Уладзімер Камароў
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Камароў.
Уладзі́мер Міха́йлавіч Камаро́ў (16 сакавіка 1927, Масква, РСФСР — 24 красавіка 1967, Арэнбурская вобласьць, РСФСР) — савецкі лётчык-касманаўт, двойчы Герой Савецкага Саюзу, інжынэр-палкоўнік. Камандоўца першага ў сьвеце экіпажу з трох чалавек і першы ў сьвеце касманаўт, які загінуў падчас выкананьня місіі.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1943 року скончыў сямігодку і паступіў у 1-ю Маскоўскую спэцшколу ВПС, імкнучыся стаць пілётам. Школу скончыў у ліпені 1945 і стаў курсантам Салаўской авіяцыйнай школы першапачатковага навучаньня, а ў верасьні таго ж року — курсантам Барысаглебскай Вайсковай авіяцыйнай вучэльні пілётаў.
У ліпені 1946 року быў пераведзены ў Батайскую вайсковую авіяцыйную вучэльню імя Анатоля Сярова, па сканчэньні якое ў 1949 року пачаў службу вайсковым пілётам-зьнішчальнікам у авіяцыйным палку зьнішчальнай авіяцыйнай дывізіі ВПС Паўночнакаўкаскае вайсковае акругі, якая разьмяшчалася ў Грозным. Там ён пазнаёміўся са школьнай настаўніцай Валянцінай, якая ў 1950 року стала ягонай жонкай.
Чалец КПСС з 1952 року. У 1959 пасьпяхова скончыў Вайскова-паветраную інжынэрную акадэмію імя Жукоўскага і быў разьмеркаваны ў Дзяржаўны Чырваназорны НДІ ВПС, дзе займаўся выпрабаваньнямі новых узораў авіяцыйнай тэхнікі. Менавіта тут, у ДЧНДІ ВПС, камісія па адборы ў першы атрад касманаўтаў прапанавала Ўладзімеру Камарову новую сакрэтную выпрабавальную працу, і ў 1960 року ён быў залічаны ў атрад касманаўтаў.
У красавіку 1961 агульнакасьмічная падрыхтоўка была завершаная, і Камароў пачаў падрыхтоўку да палёту на касьмічных караблях «Усход» і «Ўзыход».
Касьмічныя місіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]«Узыход-1»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Свой першы касьмічны палёт Уладзімер Камароў зьдзейсьніў 12—13 кастрычніка 1964 року на борце касьмічнага караблю «Ўзыход» разам з касманаўтамі Канстанцінам Феактыставым і Барысам Ягоравым. Гэта быў першы ў сьвеце шматмесны касьмічны карабель. Упершыню ў складзе экіпажу былі ня толькі лётчык, але таксама інжынэр і лекар. Упершыню ў гісторыі экіпаж зьдзяйсьняў палёт без скафандраў. Упершыню была выкарыстаная сыстэма мяккай пасадкі. Пазыўны «Рубін» суткі гучаў з арбіты. Выніковая працягласьць палёту склала адны суткі 17 хвілінаў, за гэты час карабель 16 разоў абляцеў зямны шар. Асноўнай задачай палёту было забесьпячэньне прыярытэту СССР у палётах у космас экіпажу зь некалькіх касманаўтаў. За пасьпяховае выкананьне палёту 19 кастрычніка 1964 году Ўладзімеру Камарову было нададзенае званьне Героя Савецкага Саюзу, ордэн Леніна і мэдаль «Залатая Зорка». Неўзабаве яму прысвоілі кваліфікацыю «касманаўт 3-е клясы», а 23 студзеня 1965 року прызначылі інструктарам-касманаўтам у групу падрыхтоўкі касманаўтаў паводле праграмаў Міністэрства абароны.
