Сан-Паўлу
| Сан-Паўлу парт. São Paulo | |||||
| Населены пункт | |||||
| |||||
| Гімн | Anthem of the Municipality of São Paulo[d] | ||||
|---|---|---|---|---|---|
| Краіна | Бразылія | ||||
| Штат | Сан-Паўлу | ||||
| Першыя згадкі | 25 студзеня 1554 | ||||
| Дата заснаваньня | 25 студзеня 1554[1] | ||||
| Кіраўніцтва і ўлада | |||||
| mayor of São Paulo[d] | Рыкарду Нунэс[d][2] | ||||
| Заканадаўчы орган | Municipal Chamber of São Paulo[d] | ||||
| Геаграфія | |||||
| Плошча | 1522,986 км² | ||||
| Вышыня НУМ | 760 м | ||||
| Часавы пас | |||||
| Каардынаты | 23°33′ пд. ш. 46°38′ з. д.HGЯO | ||||
| Насельніцтва | |||||
| Колькасьць | 11 451 999 чал. (2022) | ||||
| Этнахаронімы | paulistano, San-Paŭlano, Paulistaine[3], Paulistain[3], paulistani, Sãopaulčan і Sãopaulčanka | ||||
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |||||
| Тэлефонны код | 11[4] | ||||
| Паштовы індэкс | 01000-000 | ||||
| Сайт | prefeitura.sp.gov.br | ||||
| Сан-Паўлу на мапе Бразыліі Сан-Паўлу | |||||
Сан-Паўлу (па-партугальску: São Paulo, Саў Паўлу) — горад у Бразыліі. Сан-Паўлу быў заснаваны ў 1554 годзе езуітамі. Да XIX стагодзьдзя быў невялікім правінцыйным горадам. У XX стагодзьдзі пасьля Другой сусьветнай вайны пачалося асноўнае разьвіцьцё гораду. Мільёны мігрантаў зь Японіі, Італіі й некаторых краін Міжземнамор’я пасяліліся менавіта там. Цяпер Сан-Паўлу па колькасьці насельніцтва трэці город у сьвеце пасьля Токіё й Нью-Ёрку (19,4 мільёнаў жыхароў), у Сан-Паўлу прадукуецца 25% ВУП краіны. Тут знаходзіцца амаль палова прамысловых прадпрыемстваў Бразыліі, у тым ліку авіяцыйнае прадпрыемства «Эмбраер».
Мэтраполія аказвае значны ўплыў на нацыянальным і міжнародным узроўні, з пункту гледжаньня культуры, эканомікі й палітыкі. Сан-Паўлу зьяўляецца домам для некалькіх важных помнікаў, паркаў і музэяў, як то Мэмарыял Лацінскае Амэрыкі, Музэй партугальскай мовы, Мастацкі музэй Сан-Паўлу, парк Ібірапуэра й Авэніда Паўліста, якая зьяўляецца самым важным фінансавым цэнтрам Сан-Паўлу. Горад прымае шмат мерапрыемстваў высокага ўзроўню, як то Фэстываль мастацтва Сан-Паўлу, Гран-пры Бразыліі ў Формуле-1, Тыдзень моды Сан-Паўлу й Сан-Паўлу Інды 300.
