УНА-УНСО

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Украінская нацыянальная асамблея
укр. Українська національна асамблея
Лідэр партыі Юры Шухевіч
Заснавальнік Yurii Shukhevych[d], Anatoly Lupinos[d] і Дзмітрый Аляксандравіч Карчынскі[d]
Дата заснаваньня 30 чэрвеня 1990 (33 гады таму)
Штаб-кватэра Кіеў
Саюзьнікі і блёкі Украінская народная самаабарона
Ідэалёгія нацыяналізм
Колькасьць 8000
Колькасьць дэпутатаў
· Вярхоўная Рада Ўкраіны
3 / 450
(1994—1998)
Орган партыйнага друку газэта «Наша справа»
Дэвіз Лепш згінуць ваўком, чым жыць сабакам
Афіцыйны сайт unso.in.ua

Украінская нацыянальная асамблея (УНА) — украінская палітычная партыя праварадыкальнага кшталту, заснаваная ў 1990 годзе.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заснаваная 30 чэрвеня 1990 году дысыдэнтам Юрыем Шухевічам пад назовам Украінская міжпартыйная асамблея (УМА). У пачатку ўяўляла сабой добраахвотнае аб’яднаньне некалькіх украінскіх нацыяналістычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў таго жа кшталту.

Да вясны 1991 кіраўніцтва УМА ўсё больш і больш патрабавала пераўвасабленьня УМА ў паўнавартасную палітычную партыю. З гэтай прычыны з аб’яднаньня выйшлі Ўкраінская нацыянальная партыя і Ўкраінская народна-дэмакратычная партыя. Пасьля гэтага (8 верасьня) УМА была пераназваная ва Ўкраінскую нацыянальную асамблею (УНА) і абвясьціла сябе партыяй. Афіцыйнай рэгістрацыі УНА, аднак, у часы СССР не атрымала.

Адразу пасьля пачатку «жнівеньскага путчу» 19 жніўня 1991 партыйнае кіраўніцтва УНА заклікала ствараць украінскія ваенныя фармаваньні з мэтай адбіць магчымае ваеннае ўмяшаньне ДКНС (рас. ГКЧП). Пагадзіліся стварыць такія фармаваньні толькі тыя чальцы УНА, якія служылі ў Савецкім войску. Дадзеныя паўваенныя фармаваньні атрымалі назоў Украінская народная самаабарона (УНСО). Цяпер УНА мела ўласнае ваенізаванае крыло.

Адразу пасьля стварэньня атрадаў УНСО іх чальцы правялі шэраг гучных акцый, якія зьвярнулі на УНА — УНСО увагу шырокіх пластоў грамадзтва. Да іх ставяцца буйныя бойкі з расейскімі нацыяналістамі ў Кіеве, масавы выезд у Крым з мэтай запалохваньня сэпаратыстаў і г. д. У 1992 годзе, падчас Прыднястроўскага канфлікту, УНСО стварыла добраахвотніцкі атрад і адправіла яго ў Прыднястроўе з мэтай дужаньня супраць малдаўскіх войскаў. У 1993 чарговы добраахвотніцкі атрад УНСО адпраўляецца ў Абхазію з мэтай дужаньня на баку Грузіі. 8 унсоўскіх добраахвотнікаў атрымалі пашпарты ганаровага грамадзяніна Грузіі. Указам прэзыдэнта Грузіі 14 добраахвотнікаў УНСО узнагароджаныя ордэнам Вахтанга Горгасала — узнагарода за воінскую доблесьць, 7 з іх — пасьмяротна.

Па выніках выбараў, якія прайшлі ў сакавіку 1994 году Вярхоўную раду Ўкраіны УНА — УНСО атрымалася правесьці ва ўкраінскі парлямэнт аднаго дэпутата па аднамандатнай выбарчай акрузе. У далейшым ў УНА — УНСО ўступілі яшчэ два беспартыйныя дэпутаты.

Толькі 29 сьнежня 1994 УНА — УНСО была афіцыйна зарэгістраваная міністэрствам юстыцыі Ўкраіны. Улады адмовіліся, аднак, рэгістраваць партыю пад яе поўным назовам, і з тых часоў УНА — УНСО афіцыйна завецца проста «Украінская нацыянальная асамблея».

Да таго часу састарэлы Юры Шухевіч ужо пакінуў пост галавы партыі і новым старшынём УНА — УНСО быў абраны супрацоўнік газэты «Голас нацыі» Алег Вітовіч (жнівень 1994).

Падчас несанкцыянаванага ўладамі пахаваньня патрыярха Ўладзімера (УПЦ КП) на Сафіеўскай плошчы ў цэнтры Кіева, якое перарасло ў масавы мітынг 18 ліпеня таго жа году, УНА — УНСО абараняла пахавальную працэсію і дэманстрантаў ад украінскага спэцназу.