«Саюз-1»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У верасьні 1965 року Ўладзімер Камароў быў улучаны ў групу падрыхтоўкі да палёту па праграме «Саюз». У жніўні 1966 было вырашана, што ён будзе пілятаваць «Саюз-1». Ягоным дублёрам быў прызначаны Юры Гагарын. Пры завяршэньні праграмы палёту, які адбываўся 23—24 красавіка 1967 року, Уладзімер Камароў загінуў, калі падчас спуску на Зямлю ня выйшаў асноўны парашут спускальнага апарату. Стропы запаснога парашуту скруціліся з-за кручэньня апарату, і ён на вялікай хуткасьці ўрэзаўся ў зямлю ў пустыннай мясцовасьці ў Адамаўскім раёне Арэнбурскай вобласьці.
За гераізм, мужнасьць і адвагу, праяўленыя падчас зьдзяйсьненьня палёту, 24 красавіка 1967 узнагароджаны другім мэдалём «Залатая Зорка» (пасьмяротна). Міжнародны камітэт па аэранаўтыцы і касьмічных палётах адзначыў подзьвіг касманаўта ордэнам «Ружа вятроў» з брыльянтамі.
Прах Уладзімера Камарова пахаваны ў урне ля Крамлёўскай сьцяны на Чырвонай плошчы ў Маскве 26 красавіка.
Рэзюмэ палётаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Касьмічныя палёты, у якіх браў удзел Уладзімер Камароў | ||||||
---|---|---|---|---|---|---|
№ п/п | Дата старту | Касьмічны апарат | Дата прызямленьня | Функцыі | Час у палёце | |
1 | 12 кастрычніка 1964 | Узыход-1 | 13 кастрычніка 1964 | Кіраўнік | 24:17:03 | |
2 | 23 красавіка 1967 | Саюз-1 | 24 красавіка 1967 | Лётчык | 1:2:47:52 | |
Агульны час, праведзены ў космасе — 2 дні, 3 гадзіны 4 хвіліны 55 сэкундаў. |
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Два мэдалі «Залатая Зорка» Героя Савецкага Саюзу (1964, 1967 (пасьмяротна))
- Ордэн Леніна (19 кастрычніка 1964)
- Ордэн Чырвонай Зоркі (1961)
- Мэдаль «За баявыя заслугі» (1956)
- Мэдаль «За засваеньне цалінных земляў» (1964)
- Залаты мэдаль імя Цыялкоўскага АН СССР
- Мэдаль «Залатая Зорка» Героя Працы ДРВ (1964, Дэмакратычная рэспубліка Віетнам)
- Залаты мэдаль «Космас» і мэдаль дэ Ляво Міжнароднае авіяцыйнае фэдэрацыі
- ордэн «Ружа вятроў» з брыльянтам Міжнароднага камітэту па аэранаўтыцы і касьмічных палётах
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- У Маскве ўсталяваны бронзавы бюст Ўладзімера Камарова.
- Помнік у Ніжнім Ноўгарадзе на вуліцы Камарова.
- Абэліск на месцы гібелі ў вёсцы Карабутак Арэнбурскай вобласьці.
- Імем Уладзімера Камарова названыя кратэр на Месяцы, астэроід 1836 Камароў, навукова-дасьледніцкае судна.
- Імя Ўладзімера Камарова носяць Ейскі вышэйшы ваенны авіяцыйны інстытут і сярэдняя школа на тэрыторыі Зорнага гарадку.
- Амэрыканскія астранаўты пакінулі на Месяцы памятныя мэдалі з выявамі людзей, якія ахвяравалі ўласным жыцьцём дзеля засваеньня космасу. Сярод іх і мэдаль з выявай Уладзімера Камарова.
- Ганаровы грамадзянін местаў Калуга (Расея) і Нантэр (Францыя).
Вуліцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларусь: у местах Баранавічы, Бабруйск (і 3 завулкі), Барысаў, Ваўкавыск, Вялейка, Горадня, Глыбокае, Горкі, Давыд-Гарадок (і завулак), Дзісна, Добруш, Ельск, Жабінка, Івацэвічы, Магілёў, Мазыр, Наваградак, Паставы, Полацак, Пружаны, Рагачоў, Стоўпцы, Хвойнікі, Чачэрск, Чэрвень, Чэрыкаў, Янаў; у мястэчках Астравец, Багушэўск, Бярозаўка, Гарадзея, Качэрычы (і завулак), Круглае, Шаркоўшчына; у вёсках Стара-Барысаў Барысаўскага, Неглюбка Веткаўскага, Вялікія Круговічы Ганцавіцкага, Азёры, Грандзічы Гарадзенскага, Вуць Добрускага, Багуцічы Ельскага, Малейкаўшчына Лідзкага, Аранчыцы Пружанскага, Старыя Цярушкі Салігорскага, Рубель Столінскага раёнаў.
