Перайсьці да зьместу

Усеўкраінскае аб’яднаньне «Свабода»

Гэта добры артыкул. Націсьніце на выяву зоркі, каб атрымаць дадатковыя зьвесткі.
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «УА «Свабода»»)
Усеўкраінскае аб’яднаньне «Свабода»
па-ўкраінску: Всеукраїнське об`єднання «Свобода»
Лідэр партыі Алег Цягнібок
Дата заснаваньня 1995
Штаб-кватэра Вуліца Багдана Хмяльніцкага 59-в, Кіеў, Украіна
Саюзьнікі і блёкі Эўрапейскі нацыянальны фронт
Ідэалёгія нацыяналізм
Колькасьць 15 000[1]
Колькасьць дэпутатаў
· Вярхоўная Рада
1 / 450
· абласныя рады
134 / 3040
Орган партыйнага друку Газэта Всеукраїнське об'єднання «Свобода»
Дэвіз Мы ў сваёй, Богам дадзенай краіне!
Ми у своїй, Богом даній країні!
Афіцыйны сайт svoboda.org.ua

Усеўкраінскае аб’яднаньне «Свабода» (па-ўкраінску: Аўдыё Всеукраїнське об`єднання «Свобода» ) — палітычная партыя сучаснай Украіны. Дзейнічае з 1991 году, афіцыйна зарэгістраваная міністэрствам юстыцыі Ўкраіны ў 1995 годзе[2]. Узнікла і да 2004 году існавала пад назовам «сацыял-нацыянальная партыя Ўкраіны». Лідэр партыі — Алег Цягнібок. Партыя актыўна прымала ўдзел ў падзеях Эўрамайдану. Пасьля перамогі рэвалюцыі да канца 2014 году ўваходзіла ў склад урадавай кааліцыі «Эўрапейскі выбар» разам з партыямі УА «Бацькаўшчына», УДАР, дэпутацкімі групамі «Эканамічнае развіцьцё» ды «Суверэнная эўрапейская Украіна». Атрымала ўрадавыя пасады ў Першым урадзе Арсеня Яцанюка. Ад пачатку вайны на Данбасе шмат сябраў партыі актыўна прымае ўдзел ў канфлікце. Пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе ўзьнік добраахвотніцкі батальён «Свабода» які актыўна прымае ўдзел ў бавых дзеяньнях.

Лягатып пэрыяду сацыял-нацыянальнай партыі Ўкраіны

Партыя заснаваная 13 кастрычніка 1991 пад назвай «сацыял-нацыянальная партыя Ўкраіны» прадстаўнікамі грамадзкай арганізацыі вэтэранаў Аўганістану, моладзевай арганізацыяй «Спадчына» (пад кіраўніцтвам Андрэя Парубія), Брацтва студэнтаў гораду Львова (пад кіраўніцтвам Алега Цягнібока) і «Варты Руху» (пад кіраўніцтвам Яраслава Андрушківа і Юрыя Крываручкі). Старшынём партыі быў абраны Яраслаў Андрушкіў.

Сацыял-нацыянальная партыя Ўкраіны

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ад 13 кастрычніка 1991 году да 14 лютага 2004 году партыя мела назву «сацыял-нацыянальная партыя Ўкраіны». На працягу першай паловы дзевяностых гадоў партыя выдавала партыйную газэту «Сацыял-нацыяналіст». Партыйцы наладзілі абарону некалькіх сабораў Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату. Партыя праводзіла мітынгі з патрабаваньнямі да Вярхоўнай Рады захаваць за Ўкраінай Крым і Чарнаморскі флёт.

Зьмена назвы і сымболікі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

14 лютага 2004 году на ІХ зьезьдзе СНПУ было прынятае рашэньне аб зьмене назвы і сымболікі партыі. Старшынём партыі быў абраны Алег Цягнібок. Замест сымбалю «Ідэя Nацыі» (Перакрыжаваныя літары «І», «N»), быў прыняты новы (стылізаваная выява Трызубу). Афіцыйнай ідэалёгіяй партыі заставаўся сацыял-нацыяналізм, але па ісьце партыя стала менш радыкальнай.

