Перайсьці да зьместу

Узброеныя сілы Расеі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «УС РФ»)
Узброены сілы Расеі
рас. Вооружённые силы России
Дата заснаваньня 7 траўня 1992 (32 гады таму)
Падразьдзяленьні Сухаземныя войскі[1][2], Паветрана-касьмічныя сілы і Вайскова-марскі флёт
Штаб-кватэра Масква, Цэнтральная адміністрацыйная акруга, раён Хамоўнікі, Фрунзэнская наб., д. 22/2[3]
Камандаваньне
Галоўнакамандуючы Уладзімер Пуцін
Міністар абароны Сяргей Шайгу
Начальнік штаба абароны Валеры Герасімаў[4]
Вайсковыя сілы
Прызыўны ўзрост 18—27 гадоў
Прызыў на
вайсковую службу
на 12 месяцаў
Занятыя ў войску 2 039 758 (2022 год)
Рэгулярныя войскі 1 150 628 (2022 год)
Запас 2 млн (2021 год)
Фінансавыя зьвесткі
Бюджэт 981 млрд рас.руб (2021 год)[5]
Адсоткі СНП 0,75 % (2021 год)
Прамысловасьць
Унутраныя пастаўшчыкі «Аб'яднаная авіябудаўнічая карпарацыя», «Алмаз-Антэй», «Верталёты Расеі», «Калашнікаў», «Паўночная верф», «Уралвагонзавод»
Замежныя пастаўшчыкі «Менскі завод колавых цягачоў» (Беларусь)
Гадавы экспарт 19 млрд $ (2018 год)
Дататковыя зьвесткі
Званьні 20: шараговец
яфрэйтар
малодшы сяржант
сяржант
старэйшы сяржант
старшыня
прапаршчык
старэйшы прапаршчык
малодшы лейтэнант
лейтэнант
старэйшы лейтэнант
капітан
маёр
падпалкоўнік
палкоўнік
генэрал-маёр
генэрал-лейтэнант
генэрал-палкоўнік
генэрал арміі
маршал[6]

Узброены сілы Расеі — дзяржаўная вайсковая арганізацыя Расеі, заснаваная ў траўні 1992 году.

На 2022 год улучалі 3 віды ўзброеных сілаў: Сухаземныя войскі, Паветрана-касьмічныя сілы (ПКС) і Вайскова-марскі флёт (ВМФ)[7]. Таксама існавала 2 самастойныя роды войскаў: Ракетныя войскі стратэгічнага прызначэньня (РВСП) і Паветрана-дэсантныя войскі (ПДВ)[8]. Паводле Канстытуцыі Расеі 1993 году, прэзыдэнт Расеі прызначаў і вызваляў ад пасадаў найвышэйшае камандаваньне Ўзброеных сілаў Расеі (артыкул 83), а таксама быў вярхоўным галоўнакаманднікам Узброенымі сіламі (артыкул 87)[9]. Згодна са 102-м артыкулам Канстытуцыі да вядзеньня Рады Фэдэрацыі Расеі адносілася рашэньне пытаньня аб магчымасьці выкарыстаньня Ўзброеных сілаў за межамі Расеі[10]. У 24-м артыкуле Закону 2020 году «Аб Урадзе Расейскай Фэдэрацыі» прадугледжвалася, што урад Расеі ладзіць аснашчэньне Ўзброеных сілаў узбраеньнем і вайсковай тэхнікай, а таксама іх забесьпячэньне матэрыяльнымі сродкамі і паслугамі[11]. Паводле 1-га артыкула Закону 1999 году «Аб вайсковых судах Расейскай Фэдэрацыі», судовую ўладу ва Ўзброеных сілах ажыцьцяўлялі акружныя і гарнізонныя вайсковыя суды, якія стваралі паводле тэрытарыяльнага прынцыпу ў месцах разьмяшчэньня вайсковых часьцей і ўстановаў[12].

