Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Аркадзя Куляшова
Магілёўскі ўнівэрсытэт | |
Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Аркадзя Куляшова | |
Заснаваны | 1 ліпеня 1913 (111 гадоў таму) |
---|---|
Тып | урадавы |
Рэктар | Дзяніс Дук |
Факультэтаў | 10 |
Колькасьць пэрсаналу | 450 |
Колькасьць студэнтаў | каля 7600 |
Колькасьць асьпірантаў | 34 (2011 год) |
Месцазнаходжаньне | |
Горад | Магілёў |
Краіна | Беларусь |
Кампус | гарадзкі |
Былыя назвы | Магілёўскі настаўніцкі інстытут (да сьнежня 1918 г.), Магілёўскі пэдагагічны інстытут (да 1997 г.) |
Знаходзіцца ў складзе | Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь |
Вэб-сайт | msu.mogilev.by |
Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Аркадзя Куляшова, МДУ імя Куляшова — вядучая вышэйшая навучальная ўстанова Магілёўскай вобласьці ў галіне клясычнай адукацыі. Знаходзіцца ў Магілёве.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Магілёўскі настаўніцкі інстытут
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Афіцыйная дата стварэньня Магілёўскага настаўніцкага інстытуту — 1 ліпеня 1913 году. Адкрыцьцё інстытуту адбылося 1 кастрычніка 1913 году ў доме Рыгора Мікалаевіча Гартынскага на Быхаўскай вуліцы (сёньня — вул. Вароўскага), № 22.[1] Яго адкрыцьцю спрыялі мясцовыя гарадзкія й земскія ўстановы. У інстытут прымаліся асобы мужчынскага полу праваслаўнага веравызнаньня ад 16 да 25 гадоў. Тэрмін навучаньня — 3 гады. Першы выпуск настаўнікаў у колькасьці 33 чалавек адбыўся ў 1916 годзе. Першы дырэктар — кандыдат багаслоўя Уладзімер Мікалаевіч Тычынін. У інстытуце ў той час працавалі выкладчыкі:
- Тычынін, Уладзімер Мікалаевіч (дырэктар) — выкладаў пэдагогіку і дыдактыку, а таксама псыхалёгію і лёгіку.
- Аляхновіч, Яўген Сямёнавіч — выкладаў матэматыку, выпускнік матэматычнага аддзяленьня фізыка-матэматычнага факультэта Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, пражываў на Пушкарывічаўскім перавулку ў доме Баневіча.
- Бычкоў, Яўген Язэпавіч — з 1918 глду выкладаў гісторыю й геаграфію.
- Палуянаў, Сямён Сьцяпанавіч — настаўнік сьпеваў, пражываў на Вялікай Садовай, дом 10.
- Пархоменка, Тодар Рыгоравіч з 1915 году выкладаў маляваньне й чарчэньне, пражываў на Ўсьпенскай (Прачысьцеснкай) вуліцы, дом 18.
- Руднеў, Міхаіл Рыгоравіч — да 1918 году выкладаў гісторыю й геаграфію, выпускнік унівэрсытэту, пражываў на на Дняпроўскім прасьпекце ў доме Бакко.
- Сакалоў, Віталь Паўлавіч — выкладаў расейскую мову, кандыдат багаслоўя, пражываў на Быхаўскай вуліцы ў доме Фёдарава.