У горадзе таксама месьціцца Сан-паўлаўская Фондавая біржа, рынак ф’ючэрсаў і біржа рынку збожжавых, якая зьяўляецца другой па велічыні фондавай біржай ў сьвеце паводле рынкавага кошту[5]. Сан-Паўлу ёсьць домам для некаторых з самых высокіх будынкаў у Бразыліі, як то Mirante do Vale, Italia, Altino Arantes, North Tower, UNSCOM і многія іншыя. Горад таксама вядомы сваім ненадзейным надвор’ем, вялікім памерам гэлікоптэрнага парку, архітэктурай і мноствам хмарачосаў[6].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Першае паселішча ў гэтым месцы было заснавана ў 1532 годзе й мела назоў Сан-Вісэнці. Гэта была першая сталая партугальская калёнія ў Новым Сьвеце[7]. Праз дваццаць два гады місіянэры-езуіты Мануэл да Нобрэга й Жузэ дзі Аншыета заснавалі 25 студзеня 1554 году вёску Сан-Паўлу-дус-Кампус-дэ-Піратынінга за 68 кілямэтраў ад Сан-Вісэнці. Сьвятары малі за мэту хрысьціць мясцовыя плямёны тупі й гуарані ў каталіцкую веру й прыняць партугальскае падданства. Аднак езуіты былі пазьней часьцяком не ў ладах з партугальскімі ўладамі, галоўным чынам, Маркізам дэ Памбалам, які ў выніку выгнаў іх з Бразыліі.
Сан-Паўлу афіцыйна стаў горадам у 1711 годзе. У XIX стагодзьдзі горад перажываў эканамічны росквіт, дзякуючы экспарту кавы, якая пастаўлялася з суседняга горада Сантус. Пасьля адмены рабства ў 1888 годзе, хвалі імігрантаў з Партугаліі, Італіі, Гішпаніі й іншых эўрапейскіх краінаў накіраваліся ў Сан-Паўлу, каб «адбяліць расу», бо партугальска-бразыльскія ўлады асьцерагаліся, што колькасьць чорнага насельніцтва Бразыліі будзе расьці значна хутчэй, чым іншыя групы. У выніку эўрапейцам былі прадастаўлены зямельныя ўладаньні ў якасьці стымулаў для іміграцыі, а некаторыя працавалі на кантрактнай аснове на кававых плянтацыях. Зноў прыбылія людзі й іхныя нашчадкі прыехалі, каб «зрабіць Амэрыку», і ў наш час найвыбітнейшыя прадпрымальнікі краіны маюць італьянскія, партугальскія й нямецкія прозьвішчы, як то Матарацца, Дыніз і Мюлер.
Да пачатку XX стагодзьдзя збор кавы рэзка рэзка ўпаў, бо, сярод іншых фактараў, адбылася рэзкае зьніжэньне сусьветных коштаў на каву. З крахам Ўол-стрыт у 1929 годзе, кававыя бароны сталі губляць свой уплыў і статус. Эканоміка шукала іншыя альтэрнатывы, як то вытворчасьць цукровага трысьнягу й алькаголю. Зь цяжкасьцямі, выкліканымі Другой сусьветнай вайной, калі прамыслова разьвітыя краіны не пастаўлялі імпартныя тавары ў краіну, і ў адпаведнасьці з нацыянальнымі тэндэнцыямі да імпартазамяшчэньня, Сан-Паўлу пачаў індустрыялізацыю накіраваную на павілічэньня выпуску тавараў унутранага спажываньня. Мясцовыя прадпрымальнікі пачалі ўкладваць грошы ў разьвіцьцё прамысловасьці Сан-Паўлу, прыцягваючы новыя кантынгенты мігрантаў у горадзе, у асноўным італьянцаў. У дадатак да эўрапейцаў, японцы й сырыйскія й лібанскія імігранты прыбылі сюды ў вялікай колькасьці ў першай палове XX стагодзьдзя. На працягу ўсяго стагодзьдзя хуткі рост эканомікі гораду таксама прыцягнуў велізарныя хвалі мігрантаў зь бедных раёнаў Бразыліі, асабліва з паўночна-ўсходняй частцы краіны. Сан-Паўлу падтрымліваў высокія тэмпы эканамічнага росту за кошт 1920-х гадоў, калі назіраліся вялізарныя патокі іміграцыі, хуткая індустрыялізацыя й прыход інвэстыцыяў. У пачатку 1920-х будынак Сампаю Марэйра дасягнуў беспрэцэдэнтных 14 паверхаў, а ўжо да канца дзесяцігодзьдзя будынак Мартынэльлі перавысіў гэтую колькасьць паверхаў удвая. Таксама ўзрасла колькасьць аўтамабіляў і дызэльных аўтобусаў, што дазволіла працаўнікам сфэры абслугоўваньня езьдзіць з прыгарадаў на працу ў цэнтар гораду.

