Багуцічы
| Багуцічы лац. Bahucičy | |
| Населены пункт | |
| Краіна | Беларусь |
|---|---|
| Вобласьць | Гомельская |
| Раён | Ельскі |
| Сельсавет | Рамязоўскі |
| Дата заснаваньня | перад 1552 годам |
| Часавы пас | |
| Каардынаты | 51°45′22,20″ пн. ш. 29°06′15,20″ у. д.HGЯO |
| Насельніцтва | |
| Колькасьць | 319 чал. (2004) |
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |
| Тэлефонны код | +375 2354 |
| Паштовы індэкс | 247836 |
| СААТА | 3214824003 |
| Нумарны знак | 3 |
| Багуцічы на мапе Беларусі ± Багуцічы | |
Багу́цічы[1] — вёска ў Беларусі, каля мэліярацыйных каналаў. Уваходзяць у склад Рамязоўскага сельсавету Ельскага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва 319 чал. (2004). Знаходзяцца за 8 км на поўдзень ад Ельску, за 186 км ад Гомелю. Чыгуначная станцыя на лініі Каленкавічы — Оўруч. Злучаюцца аўтамабільнай дарогай зь вёскай Вішанькі і далей — зь местам Ельск.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітая
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
У апісаньні Мазырскага замка 1552 году сказана, што сяло Багуцічы было цэнтрам аднайменнай нядзелі[a] Мазырскай воласьці, а ягоныя жыхары выконвалі плацёжныя павіннасьці ды розныя работы на карысьць замку. На той час паселішча складалі 29 двароў[b][4].

Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі, згодна з указам караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году, Кіеўскае ваяводзтва стала часткаю Кароны Польскай[5]. Багуцічы ў складзе Мазырскага павету, пад уплывам віленскага ваяводы, канцлера ВКЛ і мазырскага старосты Мікалая Радзівіла Рудога ды падтрымаўшай яго павятовай шляхты, быў выведзены з Кіеўскага і далучаны да Менскага ваяводзтва.
Надалей зьвесткі пра Багуцічы сустрэтыя ў рэестрах двайнога і трайнога падымнага Мазырскага павету 1670 году. У першым выпадку пані Ельская, маршалкавая пінская[c], з 80 дымоў у Мялешкавічах, Ельску, Багуцічах, Шарыне, Вішаньках і Раманаве выплачвала 80 злотых. У другім з тых жа 80 дымоў, сярод якіх не названы Раманаў, мусіла выдаваць 120 зл.[d][7].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Багуцічы апынулася ў межах Расейскай імпэрыі, ад 3 траўня 1795 году ў адноўленым Мазырскім павеце Менскага намесьніцтва, з 12 сьнежня 1796 губэрні.
У парэформавы пэрыяд Багуцічы адміністрацыйна належалі да Каралінскай воласьці.
Згодна зь перапісам 1897 году, у Багуцічах было 69 двароў, 436 жыхароў, працавалі школа граматы і хлебазапасны магазын. На 1909 год вёску складалі 86 двароў з 500 жыхарамі[8]. У 1915 годзе[e] за 2 км ад вёскі пачала працаваць чыгунка на лініі Жлобін — Каленкавічы — Оўруч[10].
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Багуцічы ў складзе Мазырскага павету, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзеяла «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[11].
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- XVIII стагодзьдзе: 1795 — 29 двароў
- XIX стагодзьдзе: 1816 — 151 жыхар; 1897 — 69 двароў, 436 жыхароў (паводле перапісу)
- XX стагодзьдзе: 1908 — 86 двароў, 500 жыхароў; 1921 — 180 двароў, 895 жыхароў; 1959 — 880 жыхароў (паводле перапісу)
- XXI стагодзьдзе: 2004 — 165 гаспадарак, 319 жыхароў[12]
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Нядзелі альбо чэргі (у складзе кожнай некалькі паселішчаў), на якія падзялялася Мазырская воласьць, як даводзілася несьці замкавую службу, выконваць работы на карысьць замку. Па нядзелях разьмяркоўваліся і плацёжныя павіннасьці[2]. Да Багуціцкай нядзелі належалі яшчэ сёлы Малешкевічы і Барысавічы.
- ↑ Гэта не насельніцтва «в 29 человек», як уважаў П. Кляпацкі[3].
- ↑ Пінскім маршалкам быў Лукаш Ельскі[6].
- ↑ У рэестры двайнога аркуш абрэзаны, у трайным сума ня ўказаная наогул, але вядома, што адзіны пабор з дыму складаў 15 грошаў, г. зн. паўзлоты.
- ↑ Ня ў 1873 г., як пісаў С. Марцэлеў[9].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
- ↑ Клепатский П. Г. Очерки по истории Киевской земли / П.Г. Клепатский – Т. 1: Литовский период. – Одесса, 1912. С. 185, 189 – 190
- ↑ Клепатский П. Г. С. 185
- ↑ Архив Юго-Западной России (Архив ЮЗР). Ч. VII. T. I. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 631—632
- ↑ Volumina Legum. Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84 — 87; Падалінскі У. // Беларускі гістарычны агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337 (Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009).
- ↑ Herbarz Polski. Cz. 1, Wiadomości historyczno-genealogiczne o rodach szlacheckich. / Ułożył i wydał Adam Boniecki. – Warszawa, 1906. T. IX. S. 1 – 4 (2)
- ↑ Lietuvos valstybės istorijos archyvas. F. 11. Ap. 1. B. 748. L. 2295, 2296
- ↑ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 11
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2004. — 632 с.: іл. ISBN 985-11-0303-9. С. 383 — 384
- ↑ Цуба М. В. Палеская чыгунка ў гады Першай сусьветнай вайны. С. 18
- ↑ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны)
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 1. Кн. 1. — Менск, 2004.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2004. — 632 с.: іл. ISBN 985-11-0303-9.