Віды і роды войскаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2022 год Сухаземныя войскі Расеі мелі ўласнае Галоўнае камандаваньне і ўлучалі 8 радоў войскаў: 1) Мотастралковыя, 2) Танкавыя войскі, 3) Ракетныя войскі і артылерыю (РВА), 4) Войскі супрацьпаветранай абароны (ВСПА), 5) Выведвальныя злучэньні і вайсковыя часьці, 6) Інжынэрныя войскі, 7) Войскі радыяцыйнай, хімічнай і біялягічнай абароны (Войскі РХБА), 8) Войскі сувязі[13]. Паветрана-касьмічныя сілы Расеі таксама мелі ўласнае Галоўнае камандаваньне і налічвалі 3 роды войскаў: Вайскова-паветраныя сілы (ВПС), Касьмічныя войскі і Войскі супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны (Войскі СПСРА)[14]. Вайскова-марскі флёт Расеі меў Галоўнае камандаваньне і 5 радоў войскаў: 1) Берагавыя войскі, 2) Надводныя сілы, 3) Падводныя сілы, 4) Марскую авіяцыю, 5) Аб’яднаньне флёту[15].

Ракетныя войскі стратэгічнага прызначэньня Расеі мелі ўласнае Галоўнае камандаваньне і ўлучалі:

Паветрана-дэсантныя войскі Расеі мелі ўласнае Камандаваньне і складаліся з:

Паветрана-касьмічныя сілы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Зьнішчальнік «Су-30» на лётнішчы Домна (Забайкальскі край, 2015 год)

На 2022 год Вайскова-паветраныя сілы Расеі мелі ўласнае Камандаваньне і ўлучалі:

Касьмічныя войскі Расеі мелі ўласнае Камандаваньне і зьмяшчалі ў сваім складзе: 15-ю армію асаблівага прызначэньня (Красназнаменск, Маскоўская вобласьць), 1-ы выправабальны касмадром «Плясецк» (Мірны, Архангельская вобласьць) і Вайскова-касьмічную акадэмію імя Аляксандра Мажайскага (Санкт-Пецярбург). Сярод іншага, 15-я армія ўлучала 3 галоўныя цэнтры: 153-і Галоўны выпрабавальны касьмічны цэнтар імя Германа Цітова (ГВКЦ; Красназнаменск), 820-ы Галоўны цэнтар папярэджаньня пра ракетны напад (ГЦПРН; Сонечнагорск-7, Маскоўская вобласьць) і 821-ы Галоўны цэнтар выведкі касьмічнай абстаноўкі (ГЦВКА; Нагінск-9, Маскоўская вобласьць)[19]. Пры гэтым, зь 2003 году ГЦПРН выкарыстоўваў радыётэхнічны вузел «Баранавічы» ў Клецкім раёне Беларусі.

Войскі супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны Расеі мелі ўласнае Камандаваньне і ўлучалі: 1-ю армію асаблівага прызначэньня (Балашыха, Маскоўская вобласьць) ў складзе 3-х дывізіяў супрацьпаветранай абароны (4-ю, 5-ю і 9-ю), а таксама 2 найвышэйшыя навучальныя ўстановы — Вайсковую акадэмію паветрана-касьмічнай абароны імя Георгія Жукава (Цьвер) і Яраслаўскую найвышэйшую вайсковую вучэльню супрацьпаветранай абароны[20].

Вайскова-марскі флёт

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
«Кемлівы» карвэт у Кранштаце (2017 год)

На 2022 год Берагавыя войскі Расеі ўлучалі 2 роды войскаў: берагавыя ракетна-артылерыйскія войскі і марскую пяхоту[21]. Аб’яднаньне флёту Расеі мела ў сваім складзе 4 фляты: Паўночны (Севераморск, Мурманская вобласьць), Балтыйскі (Калінінград), Чарнаморскі (Севастопаль, Украіна) і Ціхаакіянскі (Уладзівасток), а таксама Касьпійскую флятылію (Астрахань)[22].