Картка, якую запаўняюць жадаючыя ўступіць ў УА «Свабода»

УА «Свабода» падтрымлівае:[3]

У сваёй праграме партыя абяцае
У пытаньнях міграцыйнай палітыкі:
  • Забясьпечыць ільготныя ўмовы вяртаньня на Бацькаўшчыну этнічных украінцаў, якіх прымусам вывезьлі на чужыну альбо прымусілі эміграваць.
  • Заключыць двухбаковыя ўгоды аб легалізацыі працаўнікоў-украінцаў. Абараняць украінцаў за мяжой усімі магчымымі сродкамі.
  • Стварыць умовы дзеля вяртаньня ўкраінскіх працаўнікоў на Бацькаўшчыну, а іх заробленыя грошы і ўласнасьць лічыць інвэстыцыямі, якія не абкладаюцца падаткамі.
  • Забраць асноўную падставу працоўнае міграцыі і дэмаграфічнае крызы — забясьпечыць канстытуцыйнае права на жытло кожнае ўкраінскае сям’і. Абавязаць будаўнічыя манаполіі будаваць сацыяльнае жыльлё за даступнымі коштамі.
  • Узмацніць абарону дзяржаўнай мяжы і ліквідаваць каналы нелегальнае міграцыі. Выкараніць карупцыйныя схемы беззаконнага наданьня грамадзянства Ўкраіны і ўвесьці крымінальную адказнасьць за фіктыўнае запрашэньне патэнцыйных эмігрантаў.
  • Прыняць новы Закон аб грамадзянстве, згодна якому грамадзянства надаваць толькі тым асобам, якія нарадзіліся ва Ўкраіне, альбо зьяўляюцца этнічнымі ўкраінцамі. Пазбаўляць натуралізаваных іншаземцаў украінскага грамадзянства за крымінальныя злачынствы.
  • Стварыць адзіны дзяржаўны орган па пытаньнях міграцыйнае палітыкі. Увесьці адзіную сыстэму біямэтрычнага кантролю (база зьвестак адбіткаў пальцаў, сятчаткі вачэй і г. д.). Укласьці ўгоды зь іншымі краінамі аб вяртаньні нелегалаў.
У пытаньнях мовы:
  • Увесьці Закон «Аб абароне ўкраінскае мовы» замест дзейнага «Аб мовах ва Ўкраінскай ССР». Стварыць Дзяржаўны камітэт моўнае палітыкі, які б адказваў за абарону і распаўсюджаньне ўкраінскае мовы.
  • Забясьпечыць сынхронны гукавы пераклад дзяржаўнаю моваю іншамоўных выступаў, перадач, фільмаў на тэлебачаньні і радыё. Зьдзяйсьняць пераклад за сродкі ўласьнікаў СМІ.
  • Увесьці абавязковы іспыт па ўкраінскай мове для дзяржаўных службоўцаў ды кандыдатаў на выбарныя пасады. Абавязаць усіх дзяржаўных службоўцаў ужываць украінскую мову на працы і ў публічных выступах.

Вонкавая палітыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2019 год УА «Свабода» кіравалася «Праграмай абароны ўкраінцаў», што зьмяшчала 8-ы разьдзел «Зьнешняя палітыка і абарона. Эўрапейскі ўкраінацэнтрызм і моцная дзяржава»[4]. Паводле пункту 8.1 таго разьдзелу, прапаноўвалася «разарваць дыпляматычныя дачыненьні, а таксама ўсе міжнародныя дамовы з Расейскай Фэдэрацыяй (РФ) і не аднаўляць іх да поўнай дэакупацыі Расеяй усіх украінскіх земляў». У пункце 8.4 заклікалі «ўвесьці візавы рэжым з РФ». Згодна з пунктам 8.6 прапаноўвалі "нацыяналізаваць прадпрыемствы, маёмасьць і іншыя актывы на землях Украіны, што належаць расейскім уласьнікам або маюць часткі расейскага капіталу, у якасьці пакрыцьця за анэксію Крыму і акупацыю Данбасу. Паводле пункту 8.7, УА «Свабода» заклікала «ўвесьці ваеннае становішча ў прыфрантавых землях». Згодна з пунктам 8.8 мелі «падпарадкаваць Генэральнаму штабу ўсе сілавыя падразьдзяленьні, якія бяруць удзел у маскоўска-ўкраінскай вайне», у тым ліку «вывесьці Нацыянальную гвардыю з падпарадкааньня Міністэрству ўнутраных справаў». У рамках пункту 8.10 прапаноўвалі правесьці «праверку на дэтэктары хлусьні і пераатэстацыю афіцэрскага складу структураў галіны бясьпекі і абароны». У пункце 8.12 зьмяшчаўся заклік «забясьпечыць стварэньне сучаснай сыстэмы супрацьпаветранай абароны (СПА) Ўкраіны, сумяшчальнай з сыстэмамі СПА дзяржаваў-удзельніцаў АПАД». Згодна з пунктам 8.13 мелі «ўсталяваць памер фінансаваньня Ўзброеных сілаў Украіны на ўзроўні 5% СУП». Паводле пункту 8.14 УА «Свабода» меркавала «вызначыць пабудову Балта-Чарнаморскага саюзу ў якасьці стратэгічнай мэты зьнешнай палітыкі Ўкраіны. Уцягнуць у вайскова-палітычны і гаспадарчы блёк Балта-Чарнаморскай восі дзяржавы Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы, Балтыі, Скандынавіі, Каўказу, Балканаў, а таксама басэйнаў Чорнага і Касьпійскага мора»[5].

