона аб банкаўскай таямніцы 1934 году.

Канфлікт UBS з падатковымі органамі ЗША

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Не зважаючы на банкаўскую таямніцу, у рамках канфлікту банку UBS з падатковымі органамі ЗША, банкам прыйшлося выдаць 4450 рахункаў амэрыканскіх грамадзянаў, падазраваных ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў. Аднак сутнасьць і стрыжань банкаўскай таямніцы (адсутнасьць аўтаматычнай выдачы інфармацыі па рахунках нэрэзыдэнтаў у швайцарскіх банках) засталася ў недатыкальнасьці. Цікава што паводле зьвестак Міністэрства замежных справаў Вялікабрытаніі, у швайцарскіх банках дагэтуль захоўваецца золата нацыстаў на суму 4 мільярда даляраў.

Галоўны офіс банку UBS у Цюрыху

Пасьля пачатку сусьветнага крызісу Швайцарская банкаўская таямніца апынулася пад ударам. Адначасова паміж найбуйнейшым швайцарскім банкам UBS і амэрыканскай Фэдэральнай падатковай службай паўстаў канфлікт. Таму ЗША, не жадаючы, акрамя таго, ісьці стомным «прававым шляхам», напорыста патрабавалі выдачы ім зьвестак пра 52 тысячы рахункаў амэрыканскіх грамадзянаў у банку UBS, падазраваных ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў[9]. Пасьля саміту «Вялікай дваццаткі» у Лёндане ў красавіку 2009 году сытуацыя некалькі супакоілася. Швайцарыя пераняла стандарты ОЭСР у сфэры аказаньня прававой дапамогі ў справах, зьвязаных з падатковымі злачынствамі. Аднак Міністэрства юстыцыі ЗША працягвала настойваць на сваіх прэтэнзіях да банка UBS, падтрымліваючы IRS у ейным патрабаваньні падаць падатковым уладам ЗША зьвесткі адразу пры 52 тысячы рахунках амэрыканцаў. Суд у Маямі, які займаўся гэтай справай, адхіліў аргумэнтацыю Швайцарыі і банка, паказваючы, што справа гэта цалкам адпавядае праву ЗША, якое падае права атрымліваць інфармацыю з-за мяжы, гэтак што дадзенага роду патрабаваньня да UBS зьяўляецца новай прававой канцэпцыяй.

UBS у гэтай сытуацыі імкнуўся весьці курс на «мінімізацыю шкоды», абвясьціўшы аб сваёй гатовасьці знайсьці ўзаемапрымальнае рашэньне. Пры гэтым банк яшчэ раз падкрэсьліў, што грамадзянскі пазоў IRS зьяўляецца парушэньнем швайцарскага права, у сувязі з чым дадзеную праблему павінны вырашаць не суды, а ўрады абедзьвюх краінаў у двухбаковым фармаце. Акрамя таго, банк патрабуе ад амэрыканскага боку ўдакладніць колькасьць рахункаў, інфармацыю па якіх патрабуецца падаць, паколькі на дадзены момант шматлікія іхныя ўладальнікі добраахвотна перадалі IRS усю інфармацыю па сваіх рахунках у UBS. Адначасова швайцарскі фінансавы гігант рэзка абмяжаваў і скараціў аб’ём гэтак званых «трансьмежных угод» («cross-border»).

З 1 ліпеня 2009 году амэрыканскім кліентам банка, які не адрэагаваў на плян UBS па выхадзе з такога роду ўгодаў, адмоўлена ў доступе да ўласных рахункаў. Плян прапаноўваў ім альбо перавесьці іхны набытак на паказаны кліентам рахунак у амэрыканскім фінансавым інстытуце, альбо атрымаць свае грошы зваротна ў форме чэка. На прыняцьце рашэньня кліентам з ЗША адводзілася 45 дзён. У абодвух выпадках кліенты павінны былі зыходзіць з таго, што інфармацыя па гэтых транзакцыях будзе перададзеная амэрыканскім падатковым уладам. Паколькі, як правіла, гаворка ідзе пра вялікія, раней не задэкляраваных сумы, то такія кліенты рызыкуюць у лепшым выпадку атрымаць сакавіты рахунак падатковай даплаты, а ў горшым — судовы пазоў.