- Тэадаровіч, Якаў Івановіч — да 1918 году выкладаў прыродазнаўства й фізыку, пражываў на Паштовай, дом 6. Скончыў Кіеўскую духоўную сэмінарыю ў 1877 г. Служыў у пяхотным палку, паступіў на фізыка-матэматычны факультэт Новарасейскага ўнівэрсытэту, здаў экзамэн ва ўнівэрсытэце на званьне настаўніка гімназіі. 3 1882 г. Тэадаровіч працаваў настаўнікам настаўніцкай сэмінарыі, а з 1892 г. інспэктарам народных вучылішчаў Екацярынаслаўскай губэрні, быў узнагароджаны ордэнамі сьв. Ганны 3-й ступеняў і сьв. Станіслава 2-й і 3-й ступеняў. Пасьля выхаду ў адстаўку ў 1907 г. атрымоўваў пэнсію ў 900 руб. у год і працаваў настаўнікам у прыватных гімназіях. У сувязі з прыняцьцем на працу ў Магілёўскі інстытут яго «адазвалі на 5 год з адстаўкі»
- Настаўнікі гарадзкога вучылішча пры інстытуце Яфрэм Фёдаравіч Жыхараў, Мітрафан Мікалаевіч Пігулеўскі й з 1916 году Іван Якаўлевіч Бабарыка.[2][3][4][5]
Выкладаліся агульнаадукацыйныя, пэдагагічныя дысцыпліны й факультатыўна — замежныя мовы. Паводле статута лічыўся сярэдняй навучальнай установай, аднак выкладчыкі арыентавалі слухачоў на падручнікі вышэйшай школы (асабліва ў пэдагагічных і гуманітарных дысцыплінах). У 1915—16 большасьць навучэнцаў мабілізавана ў армію, частка памяшканьняў інстытуту адчужана пад патрэбы ваенна-дыпляматычных місій краінаў Антанты.
У красавіку 1917 году частка выкладчыкаў удзельнічала ў стварэньні Магілёўскага беларускага камітэта, а Аляхновіч, Яўген Сямёнавіч дэлегаваны на Першы Ўсебеларускі зьезд 1917 году.[6] У час нямецкай акупацыі праведзены іспыты й набор слухачоў на 1-ы курс.[7]
Магілёўскі пэдагагічны інстытут
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сьнежні 1918 настаўніцкі інстытут быў рэарганізаваны ў пэдагагічны й атрымаў статус вышэйшай навучальнай установы з чатырохгадовым тэрмінам навучаньня ў адпаведнасьці з пастановай Усерасейскага зьезда дэлегатаў настаўніцкіх інстытутаў. У склад яе супрацоўнікаў увайшлі лепшыя выкладчыкі навучальных устаноў Магілёва. Інстытут меў тры аддзяленьні й рыхтаваў настаўнікаў школ І і ІІ ступеняў, а таксама работнікаў дашкольных устаноў. Настаўнікаў для школ другой ступені вучылі на фізыка-матэматычным, сацыяльна-гістарычным, біялягічным, літаратурна-мастацкім і геаграфічным цыклах. Кіраўніцтва інстытуту ў 1919 г. прыняло абгрунтаваную, але, відавочна, не разьлічаную на ўмовы грамадзянскай вайны праграму разьвіцьця новай установы. Вучэбную й выхаваўчаю работу вялі каля 40 выкладчыкаў. У гады грамадзянскай вайны й пасьляваеннай разрухі заняткі вяліся ў вячэрні час. У 1919 г. інстытуту перадалі будынак былой Марыінскай жаночай гімназіі.[7]
Магілёўскі інстытут народнай адукацыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Маскве ў 1919 годзе была зацьверджана рэарганізацыя: пэдагагічныя інстытуты пераўтвараліся ў інстытуты народнай адукацыі з больш шырокім профілем выпускаемых спэцыялістаў. Усяго на Беларусі на базе пэдагагічных інстытутаў былі створаны тры такія ўстановы: у Магілёве, Віцебску й Менску. У кастрычніку 1919 году інстытут быў адкрыты з чатырма аддзеламі: 1) дашкольным, 2) па падрыхтоўцы выкладчыкаў для школ І ступені, 3) па падрыхтоўцы выкладчыкаў для школ ІІ ступені, 4) па падрыхтоўцы інструктараў працоўных працэсаў.