Паводле пункту 8.15 Праграмы, УА «Свабода» мела «запусьціць доўгатэрміновую праграму падтрымкі палітычных рухаў прыгнечаных Масквой народаў», паспрыяць «абароне правоў і свабодаў, пашырэньню самакіравальных паўнамоцтваў этнічных украінцаў, якія кампактна пражываюць на землях РФ (гістарычныя ўкраінскія землі, што знаходзяцца ў складзе РФ, а таксама Шэры, Зялёны, Малінавы кліны)». У пункце 8.16 прапаноўвалі «блякаваць усялякія сувязі РФ з так званай Прыднястроўскай Малдоўскай Рэспублікай». Згодна з пунктам 8.17 прадугледжвалася «ўцягнуць праз адмысловыя дзяржаўныя праграмы шматлікую ўкраінскую дыяспару ў лябіяваньне ўкраінскіх зацікаўленасьцяў у іншых краінах сьвету». У пункце 8.18 прапаноўвалі «заключыць двухбаковыя пагадненьні з ЗША і Вялікабрытаніяй пра поўнамаштабную вайсковую дапамогу Ўкраіне, а таксама аб наданьні сьмяротнага ўзбраеньня і доўгатэрміновай вайскова-тэхнічнай дапамогі». Паводле пункту 8.19, мелі «аднавіць ядзерны статус Украіны ў сувязі з парушэньнем Будапэшцкага мэмарандуму». Згодна з пунктам 8.21 заклікалі забясьпечыць «працаўладкаваньне вайскоўцаў-удзельнікаў маскоўска-ўкраінскай вайны». У пункце 8.22 прадугледзілі «забараніць супрацу і гандаль з РФ вырабамі вайсковага і падвойнага прызначэньня, удзел у супольных праектах у галіне ВПК украінскім кампаніям, прадпрыемствам і ўстановам усялякай формы ўласнасьці». Паводле пункту 8.27, мелі «ўсталяваць на стратэгічна важкіх напрамках чарнаморска-азоўскага ўзьбярэжжа супрацькарабельныя і супрацьлодкавыя ракетныя комплексы для абароны выключнай (марской) гаспадарчай зоны»[5].

Усеўкраінскае аб’яднаньне «Свабода» выступае за люстрацыю[6], абмежаваньне ў правах асобаў, якія супрацоўнічалі, зьяўляліся супрацоўнікамі савецкіх спэцслужбаў, камуністаў[7]. У прыватнасьці, партыя выступае за забарону ім займаць дзяржаўныя пасады (на пэўны тэрмін — ад пяці да дзесяці гадоў). Таксама лідэр партыі, Алег Цягнібок, зьвяртае ўвагу на тое, што абсалютная большасьць дэпутатаў Вярхоўнай Рады зьяўляюцца альбо цяперашнімі, альбо былымі камуністамі. Зь іх толькі траціна зьяўляюцца этнічнымі ўкраінцамі.

Дзейнасьць партыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Партыя актыўна прымае ўдзел ва ўкраінскай палітыцы. Яна стала праводзіць мітынгі, дэманстрацыі, пікетаваньні ў сувязі з рознымі падзеямі.

Кожны год на сьвята Пакроў (Пакроў лічыцца заступніцай украінскага казацтва і, пазьней, Украінскай паўстанчай арміі) партыя (сумесна зь некаторымі іншымі правымі і нацыяналістычнымі партыямі, сярод якіх: Украінская народная партыя, Кангрэс украінскіх нацыяналістаў і іншыя) праводзіць акцыі з патрабаваньнямі да Вярхоўнай Рады Ўкраіны прызнаць на заканадаўчым узроўні ваяроў Украінскай паўстанчай арміі барацьбітамі за незалежнасьць Украіны. Падчас правядзеньня гэтых акцыяў былі сутыкненьні з радыкальнымі прадстаўнікамі Прагрэсіўна-сацыялістычнай партыі Ўкраіны і Камуністычнай партыі Ўкраіны. У 2014, пасьля перамогі Эўрамайдану, 14 кастрычніка ўказам прэзыдэнта Пятра Парашэнкі стала дзяржаўным сьвятам — Днём абаронцы Ўкраіны[8].