- Казахстан: у Байканыры, Сатпаеве.
- Нямеччына: у Франкфурце-на-Одры.
- Расея: у Астрахані, Балакове, Валакаламску, Варонежы, Даўгапрудным, Дзедаўску, Ішымбаі, Казані, Калузе, Курску, Магнітагорску, Мыцішчах, Набярэжных Чаўнах, Наватроіцку, Ніжнім Ноўгарадзе, Омску, Орску, Растове-на-Доне, Саранску, Сыктыўкары, Туймазах, Уфе, Цьверы, Чалябінску, Чарапаўцы і Шчолкаве, а таксама пляц у Маскве.
- Украіна: у Адэсе, Днепрапятроўску, Запарожжы, Керчы, Кіеве, Кіраваградзе, Корасьцені, Луганску, Львове, Умані, Чарнаўцах.
Фільмы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Масква сустракае асілкаў касманаўтаў» (СССР, 1964)
- «Траёх у космасе» (СССР, 1964)
- «У космасе «Узыход»» (СССР, 1965)
- «Космас. Першая кроў» (Расея, тэлефільм, 2006)
- «Гібель касманаўта» — (Расея, тэлефільм, 2009)
- «Наш космас» (Расея, 5-я сэрыя тэлесэрыялу «Памерці маладым», 2011)
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Бацька — Міхаіл Якаўлевіч Камароў (1901 — ?), удзельнік нямецка-савецкай вайны
- Маці — Ксенія Ігнатаўна Сігалаева (1895 — 30 траўня 1949)
- Сястра па маці — Матыльда Аляксееўна Сігалаева (1915 — ?)
- Жонка — Валянціна Якаўлеўна Кісялёва (1929 — 25 жніўня 1995), гісторык-філёляг, бібліятэкарка
- Сын — Яўген Уладзімеравіч Камароў (нар. 1951)
- Дачка — Ірына Ўладзімераўна Камарова (нар. 10 сьнежня 1958), вайскоўка запасу (маёр).
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Их именами названы…: Энцикл. справочник. — Мн.: БелСЭ, 1987. — С. 294. — 30 000 ас.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Уладзімер Камароў — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- «Героі краіны» (рас.)
- Жыцьцяпіс на www.peoples.ru (рас.)
- Ю. Зайцаў. «Апошні палёт касманаўта Ўладзімера Камарова» (рас.)
- Гібель касманаўта У. Камарова на караблі «Союз-1» (рас.)
- Аўдыёзапіс вітаньня У. Камарова
- Нарадзіліся 16 сакавіка
- Нарадзіліся ў 1927 годзе
- Нарадзіліся ў Маскве
- Героі Савецкага Саюзу
- Двойчы Героі Савецкага Саюзу
- Савецкія лётчыкі
- Савецкія касманаўты
- Савецкія лётчыкі-касманаўты
- Кавалеры ордэна Чырвонай Зоркі
- Кавалеры ордэна Леніна
- Узнагароджаныя мэдалём «За баявыя заслугі»
- Узнагароджаныя мэдалём «За засваеньне цалінных земляў»
- Героі Віетнаму
- Людзі, у гонар якіх названыя вуліцы
- Людзі, у гонар якіх названая малая плянэта
- Асобы, у гонар якіх названы кратэр на Месяцы
- Людзі, у гонар якіх названыя сярэднія навучальныя ўстановы
- Асобы на марках
- Сябры КПСС
- Памерлі 24 красавіка
- Памерлі ў 1967 годзе
- Загінулі ў авіякатастрофах
- Пахаваныя ў нэкропалі каля Крамлёўскай сьцяны