Падлодка «Аляксандар Неўскі» з балістычнымі ракетамі (2016 год)

Паводле 4-га артыкула Фэдэральнага закону 1996 году «Аб абароне», прэзыдэнт Расеі:

  • аддае загад Узброеным сілам Расеі аб вядзеньні баявых дзеяньняў «у выпадках агрэсіі або непасрэднай пагрозы агрэсіі супраць Расейскай Фэдэрацыі, узьнікненьня ўзброеных канфліктаў, накіраваных супраць Расейскай Фэдэрацыі»;
  • зацьвярджае канцэпцыі і пляны будаўніцтва і разьвіцьця Ўзброеных сілаў Расеі, а таксама Плян прымяненьня і Мабілізацыйны плян Узброеных сілаў Расеі;
  • зацьвярджае адзіны пералік вайсковых пасадаў, якія падлягаюць замяшчэньня найвышэйшымі афіцэрамі ва Ўзброеных сілах Расеі і агульны лік вайсковых пасадаў, якія падлягаюць замяшчэньня палкоўнікамі (капітанамі 1-га ранку) ва Ўзброеных сілах;
  • зацьвярджае будову і склад Узброеных сілаў Расеі, штатную колькасьць вайскоўцаў і цывільнага пэрсаналу Ўзброеных сілаў;
  • ухваляе рашэньне аб разьмяшчэньні і перамяшчэньні Ўзброеных сілаў Расеі;
  • зацьвярджае агульнавайсковыя статуты і Статут вайсковай паліцыі Ўзброеных сілаў Расеі, палажэньні аб парадку праходжаньня вайсковай службы, вайсковых радах, вайсковых каміраыятах і вайскова-возьніцкім абавязку;
  • зацьвярджае палажэньні аб Міністэрства абароны Расеі і Генэральным штабе Ўзброеных сілаў Расеі;
  • зацьвярджае пляны разьмяшчэньня ў Расеі збудаваньняў зь ядзернымі зарадамі, а таксама збудаваньняў па ліквідацыі зброі масавага зьнішчэньня і ядзерных адкідаў;
  • вядзе перамовы і падпісвае міжнародныя дамовы аб удзеле Ўзброеных сілаў Расеі ў апэрацыях па падтрыманьні міру і міжнароднай бясьпекі;
  • выдае ўказы аб закліку грамадзянаў Расеі на вайсковую службу і вайсковыя зборы з пазначэньнем колькасьці закліканых грамадзянаў і іх разьмеркаваньня між Узброенымі сіламі Расеі[23].

Згодна з 6-м артыкулам Закону «Аб абароне» Ўрад Расеі:

  • ладзіць распрацоўку мабілізацыйных плянаў для задавальненьня патрэбаў дзяржавы і Ўзброеных сілаў Расеі;
  • ажыцьцяўляе нагляд за падрыхтоўкай самаходаў для перадачы Ўзброеным сілам;
  • вызначае ўмовы грашова-гаспадарчай дзейнасьці ўстановаў Узброеных сілаў[23].

Прызначэньне і камплектаваньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вайсковыя базы Расеі за мяжой (2019 год)

У 10-м артыкуле Закону «Аб абароне» згадвалася, што Ўзброеныя сілы Расеі прызначаюцца для «адбіцьця агрэсіі», накіраванай супраць Расеі, а таксама для «ўзброенай абароны цэласнасьці і недатыкальнасьці тэрыторыі» Расеі. Пагатоў, «дзеля абароны зацікаўленасьцяў» Расеі і яе грамадзянаў, «падтрыманьня міжнароднага міру і бясьпекі» фармаваньні Ўзброеных сілаў Расеі могуць апэратыўна выкарыстоўвацца за межамі Расеі «ў адпаведнасьці з агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права» і міжнароднымі дамовамі Расеі для:

  1. адбіцьця «ўзброенага нападу на фармаваньні Ўзброеных сілаў» Расеі за межамі Расеі;
  2. адбіцьця і прадухіленьня «ўзброенага нападу на іншую дзяржаву, якая зьвярнулася да Расейскай Фэдэрацыі з адпаведнай просьбай»;
  3. абароны грамадзянаў Расеі за межамі Расеі ад узброенага нападу на іх;
  4. змаганьня зь пірацтвам і забясьпячэньня бясьпекі дзяржавы[23].