Праведзеныя арганізацыяй акцыі прывялі да таго, што 6 верасьня 1995 мін’юст Украіны зьняў УНА — УНСО з рэгістрацыі. Пасьля гэтага УНА — УНСО перайшла на нелегальнае становішча. Нелегальны пэрыяд УНА — УНСО доўжыўся ледзь болей двух гадоў. 20 ліпеня 1996 мінуў Устаноўчы зьезд УНА — УНСО (да гэтага партыйныя зьезды зваліся сэсіямі), на якім была прынятая новая праграма. Гэта павінна было паказаць украінскім уладам, што УНА — УНСО годная перарэгістрацыі. Аднак толькі 29 верасьня 1997 году ўкраінскі мін’юст зарэгістраваў гэтую партыю зноў. Парлямэнцкія выбары 1998 году абгарнуліся для УНА — УНСО поўным правалам. За партыю падалі свае галасы толькі 105.977 выбарнікаў. Гэта азначала 0,37% падтрымкі (24-ае месца з 30). Бо і па аднамандатных акругах УНА — УНСО ні аднаго месца ў Вярхоўнай радзе не атрымала, яе парлямэнцкая дзейнасьць на гэтым скончылася.

У 1999 годзе УНСО адправіла свой апошні добраахвотніцкі кантынгент, гэтым разам у Косава для падтрымкі сэрбаў супраць альбанцаў. На чарговым партыйным зьезьдзе, які прайшоў у тым жа годзе, новым старшынём партыі быў абраны Андрэй Шкіль.

Пасьля вяртаньня ўнсоўцаў з Косава УНА — УНСО ўзяла актыўны ўдзел у акцыях «Украіна без Кучмы» (зіма 2000—2001). У выніку масавых сутыкненьняў перад будынкам адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны 9 сакавіка 2001 году 18 сябраў УНА — УНСО былі арыштаваныя і адданыя суду. Усе яны атрымалі розныя (да пяці гадоў) тэрміны пазбаўленьня волі. 18 лістапада 2001 галавой партыі быў абраны Мікалай Карпюк. Аднак ён быў разам зь іншымі 17 унсоўцамі складзены ў турму, зь якой выйшаў толькі ў кастрычніку 2004 году.

Парлямэнцкія выбары 31 сакавіка 2002 вырабілі УНА — УНСО яшчэ адзін моцны ўдар — толькі 11.839 выбарнікаў прагаласавалі за партыю. Гэта азначала 0,04% падтрымкі або 31-ае месца з 33. Пасьля гэтага партыя часова сышла на задні плян украінскага палітычнага жыцьця.

2002 апынуўся годам расколаў. 30 чэрвеня 2002 году ў партыі адбыўся раскол — прыхільнікі Андрэя Шкіля правялі зьезд і абралі яго старшынём УНА — УНСО. Скарыстаўшыся зьняволеньнем Мікалая Карпюка, група ўнсоўцаў абрала сваім старшынём партыйнага фунцыянэра Эдуарда Каваленку. Былы дэпутат ад УНА — УНСО Юры Тыма гэтак жа арганізаваў сваю ўласную партыю, якую назваў «Украінскай нацыянальнай асамблеяй — Украінскай нацыянальнай салідарнай арганізацыяй».

Падчас Аранжавай рэвалюцыі розныя фармаваньні УНА-УНСО падтрымлівалі кандыдатуру Віктара Юшчанкі на пост прэзыдэнта Ўкраіны.

У 2005 УНА — УНСО пачала паступова адраджацца. 15 кастрычніка 2005 у Кіеве мінуў чарговы зьезд УНА — УНСО Эдуарда Каваленкі. На ім часова інтэрнаваны Каваленка быў зрушаны з паста разьдзела партыі і новым старшынём УНА — УНСО быў абраны яе заснавальнік, састарэлы Юры Шухевіч. У сьнежні таго жа году адбылося ўзьяднаньне прыхільнікаў Юрыя Шухевіча і Мікалая Карпюка, якіх міністэрства юстыцыі працягвала лічыць правамоцнай УНА — УНСО (паводле заявы ад верасьня 2005). Пасьля абнаўленьня кіраўніцтва партыя трохі актывізавалася і атрымала невялікую перамогу на парлямэнцкіх выбарах 26 сакавіка 2006 — за яе прагаласавалі 16.379 чалавек. Пасьля гэтага УНА — УНСО удзельнічала ў такіх гучных мерапрыемствах, як імпрэза 64-годзьдзя УПА 14 кастрычніка 2006 году і дня народзінаў Сцяпана Бандэры 1 студзеня 2007 году ў Кіеве.

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1996 годзе сябры УНА бралі ўдзел у Чарнобыльскім шляху[1].

Старшыні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. Юры Шухевіч(en) (30 чэрвеня 1990 — 7 жніўня 1994)
  2. Алег Вітовіч(uk) (7 жніўня 1994 — 22 траўня 1999)
  3. Андрэй Шкіль(en) (22 траўня 1999 — 18 лістапада 2001)
  4. Мікола Карпюк (18 лістапада 2001 — 15 кастрычніка 2005)
  5. Юры Шухевіч (з 15 кастрычніка 2005)

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Што такое УНА-УНСО // Радыё «Свабода», 22 студзеня 2014 г. Праверана 22 студзеня 2014 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]