Агітацыйная кампанія ў падтрымку чысьціні ўкраінскай мовы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Плякат «Мацюкі ператвараюць цябе ў маскаля»

У сакавіку — красавіку 2007 году «Свабода» выпусьціла шэраг плякатаў супраць распаўсюджваньня нецэнзурнай лексыкі (мацюкоў). Найбольш вядомы зь іх — «Мацюкі ператвараюць цябе ў маскаля». З гэтым плякатам адбыўся пэўны кур’ёз: пазьней стала вядома, што чалавек, намаляваны на плякаце, не расеец, а паляк, а само фота — праца польскага фатографа пад назвай «Вечны аптыміст»[9].

Сутыкненьні ў сувязі з помнікам «набыцьця Радзімы вугорцамі» ў Закарпацьці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

15 студзеня 2008 году прэзыдэнты Ўкраіны Віктар Юшчанка і Вугоршчыны Ласла Шаём падпісалі дамову пра адкрыцьцё ў Будапэшце помніку ахвярам Галадамору ва Ўкраіне, а таксама пра адкрыцьцё ў Закарпацкай вобласьці помніка на гонар 1100-ых угодкаў «набыцьця Радзімы вугорцамі». Апошні быў усталяваны 15 сакавіка 2008 году на мяжы Львоўскай і Закарпацкай абласьцей, на Вярэцкім перавале. Усеўкраінскае аб’яднаньне Свабода выступае катэгарычна супраць гэтага[10].

Арґумэнты «Свабоды»:

  • Помнік сымбалізуе шматвекавую акупацыю Закарпацьця Вугоршчынай, і гэта недапушчальна для ўкраінскага народа і дзяржавы;
  • Усеўкраінскае аб’яднаньне Свабода лічыць няправільным гаварыць аб «набыцьці Радзімы вугорцамі», бо калі вугорцы дайшлі з Азіі на цяперашнія тэрыторыі, гэтыя землі ўжо былі заселеныя іншымі народамі (пераважна славянамі, у тым ліку і продкамі сучасных украінцаў). «Набыцьцё Радзімы вугорцамі» не было мірным працэсам, а, хутчэй, наадварот;
  • Вугоршчына дагэтуль не прынесла афіцыйных выбачэньняў за агрэсію і акупацыю Карпацкай Украіны ў сакавіку 1939 году.

Да анэксіі і акупацыі АР Крым Расеяй партыя выступала за скасаваньне аўтаноміі Крыму[11].

Арґумэнты «Свабоды»:
  • Аўтаномія Крыму служыць толькі фактарам дэстабілізацыі ва Ўкраіне.
  • Вярхоўная Рада УССР прыняла (у 1990 годзе) закон аб «аднаўленьні Крымскай Аўтаномнай Рэспублікі». Паколькі Крым быў перададзены УССР у 1954 годзе, як звычайная вобласьць, нельга гаварыць аб «аднаўленьні аўтаноміі», бо Крымскай аўтаноміі ў складзе УССР да 1990 году не існавала. На думку «Свабоды», аўтаномія была навязаная Ўкраіне Расеяй, каб у будучыні паспрабаваць адабраць альбо зрабіць там залежную, марыянэткавую дзяржаву ўзору Абхазіі ці Паўднёвай Асэтыі.

Пасьля расейскай агрэсіі і анэксіі АР Крым і Севастопаля ў 2014 годзе УА «Свабода» застаецца прыхільніцай сілавога аднаўленьня кантролю над тэрыторыямі, над якімі быў страчаны кантроль ў 2014 годзе. У прыватнасьці партыя патрабуе «распрацаваць вайсковы плян вызваленьня Крымскага паўвострава і Данбасу ад акупантаў». Арганізацыя таксама падтрымлівае эканамічную, энэргетычную, рэсурсную і транспартную блякаду часова акупаваных тэрыторыяў. УА «Свабода» выступае супраць правядзеньня ўсялякіх выбараў на часова акупаваных тэрыторыях[12].

Супрацоўніцтва зь іншымі партыямі, рухамі, грамадзкімі арганізацыямі замежжа

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Партыя супрацоўнічала зь некаторымі палітычнымі арганізацыямі іншых краінаў. Гэта Нацыянальны фронт у Францыі, Forza Nuova у Італіі, Аўстрыйская партыя свабоды ды Суполка за будучыню ў Аўстрыі. Супрацоўніцтва было спыненае пасьля таго, як гэтыя сілы фактычна падтрымалі палітыку Ўладзімера Пуціна наконт анэксіі Крыму[13]. Таксама партыя актыўна супрацоўнічае з украінскімі нацыянальнымі арганізацыямі за мяжой Украіны, у прыватнасьці ў Чэхіі, Партугаліі ды іншых краінах.