Паводле 12-га артыкула Закону, камплектаваньне Ўзброеных сілаў Расеі ажыцьцяўляецца: 1) вайскоўцамі — шляхам закліку грамадзянаў Расеі вайсковую службу і шляхам добраахвотнага паступленьня грамадзянаў Расеі і замежных грамадзянаў на вайсковую службу; 2) фэдэральнымі дзяржаўнымі цывільнымі службоўцамі; 3) працаўнікамі[23].

Забесьпячэньне законнасьці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Згодна з 25-м артыкулам Фэдэральнага закону «Аб абароне» нагляд за законнасьцю ва Ўзброеных сілах Расеі ажыцьцяўляецца генэральным пракурорам Расеі і падначаленымі яму пракурорамі. Пры гэтым, Вайсковая паліцыя Ўзброеных сілаў Расеі бярэ ўдзел у забесьпячэньні законнасьці ва Ўзброеных сілах[23].

На 2022 год Сухаземныя войскі Расеі выкарыстоўвалі танкі «Т-72», «Т-80» і «Т-90», а таксама самаходныя супрацьтанкавыя гарматы «2С25», баявыя машыны пяхоты «БМП-1», «БМП-2» і «БМП-3», баявыя машыны дэсанта «БМД-1», «БМД-2», «БМД-3» і «БМД-4», бронетранспартэры «БТР-70», «БТР-80» і «БТР-82», бронеаўтамабілі ГАЗ-2975 «Тыгр» і «Івэка ЛМВ» (Італія), рэактыўныя сыстэмы залпавага агню «Град», «Ураган», «Сьмерч», «Тарнада», «Бураціна» і «Сонцапёк», ракетныя комплексы «Кропка» і «Іскандэр», сыстэмы супрацьпаветранай абароны «Бук», «Тор», «Панцыр», «С-300» і «С-400».

Стратэгічны бамбавік «Ту-160» (2018 год)

Паветрана-касьмічныя сілы Расеі мелі на ўзбраеньні зьнішчальнікі «МіГ-29», «МіГ-31», «Су-27», «Су-30» і «Су-35», франтавыя бамбавікі «Су-24» і «Су-34», штурмавікі «Су-25», далёкія і стратэгічныя бамбавікі-ракетаносцы «Ту-22», «Ту-95» і «Ту-160». У вайскова-транспартнай авіяцыі выкарыстоўвалі самалёты «Ан-22», «Ан-72», «Ан-124» і «Іл-76». Сярод іншага, на ўзбраеньні стаялі паветраныя танкеры «Іл-78», паветраныя камандныя пункты «Іл-80» і «Іл-96», радыёлякацыйныя самалёты «А-50». Таксама выкарыстоўвалі баявыя верталёты «Мі-8» і «Мі-24», «Мі-35» і «Мі-28», «Ка-50» і «Ка-52».

Вайскова-марскі флёт Расеі меў авіяносны крэйсэр «Адмірал Кузьняцоў», атамныя ракетныя крэйсэры праекту 1114 «Арлан» і ракетныя крэйсэры 1164 «Атлянт», вялікія фрэгаты праекту 1155, эсьмінцы праекту 956 «Сарыч», ахоўныя фрэгаты праектаў 11540, 1135, 1135М, 01090 і 11661К, карвэты праектаў 20380 «Вартаўнік» і 1124 «Альбатрос» і дэсантныя караблі праекту 775. У складзе падводных сілаў дзейнічалі тарпэдныя атамныя падлодкі праектаў 971 «Шчупак», 945 «Баракуда», 671 «Ёрш» і 877 «Палтус», а таксама атамныя падлодкі з крылатымі ракетамі праектаў 949 «Антэй» і 885 «Ясень», атамныя падлодкі з балістычнымі ракетамі праектаў 667БДРМ «Дэльфін» і 667БДР «Кальмар», 941 «Акула» і 955 «Барэй».