Аднак з-за канкурэнцыі з многімі іншымі бразыльскімі гарадамі, якія часам прапануюць падатковыя льготы для кампаніяў, дзеля прывабліваньня месца для будаўніцтва прадпрыемстваў, Сан-Паўлу ў асноўных відах эканамічнай дзейнасьці паступова выйшаў з прамысловага профілю на карысьць сфэры паслугаў у канцы XX стагодзьдзя. Горад зьяўляецца домам для вялікай колькасьці мясцовых і міжнародных банкаўскіх офісаў, юрыдычных фірмаў, транснацыянальных кампаніяў і бытавога абслугоўваньня. Сучасны твар горада паўстаў у 1930-я гады, у асноўным застаючыся нязьменным. Сан-Паўлу не хапала якой-небудзь пляніроўцы гораду да 1889 году, а закон занаваньня быў прыняты толькі ў 1972 годзе. Большая частка горада захавала каляніяльныя аспэкт, з вузкімі вуліцамі, пацёртымі будынкамі й старымі цэрквамі ў францысканскім стылі.


У 1924 годзе горад падвергнуўся бамбардзіроўцы падчас паўстаньня тэнэнтыстаў. Паміж 1920 і 1940 гадамі насельніцтва падвоілася, дасягнуўшы 1,3 мільёну чалавек. Нягледзячы на тое, што насельніцтва Рыю-дэ-Жанэйру таксама расло хуткімі тэмпамі ў гэты пэрыяд, празь некалькі дзесяцігодзьдзяў Сан-Паўлу пераўзышоў свайго канкурэнта ў колькасьці насельніцтва. У 1939—1945 гадох інжынэр Франсіску Прэстыз Мая пабудаваў шматпалосны праспэкт 9 de Julho (Праспэкт 9 ліпеня) і пашырыў многія іншыя вуліцы, нягледзячы на супраціў з боку перамешчанага насельніцтва. Да 1947 году ў Сан-Паўлу быў пабудаваны будынак Дзяржбанку, а некалькі пазьней гарадзкая бібліятэка імя Марыю дэ Андрадэ. Да 1950 году мэтраполія Сан-Паўлу вырасла да 2,2 млн. чалавек у параўнанні з 2,4 мільёну ў Рыю-дэ-Жанэйру, але празь дзесяць гадоў у Сан-Паўлу паказчык колькасьці насельніцтва пераўзвышаў 3,7 млн чалавек, у параўнаньні з Рыю 3,3 млн чалавек, такім чынам горад умацоўваў сваю рэпутацыю як аднаго з найбольш дынамічна квітнеючых гарадзкіх цэнтраў сьвету. У 1960 годзе Сан-Паўлу ўключаў у сябе амаль палову насельніцтва штату Сан-Паўлу (самы населены штат у Бразыліі), а колькасьць працуючага насельніцтва горада складала каля адной траціны ад агульнай колькасьці занятых у прамысловасьці краіны. З-за павілічэньня колькасьці аўтамабіляў горадзе была пабудавана хуткасная аўтамагістраль Бандэйрантыс, якая забясьпечвае хуткі доступ да цэнтру гораду. Будаўніцтва дарог працягваецца й на сёньняшні дзень, але ніякае іхняе павілічэньня ня можа вырашыць праблему стварэньня затораў на дарозе. Будаўніцтва мэтрапалітэну было пачата ў канцы 1960-х у надзеі на паляпшэньне сытуацыі, на сёньня лініі мэтро працягваюць пашырацца й дапаўняцца.
