Эдуард Валасевіч
Эдуард Валасевіч | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 12 сакавіка 1918 |
Памёр | 2 верасьня 1997[1] (79 гадоў) |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | перакладнік, пісьменьнік, паэт |
Узнагароды |
Эдуа́рд Станісла́вавіч Валасе́віч (12 сакавіка 1918, Магілёў — 1997) — беларускі пісьменьнік, паэт-байкапісец.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся 12 сакавіка 1918 году ў Магілёве ў сям’і чыгуначніка. Спачатку навучаўся ў чыгуначнай сямігодцы. У 1935—1936 гадох працаваў грузчыкам на чыгунцы. У 1941 годзе скончыў літаратурны факультэт Магілеўскага пэдагагічнага інстытуту.
З 1941 году ў Чырвонай Арміі, спачатку ў першым камуністычным зьнішчальным батальёне пры ЦК Камуністычнай партыі Беларусі, потым — у дзеючай арміі на Бранскім, Заходнім франтах. У 1943 годзе быў цяжка паранены. Зь лістападу 1943 году працаваў у Дзяржаўным архіве Аджарскай АССР (г. Батумі). З 1944 году выкладаў фальклёр і расейскую літаратуру ў Магілёўскім пэдагагічным інстытуце. Працаваў у магілёўскай абласной газэце «За Радзіму».
У 1952 годзе пераехаў у Менск. Працаваў у часопісах «Полымя», «Вожык», у Беларускай дзяржаўнай філярмоніі.
Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР з 1950 году. У 1970—1974 гадох — дырэктар Беларускага аддзяленьня Ўсесаюзнага ўпраўленьня па ахове аўтарскіх правоў Саюзу пісьменьнікаў СССР[2].
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэбютаваў у друку ў 1938 годзе. Першую кніжку «Вершы і байкі» выдаў у 1954 годзе. Аўтар зборнікаў баек «Залатая рыбка» (1957), «Як дбаеш — так і маеш» (1958), «Арліны суд» (1959), «Соль» (1962), «На вясёлай хвалі» (1967), «Туды і рак з кляшнёй…» (1970), «Палюсы» (1977), «Кругавая парука» (1979) і іншыя.
Басьні Валасевіча адметныя актуальнасьцю тэматыкі, камізмам сытуацыяў, жывым народным гумарам. Пісаў гумарыстычныя вершы і басьні для дзяцей (зборнікі «Камар-званар» (1959), «Горкі мёд» (1967) і іншыя), аднаактавыя камэдыі, скетчы, эпіграмы і пародыі.
Перакладаў з расейскай мовы творы І. Батрака, з украінскай М. Старыцкага.
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Басни. — М., 1958
- Казёл адпушчэння. — Мн., 1968
- Рагаты анёл. — Мн., 1978
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ордэн Айчыннай вайны II ступені.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Èduard Stanìslavavìč Valasevìč // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ Волосевич Эдуард Станиславович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 122—123. — 737 с.