Іскандэр (ракетны комплекс)
«Іскандэр» | |
---|---|
Транспартна-зараджальная машына зьлева і самаходная пускавая ўстаноўка (2016 год) | |
Тып | ракетны комплекс |
Краіна паходжаньня | Расея |
Гісторыя выкарыстаньня | |
Пэрыяд выкарыстаньня | зь 2006 году |
Выкарыстаньне | Альжыр, Армэнія, Беларусь, Расея |
Войны | расейскае ўварваньне ва Ўкраіну |
Гісторыя вытворчасьці | |
Канструктар | «Канструктарскае бюро машынабудаваньня» (Каломна) |
Дата стварэньня | 1999 (25 гадоў таму) |
Вытворца | «Воткінскі завод» (Удмуртыя) |
Кошт адзінкі | звыш 17 млн $ (2016 год) |
Вытворчасьць | зь 2006 году |
Адзінак створана | 186 (на 2023 год) |
Мадыфікацыі | «Іскандэр-М», «Іскандэр-Э» |
Характарыстыкі | |
Вага | 42 тоны |
Даўжыня | 12 669 мм[1] |
Шырыня | 3070 мм |
Вышыня | 3025 мм |
Дыямэтар | 920 мм (ракета) |
Экіпаж | 3 |
Асноўнае ўзбраеньне | ракета Р-500 |
Рухавік | 8-цыліндравы, V-падобны 368 кіляват (500 к.с.) |
Магутнасьць/вага | 11,9 к.с./тона |
Ёмістасьць загрузкі | 22,2 тоны |
Трансьмісія | аўтаматычная |
Падвеска | 4-восевая, незалежная, тарсійная |
Дарожны прасьвет | 40 см |
Ёмістасьць баку | 2х385 літраў |
Практычная далёкасьць | 1000 км (цягач)/500 км (ракета) |
Вышыня палёту | 50 км |
Хуткасьць | 75 км/гадз (цягач)/ 2100 м/с (ракета) |
Сыстэма кіраваньня | пульт |
Сыстэма стырнавога кіраваньня | гідраўлічны ўзмацняльнік, зьлева, 1 і 2 масты |
Дакладнасьць | адхіленьне да 9 мэтраў |
Плятформа запуску | шасі «МЗКЦ-7930» |
«Іскандэр» — апэратыўна-тактычны ракетны комплекс, створаны ў жніўні 1999 году ў Расеі.
Ракеты АТРК «Іскандэр» кіраваліся цягам усяго палёту да вышыні 50 км. У выніку ракета выконвала манэўры зь перагрузкай ад 20 да 30 сілаў цяжару адразу пасьля пуску і пра падыходзе да мэты паражэньня. Прыканцы палёту ракета стварала шумы і выкідвала хлусьлівыя мэты дзеля перашкоды аглядным радарам супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны[2]. Кожная пускавая ўстаноўка «Іскандэр» магла ажыцьцявіць пуск 2-х ракетаў[3]. Шасі для ракетнага комплексу вырабляў «Менскі завод колавых цягачоў». На 2016 год брыгада «Іскандэраў» у складзе 12 пускавых установак каштавала звыш 200 млн даляраў[4]. Далёкасьць дзеяньня ракеты пад «Іскандэр-М» складала 500 км, а пад «Іскандэр-Э», што пастаўлялася за мяжу, — 280 км[5]. Хуткасьць цяжкавіка «МЗКЦ» з пускавой устаноўкай «Іскандэр» дасягала 75 км/гадзіна[6]. Пуск ракетаў ажыцьцяўлялі з задняй часткі мадыфікаванага кузава цяжкавіка з дакладнасьцю да 9 мэтраў[7]. На 2022 год цана ракеты для «Іскандэра» складала 3 млн даляраў[8]. Адпаведная крылатая ракета наземнага базаваньня мела найменьне 9М728 (Р-500)[9]. Вага камплекту з 2-х ракетаў перавышала 7 тонаў[10]. На 2022 год «Воткінскі завод» (Удмуртыя) мог вырабляць да 6 ракетаў за месяц[11].