Нягледзячы на свае шматлікія беды, Сан-Паўлу застаецца бізнэс-цэнтрам Лацінскай Амэрыкі. Квітнеючы спачатку дзякуючы кававай прамысловасьці, а пазьней індустрыялізацыі, на пачатку XXI стагодзьдзя горад у асноўным ёсьць цэнтрам сфэры паслуг. Ягоны велізарны рынак, каля 20 мільёнаў чалавек жывуць у мэтраполіі Сан-Паўлу, зьяўляецца магнітам для транснацыянальных карпарацыяў. Дзякуючы мастацкім выставам, як то Feira Bienal Internacional de Arte, і рэпутацыі месца правядзеньня перадавых музычных канцэртаў, горад стаўся чымсьці накшталт культурнага цэнтра. Эканамічны рост і экспарт тавараў падняў занятасьць й заробную плату насельніцтва. Узровень забойстваў скараціўся амаль на чвэрць з моманту свайго піка.
Вяртаньне гарадзкой рады й прыход прыватных унівэрсытэтаў пойшло на карысьць гістарычнаму цэнтру, аднак бізнэс працягвае рухацца да новых раёнаў, як то Ітаім і Бэрыні. Сан-Паўлу таксама прыцягвае больш наведвальнікаў чым Рыю-дэ-Жанэйру, што сьведчыць пра інтэнсіўнае суперніцтва паміж двума мэтраполіямі.
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Сан-Паўлу разьмешчаны на паўднёвым усходзе Бразыліі, у паўднёва-ўсходнім штаце Сан-Паўлу, прыкладна на паўдарогі паміж Курытыба, сталіцы штату Парана, і Рыю-дэ-Жанэйра, былой сталіцы Бразыліі. Горад разьмешчаны на плято Сэра-ду-Мар, якое зьяўляецца часткай вялізнага Бразыльскага нагор’я, зь сярэдняй вышынёй каля 799 мэтраў над узроўнем мора, нягледзячы на тое, што горад месьціцца на адлегласьці ўсяго каля 70 кілямэтраў ад Атлянтычнага акіяна. Узгорыстая мясцовасьць пераважае ў урбанізаваных раёнах Сан-Паўлу, за выключэньнем паўночнай частцы горада, дзе горная града Сэра-да-Кантарэйра можа пахваліцца ўзвышшамі й наяўнасьцю значных рэшткаў трапічных лясоў Атлянтыкі. Увесь рэгіён вельмі стабільны тэктанічна, і ніякай сэйсьмічнай актыўнасьці калі-небудзь тут не было зафіксавана.
Рэкі Чыетэ й ейны прыток Пінэйрус, некалі былі важнымі крыніцамі прэснай вады й месцам правядзеньня вольнага часу для Сан-Паўлу. Тым ня менш, шматлікія прамысловыя сьцёкавыя воды й скід сьцёкавых вод у XX стагодзьдзі выклікала моцную забруджанасьць рэкаў. Аднак зараз вядзецца праграма па істотнай ачыстцы для абедзьвюх рэкаў, якая фінансуецца за кошт партнэрствай дамовы паміж мясцовымі органамі ўлады й міжнароднымі банкамі разьвіцьця, як то Японскі банк міжнароднага супрацоўніцтва.
У рэгіёне вакол Сан-Паўлу няма вялікіх натуральных азёраў, аднак вадасховішчы Білінгс і Гварапіранга, якія месьцяцца на паўднёвай ускраіне горада, выкарыстоўваюцца для вытворчасьці электраэнэргіі, для захоўваньня вады, і як месца правядзеньня забаўляльныя мерапрыемстваў, як то ветразевы спорт. Арыгінальная флёра складаецца ў асноўным з самых разнастайных шыракалістых вечназялёных расьлінаў. Сёньня інтрадукцыя для Сан-Паўлу зьяўляецца агульнай, бо мяккі клімат і багатыя дажджы дазволі мноству трапічных, субтрапічных і ўмераных расьлінаў расьці тут, асабліва паўсюдным стаў эўкаліпт.