Усяго ў штаце магілёўскага інстытуце народнай адукацыі на пачатак 1921 г. было 58 супрацоўнікаў, сярод іх 36 выкладчыкаў, зь якіх 31 меў вышэйшую адукацыю або роўнаю да яе. Найбольш працавала выпускнікоў Петраградзкага (7), Маскоўскага (4) унівэрсытэтаў, а ўсяго ўнівэрсытэцкую адукацыю мелі 15 выкладчыкаў. Працавалі таксама выпускнікі Дзямідаўскага ліцэя (2), Пэдагагічнага інстытуту імя Шалапуціна, Акадэміі генэральнага штаба, Рыскага політэхнічнага інстытуту, Петраградзкага гісторыка-філялягічнага інстытуту ды інш. Выкладчык маляваньня і лепкі Пархоменка, Тодар Рыгоравіч меў дыплём Акадэміі мастацтваў у Петраградзе, а выкладчык сьпеваў і музыкі А. І. Бекарэвіч — прыдворную пеўчую капэлу. У інстытуце выкладалі доктар навук С. В. Марголін, кандыдат эканамічных навук М. В. Юдзеніч, кандыдаты багаслоўя У. М. Тычынін і В. П. Сакалоў.
Студэнты інстытуту актыўна ўдзельнічалі й складалі ядро магілёўскага гуртка беларускай моладзі «Асьвета», які праводзіў вялікую культурна-асьветніцкую работу ў Магілёўскім павеце. Гурткоўцы заснавалі хор з 80-ці чалавек, драматычную групу з 20 чалавек, якія часта давалі канцэрты як у Магілёве, так і ў навакольных вёсках. «Асьвета» з ’яўлялася часткай беларускага нацыянальнага руху Гомельскай губэрні, які выступаў за далучэньне беларускіх тэрыторый РСФСР да БССР.
Вядомы беларускі гісторык, архівіст і археограф, удзельнік Усебеларускага кангрэса 1917 году Дзьмітры Даўгяла кіраваў навуковай работай членаў беларускай культурна-навуковай асацыяцыі, якую стварылі пры інстытуце з гуртка «Асьвета»[7][8][9].
Магілёўскі практычны інстытут народнай адукацыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1921 годзе ў СССР пачалася чарговая рэарганізацыя ў сыстэме народнай адукацыі: інстытуты народнай адукацыі пераўтвараліся або ў практычныя інстытуты, або ў пэдагагічныя тэхнікумы. У Гомелі, як цэнтры губэрні, плянавалася стварыць практычны інстытут, у Магілёве, як павятовым горадзе, — пэдтэхнікум. Пэрспэктыва пераўтварэньня Магілёўскага інстытуту народнай адукацыі ў тэхнікум не задавальняла ні выкладчыкаў, ні студэнтаў. Савет інстытуту прызнаў магчымым і неабходным існаваньне практычнага інстытуту ў Магілёве, інфармаваў аб гэтым цэнтральныя ўлады, запрашаў дэлегата «цэнтра» у Магілёў для азнаямленьня з сытуацыяй на месцы. На пасяджэньні яго Савета 3 кастрычніка 1921 г. у адпаведнасьці з рашэньнем Галоўпрафадукацыі, з улікам таго, што інстытут мае «лепшыя ў губэрні выкладчыцкія кадры», было абвешчана аб адкрыцьці Магілёўскага практычнага інстытуту народнай адукацыі.[7]
Магілёўскі Беларускі дзяржаўны пэдагагічны тэхнікум
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзяржава была не ў стане ўтрымліваць вялікую колькасьць ВНУ. У ліпені 1923 г. СНК СССР прыняў дэкрэт «Аб закрыцьці і рэарганізацыі некаторых вышэйшых навучальных устаноў». На базе інстытуту быў створаны Магілёўскі Беларускі пэдагагічны тэхнікум. Сюды была пераведзена частка выкладчыкаў, студэнты падрыхтоўчага аддзяленьня й першага курса. Студэнты апошніх курсаў атрымалі магчымасьць працягнуць вучобу на пэдагагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.[7]
Магілёўскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1930 г. было прынята рашэньне аб аднаўленьні пэдінстытутаў у Магілёве, Віцебску й стварэньні ў Гомелі й Менску з пэдагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У адпаведнасьці з пастановай 1 кастрычніка 1930 г. распачаў дзейнасьць і Магілёўскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут у складзе гісторыка-эканамічнага і літаратурна-лінгвістычнага аддзяленьняў.