Танк «Т-72» на Кадамаўскім палігоне (Растоўская вобласьць, 2017 год)

Паводле 22-га артыкула Фэдэральнага закону 1998 году «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе», закліку на вайсковую службу падлягаюць грамадзяне мужчынскай плоці ў веку ад 18 да 27 гадоў, якія стаяць на вайсковым уліку і абавязаныя стаяць на вайсковым уліку, якія не знаходзяцца ў запасе. Згодна з 25-м артыкулам Закону заклік на вайсковую служба грамадзянаў, якія не знаходзяцца ў запасе, ажыцьцяўляецца 2 разы ў год зь 1 красавіка па 15 ліпеня і зь 1 кастрычніка па 31 сьнежня на падставе ўказаў прэзыдэнта Расеі. У 34-м артыкуле прадугледжвалася, што 1-ы кантракт аб праходжаньні вайсковай службы маглі заключаць грамадзяне ў веку ад 18 да 40 гадоў і замежныя грамадзяне ў веку ад 18 да 30 гадоў. Пры гэтым, кантракт маюць права заключаць:

  • вайскоўцы, у якіх сканчаецца папярэдні кантракт;
  • вайскоўцы, якія праходзяць вайсковую службу паводле закліку і атрымалі да закліку сярэднюю прафэсійную або найвышэйшую асьвету;
  • вайскоўцы, якія праслужылі прынамсі 3 месяцы паводле закліку;
  • грамадзяне ў запасе;
  • грамадзяне мужчынскай плоці не ў запасе, якія атрымалі сярэднюю прафэсійную або найвышэйшую асьвету;
  • грамадзянкі жаночай плоці не ў запасе[6].

Паводле 38-га артыкула Закону, тэрмін вайсковай службы для закліканых вайскоўцаў складаў 12 месяцаў. Згодна з 47-м артыкулам службовыя асобы Міністэрства абароны Расеі ў адпаведнай вайсковай часьці прысвойвалі вайсковыя годнасьці да палкоўніка ў войску і да капітана 1-га рангу ў флёце. Прэзыдэнт Расеі прысвойваў годнасьці найвышэйшых афіцэраў. Гранічны ўзрост знаходжаньня на вайсковай службе для жанчынаў складаў 45 гадоў, а для мужчынаў ў годнасьці ніжэй за палкоўніка і капітана 1-га рангу — 50 гадоў. Для палкоўніка і капітана 1-га рангу — 55 гадоў. Для генэрал-маёра і генэрал-лейтэнанта, контар-адмірала і віцэ-адмірала — 60 гадоў. Для генэрал-палкоўніка і генэрала арміі, адмірала і адмірала флёту, а таксама маршала — 65 гадоў[6].

Вайсковыя акругі Расеі (2020 год)

5 чэрвеня 2020 году расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін падпісаў Указ № 374 «Аб вайскова-адміністрацыйнам падзеле Расейскай Фэдэрацыі», якім ухваліў зь 1 студзеня 2021 году падзел на 4 вайсковыя акругі — Заходнюю (Санкт-Пецярбург), Паўднёвую (Растоў-на-Доне), Цэнтральную (Екацярынбург) і Ўсходнюю (Хабараўск), а таксама Паўночны флёт (Севераморск, Мурманская вобласьць)[24].

7 траўня 1992 году расейскі прэзыдэнт Барыс Ельцын падпісаў Укаў № 466 «Аб стварэньні Ўзброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі», паводле якога пастанавіў «улучыць у склад Узброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі органы вайсковага кіраваньня, аб'яднаньні, злучэньні, вайсковыя часьці, установы, арганізацыі, вайскова-навучальныя ўстановы былых Узброеных сілаў Саюзу ССР, разьмешчаныя на тэрыторыі Расеі, а таксама групоўкі войскаў і сілаў флёту за межамі Расейскай Фэдэрацыі, якія знаходзяцца пад яе юрысдыкцыяй». Пры гэтым, прадугледжвалася, што «Стратэгічныя сілы на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі ўваходзяць у склад Аб'яднаных узброеных сілаў Садружнасьці незалежных дзяржаваў. Паводле 3-га артыкула Ўказу, вызначылі, што кіраўніцтва Ўзброенымі сіламі Расеі ажыцьцяўляе прэзыдэнт Расеі — вярхоўны галоўнакамандуючы, а непасрэднае кіраваньне ўскласьці на 1-га намесьніка міністра абароны Расеі[25]. 23 траўня 1992 году міністар абароны Расеі Павал Грачоў падпісаў Загад № 16 «Аб складзе Ўзброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі», у якія ўвайшлі ўстановы Ўзброеных сілаў былога СССР на землях Расеі, а таксама войскі пад юрысдыкцыяй Расеі на землях Закаўскаскай вайсковай акругі (Тбілісі, Грузія), Заходняй (Вюнсфорф, Нямеччына), Паўночнай (Лягніца, Польшча) і Паўночна-Заходняй (Рыга, Латвія) груповак войскаў, Чарнаморскага флёту (Севастопаль, Украіна), Балтыйскі флёт (Калінінград), Касьпійскую флятылію (Астрахань), 14-ю гвардзейскую армію (Тыраспаль, Малдова), злучэньні, вайсковыя часьці, установы, прадпрыемствы і арганізацыі на землях Манголіі (Улан-Батар, 39-я армія), Кубы (Радыёэлектронны цэнтар у Люрдэсе) і іншых дзяржаваў[26].