Паркі й біяразнастайнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Сан-Паўлу месьціцца ў зоне экатону між трох біёмаў: зьмяшаны амбрафільны лес, густы амбрафільны лес і сэраду. Апошні з памянёных біёмаў меў некаторыя віды расьлінаў, якія ўласьцівыя да Пампасаў. У 2010 годзе ў Сан-Паўлу мелася 62 муніцыпальныя й штатныя паркі[8], як то парк Кантарэйра, які ёсьць часткай біясфэрнага запаведніка Сан-Паўлу й дзе месьцяцца адныя з найбуйнейшых гарадзкіх лясоў на плянэце з 7900 гектарамі. Таксама можна згадаць паркі Фонтэс-ду-Іпіранга[9], Ібірапуэра, экалягічны парк Чыетэ, экалягічная ахоўная зона Капівары-Монус, Сэра-ду-Мар, Віла-Лобус, Народны парк і парк Жарагуа, апошнія зь якіх быў даданы ў сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО ў 1994 годзе[10]. У 2009 годзе ў Сан-Паўлу мелася 2300 гектараў зялёнай плошчы, што менш за 1,5% плошчы гораду[11] і ніжэй за 12 м² на жыхара як рэкамэндавана Сусьветнай арганізацыяй здароўя[12]. Каля 21% плошчы грамады ахопленыя зялёнымі зонамі, уключаючы экалягічныя рэзэрвацыі паводле зьвестак на 2010 год[13][14].
У грамадзе можна пабачыць лясных птушак, якія звычайна зьяўляюцца ў рэгіёне ўвесну, дзякуючы існага ляснога пасу вакол гораду, які па-ранейшаму атачае места. Найбольш распаўсюджанымі відамі рэгіёны ёсьць чырвоны дрозд, саяка бразыльская, вялікая пітанга й калібры. Не зважаючы на вялікую забруджанасьць галоўных рэк гораду Чыетэ й Пінэйрус, рэкі ёсьць прытулкам некалькіх відаў жывёлаў, як то капібары, каршуны, чылійскія кірлі, чаплевыя й нутрыі.
Клімат
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Горад мае вільготны субтрапічны клімат, у адпаведнасьці з клясыфікацыяй Кёпена[15]. Улетку тэмпэратура складае ад 17 °C да 28 °C, але можа даходзіць да 32 °C у самыя гарачыя дні. Узімку тэмпэратура вагаецца паміж 11 °C-23 °C, але можа апускацца да 6 °C у самыя халодныя дні. Самая высокая тэмпэратура складала 35,3 °C, яна была зафіксавана 15 лістапада 1985 году[16]. Самая нізкая тэмпэратура за пэрыяд назіраньня складала -2 °C і была зафіксавана 2 жніўня 1955 году, у той жа дзень неафіцыйна была зафіксавана тэмпэратура -3,8 °C. Сярэдняя тэмпэратура на працягу ўсяго году ёсьць аналягічнай той, што назіраецца ў Сыднэі й Лос-Анджэлесе. Паўднёвы тропік, які праходзіць прыкладна на 23° 27' паўднёвай шырыні, праходзіць на поўначы ля самага Сан-Паўлу й прыкладна пазначае мяжу паміж трапічнай і ўмеранай абласьцямі Паўднёвай Амэрыкі. З-за сваёй вышыні над узроўнем мора, аднак, Сан-Паўлу карыстаецца выразна ўмераным кліматам[17].