У 1930 адкрылася асьпірантура. У 1932 называецца Магілеўскі пэдінстытут імя М. М.Пакроўскага; мае завочны сэктар.
1940—53 гг. Магілёўскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут імя І. Д. Папаніна. У 1941 годзе ў інстытуце навучалася больш за 2000 студэнтаў і працавала 69 выкладчыкаў.
У 1970 годзе інстытут атрымаў новы вучэбны корпус па вул. Касманаўтаў. У 1978 годзе інстытуту прысвойваецца імя клясыка беларускай літаратуры Аркадзя Куляшова.
Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1997 годзе пасьля правядзеньня акрэдытацыі інстытут быў пераўтвораны ў Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Куляшова.
Цяпер ва ўнівэрсытэце працуе 10 факультэтаў, якія забясьпечваюць падрыхтоўку спэцыялістаў па 31 спэцыяльнасьці. Ва ўнівэрсытэце навучаецца больш за 7600 студэнтаў, зь іх каля 4300 на дзённым аддзяленьні. Пэдагагічная дзейнасьць і навукова-дасьледчая праца вядзецца на 38 катэдрах; на іх працуе звыш 450 штатных выкладчыкаў, зь якіх каля 200 маюць навуковыя ступені і званьні, у тым ліку 25 дактароў і прафэсараў.
Факультэты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Унівэрсытэт мае 10 факультэтаў, у тым ліку падрыхтоўкі й прафарыентацыі, 36 катэдраў, рыхтуе адмыслоўцаў па 49 спэцыялізацыях. 7 факультэтаў вядуць таксама завочнае навучаньне. 2 факультэты маюць магістратуры.
- Гістарычны. Заснаваны ў 1934 годзе. З 1970 году месьціцца ў галоўным корпусе на вул. Касманатаў, д. 1. Выпускае археолягаў, рэлігіязнаўцаў ды выкладнікаў гісторыі ды грамадазнаўства. Ажыцьцяўляе дзённае ды завочнае навучаньне. У тым ліку рыхтуе магістраў гісторыі. Мае 5 катэдраў: 1) гісторыі ды культуры Беларусі, 2) усходнеславянскай ды расейскай гісторыі, 3) усеагульнай гісторыі, 4) археалёгіі ды адмысловых гістарычных дысцыплінаў, 5) філязофіі.
- Славянскай філялёгіі. Заснаваны ў 1934 годзе. З 1970 году месьціцца ў галоўным корпусе. Выпускае журналістаў, мовазнаўцаў ды выкладнікаў беларускай ды расейскай моваў. Ажыцьцяўляе дзённае ды завочнае навучаньне. Мае 5 катэдраў: 1) беларускай мовы, 2) беларускай літаратуры, 3) расейскай мовы, 4) расейскай ды замежнай літаратуры, 5) журналістыкі.
- Фізыка-матэматычны. Заснаваны ў 1949 годзе. З 1970 году месьціцца ў галоўным корпусе. Выпускае праграмістаў ды выкладнікаў інфарматыкі, матэматыкі, фізыкі ды ангельскай мовы. Ажыцьцяўляе толькі дзённае навучаньне. Мае 5 катэдраў: 1) альгебры ды геамэтрыі, 2) матэматычнага аналізу й дыфэрэнцыйных раўнаньняў, 3) мэтодыкі выкладаньня матэматыкі, 4) фізыкі й тэхнічных дысцыплінаў, 5) экспэрымэнтальнай ды тэарэтычнай фізыкі.