Склад і прызначэньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2023 год ракетны комплекс «Іскандэр» улучаў 6 машынаў: самаходную пускавую ўстаноўку, транспартна-зараджальную машыну, камандна-штабную машыну, машыну рэглямэнту і тэхнічнага абслугоўваньня, пункт падрыхтоўкі інфармацыі і машыну жыцьцезабесьпячэньня. Для ракетнага комплексу «Менскі завод колавых цягачоў» вырабляў шасі «МЗКЦ-7930», на якім машыны разьвівалі хуткасьць па бездаражы да 75 км за гадзіну. «Іскандэр» прызначаўся для паражэньня ў полі баявых дзеяньняў 8 відаў мэтаў: скапленьня вайсковай тэхнікі, дывізіённай артылерыі, вайсковай інфраструктуры, верталётаў і самалётаў на лётнішчы, вузлоў сувязі і камандных пунктаў, абсталяваньня супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны, а таксама караблёў і іншых ракетных комплексаў. Далечыня паражэньня складала 500 км[12].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2006 годзе ракетны комплекс «Іскандэр» упершыню паступіў на ўзбраеньне расейскага войска. У 2012 годзе на ўзбраеньне паставілі яго мадэрнізаваныя ўзоры[7]. На чэрвень 2013 году ракетныя комплексы «Іскандэр-М» разьмясьцілі ў Паўднёвай вайсковай акрузе Расеі[2]. 19—25 верасьня 2014 году ва Ўсходняй вайсковай акрузе Расеі правялі стратэгічныя камандна-штабныя вучэньні «Ўсход-2014», падчас якіх упершыню зладзілі навучальна-баявыя пускі ракетаў АТРК «Іскандэр-М». Прывядзеньне ў баявую гатоўнасьць заняло 20 хвілінаў. Мэты паразілі на адлегласьці звыш 200 км[13].
На сакавік 2016 году Ўзброеныя сілы Расеі разгарнулі АТРК «Іскандэр-М» на авіябазе Хмэймім, што ў сырыйскай вобласьці Лятакія[3]. На кастрычнік 2016 году ракетныя комплексы «Іскандэр-М» разьмясьцілі ў Калінінградзкай вобласьці. Далёкасьць дзеяньня іх крылатых ракетаў дасягала 500 км[14].
2 лютага 2019 году ўрад ЗША прыпыніў выкананьне амэрыкана-савецкай Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці. Прычынай паслужыла стварэньне ў Расеі крылатай ракеты 9M729 для АТРК «Іскандэр». Канчатковы выхад з Дамовы адбыўся 2 жніўня 2019 году[15]. 22 лістапада 2019 году на палігоне Капусьцін Яр у Астраханскай вобласьці ракетнае злучэньне Заходняй вайсковай акругі Расеі атрымала брыгадны камплект АТРК «Іскандэр». Камплект налічваў звыш 20 пускавых установак, транспартна-зарадных і камандна-штабных машынаў. Пасьля гэтага ўсе ракетныя злучэньні Сухаземных войскаў Расеі аснасьцілі «Іскандэрамі»[16].
13 красавіка 2021 году Ўзброеныя сілы Азэрбайджану выявілі абломкі ракетаў ад «Іскандэра-М» пры разьмінаваньні горада Шуша ў Нагорным Карабаху. Гэта сьведчыла пра атрыманьне Ўзброенымі сіламі Армэніі адпаведных ракетаў з далёкасьцю дзеяньня на 500 км[5]. На лістапад 2021 году «Іскандэры» стаялі ў Калінінградзкай вобласьці і на ўзбраеньні 1-й танкавай арміі ў Маскоўскай вобласьці (Адзінцова)[6].
Да 20 студзеня 2022 году Ўзброеныя сілы Расеі разьмясьцілі 36 АТРК «Іскандэр» на мяжы з Украінай, у тым ліку ў Беларусі[7]. 3 лютага 2022 году генсакратар Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы Енс Стольтэнбэрг заявіў, што ў Беларусь перакінулі каля 30 000 расейскіх вайскоўцаў з узбраеньнем, што ўлучала ракетныя комплексы «Іскандэр»[17]. 10 лютага «Іскандэр-М» разгарнулі ў Беларусі на пачатку беларуска-расейскіх вучэньняў «Саюзная рашучасьць-2022»[18]. Яго прывезьлі з Усходняй вайсковай акругі Расеі[19] са складу 103-й ракетнай брыгады (Улан-Удэ)[20]. 17 лютага падчас вучэньняў на Асіпавіцкім палігоне ў Магілёўскай вобласьці ўтварылі сумесную групоўку ракетных дывізіёнаў РСЗА «Палянэз» і АТРК «Іскандэр»[21].