| Паказьнік | Сту | Лют | Сак | Кра | Тра | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сьн | Год |
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| Абсалютны максымум t, °C | 34,2 | 34,6 | 33,6 | 31,3 | 29,8 | 28,9 | 29,3 | 33,0 | 37,4 | 34,4 | 35,2 | 35,7 | 37,4 |
| Сярэдні максымум t, °C | 27,4 | 28,0 | 27,3 | 25,1 | 23,0 | 21,7 | 21,8 | 23,3 | 23,9 | 24,7 | 25,9 | 26,3 | 24,5 |
| Сярэдняя t, °C | 22,2 | 22,4 | 21,7 | 19,8 | 17,6 | 16,4 | 15,8 | 17,1 | 17,8 | 19,0 | 20,3 | 21,2 | 18,5 |
| Сярэдні мінімум t, °C | 18,7 | 18,8 | 18,2 | 16,3 | 13,9 | 12,3 | 11,7 | 12,8 | 13,9 | 15,3 | 16,5 | 17,8 | 14,5 |
| Абсалютны мінімум t, °C | 10,2 | 11,2 | 10,9 | 6,0 | 5,2 | 0,9 | 0,2 | −2,2 | 2,1 | 4,2 | 6,9 | 7,3 | −2,2 |
| Норма ападкаў, мм | 240 | 250 | 160 | 80 | 70 | 60 | 40 | 30 | 70 | 130 | 140 | 190 | 1 460 |
| Крыніца: INMET. Gráficos Climatológicos, Hong Kong Observatory | |||||||||||||
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Сан-Паўлу ёсьць найбольш этнічна разнастайным горадам у Бразыліі[18]. Са скарачэньнем трафіку гандлю рабамі ў Бразыліі ў 1850 годзе афрыканцаў сталі замяняць імігрантамі з Эўропы на працы на кававых плянтацыях. Піянэрам у гэтым новым праекце стаў сэнатар Нікалаў Вэргуэйру, які запрасіў працаўнікоў зь Нямеччыны, Швайцарыі й Партугаліі для працы на сваём уласным маёнтку. Наступная хваля імігрантаў, у асноўным італьянцаў і партугальцаў, пракацілася зь сярэдзіны XIX стагодзьдзя й па канец стагодзьдзя. Яны былі значна больш прыстасаванымі да вырошчваньня кавы й склалі з часам буйныя супольнасьці імігрантаў у штаце Сан-Паўлу[19].
Пасьля адмены рабства ў 1888 годзе, колькасьць эўрапейскіх імірантаў у Сан-Паўлу значна павялічылася, большасьць зь іх прыбылі зь Італіі, а затым Партугаліі й Гішпаніі. У 1897 годзе італьянцы складалі больш за палову насельніцтва гораду. Партугальцы, гішпанцы, немцы, японцы, габрэі й сырыйска-лібанскія хрысьціяне таксама меліся ў горадзе ў значных колькасьцях. З 1908 па 1941 гады ў горадзе значна павялічалася колькасьць японскіх імігрантаў[20]. У 1960-х гадох кітайцы й карэйцы пачалі таксама масава рухацца ў Сан-Паўлу. У сярэдзіне XX стагодзьдзя многія з пацярпелых ад засухі на паўночным усходзе краіны пачалі міграваць у Сан-Паўлу. У цяперашні час горад зьяўляецца сьведкам вялікай хвалі міграцыі з Балівіі[21].
Мовы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Галоўнай мовай гораду як і ўсёй краіны ўважаецца партугальская. Раней у рэгіёне да прыбыцьця эўрапейцаў тубыльцы размаўлялі на мове тупі, якая шырока ўжывалася на тэрыторыі сучасных Сан-Вісэнці, Сан-Паўлу й вярхоўяў ракі Чыетэ. У XVII стагодзьдзі гэтая мова была шырока распаўсюджаная ў Сан-Паўлу ды іншых суседніх рэгіёнах у Бразыліі. З 1750 году на загад маркіза Помбала партугальская мова набыла статус галоўнай мовы, якая, адпаведна, выкладалася дзецям у школах. У выніку мова тупі саступіла свае пазыцыі партугальскай і з часам вымерла. Празь вялікі прыток японскіх, нямецкіх, гішпанскіх, італьянскіх і арабскіх імігрантаў партугальскія ідыёмы, на якой размаўляюць у раёне Сан-Паўлу, зьмяніліся, адлюстроўваючы ўплыў іншых прывезеных моваў.