Салідарнасьць зь Беларусьсю

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

13 чэрвеня 2006 году ў Львове адбылася прэсавая канфэрэнцыя, у якой удзельнічалі лідэр УА «Свабода» Алег Цягнібок, старшыня Руху Салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, і луганскі студэнт, удзельнік абароны Плошчы Каліноўскага ў Менску Арцём Чысталёў. Канфэрэнцыя была прысьвечаная ўкраінска-беларускай салідарнасьці й сумесным антыімпэрскім дзеяньням украінскіх і беларускіх нацыяналістаў.[14]

25 сакавіка 2011 году УА «Свабода» разам зь беларускімі нацыяналістамі правяло акцыю ў гонар угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі пад амбасадай Рэспублікі Беларусь. Ад УА «Свабода» выступалі: старшыня Кіеўскай гарадзкой арганізацыі партыі Андрэй Ільленка, тасама выступалі: Руслан Андрэйка, Юры Наявы. Зь беларускага боку выступалі: старшыня Руху Салідарнасьці «Разам» і Беларускага Цэнтру ва Ўкраіне Вячаслаў Сіўчык, старшыня «Правага Альянсу» Юры Карэтнікаў, палітвязень Арцём Дубскі. Украінскія і беларускія нацыяналісты вымагалі ад беларускіх ўладаў спыніць русіфікацыю ў Беларусі, вызваліць палітычных зьняволеных, вымагалі правядзеньня чэсных і адкрытых выбараў. Таксама абодва бакі нагалошвалі на падабенстве палітычнае сытуацыі ў абодвух краінах. У канцы акцыі беларускія прадстаўнікі ды кіраўніцтва УА «Свабода» паспрабавалі перадаць дэклярацыю з вымогамі, агучанымі на мітынгу ў пасольства, але прадстаўнікі пасольства адмовіліся прыняць дэлегацыю.[15][16]

Партыя прымала ўдзел ў агульнанацыянальных ды мясцовых выбарах ад 1994 году.

Партыя не здабыла ніводнага мандату ў Вярхоўнай Радзе, аднак чатыры прадстаўнікі партыі сталі дэпутатамі Львоўскай абласной рады. Таксама партыя атрымала сваіх прадстаўнікоў і ў іншых меншых радах Заходняй Ўкраіны.

На выбарах у Вярхоўную Раду Ўкраіны 1998 году партыя прымала ўдзел у складзе выбарчага блёку «Менш словаў», атрымала 0,17%[17] галасоў і не патрапіла ў Вярхоўную Раду. Аднак па аднамандатнай акрузе ў Львоўскай вобласьці перамогу атрымаў Алег Цягнібок, будучы лідэр партыі.

Партыя прымала ўдзел у выбарах у Вярхоўную раду Ўкраіны 2002 году ў складзе выбарчага блёку Віктара Юшчанкі Наша Ўкраіна[17]. У Вярхоўную Раду патрапіў толькі Алег Цягнібок. На выбарах прэзыдэнта Ўкраіны 2004 партыя падтрымала кандыдатуру Віктара Юшчанкі.

На выбары ў Вярхоўную Раду Ўкраіны 2006 партыя пайшла самастойна і атрымала 91 321 голас выбаршчыкаў, або 0,36% (васемнаццатае месца сярод усіх партыяў і блёкаў)[18]. У часе выбараў Цэнтральная выбарчая камісія Ўкраіны зьвярнулася да Генэральнай пракуратуры Ўкраіны з просьбай забараніць дзейнасьць партыі, бо, па меркаваньні Цэнтральнай выбарчай камісіі, праграма партыі парушае Канстытуцыю Ўкраіны. Аднак скарга Цэнтральнай выбарчай камісіі была адхіленая, і партыя змагла прыняць удзел у выбарах. І, хоць партыя не атрымала ніводнага мандату ў Вярхоўную Раду, аднак змагла прайсьці і сфармаваць фракцыі ў некаторых раённых і ў Львоўскай абласной радзе.

На датэрміновых выбарах у Вярхоўную раду Ўкраіны 2007 году партыя таксама пайшла самастойна і атрымала 178 660 галасоў выбаршчыкаў, або 0,76% (восьмае месца сярод усіх партыяў і блёкаў). Найбольшую падтрымку партыя атрымала ў Тарнопальскай (3,44%), Івана-Франкоўскай (3,41%), Львоўскай (3,06%), Валынскай (1,45%) абласьцях, а таксама ў Кіеве (1,25%), і па замежнай выбарчай акрузе (2,28%)[19][20].

Першая «пяцёрка» сьпісу партыі:

На датэрміновых выбарах ў Кіеўскую гарадзкую раду 2008 году партыя заняла дзявятае месца сярод трыццаці сямі партыяў і блёкаў, атрымаўшы 2,08%[21] галасоў пры неабходным для праходжаньня трохадсоткавым бар’еры. Кіраўнік партыі Алег Цягнібок быў кандыдатам на пост гарадзкога мэра Кіева, ён атрымаў каля 1,37%[22] (восьмы зь сямідзесяці кандыдатаў).

