Перайсьці да зьместу

Свабода слова ў Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Свабо́да сло́ва ў Белару́сі — свабода вольнага выказваньня сваіх поглядаў і перакананьняў у Беларусі.

Паводле 33-га артыкула Канстытуцыі Беларусі, «кожнаму гарантуецца свабода поглядаў, перакананьняў і іх вольнае выказваньне. Ніхто ня можа быць прымушаны да выказваньня сваіх перакананьняў або адмовы ад іх. Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадзкімі аб’яднаньнямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца»[1].

Паводле меркаваньня беларускіх і замежных крытыкаў прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, яго прыход да ўлады ў 1994 годзе суправаджаўся пагаршэньнем волі прэсы і СМІ. Асноўныя крыніцы інфармацыі для насельніцтва — тэлевізійныя каналы Беларусь1, АНТ і Беларусь2-Беларусь5 — знаходзяцца пад кантролем дзяржавы.

Масавая інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле 7-га артыкула Закону Беларусі «Аб сродках масавай інфармацыі» 2008 году, «не дапушчаецца незаконнае абмежаваньне свабоды масавай інфармацыі, якое выяўляецца:

  1. у ажыцьцяўленьні цэнзуры масавай інфармацыі — патрабаваньні з боку службовых асобаў, дзяржаўных органаў, палітычных партыяў, іншых грамадзкіх аб’яднаньняў, іншых юрыдычных асобаў да юрыдычнай асобы, на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі СМІ, інфармацыйнаму агенцтву, карэспандэнцкаму пункту, галоўнаму рэдактару, журналісту, заснавальніку СМІ папярэдне ўзгадняць інфармацыйныя паведамленьні і матэрыялы, за выняткам выпадкаў узгадненьня з аўтарам і інтэрвіюемым, распаўсюду афіцыйных інфармацыйных паведамленьняў»;
  2. «ва ўмяшаньні ў галіну прафэсійнай самастойнасьці юрыдычнай асобы, на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі СМІ;
  3. у прыпыненьні або спыненьні выпуску СМІ з парушэньнем патрабаваньняў гэтага Закону»;
  4. «у прымусе журналіста СМІ да распаўсюду або адмовы ад распаўсюду інфармацыі;
  5. у парушэньні правоў журналіста СМІ»;
  6. «у іншай перашкодзе ў якімсьці выглядзе законнай дзейнасьці заснавальніка СМІ, юрыдычнай асобы, на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі СМІ і распаўсюдніка прадукцыі СМІ»[2].

Погляды ўраду Беларусі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

9 верасьня 2010 году А. Лукашэнка, сустракаючыся зь дзеячамі культуры па пытаньні разьвіцьця кінэматаграфіі, заявіў:

« Мы — адкрытая краіна, і таму ніякае цэнзуры і дыктатуры тут няма. Каб быць ва ўсіх пытаньнях цэнзарам, трэба мець неабходныя рэсурсы. У Беларусі такога рэсурсу няма, і гэта абьектыўная прычыны таго, што тут ніколі ня будзе тое цэнзуры, аб якое, на жаль,, сягоньня кажуць у нашае Расеі. »

—А. Лукашэнка, агенцтва «Інтэрфакс»

Гісторыя абмежаваньняў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1 верасьня 1996 г. «Беларуская дзяржаўная інспэкцыя электрасувязі» зачыніла «Радыё 101,2», якая была адзінай прыватнай радыёстанцыяй на беларускай мове. Аргумэнтацыя была наступнай: «З мэтай выключэньня перашкод у прыёмных каналах ЦС РТС „Алтай“ эксплюатацыя перадатчыка на частаце 101,2 МГц з выкарыстаньнем АФС на апоры па адрасе: вул. Камуністычная, 6 спыніць з 1 верасьня 1996 г. Нач. БелДІЭ В. А. Ніканаў». Надуманасьць дадзеных прэтэнзій была відавочнай, бо радыёстанцыі тыпу «Алтай» працуюць у дыяпазоне 300—344 МГц. Пасьля частата 101,2 МГц была перададзеная створанаму А. Лукашэнка Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі[3]. У лістападзе 1997 году Найвышэйшы гаспадарчы суд Беларусі забараніў газэту «Свабода»[4]. У 1999 годзе закрытая газэта «Навіны». У гэтым жа годзе закрытая газэта «Імя». Галоўным чыньнікам зачыненьня прэзыдэнт ЗАТ «БДГ» Пётар Марцаў назваў "немагчымасьць больш забясьпечыць бясьпеку і нармальныя ўмовы працы для журналістаў «Імя»[5]. 7 ліпеня 2000 у Менску бясьсьледна зьнік тэлеапэратар канала ОРТ Зьміцер Завадзкі. 12 лістапада 2001 гаспадарчы суд Гарадзенскай вобласьці ліквідаваў газэту «Пагоня»[6]. У 2002 годзе закрытая газэта «Наша Свабода». 24 чэрвеня 2002 году суд Ленінскага раёну Горадні прысудзіў галоўнага рэдактара газэты «Пагоня» Міколы Маркевіча да двух з паловай гадоў абмежаваньня волі, а журналіста гэтай газэты Паўла Мажэйку — да двух гадоў па артыкуле 367(2) Крымінальнага Кодэксу.

