С-400

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«С-400»

Пускавая ўстаноўка на шасі «МЗКЦ-7930» (2022 год)
Тып зэнітны ракетны комплекс
Краіна паходжаньня Расея
Гісторыя выкарыстаньня
Пэрыяд выкарыстаньня з 28 красавіка 2007 (16 гадоў таму)
Выкарыстаньне Беларусь, Індыя, Кітай, Расея, Турэччына
Войны Грамадзянская вайна ў Сырыі, расейскае ўварваньне ва Ўкраіну
Гісторыя вытворчасьці
Канструктар Аляксандар Ляманскі
Дата стварэньня 1999 (25 гадоў таму)
Вытворца «Алмаз-Антэй»
Кошт адзінкі 650 млн даляраў (2022 год)
Вытворчасьць зь 2007 году
Адзінак створана 556 пускавых установак (2022 год )
Характарыстыкі
Даўжыня 12 669 мм[1]
Шырыня 3070 мм
Вышыня 3025 мм
Дыямэтар 519 мм (ракета)
Экіпаж 3

Асноўнае ўзбраеньне ракета 40Н6Е
Рухавік 8-цыліндравы, V-падобны
368 кіляват (500 к.с.)
Ёмістасьць загрузкі 22,2 тоны
Трансьмісія аўтаматычная
Падвеска 4-восевая, незалежная, тарсійная
Дарожны прасьвет 40 см
Ёмістасьць баку 2х385 літраў
Практычная далёкасьць 1000 км (цягач)/400 км (ракета)
Вышыня палёту 27 км
Хуткасьць 60 км/гадз (цягач)/ 4800 м/с (ракета)
Сыстэма кіраваньня пульт
Сыстэма стырнавога кіраваньня гідраўлічны ўзмацняльнік, зьлева, 1 і 2 масты
Дакладнасьць адхіленьне да 30 мэтраў
Плятформа запуску шасі «МЗКЦ-7930»

«С-400» — зэнітны ракетны комплекс, распрацаваны ў Расеі ў 1999 годзе і прыняты на ўзбраеньне ў 2007 годзе.

Працаваў на шасі «МЗКЦ-543», якое вырабляў «Менскі завод колавых цягачоў»[2], а таксама на шасі «МЗКЦ-7930». Саму ракету распрацаваў і вырабляў расейскі канцэрн «Алмаз-Антэй». Далечыня яе палёту сягала 400 км для паражэньня мэтаў на вышыні некалькіх кілямэтраў[3]. На 2022 год ЗРК «С-400» з 4-х адзінак тэхнікі каштаваў каля 650 млн даляраў[4].

Склад і ўласьцівасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зэнітны ракетны комплекс «С-400» меў далечыню выяўленьня мэтаў да 600 км пры адначасным суправаджэньні да 300 іх трасаў. Найбольшая хуткасьць паражэньня складала 4800 м/с пры адначасным абстрэле да 36 мэтаў і навядзеньні да 72-х ракетаў. Далечыня паражэньня паветранай рухомай мэты складала ад 3-х да 250 км, а вышыня — ад 10 мэтраў да 27 км. Далечыня паражэньня тактычных балістычных мэтаў складала ад 5 да 60 км, а вышыня — ад 2-х да 27 км. Хуткасьць перамяшчэньня сваім ходам дасягала 60 км/гадз. па асфальтаванай дарозе, да 40 км/гадз. — па грунтовай дарозе і да 25 км/гадз. — па перасечаным бездаражы. Час разгортваньня з паходнага стану складаў 5 хвілінаў, а прывядзеньня ў баявую гатоўнасьць — яшчэ 3 хвіліны. Адна ўстаноўка магла адначасна абстрэльваць да 6 мэтаў. Тэрмін службы зэнітных кіраваных ракетаў складаў 15 гадоў, а наземных сродкаў — 20 гадоў з напрацоўкай да 10 000 гадзінаў да капітальнага рамонту[5].

Дывізіён «С-400» улучаў: пункт баявога кіраваньня з радыялякацыйным комплексам выяўленьня, да 6 ЗРК з радарам пры кожным і да 12 пускавых установак з ракетамі, усевышынны радар і перасоўную вышку для антэннага паста[5].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Са студзеня 1999 году па травень 2003-га на палігоне Капусьцін Яр у Астраханскай вобласьці Расеі праводзілі выпрабаваньні ЗРК «С-400». 28 красавіка 2007 году ўрад Расеі ўхваліў пастанову аб прыняцьці ЗРК на ўзбраеньне расейскага войска. 6 жніўня 2007 году першы дывізіён і камандны пункт заступілі на баявое дзяжурства ў Маскоўскай вобласьці[5].

Усевышынны выяўляльнік на шасі «МЗКЦ-7930» (2011 год)

На студзень 2008 году Ўзброеныя сілы Расеі ладзілі досьледнае выкарыстаньне зэнітных ракетных комплексаў «С-400» у войсках супрацьпаветранай абароны[6]. На вучэньні «Захад-2009» у Беларусь прывезьлі расейскі ЗРК «С-400», каб адпрацаваць сумесную супрацьпаветраную абарону[7]. На 2012 год для прыкрыцьця «С-400» на блізкай адлегласьці выкарыстоўвалі ЗРК «Тор»[8]. У верасьні 2013 году С-400 «Трыюмф» скарысталі на сумесных вучэньнях «Баявая садружнасьць», якія правялі на палігоне Ашулук у Астраханскай вобласьці з удзелам вайскоўцаў зь Беларусі, Казахстану, Кыргыстану і Таджыкістану[9]. На лістапад 2014 году Ўзброеныя сілы Расеі мелі на баявым дзяжурстве 16 дывізіёнаў «С-400» па 8 пускавых установак у кожным. Далёкасьць агню «С-400» складала 240 км пры магчымасьці абстрэльваць 36 цэляў адначасна. 27 лістапада Міністэрства абароны Расеі заключыла з войскам Кітаю кантракт на пастаўку 5 дывізіёнаў «С-400» за больш як 3 млрд даляраў[10].

Транспартна-зараджальная машына (2017 год)

30 лістападзе 2015 году «С-400» разгарнулі на расейскай базе Хмэймім у Сырыі[11]. 12 жніўня 2016 году 4-я армія ВПС і СПА Расеі (Растоў-на-Доне) даставіла С-400 «Трыюмф» у захоплены ва Ўкраіны Крым, дзе разьмясьцілі яе зэнітны ракетны полк. ЗРК прызначаўся для ўдзелу ў вучэньнях «Каўказ-2016»[12]. 14 студзеня 2017 году той С-400 «Трыюмф» заступіў на баявое дзяжурства пад Тэадосіяй[13]. Папярэдне ўвосень 2016 году С-400 разьмясьцілі ў Калінінградзкай вобласьці[14].

25 ліпеня 2017 году турэцкі прэзыдэнт Рэджэп Эрдаган заявіў пра падпісаньне пагадненьня аб пастаўцы ЗРК «С-400» з Расеі. Сума пагадненьня складала 2,5 млрд даляраў[15]. 29 жніўня 2018 году расейскія войскі разгарнулі ў акупаваным Крыму 4-ы дывізіён ЗРК «С-400», чые разьлікі заступілі на баявое дзяжурства ў Джанкоі за 30 км ад Херсонскай вобласьці Ўкраіны[16]. 12 чэрвеня 2019 году турэцкі прэзыдэнт Эрдаган паведаміў пра заключэньне ўгоды аб аплаце «С-400» для пачатку дастаўкі ў ліпені[17]. 12 ліпеня Міністэрства абароны Турэччыны паведаміла пра пачатак пастаўкі па прылёце трох грузавых самалётаў на авіябазу Мюртэд. 16 ліпеня прыляцеў 11-ы самалёт. Пастаўку мелі завяршыць да красавіка 2020 году[18]. У кастрычніку 2019 году прайшлі сумесныя паветраныя вучэньні ўзброеных сілаў Расеі і Сэрбіі, падчас якіх разгарнулі «С-400»[19].

Разьлік «С-400» за працай (2021 год)

У верасьні 2021 году ў Гарадзенскім раёне Беларусі «С-400» заступілі на баявое дзяжурства пад расейскім кіраўніцтвам у рамках старэньня цэнтру сумеснай падрыхтоўкі[20]. 24 студзеня 2022 году ў Беларусь прыбылі 2 расейскія дывізіёны ЗРК «С-400» для ўдзелу ў вучэньнях «Саюзная рашучасьць-2022»[21]. 3 лютага іх накіравалі на палігон у Берасьцейскай вобласьці[22]. 4 лютага амэрыканскае спадарожнікавае прадпрыемства «Максар Тэхналёгіі» (штат Каларада) зрабіла фота ЗРК «С-400» на лётнішчы «Лунінец» каля беларуска-ўкраінскай мяжы[23]. 7 лютага падразьдзяленьні С-400 «Трыумф» з Далёкага Ўсходу Расеі заступілі на баявое дзяжурства ў складзе Адзінай рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны Беларусі і Расеі[24].

19 траўня 2022 году А. Лукашэнка заявіў пра набыцьцё «С-400» для Ўзброеных сілаў Беларусі[25]. 24 траўня Радыё «Свабода» паведаміла пра знаходжаньне па расейскім дывізіёне «С-400» на вайсковым лётнішчы «Зябраўка» на поўдні Гомельскага раёну і на пляцоўцы каля вёскі Прудок на захад ад Мазыра[26]. 14 ліпеня 2022 году прайшла першая трэніроўка дзяжурных сілаў СПА Беларусі з удзелам вайскоўцаў сумеснага навучальна-баявога цэнтру і разьлікаў «С-400»[27]. 27 жніўня Галоўная ўправа выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведаміла, што разьмешчаныя ў Беларусі расейскія «С-400» прыкрывалі бамбавікі «Ту-22М3», якія наносілі паветраныя ўдары крылатымі ракетамі па Ўкраіне[28]. 26 кастрычніка расейскі генэрал Андрэй Гурулёў, які быў дэпутатам Дзяржаўнай думы Расеі, прызнаў, што расейскія войскі пачалі страляць з «С-400» па наземных мэтах ва Ўкраіне з адхіленьнем да 30 мэтраў[29].

19 сьнежня 2022 году А. Лукашэнка паведаміў: «Мы сёньня паставілі на баявое дзяжурства комплекс С-400»[30].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Шасі МЗКЦ-7930-300 // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 25 лютага 2023 г.
  2. ^ Андрэй Крывашэеў. Прэзыдэнт наведаў «Менскі завод колавых цягачоў» // Белтэлерадыёкампанія, 14 жніўня 2015 г. Праверана 25 лютага 2023 г.
  3. ^ Расея разьмесьціць на тэрыторыі Сырыі зэнітныя комплексы С-400 // Беларуская служба Радыё «Свабода», 25 лістапада 2015 г. Праверана 25 лютага 2023 г.
  4. ^ Якія сумесныя з расейцамі навучальныя вайсковыя цэнтры ўжо ёсьць у Беларусі і чым яны займаюцца // Беларуская служба Радыё «Свабода», 3 лістапада 2022 г. Праверана 25 лютага 2023 г.
  5. ^ а б в Зэнітны ракетны комплекс С-400 «Трыюмф» (рас.) // Расейскае інфармацыйнае агенцтва «Навіны», 5 кастрычніка 2018 г. Праверана 25 лютага 2023 г.
  6. ^ БелаПАН. Беларусь купіць у Расеі комплекс С‑400 // Газэта «Наша ніва», 16 студзеня 2008 г. Праверана 25 лютага 2023 г.
  7. ^ МІ, АР. Безь «Вяйшнорыі», але з узброенымі бандамі // Беларуская служба Радыё «Свабода», 2 верасьня 2017 г. Праверана 25 лютага 2023 г.
  8. ^ Алег Грузьдзіловіч. Алесін: «З гэтых кітайскіх пазадарожнікаў можна пасьмяяцца» // Беларуская служба Радыё «Свабода», 3 ліпеня 2012 г. Праверана 25 лютага 2023 г.
  9. ^ На расейскім палігоне Ашулук завяршыліся сумесныя вучэньні «Баявая садружнасьць» // Белтэлерадыёкампанія, 12 верасьня 2013 г. Праверана 25 лютага 2023 г.
  10. ^ Аляксандар Гелагаеў. Расея прадае Кітаю супэрсучасныя ЗРК С–400 // Газэта «Наша ніва», 27 лістапада 2014 г. Праверана 25 лютага 2023 г.
  11. ^ Расейскія Су-34 у Сырыі ўзброіліся ракетамі «паветра-паветра» // Беларуская служба Радыё «Свабода», 30 лістапада 2015 г. Праверана 25 лютага 2023 г.
  12. ^ Расея даставіла ў Крым новую зэнітную сыстэму С-400 // Беларуская служба Радыё «Свабода», 12 жніўня 2016 г. Праверана 25 лютага 2023 г.
  13. ^ Расея і Ўкраіна правялі вайсковыя вучэньні на адлегласьці 400 кілямэтраў // Беларуская служба Радыё «Свабода», 14 студзеня 2017 г. Праверана 25 лютага 2023 г.