На гэтых выбарах партыя ўпершыню здабыла першае месца. Партыю падтрымалі 154 038 выбаршчыкаў, альбо 34,69%. Партыя атрымала 50 са 120 мандатаў у абласной радзе, а яе прадстаўнік, Аляксей Кайда, стаў галавой Тарнопальскай абласной рады.

Прадстаўніцтва ў абласных радах

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

2010—2015 гады:

Абласная
рада
Сьцяг
вобласьці
Агульная колькасьць
дэпутатаў у радзе
Колькасьць
галасоў «За»
у адсотках
Колькасьць
перамог ў
аднамандатных акругах
Агулам
дэпутатаў ад «Свабоды»
Тарнопальская абласная рада
120
34,69%
50
Львоўская абласная рада
116
25,98%
16
41
Івано-Франкоўская абласная рада
114
16,60%
5
17
Валынская абласная рада
80
7,44%
1
6
Ровенская абласная рада
80
6,34%
1
5
Чарнавіцкая абласная рада
104
3,90%
1
4
Кіеўская абласная рада
148
3,48%
0
5
Хмяльніцкая абласная рада
104
4,06%
1
4

2015—2020

Абласная
рада
Агульная колькасьць
дэпутатаў ў радзе
Колькасьць
галасоў «За»
ў адсотках
Дэпутатаў ад «Свабоды»
Віньніцкая абласная рада
84
6,9 %
6
Валынская абласная рада
64
8,7 %
7
Жытомірская абласная рада
64
6,2 %
5
Івана-Франкоўская абласная рада
84
14,9 %
16
Кіеўская абласная рада
84
7,4 %
7
Кіеўская гарадзкая рада
120
7,7 %
14
Кіраваградзкая абласная рада
64
5,14 %
4
Львоўская абласная рада
84
12,92 %
12
Палтаўская абласная рада
84
7,3 %
7
Ровенская абласная рада
64
9,5 %
8
Сумская абласная рада
64
5,7 %
5
Тарнопальская абласная рада
64
18,27 %
13
Хмяльніцкая абласная рада
84
10,18 %
10
Чаркаская абласная рада
84
7,51 %
7
Чарнавіцкая абласная рада
64
5,92 %
4

Партыя высунула свайго старшыню, Алега Цягнібока, на пост Прэзыдэнта Ўкраіны на ХХІ зьезьдзе, які адбыўся 22 кастрычніка 2009 году[23]. Ён быў зарэгістраваны Цэнтральнай выбарчай камісіяй Украіны 30 кастрычніка 2009 году[24]. Атрымаў 1,43% галасоў выбарцаў (восьмае месца).[25]

Партыя дамовілася з Усеўкраінскім аб’яднаньнем «Бацькаўшчына» аб ўзгадненьні кандыдатаў у мажарытарнай частцы выбараў. З 225 акругаў у 35 балятуюцца прадстаўнікі «Свабоды». У прапарцыйнай частцы партыя ідзе асобным сьпісам. У выніку партыя атрымала 10,44% галасоў і 25 месцаў па сьпісу. Яшчэ 12 прадстаўнікоў партыі сталі дэпутатамі ў мажарытарных акругах. Такім чынам, агулам партыя атрымала 37 мандатаў. Партыя сфармавала чацьвертую паводле колькасьці дэпутацкую фракцыю пасьля Партыі рэгіёнаў, «Бацькаўшчыны» ды «УДАРу». Прадстаўнік партыі Руслан Кашулінскі быў абраны намесьнікам старшыні Вярхоўнай Рады.

Мясцовыя выбары 2010 году

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На гэтых выбарах партыя значна палепшыла свае прадстаўніцтвы ў мясцовых саветах. Партыя выйшла на першае месца па колькасьці атрыманых мандатаў на выбарах ў Львоўскую ды Івана-Франкоўскую абласныя рады. Дэпутатам Кіеўскай абласной рады стаў намесьнік старшыні УА «Свабода», старшыня кіеўскай гарадзкой арганізацыі УА «Свабода» Андрэй Ільленка.

Алег Цягнібок, кіраўнік партыі прымаў ўдзел, але атрымаў толькі 210 476 галасоў, што склала 1,16%, дзясятае мейсца.