- Пэдагагічны. Заснаваны ў 1958 годзе. Знаходзіцца на вул. Камсамольская, д. 18. Выпускае балетмэйстраў ды танцораў, выкладнікаў беларускай ды ангельскай моваў, выяўленчага мастацтва, музыкі ды танца. Ажыцьцяўляе дзённае ды завочнае навучаньне. Мае 4 катэдры: 1) пэдагогікі й мэтодыкі пачатковага навучаньня, 2) беларускай ды расейскай моваў, 3) мэтодыкі музычнага выхаваньня, тэорыі музыкі ды граньня на народных інструмэнтах; 4) фартэпіяна ды сьпеўна-харавых дысцыплінаў.
- Пэдагогікі й псыхалёгіі дзяцінства (раней дашкольнага выхаваньня). Заснаваны ў 1978 годзе. Месьціцца ў галоўным корпусе. Выпускае лягапэдаў, псыхолягаў, пэдагогаў ды грамадзкіх работнікаў. Ажыцьцяўляе дзённае ды завочнае навучаньне. У тым ліку рыхтуе магістраў псыхалёгіі ды пэдагогікі. Мае сацыяльна-пэдагагічны цэнтар ды 4 катэдры: 1) пэдагогікі, 2) пэдагогікі дзяцінства й сям’і, 3) псыхалёгіі, 4) адмысловых псыхоляга-пэдагагічных дысцыплінаў.
- Фізычнага выхаваньня (раней ваенна-спартовы). Заснаваны ў 1981 годзе. Месьціцца ў галоўным корпусе. Выпускае выкладнікаў фізычнай культуры ды трэнэраў у лёгкай атлетыцы ды спартовых гульнях. Ажыцьцяўляе дзённае ды завочнае навучаньне. Мае 4 катэдры: 1) мэтодыкаў выкладаньня спартовых дысцыплінаў, 2) тэорыі ды мэтодыкі фізычнага выхаваньня, 3) фізычнага выхаваньня ды спорту, 4) анатоміі ды фізыялёгіі чалавека.
- Прыродазнаўства (да 1997 г. біялёгіі). Заснаваны ў 1990 годзе. Знаходзіцца на вул. Першатравеньская, д. 44. Выпускае выкладнікаў біялёгіі, геаграфіі ды хіміі. Ажыцьцяўляе дзённае ды завочнае навучаньне. Мае 3 катэдры: 1) біялёгіі, 2) геаграфіі ды аховы прыроды, 3) хіміі.
- Эканомікі ды права (да 28 чэрвеня 2001 году эканамічны). Заснаваны 1 сьнежня 1998 году. Знаходзіцца на вул. Ленінская, д. 35. Выпускае мэнэджараў, эканамістаў, юрыстаў ды выкладнікаў грамадазнаўства. Ажыцьцяўляе дзённае ды завочнае навучаньне. Мае 3 катэдры: 1) эканомікі й кіраваньня, 2) паліталёгіі ды сацыялёгіі, 3) правазнаўства.
- Замежных моваў. Заснаваны ў сьнежні 1998 году. Месьціцца ў галоўным корпусе. Выпускае мовазнаўцаў, перакладнікаў ды выкладнікаў ангельскай, нямецкай ды францускай моваў. Ажыцьцяўляе толькі дзённае навучаньне. Мае 3 катэдры: 1) ангельскага, агульнага ды славянскага мовазнаўства, 2) германа-раманскай філялёгііі, 3) замежных моваў.