У 1994—1996 гадох Узброеныя сілы Расеі бралі ўдзел у 1-й расейска-чачэнскай вайне. У 1999—2009 гадох адбылася Другая расейска-чачэнская вайна. У 2008 годзе іх задзейнічалі ў Грузіна-расейскай вайне за Паўднёвую Асэтыю. На 1 студзеня 2010 году Ўзброеныя сілы Расеі мелі 2504 ядзерных боезарадаў. На красавік 2012 году, паводле даведкі Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, у Расеі як дзяржаве-ўдзельніцы Праскай Дамовы аб захадах далейшага скарачэньня і абмежаваньня стратэгічных наступальных узбраеньняў 2010 году налічвалася 1492 разгорнутыя ядзерныя боегалоўкі, 494 апэратыўна разгорнутыя носьбіты ядзерных зарадаў, у тым ліку міжкантынэнтальныя балістычныя ракеты, цяжкія бамбавікі і балістычныя ракеты на падлодках, а таксама 881 пускавая ўстаноўка, у тым ліку неразгорнутая[27].

Падбіты ў Гастомелі (Кіеўская вобласьць, Украіна) расейскі бронетранспартэр (4 сакавіка 2022 г.)

Зь 2014 году Ўзброеныя сілы Расеі ўдзельнічаюць у Расейска-ўкраінскай вайне. У 2015 годзе распачалі ўмяшаньне ў Грамадзянскую вайну ў Сырыі. 17 лістапада 2017 году расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін падпісаў Указ № 555 «Аб усталяваньні штатнай колькасьці Ўзброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі», якая склала 1 902 758 чалавек, у тым ліку 1 013 628 вайскоўцаў[28].

25 жніўня 2022 году Пуцін падпісаў Указ аб павелічэньні штатнай колькасьці расейскага войска на 137 000 чалавек да 2 039 758, зь якіх 1 150 628 складалі вайскоўцы[29].