У сваім выступе перад чальцамі Швайцарска-амэрыканскай гандлёвай палаты (SACC) 8 ліпеня 2009 году Дорыс Лёйтгард яшчэ раз падкрэсьліла важнасьць гандлёва-прамысловых кантактаў паміж ЗША і Швайцарыяй. Гаворка таксама ішла пра ўзгодненую швайцарска-амэрыканскую дамову аб пазьбяганьні падвойнага падаткаабкладаньня. Лёйтгард заявіла, што адсутнасьць рашэньня падатковай спрэчкі паміж IRS і UBS можа прывесьці да таго, што шанцы на дадатны вотум парлямэнтарыяў па гэтым дакумэнце можа значна скараціцца. У сярэдзіне жніўня 2009 году рашэньне было знойдзена. ЗША адклікала з суду ў Маямі свой пазоў супраць UBS і абавязалася не зьвяртацца больш да такіх крокаў у будучыні. Амэрыканскае падатковае ведамства перадала ў адрас швайцарскага падатковага ведамства хадайніцтва аб аказаньні прававой дапамогі, абапіраючыся на дзейную дамову аб пазьбяганьні падвойнага падаткаабкладаньня. Пры гэтым амэрыканскія падаткавікі будуць зыходзіць з цалкам вызначанага набору крытэраў, якія дазволяць, знаходзячыся ў рамках швайцарскага права, ідэнтыфікаваць факт зьдзяйсьненьня сыходу ад падаткаў. Уладальнікі рахункаў будуць мець магчымасьць падаць у адзін з швайцарскіх судоў адозву.

Кампус Швайцарскай вышэйшай тэхнічнай школы Цюрыха, які лічыцца лепшым ўнівэрсытэтам кантынэнтальнай часткі Эўропы

Адукацыя ў Швайцарыі вельмі разнастайная, бо канстытуцыя дэлегуе ўсе паўнамоцтвы па школьнай сыстэме кантонам[10]. Існуюць як дзяржаўныя, гэтак і прыватныя школы, у тым ліку шматлікія прыватныя міжнародныя школы. Мінімальны ўзрост для пачатковай школы складае каля шасьці гадоў ва ўсіх кантонах, але большасьць кантонаў прадастаўляюць бяскоштавую «дзіцячую школу», пачынаючы з чатырох ці пяці гадоў[10]. Пачатковая школа працягваецца да чацьвёртага, пятага ці шостага клясу, у залежнасьці ад школы. Традыцыйна, першай замежнай мовай у школе заўсёды зьяўляецца адной зь іншых нацыянальных моваў, не зважаючы на той факт, што ў апошні час ангельская мова ў некаторых кантонах зьяўляецца асноўнай замежнай[10].

Напрыканцы навучаньня ў пачатковай школе ці напачатку сярэдняй школы вучні падзяляюцца ў адпаведнасьці зь іхнымі здольнасьцямі ў розныя спэцыялізаваныя клясы.

У Швайцарыі маюцца 12 унівэрсытэтаў, дзесяць зь якіх падтрымліваюцца на ўзроўні кантонаў і, як правіла прапануюць шырокі спэктар нетэхнічных прадметаў. Першы ўнівэрсытэт у Швайцарыі быў заснаваны ў 1460 годзе ў Базэлі, дзе спачатку існаваў толькі факультэт мэдыцыны. Самым вялікім зьяўляецца ўнівэрсытэт Цюрыха, у якім навучаецца амаль 25 тысячаў студэнтаў.

Дынаміка колькасьці насельніцтва Швайцарыі з 1970 па 2005 гг. Колькасьць жыхароў у тыс. чал.

Агульная колькасьць насельніцтва па ацэнках 2021 году складала 875 393[1] чал.

Узроставая структура насельніцтва:
0-14 гадоў: 15,8%
15-64 гады: 68,2%
старэй за 65 гадоў: 16%
Сярэдні ўзрост насельніцтва
сярэдні: 40,7
мужчыны: 39,6
жанчыны: 41,7

Этнічна-моўны склад

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычна Швайцарская Канфэдэрацыя складалася ва ўмовах суіснаваньня розных моўных, культурных і рэлігійных групаў. 94% насельніцтва — швайцарцы. У іх няма агульнай мовы. Самая буйная моўная група: германашвайцарцы (65 %), затым па колькасьці ідуць франкашвайцарцы (18 %), італашвайцарцы (10 %). У краіне таксама жывуць рэтараманцы — раманшы і лядыны, яны складаюць каля 1% насельніцтва.

Нямецкая, француская, італьянская і раманшкі — нацыянальныя і афіцыйныя мовы Швайцарскай Канфэдэрацыі.