Партыя атрымала 4,71% і не патрапіла ў Вярхоўную Раду. Але шэсьць вылучэнцаў ад партыі здолелі перамагчы ў аднамандатных акругах. Пасьля паразы на выбарах партыя адклікала сваіх міністраў з Ураду ды сышла ў апазыцыю.[26]

Партыя вылучыла кандыдатам у прэзыдэнты Руслана Кашулінскага. Ягоную кандыдатуру падтрымалі таксама іншыя палітыкі нацыяналістычнага кірунку — Кангрэс украінскіх нацыяналістаў, Правы сэктар, рух С14, Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў[27]. У выніку Руслан Кашулінскі атрымаў крыху больш за 307 тысячаў галасоў і заняў дзявятае месца з 1,62% падтрымкі[28]. Найбольшую падтрымку кандыдат атрымаў ў Івана-Франкоўскай і Тарнопальскай вобласьцёх.

Партыя пайшла на выбары разам з Нацыянальным корпусам, Правым сэктарам, Украінскай добраахвотнай арміяй, АУН і Кангрэсам украінскіх нацыяналістаў.[29]. У першую пяцёрку сьпісу партыі трапілі Алег Цягнібок, Андрэй Бялецкі, Дзьмітры Яраш, Андрэй Тарасенка ды Руслан Кашулінскі. Партыя атрымала 2,15% галасоў па сьпісу і такім чынам ня здолела пераадолець 5% бар’ер. У 83 выбарчай акрузе (частка Івана-Франкоўску) перамагла прадстаўніца партыі Аксана Саўчук, яе падтрымалі 46,67% выбаршчыкаў[30]. Ў 2021 годзе Андрэй Ільленка балятаваўся на давыбарах па 197 акрузе (Чаркаская вобласьць), атрымаў трэці вынік, 9,53%[31]. Ў тым жа годзе Руслан Кашулінскі ўдзельнічаў ў давыбарах па 87 акрузе на Івана-Франкоўшчыне, дзе таксама атрымаў трэці вынік з 28,6%[32].

Вынікі на выбарах

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Год Галасоў % Мандаты Месца Урад
1998 45 155 0.17 1 29 Не
2006 91 321 0.36 0 18 Не
2007 178 660 0.76 0 8 Не
2012 2,129,246 10.44 37 5 Не (2012—2014),
Так (2014)
2014 742 022 4.71 6 7 Не
2019 315 568 2.15 1 11 Не

Ад пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны шмат сябраў партыі брала ўдзел у абароне Ўкраіны. Ужо 13 сакавіка 2014 году пры абароне мітынгу за захавання адзінства Ўкраіны ў Данецку ад прарасейскіх баявікоў загінуў Зьмітры Чарняўскі, прэсавы сакратар данецкага абласнога аддзяленьня партыі «Свабода». У пачатку лета 2014 году, з пачаткам баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны, кіраўнік Закарпацкай абласной арганізацыі ЎА «Свабода», Алег Куцын заснаваў Асобную дабраахвотніцкую адзінку — «Карпатскую Сеч», якая ваявала ў саставе 93-яе механізаванае брыгады Ўзброеных сілаў Украіны. Адзінка трымала назоў ў гонар украінскай парамілітарнай арганізацыі «Карпатская Сеч», якая існавала на Закарпацьці ў 1938—1939 гадох. Месцам дыслакацыі Асобнай штурмовой роты «Карпатская Сеч» зьяўлялась Днепропятроўская область.

Ў кастрычніку 2014 году «Карпатская Сеч» утрымллівала пазіціыі ў вёсцы Пяскі, ды заставалась там да сакавіка 2016 году. Рота прымала ўдзел ў абароне Данецкага аэрапорта, баях за Пяскі, шахту «Бутаўка», Вадзяное, Вопытнае, Первамайск.

Крытыка з боку іншых палітычных партыяў і рухаў Украіны

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Партыя стала крытыкуецца рознымі палітычнымі партыямі і рухамі ва Ўкраіне, мае даволі напружаныя адносіны зь некаторымі левымі партыямі і рухамі Ўкраіны. Сярод іх, у першую чаргу, Камуністычная і Прагрэсіўна-сацыялістычная партыя. Пасьля выключэньня лідэра партыі Алега Цягнібока з фракцыі «Наша Ўкраіна» партыя апынулася ў апазыцыі і да лібэральных партыяў. Прадстаўнікі левых партыяў часта вінавацяць партыю ў фашызьме ды нацызьме.[33]

Крытыка з боку замежных партыяў і рухаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Партыя, і асабліва яе лідэр пэрыядычна зьяўляюцца на тэлеэкранах расейскіх каналаў, звычайна, каб паказаць «антырасейскія» настроі ва Ўкраіне.

Нэгатыўныя адносіны да партыі мае частка польскіх палітычных сілаў, асабліва радыкальна правых. Часопіс «Бібула», які прэзентуе такі пункт гледжаньня, называе «Свабоду» нэанацыскім спадкаемцам забойцаў з УПА. Ён лічыць, што партыя стварае пагрозу для Польшчы, бо, у выпадку здабыцьця ўлады ў Кіеве, ва Ўкраіне можа распачацца грамадзянская вайна[34].