19 траўня 2022 году А. Лукашэнка заявіў: «Мы дамовіліся з Пуціным. Мы купілі ў вас патрэбную нам колькасць гэтых «Іскандэраў», С-400, узброілі нашую армію»[22]. 24 траўня Генэральны штаб Узброеных сілаў Украіны паведаміў пра разьмяшчэньне расейскага дывізіёну АТРК «Іскандэр-М» у Лунінецкім раёне (Берасьцейская вобласьць) Беларусі за 50 км ад беларуска-ўкраінскай мяжы[23]. На ліпень 2022 году расейскае войска атрымала пад вайсковую базу лётнішча Зябраўка ў Гомельскім раёне Беларусі, дзе разьмясьціла дывізіён АТРК «Іскандэр-М» і дывізіён С-400[24].
14 кастрычніка 2022 году міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў паведаміў, што ў выніку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў расейскага войска на фронце засталося 124 зь 900 ракетаў «Іскандэр», назапашаных да пачатку вайны[25]. 24 лістапада экспэрты Каралеўскага аб'яднанага інстытуту абаронных дасьледаваньняў (Ангельшчына) Джасьцін Бронк і Джэк Ўотлінг падлічылі, што за 9 месяцаў вайны расейскія войскі выдаткавалі каля 450 зь 900 ракетаў «Іскандэр» (у сярэднім па 50 за месяц). Частка застаўшыхся ракетаў знаходзілася ў Калінінградзкай вобласьці і ў складзе сілаў стрымліваньня на мяжы краінаў-удзельніц АПАД[11].
19 сьнежня 2022 году Ўзброеныя сілы Беларусі паставілі «Іскандэр» на баявое дзяжурства[26]. Разьлікі ўкамплектавалі вайскоўцамі-кантрактнікамі, якія прайшлі навучаньне ў Вайскова-касьмічнай акадэміі імя Аляксандра Мажайскага ў Санкт-Пецярбургу (Расея), а практычную падрыхтоўку — на Асіпавіцкім палігоне (вёска Цэль, Пратасевіцкі сельсавет)[27].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Шасі МЗКЦ-7930-300 // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 4 лютага 2023 г.
- ^ а б Аляксандар Алесін, «Беларускія навіны». Расея падсоўвае «Іскандэры» да заходніх межаў // Газэта «Наша ніва», 24 чэрвеня 2013 г. Праверана 4 лютага 2023 г.
- ^ а б Tut.by. СМІ: устаноўкі «Іскандэр-М» выяўленыя ў Сырыі ізраільскім спадарожнікам // Газэта «Новы час», 8 студзеня 2017 г. Праверана 4 лютага 2023 г.
- ^ «Беларускія навіны». Масква ня хоча аддаваць «Іскандэры» у беларускія рукі // Газэта «Новы час», 5 чэрвеня 2016 г. Праверана 4 лютага 2023 г.
- ^ а б «РасБізнэсКансалтынг». СМІ: устаноўкі «Іскандэр-М» выяўленыя ў Сырыі ізраільскім спадарожнікам // Партал «Наша ніва», 20 красавіка 2021 г. Праверана 4 лютага 2023 г.
- ^ а б ДзяржСМІ: У Беларусі ўжо ёсьць «Іскандэры» // Партал «Наша ніва», 16 лістапада 2021 г. Праверана 4 лютага 2023 г.
- ^ а б в Джэк Дэч, часопіс «Замежная палітыка» (ЗША). Крылатыя ракеты з «Іскандэраў» // Партал «Наша ніва», 25 лютага 2022 г. Праверана 4 лютага 2023 г.
- ^ Украінцы за вечар зьбілі расейскіх ракет на 91 мільён даляраў — «Форбс» // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 3 жніўня 2022 г. Праверана 4 лютага 2023 г.