  14. ^ ЗША плянуюць часова размясціць ЗРК «Пэтрыёт» у Літве // Газэта «Новы час», 10 траўня 2017 г. Праверана 25 лютага 2023 г.
  15. ^ Эрдаган паведаміў пра набыцьцё ракетных комплексаў C-400 у Расеі // Газэта «Новы час», 25 ліпеня 2017 г. Праверана 25 лютага 2023 г.
  16. ^ Расея разьмясьціла ў Крыме ўжо чацьверты дывізіён С-400 // Беларуская служба Радыё «Свабода», 29 лістапада 2018 г. Праверана 25 лютага 2023 г.
  17. ^ Турэччына набыла ў Расеі ўстаноўкі С-400, нягледзячы на пратэст ЗША // Беларуская служба Радыё «Свабода», 13 чэрвеня 2019 г. Праверана 25 лютага 2023 г.
  18. ^ У МЗС Турцыі заявілі, што ракетныя комплексы С-400 не ўяўляюць пагрозы для НАТА / гал.рэд. Павал Сухарукаў // Зьвязда : газэта. — 17 ліпеня 2019. — № 132 (28999). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  19. ^ Сэрбія купіла расейскую зброю, ігнаруючы пагрозу санкцый ЗША // Беларуская служба Радыё «Свабода», 24 лютага 2020 г. Праверана 25 лютага 2023 г.
  20. ^ Інтэграцыя безь «зялёных чалавечкаў»: Лебядок — пра сустрэчу Пуціна і Лукашэнкі // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 10 верасьня 2021 г. Праверана 25 лютага 2023 г.
  21. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Сумесныя вучэньні Беларусі і Расеі «Саюзная рашучасьць - 2022» носяць абарончы характар // Белтэлерадыёкампанія, 24 студзеня 2022 г. Праверана 25 лютага 2023 г.
  22. ^ У Беларусь на вучэньні прыбыў расейскі зэнітны ракетны комплекс С-400 // Беларуская служба Радыё «Свабода», 3 лютага 2022 г. Праверана 25 лютага 2023 г.
  23. ^ «Ройтэрз» паказаў са спадарожніка войскі ў Беларусі ля мяжы з Украінай // Партал «Наша ніва», 7 лютага 2022 г. Праверана 25 лютага 2023 г.
  24. ^ Вераніка Канюта. Праціўнік — умоўны, задачы — рэальныя // Зьвязда. — 8 лютага 2022. — № 25 (29647). — С. 7.
  25. ^ Лукашэнка: Беларусь купіла ў Расеі «Іскандэры» і С-400 // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 19 траўня 2022 г. Архіўная копія ад 19 траўня 2022 г. Праверана 25 лютага 2023 г.
  26. ^ Страты Ўкраіны ад вайны ацэньваюцца ў 650 мільярдаў даляраў // Беларускае радыё «Рацыя», 24 траўня 2022 г. Праверана 25 лютага 2023 г.
  27. ^ Прайшлі вучэньні беларускіх ВПС і СПА з удзелам разьлікаў С-400 // Партал «Наша ніва», 15 ліпеня 2022 г. Праверана 25 лютага 2023 г.
  28. ^ Украінская выведка: «У Беларусі знаходзіцца каля тысячы расейскіх вайскоўцаў, пагроза ракетных удараў высокая» // Беларуская служба Радыё «Свабода», 27 жніўня 2022 г. Праверана 25 лютага 2023 г.
  29. ^ Расейскі генэрал прызнаў выкарыстаньне С-300 і С-400 па наземных цэлях // Партал «Наша ніва», 26 кастрычніка 2022 г. Праверана 25 лютага 2023 г.
  30. ^ Лукашэнка і Пуцін дамовіліся аб падрыхтоўцы экіпажаў самалётаў арміі Беларусі са спэцыфічнымі боепрыпасамі // БелТА, 19 сьнежня 2022 г. Праверана 25 лютага 2023 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]