Астатнія крытычныя водгукі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2016 годзе асноўным фінансавым донарам партыі стаў яе бугальтар, пэнсіянэр Яраслаў Пелешак. Ён пераказаў партыі звыш за 760 тыс. грыўняў і адначасова атрымоўваў ад яе заробак. Пазней Нацыянальнае агенцтва з пытаньняў супрацьдзеяьня карупцыі Ўкраіны выявіла, што калі партыю афіцыйна фінансавалі яе ж партыйцы, фактычна кошты ў банк прыносіў той жа самы пенсіянер. Гутарка ідзе прыкладна пра 2,3 млн грн. Суд прызнаў Пелешака вінаватым, аднак унёскі не канфіскавалі праз тое, што мінуў тэрмін накладзеньня адміністратыўнага спагнаньня. [35]

Дадатковыя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ а б Всеукраїнське об’єднання «Свобода» — Історія (укр.)
  2. ^ Міністерство юстиції України — перелік політичних партій в Україні (укр.)
  3. ^ Національна Конституція (проект Всеукраїнського об'єднання «Свобода») (укр.)
  4. ^ Праграма абароны ўкраінцаў // УА «Свабода», 2019 г. Праверана 28 сьнежня 2019 г.
  5. ^ а б VIII. Зьнешняя палітыка і абарона. Эўрапейскі ўкраінацэнтрызм і моцная дзяржава // УА «Свабода», 2019 г. Праверана 28 сьнежня 2019 г.
  6. ^ Олег Тягнибок: в Україні є лише один «рецепт» виходу з кризи — докорінне очищення влади (укр.)
  7. ^ І прийде, й об'єднає, й поведе. Витяги з виступів Олега Тягнибока в ЗМІ (укр.)
  8. ^ Про День захисника України
  9. ^ «Українська правда» Тягнибоки. Час прощатися (укр.)
  10. ^ Заява з приводу незаконних намагань встановити на Закарпатті чужоземну символіку (укр.)
  11. ^ Всеукраїнське об'єднання «Свобода» виступає за скасування Кримської автономії (укр.)
  12. ^ IХ. Донбас, Крим і Севастополь. Відновлення територіальної цілісності та подолання наслідків окупації
  13. ^ Червоненко В. Ле Пен і Тягнибок: чому друзі стали ворогами?, ВВС Україна, 3.06.2015.
  14. ^ Вячаслаў Сіўчык даў прэс-канфэрэнцыю ў Львове
  15. ^ Дзень Волі ў сьвеце
  16. ^ У Києві, в білоруський День Волі, відбулась акція солідарності українських націоналістів з білоруськими патріотами (укр.)
  17. ^ а б Вибори 1998/2002 (укр.)
  18. ^ Вибори 2006 (укр.)
  19. ^ Вибори 2007 (укр.)
  20. ^ поўны сьпіс кандыдатаў ад партыі на выбарах 2007 году ў Вярхоўную Раду Ўкраіны
  21. ^ Результати дотермінових виборів київської міської ради на сайті «Української Правди» (укр.)
  22. ^ Результати дотермінових виборів київського міського голови на сайті «Української Правди» (укр.)
  23. ^ ХХІ З’їзд ВО «Свобода» висунув Олега Тягнибока кандидатом на пост Президента України (укр.)
  24. ^ ЦВК зареєструвала ще двох кандидатів(недаступная спасылка) (укр.)
  25. ^ Чергові вибори Президента України 17.01.2010
  26. ^ Міністри від «Свободи» йдуть у відставку — Украінская Праўда
  27. ^ "Всеукраїнське об'єднання «Свобода» висунуло голову секретаріату партії Руслана Кошулинського кандидатом на посаду Президента України.
  28. ^ Центральна виборча комісія України — WWW відображення ІАС «Вибори Президента України 2019»
  29. ^ «Свобода», Ярош і Білецький разом йдуть до Ради, , ВВС Україна, 9.06.2019.
  30. ^ Відомості про підрахунок голосів виборців в одномандатному виборчому окрузі №83
  31. ^ Старонка ЦВК Ўкраіны (архіў)
  32. ^ ЦВК Ўкраіны (архіў)
  33. ^ ГЛАВНЫЙ ПОЛИТИЧЕСКИЙ ИТОГ ТЕРНОПОЛЬСКИХ ВЫБОРОВ (рас.)
  34. ^ Ukraina: Partia «Swoboda», neonazistowska spadkobierczyni ludobójców z UPA, bliska zwycięstwa w wyborach (пол.)
  35. ^ Золата партыяў. «Свабоду» фінансуе пэнсіянэр. (укр.)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]