У жніўні 2002 году Савет міністраў Рэспублікі Беларусь зацьвердзіў Пастанову «Аб дзейнасьці, зьвязанай з правядзеньнем дасьледаваньняў і апублікаваньнем вынікаў апытаньняў грамадзкай думкі, якія адносяцца да грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне, рэспубліканскіх рэфэрэндумаў і выбараў». У адпаведнасьці з гэтым дакумэнтам была створаная камісія па апытаньнях грамадзкай думкі, якая праводзіць акрэдытацыю юрыдычных асобаў, прэтэндуючых на правядзеньне апытаньняў і публікацыю вынікаў, якія адносяцца да «рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і чальцоў Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне». Абмежаваньні, па словах дэпутата Палаты Прадстаўнікоў Ігара Катлярова, дакранаюцца не саміх апытаньняў як такіх, а публікацыі вынікаў. Па меркаваньні камэнтатараў, гэта зьвязана зь істотным разыходжаньнем публікуемых вынікаў дасьледаваньняў і афіцыйнымі дадзенымі, якія апавяшчаюцца ўладамі па выніках выбараў і рэфэрэндумаў[7].

16 верасьня 2002 суд у Менску прысудзіў рэдактара незалежнай газэты «Рабочий» Віктара Івашкевіча да двух гадоў абмежаваньня волі па абвінавачваньні ў паклёпе на прэзыдэнта. У траўні 2003 Міністэрства інфармацыі Беларусі прыпыніла на 3 месяцы выхад «Беларускай дзелавой газэты» і "БДГ «Для службовага карыстаньня»[8]. 19 чэрвеня 2003 году 1-ы намесьнік міністра інфармацыі С. Нічыпаровіч падпісаў загад аб прыпыненьні выхаду «Прадпрымальніцкай газэты» на 3 месяцы[9]. У жніўні 2003-га адкліканая рэгістрацыя ў прыватнай газэты «Дзень»[10]. 28 кастрычніка 2003 г. Вярхоўны суд Беларусі пастанавіў закрыць «Вясну-96». «Міжнародная амністыя» (Ангельшчына) асудзіла гэтую пастанову. 24 сьнежня 2003 г. Вярхоўны суд пацьвердзіў сваё рашэньне аб зачыненьні арганізацыі. 24 верасьня 2004 году тыднёвік «Рэгіянальная газэта», які выдаецца ў Маладэчне, вымушаны быў прыпыніць свой выхад у выніку загаду Міністра інфармацыі Ўладзімера Русакевіча[11]. Газэта неаднарозова падвяргалася ціску з боку ўладаў і пазьней. 20 кастрычніка 2004 у Менску была забітая супрацоўніца апазыцыйнай газэты «Салідарнасьць» Вераніка Чаркасава. У 2005 годзе выхад газэты «Курьера из Борисова» быў спынены: гаспадарчы суд прызнаў рэгістрацыю заснавальніка несапраўднай. 18 студзеня 2008 журналіст, экс-рэдактар газэты «Згода» Аляксандар Сдзьвіжкоў, які перадрукаваў у лютым 2006 году карыкатуры на прарока Магамэда з дацкай газэты «Jyllаnds-Posten», быў прысуджаны да трох гадоў калёніі за «распальваньне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці, якое зьдзейсьнена службовай асобай з выкарыстаньнем сваіх службовых паўнамоцтваў»[12].