Факультэт | Год заснаваньня | Разьмяшчэньне | Спэцыялізацыяў | Катэдраў | Завочнае навучаньне | Магістратура |
---|---|---|---|---|---|---|
Гістарычны | 1934 | Галоўны корпус | 4 | 5 | Ёсьць | Ёсьць |
Славянскай філялёгіі | 1934 | Галоўны корпус | 5 | 5 | Ёсьць | — |
Фізыка-матэматычны | 1949 | Галоўны корпус | 8 | 5 | — | — |
Пэдагагічны | 1958 | вул. Камсамольская, д. 18 | 6 | 4 | Ёсьць | — |
Пэдагогікі й псыхалёгіі дзяцінства | 1978 | Галоўны корпус | 6 | 4 | Ёсьць | Ёсьць |
Фізычнага выхаваньня | 1981 | Галоўны корпус | 6 | 4 | Ёсьць | — |
Прыродазнаўства | 1990 | вул. Першатравеньская, д. 44 | 5 | 3 | Ёсьць | — |
Эканомікі ды права | 1998 | вул. Ленінская, д. 35 | 5 | 3 | Ёсьць | — |
Замежных моваў | 1998 | Галоўны корпус | 4 | 3 | — | — |
Супрацоўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Рэктар: Бандарэнка Канстанцін Міхайлавіч, кандыдат гістарычных навук.
- Першы прарэктар: Вішнеўскі Міхаіл Іванавіч, доктар філязофскіх навук, прафэсар, чалец-карэспандэнт Акадэміі адукацыі Рэспублікі Беларусь.
- Ігар Шаруха — географ, краязнаўца. Загадчык катэдры.
Абвінавачваньні ў палітычных рэпрэсіях супраць студэнтаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле справаздачы, падрыхтаванай Польскім фондам свабоды й дэмакратыі, Канстанцін Бандарэнка(be), рэктар унівэрсытэту, адлічаў студэнтаў за іх палітычную дзейнасьць[10].
Выпускнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Эдуард Валасевіч — пісьменьнік.
- Мікола Гарулёў — пісьменьнік.
- Аркадзь Кандрусевіч — пісьменьнік.
- Аляксандар Радзькоў (1973) — 4-ы міністар адукацыі Беларусі (2003—2010)
- Леанід Ліпінскі — беларускі гісторык.
- Аляксандар Лукашэнка (1975) — першы прэзыдэнт Беларусі
- Васіль Матэвушаў — пісьменьнік.
- Дар’я Чульцова — беларуская журналістка, палітычны вязень рэжыму Лукашэнкі.
- Пётар Шасцерыкоў — пісьменьнік.
- Мікола Янчанка — пісьменьнік.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Открытіе учителъскаго института въ Могілевѣ. (рас.) // Могилевскія Епархіальныя Вѣдомости : газэта. — 1913, 15 октября. — № 20. — С. 620, 621.
- ^ Памятная книжка Могилевской губерніи на 1914 год. / рэд. Марченко И. И.. — Могилевъ губ.: Изданіе Могилевскаго Губернскаго Статистическаго Комитета, 1914. — С. 41, 42. — 558 с.
- ^ Памятная книжка Могилевской губерніи на 1915 год. / рэд. Марченко И. И.. — Могилевъ губ.: Изданіе Могилевскаго Губернскаго Статистическаго Комитета, 1915. — С. 36, 37. — 481 с.
- ^ Памятная книжка Могилевской губерніи на 1916 год. / рэд. Марченко И. И.. — Могилевъ губ.: Изданіе Могилевскаго Губернскаго Статистическаго Комитета, 1916. — С. 32. — 428 с.
- ^ Агееў Аляксандар Рыгоравіч. Першыя выкладчыкі гістарычных дысцыплін Магілёўскага настаўніцкага інстытута – М. Г. Руднеў і Я. І. Бычкоў // рэдкал. І. В. Шардыка, А. Р. Агееў, Ю. В. Аленькава, В. В. Барысенка, С. М. Бычок Раманаўскія чытаньні – 10, прысьвечаныя 80-годдзю з дня заснаваньня гістарычнага факультэта : зборнік артыкулаў міжнароднай навуковай канфэрэнцыі, Магілёў, 27-28 лістапада 2014 г.. — Магілёў: МГУ імя А. А. Куляшова, 2015. — С. 24, 25.
