Кажан-Гарадок
Кажан-Гарадок лац. Kažan-Haradok | |||||
Царква Сьвятога Мікалая | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1493 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Берасьцейская | ||||
Раён: | Лунінецкі | ||||
Сельсавет: | Гарадоцкі | ||||
Плошча: | 5,9631 км² | ||||
Вышыня: | 118 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2010) | |||||
колькасьць: | 1902 чал. | ||||
шчыльнасьць: | 318,96 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 1647 | ||||
Паштовы індэкс: | 225660 | ||||
Нумарны знак: | 1 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 52°12′57″ пн. ш. 27°0′46″ у. д. / 52.21583° пн. ш. 27.01278° у. д.Каардынаты: 52°12′57″ пн. ш. 27°0′46″ у. д. / 52.21583° пн. ш. 27.01278° у. д. | ||||
± Кажан-Гарадок | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Кажа́н-Гарадо́к[1] — вёска ў Беларусі, на левым беразе ракі Цны. Цэнтар сельсавету Лунінецкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 1902 чалавекі. Знаходзіцца за 18 км на паўднёвы ўсход ад Лунінцу, за 7 км ад чыгуначнай станцыі Лахва.
Кажан-Гарадок — даўняе мястэчка гістарычнай Наваградчыны на мяжы зь Піншчынай, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захавалася драўляная царква Сьвятога Мікалая ў стылі барока, помнік архітэктуры XIX ст.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Тапонім Кажан-Гарадок складаецца зь дзьвюх частак: азначэньне «Кажан» паказвае на блізкасьць да вёскі Кажановічаў, назва «Гарадок» сьведчыць пра існаваньне тут невялікага замка (гораду)[2].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўпамін пра Кажан-Гарадок (Гарадзец) як сяло ў валоданьні П. Мантыгердавіча датуецца 1493 годам. У XVI стагодзьдзі ён увайшоў у склад Наваградзкага павету Наваградзкага ваяводзтва, з 1588 году — уладаньне кашталяна віленскага Яна Кішкі. Пад 1599 годам паселішча ўпамінаецца як мястэчка.
У 1613 годзе Кажан-Гарадок стаў цэнтрам воласьці. У гэты час тут было 116 двароў, дзеяла царква. Маёнтак належаў Ю. Падбярэзскаму, пазьней Тарнаўскім. У 1635 годзе ў Кажан-Гарадку збудавалі кальвінскі збор. З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1655 годзе мястэчка спалілі маскоўскія захопнікі.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Кажан-Гарадок апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Пінскага павету. У 1863 годзе ў Кажан-Гарадку адкрылася 2-клясная царкоўная школа (у 1886 годзе навучалася 36 хлопчыкі). Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у мястэчку існавалі царква, каталіцкая капліца, сынагога, 2 юдэйскія малітоўныя дамы, школа, 3 млыны, 10 крамаў, заезны двор, штогод праводзілася некалькі кірмашоў.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Кажан-Гарадок занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Кажан-Гарадок абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[3]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Кажан-Гарадок апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны (да 1928 году) Лунінецкага павету Палескага ваяводзтва.
У 1939 годзе Кажан-Гарадок увайшоў у склад БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стаў цэнтрам сельсавету Лунінецкага раёну. Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1971 год тут было 656 двароў, на 1995 год — 705 двары, на 1996 год — 693. У 2000-я гады Кажан-Гарадок атрымаў афіцыйны статус «аграгарадку».
-
Рынак. Царква
-
Сядзіба Шчытоў, брама
-
Брама
-
Брама
-
Сынагога
-
Сынагога
-
Сынагога
-
Сынагога, інтэр’ер
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XIX стагодзьдзе: 1883 год — 1,4 тыс. чал.[4]; 1897 год — 3894 чал., у тым ліку 1597 юдэяў
- XX стагодзьдзе: 1971 год — 2416 чал.; 1995 год — 1996 чал.[5]; 1996 год — 2021 чал.; 1997 год — 1968 чал.[6]; 1999 год — 1887 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2010 год — 1902 чал.
Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Кажан-Гарадку працуюць сярэдняя і музычная школы, дашкольная ўстанова, лякарня, дом культуры, бібліятэка, пошта.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Капліца прыдарожная
- Царква Сьвятога Мікалая (1818, перабудаваная ў 1876 годзе; Сьвяты Пасад, цяпер у валоданьні Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату)
- Царква Сьвятога Сімяона (XIX ст.)
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сынагога
- Сядзіба Шчытоў (XVIII ст.)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 197.
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 81.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Jelski A. Kożangródek // Słownik geograficzny... T. IV. — Warszawa, 1893. S. 576.
- ^ Гурын М. Кажан-Гарадок // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 6.
- ^ БЭ. — Мн.: 1998 Т. 7. С. 408.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — 604 с. — ISBN 985-11-0130-3
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno. — Warszawa, 1883.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кажан-Гарадок, Radzima.org
- Прагноз надвор’я ў в. Кажан-Гарадку
- Кажан-Гарадок 500-гадовы. Гістарычныя дасьледваньні
|