Вышэйшая адукацыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Вышэйшая адукацыя — верхні ўзровень прафэсійнай адукацыі, наступны пасьля сярэдняй агульнай ці сярэдняй прафэсійнай адукацыі ў трохузроўневай сыстэме. Уключае ў сябе сукупнасьць сыстэматызаваных ведаў і практычных навыкаў, якія дазваляюць вырашаць тэарэтычныя й практычныя задачы па прафэсійным профілі. У адрозьненьне ад агульнага, нават у разьвітых краінах, вышэйшая адукацыя не зьяўляецца ўсеагульнай і тым больш бясплатнай[1].

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2011 г. 70% студэнтаў Беларусі атрымлівалі вышэйшую адукацыю паводле гуманітарных спэцыяльнасьцяў, 30% — паводле тэхнічных[2].

Улетку 2013 году на дзённую бюджэтную форму навучаньня ў ВНУ Беларусі залічылі 22 352 чалавекі. Сярод іх 19 959 (89%) першакурсьнікаў скончылі сярэднія школы, у тым ліку 18 844 чалавек (94%) — у год паступленьня. Сярод выпускнікоў сярэдняй школы 16 170 студэнтаў (81%) скончылі яе ў гарадах. Таксама студэнтамі сталі 2036 выпускнікоў сярэдніх спэцыяльных навучальных установаў (9%) і 163 выпускнікі прафэсійна-тэхнічных вучэльняў. Акрамя таго, у ВНУ Беларусі паступіў 191 замежны грамадзянін. Пагатоў, сродкі дзяржаўнага каштарысу Беларусі вылучылі на навучаньне 24 100 першакурсьнікаў. То бок недабор на бюджэтнае навучаньне склаў 1767 чалавек (7%), зь іх 1079 студэнтаў недабралі ў 15 з 22 ВНУ Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Без уступных іспытаў залічылі 296 чалавек (1,3%), зь іх 210 пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных прадметных алімпіядаў, 58 заслужаных спартоўцаў і 6 ляўрэатаў спэцыяльнага фонду прэзыдэнта Беларусі. Яшчэ 287 чалавек залічылі па-за конкурсам, зь іх 243 (1%) сіраты і кінутых бацькамі дзіцяці (байструкі)[3].

Улетку 2013 году каля 36 % (40 682) удзельнікаў цэнтралізаванага тэставаньня не пераадолелі ніжні парог бала для атрыманьня вышэйшай асьветы. Пры гэтым, 40 400 абітурыентаў абрала платнае навучаньне, хоць у дзяржаўных ВНУ засталося 2400 незапоўненых бюджэтных месцаў[4]. На верасень 2013 году 60 % выкладнікаў ВНУ Беларусі з навуковымі ступенямі былі ў веку за 60 гадоў[5].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Посьпехі вышэйшай адукацыі ў дынамічна разьвівалых краінах. ЮНЭСКО
  2. ^ Надзея Нікалаева. Белдзяржунівэрсытэт — гэта нацыянальны брэнд // Чырвоная зьмена. — 26 кастрычніка 2011. — № 31 (15682). — С. 2.
  3. ^ Надзея Нікалаева. ВНУ недабралі на бюджэт амаль 1,8 тысячы першакурснікаў // Зьвязда : газэта. — 15 жніўня 2013. — № 151 (27516). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ Надзея Нікалаева. Задачка для Міністэрства адукацыі // Зьвязда. — 13 сакавіка 2014. — № 46 (27656). — С. 3.
  5. ^ Надзея Нікалаева. Сацыяльныя рызыкі рэфармаваньня вышэйшай школы // Зьвязда. — 25 верасьня 2013. — № 180 (27545). — С. 1, 2.