- ^ Агееў Аляксандар Рыгоравіч. Удзел Магілёўскіх дэлегатаў у падрыхтоўцы і працы Першага Усебеларускага зьезда. // рэдкал. : А. Д. Кароль і інш. 1917 год у гістарычных лёсах Беларусі. Секцыя 4. Першы Усебеларускі з’езд: на шляху да беларускай дзяржаўнасці : зб. матэрыялаў Міжнар. навук. канф., Мінск, 30 лістап. — 1 снеж. 2017 г.. — Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2017. — С. 159—162. — ISBN 978-985-553-529-5.
- ^ а б в г д Магілёўскі дзяржаўны універсітэт імя А.А. Куляшова: мінулае і сучаснасць / Рэдакцыйная калегія: Вішнеўскі М. І. і інш.. — Магілёў: МДУ імя А.А.Куляшова, 2003. — 260 с. — ISBN 985-480-015-6
- ^ Васілеўскі, Юрка. Да гісторыі Магілёўскага гуртка беларускай моладзі «Асьвета». (1918—1923 гг.) // рэд. рада Аляксандар Агееў і інш. Магілёўская даўніна : зборнік гістарычных і краязнаўчых матэрыялаў. — Магілёў: Музей гісторыі Магілёва, 1994. — Т. 2. — С. 29.
- ^ Васілеўскі, Юрка. Да гісторыі Магілёўскага гуртка беларускай моладзі «Асьвета». (1918—1923 гг.) // рэд. рада Аляксандар Агееў і інш. Магілёўская даўніна : зборнік гістарычных і краязнаўчых матэрыялаў. — Магілёў: Музей гісторыі Магілёва, 1996. — Т. 4. — С. 32, 35.
- ^ Беларуская сыстэма рэпрэсіяў. Перасьледнікі ды іх ахвяры = Białoruski system represji. Prześladowcy i ich ofiary / pod redakcją dr Dariusza Zalewskiego, Marka Bućko(pl), Michała Kurkiewicza i Tomasza Pisuli. — Warszawa: Fundacja Wolność i Demokracja, 2007. — С. 42. — 72 с.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Аўласевіч, Міхаіл. «Магілёўскі дзяржаўны універсітэт імя А. А. Куляшова». // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — 592 с. — ISBN 985-11-0141-9 — С. 25.
- Ляхоўскі, Уладзімер. «Магілёўскі настаўніцкі інстытут». // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — 592 с. — ISBN 985-11-0141-9 — С. 26.
- Гісторыя Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта (1913 – 1940 гг.)гг.): дакументы і матэрыялы / Аўтары-складальнікі: Агееў А.Р., Бандарэнка К.М., Клімковіч В.П.. — Магілѐў: МДУ імя А.А. Куляшова, 2008. — 216 с. — ISBN 978-985-480-500-9
- Магілёўскі дзяржаўны універсітэт імя А.А. Куляшова: мінулае і сучаснасць / Рэдакцыйная калегія: Вішнеўскі М. І. і інш.. — Магілёў: МДУ імя А.А.Куляшова, 2003. — 260 с. — ISBN 985-480-015-6
- «Магілёўскага настаўніцкага інстытута будынак». // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — ISBN 985-11-0155-9 — С. 451, 452.
- «Магілёўскі універсітэт імя А. А. Куляшова». // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — ISBN 985-11-0155-9 — С. 471.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі — НГАБ: фонд 2258, 45 адзінак захоўваньня. 1913—1917. Магілёўскі настаўніцкі інстытут папячыцеля Віленскай навучальнай акругі, места Магілёў Магілёўскага павету Магілёўскай губэрні.
- Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласьці: фонд 927, 1583 адзінак захоўваньня. 1930—1934, 1944—1997. Магілёўскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут.
- Афіцыйны сайт