Начальнікі Генэральнага штабу

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. Віктар Дубынін (10 чэрвеня — 22 лістапада 1992)
  2. Міхаіл Калесьнікаў (22 лістапада 1992 — 18 кастрычніка 1996)
  3. Віктар Самсонаў (18 кастрычніка 1996 — 22 траўня 1997)
  4. Анатоль Квашнін (22 траўня 1997 — 19 ліпеня 2004)
  5. Юры Балуеўскі (19 ліпеня 2004 — 3 чэрвеня 2008)
  6. Мікалай Макараў (3 чэрвеня 2008 — 9 лістапада 2012)
  7. Валеры Герасімаў (ад 9 лістапада 2012 году)
  1. ^ Мікола Байкоў, Сьцяпан Некрашэвіч. сухаземны — сухопутный, континентальный // Беларуска-расейскі слоўнік. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925.
  2. ^ Мікола Байкоў, Андрэй Бараноўскі. сухопутный — сухаземны // Практычны беларускі вайсковы слоўнік / старш.кам. П. Валасноў. — Менск: Вайсковая камісія пры Інбелкульце, 1927. — (Беларуская навуковая тэрміналёгія).
  3. ^ Сувязныя зьвесткі (рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 2022 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
  4. ^ Кіраўніцтва (рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 2022 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
  5. ^ Фэдэральны закон ад 8 сьнежня 2020 г. № 385-ФЗ «Аб фэдэральным бюджэце на 2021 год і на плянавы пэрыяд 2022 і 2023 гадоў» (187 Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі) (рас.) // «КансультантПлюс», 8 сьнежня 2020 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
  6. ^ а б в Барыс Ельцын. Фэдэральны канстытуцыйны закон ад 28 сакавіка 1998 г. № 53-ФЗ «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе» (рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 21 кастрычніка 2021 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
  7. ^ Віды Ўзброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі (рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 2022 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
  8. ^ Роды войскаў (рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 2022 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
  9. ^ Глава 4. Прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі (рас.) // Партал «Канстытуцыя Расеі» («Гарант-Інтэрнэт»), 2022 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
  10. ^ Глава 5. Фэдэральны сход (рас.) // Партал «Канстытуцыя Расеі» («Гарант-Інтэрнэт»), 2022 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
  11. ^ Уладзімер Пуцін. Фэдэральны канстытуцыйны закон ад 6 лістапада 2020 г. № 4-ФКЗ «Аб Урадзе Расейскай Фэдэрацыі» (рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 18 кастрычніка 2021 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
  12. ^ Барыс Ельцын. Фэдэральны канстытуцыйны закон ад 23 чэрвеня 1999 г. № 1-ФКЗ «Аб вайсковых судах Расейскай Фэдэрацыі» (рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 18 кастрычніка 2021 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
  13. ^ Сухаземныя войскі (рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 2022 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
  14. ^ Паветрана-касьмічныя сілы (рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 2022 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
  15. ^ Вайскова-марскі флёт (рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 2022 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
  16. ^ Ракетныя войскі стратэгічнага прызначэньня (рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 2022 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
  17. ^ Паветрана-дэсантныя войскі (рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 2022 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
  18. ^ Будова Вайскова-паветраных сілаў (рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 2022 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
  19. ^ Будова Касьмічных войскаў (рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 2022 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
  20. ^ Будова Войскаў супрацьпаветранай і супрацькасьмічнай абароны (рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 2022 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
  21. ^ Берагавыя войскі (рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 2022 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
  22. ^ Аб’яднаньне флёту (рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 2022 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
  23. ^ а б в г д Барыс Ельцын. Фэдэральны канстытуцыйны закон ад 31 траўня 1999 г. № 61-ФЗ «Аб абароне» (рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 26 кастрычніка 2021 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
  24. ^ Уладзімер Пуцін. Указ прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі ад 5 чэрвеня 2020 г. № 374 «Аб вайскова-адміністрацыйнам падзеле Расейскай Фэдэрацыі» (рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 15 сьнежня 2021 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
  25. ^ Барыс Ельцын. Указ прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі ад 7 траўня 1992 г. № 466 «Аб стварэньні Ўзброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі» (рас.) // Мэтадычны асяродак Дэпартамэнту адукацыі Масквы, 26 красавіка 2017 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
  26. ^ Павал Грачоў. Загад Міністэрств абароны Расейскай Фэдэрацыі ад 23 траўня 1992 г. № 16 «Аб складзе Ўзброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі» (рас.) // Мэтадычны асяродак Дэпартамэнту адукацыі Масквы, 2022 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
  27. ^ Расея саступае ЗША па колькасьці разгорнутых ядзерных боегаловак // Зьвязда : газэта. — 11 красавіка 2012. — № 70 (27185). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  28. ^ Уладзімер Пуцін. Указ прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі ад 17 лістапада 2017 г. № 555 «Аб усталяваньні штатнай колькасьці Ўзброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі» (рас.) // «Гарант-сэрвіс», 17 лістапада 2017 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
  29. ^ Пуцін падпісаў указ аб павелічэньні колькасьці ваеннаслужачых у арміі РФ на 137 тыс. // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 25 жніўня 2022 г. Праверана 29 жніўня 2022 г.