22 лютага 2008 Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь зьмяніў пакараньне Аляксандру Зьдзьвіжкову з 3-х гадоў калёніі на 3 месяцы арышту. У выніку, журналіст быў вызвалены[13]. У канцы лістапада 2008 году зьявілася інфармацыя аб тым, што, магчыма, у хуткім часе газэты «Народная Воля» і «Наша Ніва» вернуцца ў дзяржаўную сетку распаўсюджваньня і падпісныя каталёгі «Белпошты», а таксама змогуць друкавацца на тэрыторыі Беларусі.[14] Празь некалькі дзён газэты зьявіліся ў шапіках. У 2008 годзе магчымасьці распаўсюджвацца праз гандлёвую сетку «Белсаюздруку» пазбавілі наступныя выданьні: «Товарищ», «Новы час», «Бобруйский курьер», «Барысаўскія навіны», "Витебский Курьер ", «Вольнае Глыбокае», «Газэта для Вас» (Івацэвічы), «Газета Слонімская», «Ганцавіцкі час», «Intex-press» (Баранавічы), «Нясьвіскі час». Ня могуць патрапіць да чытачоў пасродкам паштовай падпіскі «Товарищ», «СНплюс. Свободные новости плюс», «Новы час», «Барысаўскія навіны», «Витебский Курьер», «Вольнае Глыбокае», «Газета Слонімская», «Ганцавіцкі час», «Intex-press». Некаторыя газэты з-за гэтых праблем спынілі існаваньне або падаліся ў інтэрнэт — напрыклад, «Белорусская деловая газета» і «Салідарнасьць».

9 лістапада 2020 году дома ў заснавальніка газэты Ганны Валадашчук і ў рэдакцыі «Газеты Слонімскай» правялі ператрус, забралі кампутары, паралізавалі працу[15]. Нумар «Газеты Слонімскай» 11 лістапада не выйшаў у сьвет[15]. Ганна Валадашчук пакінула Беларусь праз пагрозу крымінальнага перасьледу[16], а газэта прыпыніла свой выхад на паўгода[17][18].

12 сакавіка 2021 году па крымінальнай справе за ўмяшаньне ў дзейнасьць міліцыі быў арыштаваны журналіст «Новага часу» Дзяніс Івашын, які быў аўтарам цыклю артыкулаў «Каго ці што абараняе „Бэркут“ у Беларусі» й за дзень да затрыманьня даваў інтэрвію каналу «Настоящее время», у якім паведаміў пра вынікі свайго журналісцкага расьсьледваньня[19]. 12 красавіка 2021 году была заборонена трансьляцыя тэлеканалу «Euronews(be)»[20]. У сакавіку 2021 году ў аднабаковым парадку «Белсаюздрук» спыніў распаўсюд часопісаў «Нашае Нівы»: «Наша гісторыя», «Асцярожна: дзеці!» і «Дуду», — «Белкніга», даччыная сетка крамаў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, таксама адмовілася іх прадаваць, у красавіку гэтак жа зрабіла «Акадэмкніга», якая належыць Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, таксама стала вядома, што «Белпошта» скасуе дамову з іх выдаўцом з ліпеня 2021 году[21].

З-за інтэрвію са Сьвятланаю Ціханоўскаю ад 14 красавіка 2021 году недзяржаўны штотыднёвік «Intex-press» атрымаў папярэджаньні Баранавіцкае міжраённае пракуратуры й Міністэрства інфармацыі за «распаўсюд інфармацыі, распаўсюджваньне якой забаронена», а галоўны рэдактар Уладзімер Янукевіч быў двойчы аштрафаваны (за электронную й друкаваную вэрсію інтэрвію, якое прызналі экстрэмісцкім)[22][23][24]. Пасьля публікацыі распаўсюджваць газэту адмовіліся «Белпошта», прыватныя[a] гандлёвыя сеткі («Белмаркет», «Марцін», «Дабраном» ды інш.), «Белсаюздрук», а зь 9 траўня 2021 году Беларускі дом друку адмовіўся й друкаваць газэту[22][25][26].

У адказ на пратэсты ў Беларусі (2020—2021) вясною 2021 году былі прыняты папраўкі ў законы аб СМІ, масавых мерапрыемствах, супрацьдзеяньні экстрэмізму, органах унутраных спраў, Кодэкс аб адміністрацыйных парушэньнях, Крымінальны кодэкс[27]. На думку экспэртаў, пакет нарматыўных актаў, з асуджэньнем якога выступіў Камітэт па абароне журналістаў, яшчэ мацней ушчамляе свабоду слова й права на распаўсюд інфармацыі[27]. Паводле Андрэя Бастунца, старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, папраўкі былі зроблены, каб узаконіць рэпрэсіўныя практыкі ў дачыненьні да СМІ, якія сталі масава прымяняцца з 2020 году пры ігнараваньні нормаў канстытуцыі й міжнародных дагавораў[27]. Многія фармулёўкі ў законах, на думку экспэртаў, наўмысна размытыя, каб можна было практычна любую неўпадабаную публікацыю кваліфікаваць як парушэньне, напрыклад нанясеньне шкоды нацыянальным інтарэсам[27]. Пры гэтым, што такое «нацыянальны інтарэс», вызначаюць чыноўнікі, атаясамлівая паняцьце з інтарэсамі захаваньня рэжыму Лукашэнкі[27]. У прыватнасьці, дэ-факта ўводзіцца забарона на стрымы з несанкцыянаваных акцый (пры тым што атрымаць санкцыю на іх апанэнтам рэжыму неймаверна)[27]. За любую крытыку ўладаў аўтар публікацыі рызыкуе трапіць пад крымінальны перасьлед па артыкуле аб дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь і атрымаць да чатырох гадоў пазбаўленьня волі[27]. З 2020 году масавымі сталі блякіроўкі рамадзка-палітычных сайтаў («Naviny.by», «Салідарнасьці», «Эўрарадыё» й дзясяткаў іншых), што значна ўдарыла па іх наведвальнасьці й даходам ад рэклямы[27].

18 траўня 2021 году быў заблякаваны «TUT.BY» і шэраг яго дачынных сайтаў, у тым ліку люстэркі ды E-mail сэрвіс[28]. Разам з рэйдам на сядзібу кампаніі ня менш за 18 супрацоўнікаў былі арыштаваны ў рамках распачатае крымінальнае справы па нясплаце парталам падаткаў[29][30]. З траўня 2021 году ў Беларусі заблякаваны расейскі спартовы сайт «Sports.ru(uk)»[31].

24 траўня 2021 году А. Лукашэнка падпісаў папраўкі ў Закон «Аб сродках масавай інфармацыі», паводле якіх права быць заснавальнікамі СМІ незалежна ад часу стварэньня (то-бок і да набыцьця моцы законам) пакінулі выключна за грамадзянкамі і грамадзянамі Беларусі, а таксама за юрыдычнымі асобамі Беларусі без замежнага ўдзелу. Папраўкі ў Закон набывалі моц празь месяц пасьля абнародаваньня і былі «накіраваныя на мінімізацыю замежнага ўплыву на беларускі інфармацыйны рынак»[32].

Спроба аднавіць выпуск «Газеты Слонімскай» у маі-чэрвені 2021 году не ўдалася, бо друкарні ў Берасьці, Пінску й Гародні адмовіліся друкаваць недзяржаўныя газэты[33].

Міжнародны маніторынг

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1 траўня 2009 міжнародная праваабарончая арганізацыя «Freedom House» у сваім дакладзе пра стан свабоды прэсы зьмясьціла Рэспубліку Беларусь на 188 месца з 195 са статусам «Адсутнасьць свабоды прэсы» («па-ангельску: Not Free»)[34].

  1. ^ Сеткі ў Беларусі знаходзяцца пад срогім наглядам дзяржавы і на сам рэч яны дзяржаўныя прадпрыемствы.
  1. ^ А. Лукашэнка. Канстытуцыя 1994 году са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 2004 г. Праверана 31 траўня 2021 г.
  2. ^ А. Лукашэнка. Закон Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2008 г. № 427-З «Аб сродках масавай інфармацыі» (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 28 ліпеня 2018 г. Праверана 6 чэрвеня 2021 г.
  3. ^ МОНИТОРИНГ ФОНДА ЗАЩИТЫ ГЛАСНОСТИ: ИЮЛЬ - СЕНТЯБРЬ'96 (рас.). Фонд абароны галоснасьці(ru). Архіўная копія ад 2007-09-28 г.
  4. ^ [1]
  5. ^ [2]
  6. ^ [3]
  7. ^ Прадузятасьць сацыялёгіі і праўда жыцьця. «Наша меркаваньне». Праверана 1 ліпеня 2008 г.
  8. ^ [4]
  9. ^ [5]
  10. ^ [6]
  11. ^ Прыпынена недзяржаўная «Рэгіянальная газета»
  12. ^ [7]
  13. ^ [8]
  14. ^ МЫ, Независимая пресса возвращается в киоски? (рас.)
  15. ^ а б На этой неделе не вышла «Газета Слонімская»  (рас.) // Брестская газета : газэта. — 2020. — № 46 (935). — С. 24.
  16. ^ Радыё Свабода
  17. ^ “Газета Слонімская” прыпыніла свой выхад на паўгода (бел.). Беларуская асацыяцыя журналістаў (2020-11-18). Праверана 2020-11-20 г. Архіўная копія ад 2020-11-20 г.
  18. ^ Алесь Петрович. (2020-11-30) Обыск у издателя: как власти Беларуси давят на независимую прессу в регионах (рас.). Нямецкая хваляПраверана 2020-12-04 г. Архіўная копія ад 2020-12-02 г.
  19. ^ «Ён змагаўся за праўду». Чым вядомы Дзяніс Івашын, якога затрымаў КДБ, і пры чым тут Украіна (бел.) БелаПАН. Свабода (2021-03-15). Праверана 2021-03-20 г. Архіўная копія ад 2021-03-20 г.
  20. ^ Мінінфарм забараніў тэлеканал «Еўраньюс». Замест яго запускаюць расійскую «Победу» (бел.). Наша Ніва (2021-04-12). Праверана 2021-04-12 г. Архіўная копія ад 2021-04-12 г.
  21. ^ «Акадэмкніга» адмовілася прадаваць часопіс пра беларускую гісторыю (бел.). Новы час (2021-04-14). Праверана 2021-04-23 г. Архіўная копія ад 2021-04-23 г.
  22. ^ а б Мінінфарм вынес папярэджанне газеце Intex-press за інтэрв'ю з Ціханоўскай, а «Белсаюздрук» адмовіўся яе прадаваць (бел.). Наша Ніва (2021-05-05). Праверана 2021-05-05 г. Архіўная копія ад 2021-05-05 г.
  23. ^ Интервью Светланы Тихановской изданию Intex‑Press признали экстремистским материалом (рас.). Мэдыязона (2021-04-29). Праверана 2021-04-29 г. Архіўная копія ад 2021-04-29 г.
  24. ^ «Это же не обычное дело»: как в Бресте главного редактора «Интекс-пресс» за интервью с Тихановской опять судили (рас.). Брестская газета (2021-05-05). Праверана 2021-05-06 г. Архіўная копія ад 2021-05-06 г.
  25. ^ “Белпошта” не ўключае Intex-press у падпісны каталог, гандлёвыя сеткі адмовіліся прадаваць газету ўжо цяпер (бел.). Беларуская асацыяцыя журналістаў (2021-04-28). Праверана 2021-04-28 г. Архіўная копія ад 2021-04-28 г.
  26. ^ Шок! «Белорусский дом печати» отказался печатать газету Intex-press (рас.). Intex-press (2021-05-09). Праверана 2021-05-10 г. Архіўная копія ад 2021-05-10 г.
  27. ^ а б в г д е ё ж Александр Класковский. (2021-05-06) Независимые СМИ в Беларуси, похоже, решено выжечь огнеметом (рас.). naviny.byПраверана 2021-05-11 г. Архіўная копія ад 2021-05-11 г.
  28. ^ Belarus raids top news site in widening crackdown (анг.). BBC News (2021-05-18).
  29. ^ TUT.BY: Independent Belarus media website blocked after series of raids (анг.). Euronews(be) (2021-05-18). Праверана 2020-05-18 г.
  30. ^ TUT.BY, «Трибуна» и еще 9 медиа, которые забанили в Беларуси, – вот как их читать (рас.). by.tribuna.com(be) (2021-05-19). Праверана 2021-05-19 г.
  31. ^ МГ. (2021-05-22) У Беларусі заблакавалі Sports.ru (бел.). БелсатПраверана 2021-05-22 г. Архіўная копія ад 2021-05-22 г.
  32. ^ Лукашэнка зацьвердзіў навацыі ў законы аб СМІ і масавых мерапрыемствах // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 24 траўня 2021 г. Праверана 31 траўня 2021 г.
  33. ^ Друкарні адмовіліся друкаваць недзяржаўную "Газету Слонімскую" (бел.). Эўрапейскае радыё для Беларусі (2021-06-04). Праверана 2021-06-04 г. Архіўная копія ад 2021-06-04 г.
  34. ^ [9]

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]