Узаемаадносіны паміж «францускай» і «нямецкай» часткамі Швайцарыі зьяўляюцца найважейшым фактарам у разьвіцьці нацыянальнай гісторыі. Аднак, яны далёкія ад ідэалу. Адносіны паміж асноўнымі культурна-моўнымі арэаламі краіны з пачатку XIX стагодзьдзя, калі да тэрыторыі Швайцарыі былі далучаныя густанаселеныя франкамоўныя вобласьці, і па гэты дзень характарызуюцца наяўнасьцю вялікага ліку канфліктаў і супярэчнасьцяў. Існуе нават уяўная мяжа паміж гэтымі двума культурна-моўнымі абшчынамі — Рэштыграбэн. Мабыць, найбольш вострым пытаньнем у гэтых узаемаадносінах зьявіўся канфлікт вакол стварэньня новага кантону Юра.

У эпоху Рэфармацыі Швайцарыя перажыла царкоўны раскол. Рэлігійныя рознагалосьсі бударажылі краіну да сярэдзіны XIX ст., якія сказаомся на фармаваньні адзінай дзяржавы. Кантоны ў залежнасьці ад веравызнаньня стваралі альянсы і зьвязы, вялі паміж сабой войны. Мір запанаваў канчаткова ў 1848 г. У цяперашні час пратэстанты складаюць каля 48 % насельніцтва, каталікі — прыкладна 50 %.

Канфэсійныя адрозьненьні ў Швайцарыі не заўсёды супадаюць зь лінгвістычнымі межамі. Сярод пратэстантаў можна выявіць і франкамоўных кальвіністаў, і нямецкамоўных пасьлядоўнікаў Цьвінглі. Цэнтры нямецкамоўнага пратэстанцтва — Цюрых, Бэрн і Апэнцэль. Большасьць франкамоўных пратэстантаў пражывае ў кантоне Жэнэва і суседніх кантонах Во і Нэвшацель. Каталікі пераважаюць у цэнтральнай Швайцарыі вакол гарады Люцэрнаў, на большай частцы тэрыторыі франкамоўных кантонаў Фрыбур і Вале і ў італамоўным кантоне Тычына. Невялікія габрэйскія абшчыны маюцца ў Цюрыху, Базэлі і Жэнэве.

У Швайцарыі прыжывае каля 400 000 мусульманаў[11][12].

На пачатак 2012 году ў Швайцарыі пражывала звыш 2500 беларусаў (0,03% насельніцтва Швайцарыі). У лютым 2012 году 20 беларусаў на чале з Аляксандрам Сапегам утварылі Асацыяцыю беларусаў у Швайцарыі (АБШ). На ліпень 2013 году лік удзельнікаў АБШ вырас да 90 чалавек (3,6% ад агульнага ліку беларускай дыяспары ў краіне). 23—24 ліпеня 2013 году старшыня АБШ А. Сапега наведаў 6-ы зьезд беларусаў сьвету ў Менску (Беларусь)[13]. У кастрычніку 2017 году АБШ усталявала ў Залятурне помнік Тадэвушу Касьцюшку[14].

  1. ^ а б Population and employment (анг.). Eurostat (19 ліпеня 2024). — Statistics.
  2. ^ Report for Selected Countries and Subjects (анг.) World Economic Outlook Database. International Monetary Fund (красавік 2021).
  3. ^ Швэйцарыя — Арфаграфічны слоўнік (Наша Ніва)
  4. ^ Thomas Fleiner, Alexander Misic, Nicole Töpperwien, Swiss Constitutional Law, p. 28, Kluwer Law International
  5. ^ Швейцария (анг.) Энциклопедия Кругосвет Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  6. ^ Maissen Thomas, Egli Emil, Wachter Danielm, Diem Aubrey (20 ліпеня 2024) Switzerland (анг.) Encyclopedia Britannica Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  7. ^ Country profile: Switzerland. UK Foreign and Commonwealth
  8. ^ Георгі Грыц. Генэрацыя выгады, або Навошта краінам свае АЭС // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 13 лістапада 2023 г. Праверана 14 лістапада 2023 г.
  9. ^ Деньги под замок. // The New Times, 28.02.2011
  10. ^ а б в The Swiss education system. Swissworld.org
  11. ^ Avrupa hâlâ Ortaçağ’da (Европа всё ещё в Средних Веках) 5 декабря 2009  (тур.)
  12. ^ «Swiss voters were misled» 30 ноября 2009  (анг.)
  13. ^ Дыяна Серадзюк. Калі сьціраюцца межы // Зьвязда : газэта. — 26 ліпеня 2013. — № 137 (27502). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
  14. ^ Адкрыццё помніка Тадэвушу Касцюшку