- ^ «Інсайдэр». ІТ-забойцы // Партал «Наша ніва», 25 кастрычніка 2022 г. Праверана 4 лютага 2023 г.
- ^ Валянцін Васіленка. Беларуская вайсковая прамысловасць выкарыстоўваецца супраць Украіны // Тэлеканал «Белсат», 14 лістапада 2022 г. Праверана 4 лютага 2023 г.
- ^ а б Газэта «Маскоўскі час». «Страты неаднаўляльныя» // Партал «Наша ніва», 24 лістапада 2022 г. Праверана 4 лютага 2023 г.
- ^ Алег Някала, агенцтва «Ваяр». Сардэчна запрашаем у строй, «Іскандэр» // Міністэрства абароны Беларусі, 1 лютага 2023 г. Праверана 4 лютага 2023 г.
- ^ «Інтэрфакс». Расея запусьціла ракеты «Іскандэр-М» - праводзіць вучэньні // Газэта «Наша ніва», 20 верасьня 2014 г. Праверана 4 лютага 2023 г.
- ^ Прэзыдэнтка Літвы: разьмяшчэньне «Іскандэраў» пад Калінінградам — чарговы агрэсіўны крок Расеі // Беларуская служба Радыё «Свабода», 18 кастрычніка 2016 г. Праверана 4 лютага 2023 г.
- ^ ДД. ЗША пачынаюць выхад з дамовы аб ракетах сярэдняй і малой дальнасьці // Тэлеканал «Белсат», 17 студзеня 2019 г. Праверана 4 лютага 2023 г.
- ^ Расейскае войска пераўзброілі ракетнымі комплексамі «Іскандэр» // Партал «Наша ніва», 22 лістапада 2019 г. Праверана 4 лютага 2023 г.
- ^ Радыё «Нямецкая хваля». У НАТО заявілі пра перакідваньне ў Беларусь 30 тысяч салдат Расеі // Газэта «Новы час», 3 лютага 2022 г. Праверана 4 лютага 2023 г.
- ^ Вучэньні «Саюзная рашучасьць – 2022» афіцыйна стартавалі, на іх разгарнулі «Іскандэр-М» // Беларуская служба Радыё «Свабода», 10 лютага 2022 г. Праверана 4 лютага 2023 г.
- ^ Вучэньні працягваюцца: зьнішчальнікі Су-30СМ правялі палёты ў складаных умовах // Радыё «Спадарожнік», 14 лютага 2022 г. Праверана 4 лютага 2023 г.
- ^ Ці магчымае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну // Партал «Наша ніва», 13 лютага 2022 г. Праверана 4 лютага 2023 г.
- ^ Лукашэнка азнаёміўся зь дзеяньнем сумеснай групоўкі «Палянэзаў» і «Іскандэраў» // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 17 лютага 2022 г. Праверана 4 лютага 2023 г.
- ^ Лукашэнка: Беларусь купіла ў Расеі «Іскандэры» і С-400 // БелТА, 19 траўня 2022 г. Архіўная копія ад 19 траўня 2022 г. Праверана 4 лютага 2023 г.
- ^ Украінскі Генштаб паведамляе пра перакінуты на Берасьцейшчыну дывізіён «Іскандэраў» // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 24 траўня 2022 г. Праверана 4 лютага 2023 г.
- ^ Канстанцін Катышаў, часопіс «Карэспандэнт» (Украіна). Беларускі аэрадром — цяпер пад поўным кантролем Расеі // Партал «Новы час», 7 ліпеня 2022 г. Праверана 4 лютага 2023 г.
- ^ Руслан Ігнатовіч. 233-і дзень поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны // Тэлеканал «Белсат», 14 кастрычніка 2022 г. Праверана 4 лютага 2023 г.
- ^ Лукашэнка і Пуцін дамовіліся аб падрыхтоўцы экіпажаў самалётаў арміі Беларусі са спэцыфічнымі боепрыпасамі // БелТА, 19 сьнежня 2022 г. Праверана 4 лютага 2023 г.
- ^ Далёкасьць трапляньня да 500 км і непаражальнасьць для ППА // БелТА, 1 лютага 2023 г. Архіўная копія ад 1 лютага 2023 г. Праверана 4 лютага 2023 г.
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |