Павал Мажэйка
Павал Мажэйка лац. Pavał Mažejka | |
| Род дзейнасьці | журналіст |
|---|---|
| Дата нараджэньня | 25 траўня 1978 (48 гадоў) |
| Месца нараджэньня | |
| Месца вучобы | |
| Занятак | журналіст |
| Месца працы | |
| Сябра ў | Беларуская асацыяцыя журналістаў, За Свабоду і Беларускі ПЭН-цэнтар |
Павал Іванавіч Мажэйка (нар. 25 траўня 1978, Горадня) — беларускі журналіст і грамадзкі дзяяч Гародні. Кіраўнік культурніцкай прасторы «Цэнтар гарадзкога жыцьця» ў Гародне (2016—2021), каардынатар выдавецкай ініцыятывы «Гарадзенская бібліятэка», што спэцыялізавалася на выданьні кніг аўтараў з Гародні і пра Гародню.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Навучаўся на гістарычным факультэце Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Працаваў у газэце «Пагоня».
Першы арышт
[рэдагаваць | рэдагаваць код]За артыкулы пад час прэзыдэнцкай кампаніі 2001 году асуджаны 24 чэрвеня 2002 году разам з рэдактарам «Пагоні» Міколам Маркевічам Ленінскім раённым судом Горадні да двух гадоў абмежаваньня волі за «паклёп на прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі з абвінавачаньнем яго ў зьдзяйсьненьні асабліва цяжкіх злачынстваў»[1].
Адбываў пакараньне на «хіміі» — у папраўчай установе адкрытага тыпу №1 пры Жлобінскім РАУС. Агулам 6 месяцаў і 21 дзень.
21 сакавіка 2003 году ўмоўна-датэрмінова вызвалены згодна з пастановай суду Жлобінскага раёну (старшыня суду Жлобінскага раёну Віктар Малашэнка). Вымушаны быў адзначацца ў міліцыі да 1 верасьня.
Пад час выбараў 2006 году прэс-сакратар А. Мілінкевіча, пасьля — грамадзкі лідэр Гарадзеншчыны. Актывіст рухаў «За Свабоду», «Выратуем Горадню ад разбурэньняў», адзін з арганізатараў кампаніі «Год беларускай дзяржаўнасьці-2008» у Горадні. Каардынатар сэрыі «Гарадзенская бібліятэка».
Белсат
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Ад 2007 году аўтар публіцыстычнай праграмы «Госьць Белсату» спадарожнікавага каналу «Белсат».
У сакавіку 2009 году заявіў пра сыход з тэлеканалу ў знак нязгоды з рашэньнем звольніць дырэктара Белсату Агнешку Рамашэўску. Пасьля вырашэньня канфлікту, абое вярнуліся на свае пасады.
Ад 1 чэрвеня 2009 году выконвае функцыі ўпаўнаважанага дырэктара да справаў вытворчасьці «Белсату».
22 мая 2017 года П. Мажэйка судом Ленінскага раёна г. Гродна быў прызнаны вінаватым у незаконным вырабе і распаўсюджаньні інфармацыі для замежных СМІ. Падставай для абвінавачваньня сталі падзеі 25 сакавіка 2017 году, калі Павел Мажэйка ў Дзень Волі на дазволеным мітынгу ў Горадні праводзіў апытаньне. Судзьдзя Алена Пятрова вынесла пастанову аб пакараньні Мажэйкі штрафам на 23 базавыя велічыні — 529 рублёў[2].
Ліквідацыя цэнтру
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У сакавіку 2021 году Паўла Мажэйку затрымалі разам з мастаком Алесем Пушкіным, які выставіў у «Цэнтры гарадзкога жыцьця» партрэт антысавецкага дывэрсанта Яўгена Жыхара. 26 сакавіка Паўла Мажэйку выклікалі на допыт у гарадзенскую пракуратуру, дадому ён не вярнуўся, бо быў затрыманы. У дачыненьні да Паўла, разам з Алесем Пушкіным, распачалі крымінальную справу «за наўмысныя дзеяньні, скіраваныя на рэабілітацыю і апраўданьне нацызму». Пасьля 72 гадзін затрыманьня Паўла тады вызвалілі з фармулёўкай «зьніклі падставы для затрыманьня».
12 траўня 2021 года эканамічны суд Гарадзенскай вобласьці пастанавіў ліквідаваць «Цэнтар гарадзкога жыцьця», у якім за пяць гадоў дзейнасьці ладзіліся выставы, канцэрты, дыскусіі, прэзэнтацыі кніг і фільмаў.
Зьняволеньне і вызваленьне
[рэдагаваць | рэдагаваць код]30 жніўня 2022 году Паўла Мажэйку затрымалі ў Горадні, калі ён прыехаў з Польшчы праведаць бацькоў, і даставілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня[3]. 2 верасьня яго перавялі з ізалятара часовага ўтрыманьня ў СІЗА[4]. 20 верасьня 2022 году праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі яго палітычным зьняволеным[5]. У ліпені 2023 году Мажэйку прысудзілі 6 гадоў калёніі[6].
11 верасьня 2025 году быў памілаваны сярод 52-х палітвязьняў пасьля сустрэчы прадстаўніка прэзыдэнта ЗША Джона Коўла зь беларускім прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. Сярод адначасна вызваленых было 38 грамадзянаў Беларусі, у тым ліку старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч, старшыня кансорцыюму «ЭўраБеларусь» Уладзімер Мацкевіч, былы старшыня Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук, галоўны рэдактар тыднёвіка «Рэгіянальная газэта» Аляксандар Манцэвіч і журналіст газэты «Новы час» Мікалай Дзядок. Памілаваныя іншаземцы паходзілі з 6 краінаў Эўропы, зь іх 10 з 3-х суседніх краінаў Эўразьвязу[7].
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Ляўрэат нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека, заснаванай Хартыяй’97 [8].
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Сяргей Астраўцоў. Адзін дзень палітвязьня Паўла Мажэйкі. 19 лістапада 2007(недаступная спасылка)// Адзін дзень палітвязьня. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе.) — Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, 2009. — 364 с.: іл. ISBN 978-0-929849-27-0 Старонкі 170—177.
- ↑ У Гародні судзілі Паўла Мажэйку.
- ↑ Паўла Мажэйку затрымалі, калі ён прыехаў з-за мяжы наведаць бацькоў у Горадню // Радыё Свабода, 30-08-2022
- ↑ Журналіста Паўла Мажэйку перавялі ў СІЗА, Радыё Свабода, 2-09-2022
- ↑ Заява праваабарончых арганізацый аб прызнанні 11 новых палітвязняў Вясна
- ↑ Очередной жестокий приговор белорусскому журналисту — шесть лет колонии Павлу Можейко (рас.) Міжнароднае францускае радыё
- ↑ Пасьля сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі ЗША ў Беларусі вызвалілі 52 палітычных зьняволеных // Радыё Свабода, 11 верасьня 2025 г. Праверана 11 верасьня 2025 г.
- ↑ Лідары свабоднай Беларусі.