Перайсьці да зьместу

Беларускі нацыянальны камітэт (Магілёў)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Беларускі нацыянальны камітэт у Магілёве
Абрэвіятура БНК у Магілёве
Дата ўтварэньня 17 красавіка 1917
Дата спыненьня існаваньня 1 лістапада 1918
Юрыдычны статус грамадзкае аб’яднаньне
Месцазнаходжаньне Магілёў
Дзейнічае ў рэгіёнах Магілёўская губэрня
Старшыня Міхаіл Кахановіч
Асноўныя асобы Дзьмітры Даўгяла, Ісак Сербаў

Белару́скі нацыяна́льны камітэ́т (БНК) у Магілёве — беларуская грамадзка-палітычная, культурна-асьветная арганізацыя ў 1917—1918 гадах. Створаны 17 красавіка 1917 году. Заснавальнікі: выкладчыкі навучальных установаў гораду, работнікі суду, архіву, бібліятэк, чыгункі, земскіх і гарадзкіх установаў. Камітэт узначальваў І. І. Рэут, з кастрычніка 1917 году — М. С. Кахановіч. У яго ўваходзілі Я. і Дз. Аляхновічы, Дз. І. Даўгяла (нам. старшыні), В. Я. Какошынскі, ксёндз Д. Лапошка, А. Ф. Пігулеўскі, А. М. Раждзественскі, І. А. Сербаў, М. А. Судзілоўскі, Шчансновіч і іншыя. Пры камітэце працавалі палітычная, арганізацыйная, фінансавая, школьная, культурна-асьветная й этнаграфічная камісіі. Меў на мэце стварэньне дзяржаўна-прававых, культурна-асьветных і эканамічных умоваў для беларускага адраджэньня, пашырэньне нацыянальнае сьвядомасьці сярод беларускага насельніцтва. На пачатку дзейнасьці выступаў за аўтаномію Беларусі ў складзе Расейскае дэмакратычнае рэспублікі, з 1918 году за дзяржаўную незалежнасьць Беларусі. Прадстаўнікі камітэту ўдзельнічалі ў рабоце зьездаў беларускіх арганізацыяў і партыяў у Менску ў ліпені 1917 году, Усебеларускім зьезьдзе 1917 году. Разам зь іншымі беларускімі арганізацыямі выставіў кандыдатуры ва Ўстаноўчы сход па Магілёўскай выбарчай акрузе. Спробы пераўтварыць камітэт у губэрнскі цэнтар беларускіх нацыянальных арганізацыяў ня мелі посьпеху. Спыніў дзейнасьць у лістападзе 1918 году з прыходам у горад Чырвонае Арміі.

  • Аляксандар Агееў, Ігар Пушкін. Фарміраванне і дзейнасць Магілёўскага Беларускага Камітэта (1917—1918 гг.) : да 100-годдзя стварэння Магілёўскага Беларускага Камітэта і абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. — Магілёў: Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт ім. А. А. Куляшова. — Т. 2017. — 288 с. — 200 ас. — ISBN 978-985-568-270-8
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т.. — Мн.: 1996 Т. 2: Аршыца — Беларусцы. — С. 453.