Італьянскі ўплыў у гаворках Сан-Паўлу відавочны ў такіх італьянскіх раёнах, як то Бэла-Віста, Моока, Браз і Лапа. Італьянская мова зьмяшалася з партугальскай і паступова была асыміляваная або зьнікла ў гутарковай мове. Мясцовы акцэнт з італьянскім уплывам стаў вядомым дзякуючы песьням Аданірана Барбозы, бразыльскага сьпевака самбы, які нарадзіўся ў сям’і італьянскіх бацькоў і сьпяваў зь мясцовым акцэнтам[22].
Да іншых моваў, на якіх яшчэ размаўляюць у горадзе, адносяцца японская мова. Гэта павязана з тым, што ў Сан-Паўлу пражывае найвялікшая японская супольнасьць па-за межамі Японіі. Не зважаючы на тое, што сёньня большасьць бразыльцаў японскага паходжаньня размаўляюць толькі па-партугальску, некаторыя зь іх па-ранейшаму свабодна валодваюць японскай мовай. Некаторыя людзі кітайскага й карэйскага паходжаньня ўсё яшчэ могуць размаўляць на мовах сваіх продкаў[23]. У некаторых раёнах гораду ўсё яшчэ можна знайсьці нашчадкаў імігрантаў, якія гавораць па-нямецку[24], асабліва ў раёне Бруклінскага Паўліста, а таксама па-летувіску, па-расейску ды іншымі ўсходнеэўрапейскімі мовамі, пераважна ў раёне Віла-Зэліна[25]. У заходняй частцы Сан-Паўлу, асабліва ў раёнах Віла-Анастасію й Лапа, маюцца вугорскія суполкі.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Сан-Паўлу ўважаецца за горад з найбольшай доляй ВУП Бразыліі й адзін з гарадоў з самым высокім уласным ВУП у сьвеце[26][27]. Паводле зьвестак IBGE, ягоны валавы ўнутраны прадукт у 2010 годзе складаў 450 мільярдаў рэалаў[28], то бок прыблізна 220 мільярдаў даляраў ЗША, фармуючы, такім чынам, 12,26% ВУП усёй краіны і 36% ВУП штату Сан-Паўлу[29]. Прыбытак на душу насельніцтва ў горадзе складаў 47 802,02 рэалаў у 2022 годзе[30].

Сан-Паўлу лічыцца фінансавай сталіцай Бразыліі, бо тут месьцяцца сядзібы буйных карпарацыяў, банкаў і фінансавых установаў. Тут працуе фондавая біржа, найбуйнейшая сярод біржаў усёй Лацінскай Амэрыкі паводле рынкавай капіталізацыі[31]. Горад мае адразу некалькі бізнэсовых раёнаў, сярод якіх вылучаюцца раёны ля праспэкту Авэніда Паўліста, Фарыя-Ліма й Бэрыні. 63% усіх міжнародных кампаніяў, якія вядуць свае справы ў Бразыліі, маюць свае галоўныя офісы ў Сан-Паўлу. Сан-Паўлу мае адную з найбуйнейшых канцэнтрацыяў нямецкіх прадпрыемстваў у сьвеце[32] й ёсьць найбуйнейшым швэдзкім прамысловым цэнтрам разам з Гётэборгам[33]. Горад унікальны сярод іншых бразыльскіх гарадоў вялікай колькасьцю замежных карпарацыяў[34]. Сан-Паўлу заняў другі радок пасьля Нью-Ёрку ў паўгадавым рэйтынгу гарадоў будучыні 2013—2014 гадоў у Амэрыцы, які рыхтуе часопіс FDi, і быў названы лацінаамэрыканскім горадам будучыні 2013—2014 гадоў[35]. Згодна з рэйтынгам кошту жыцьця для замежных супрацоўнікаў Mercer за 2011 год, Сан-Паўлу ўваходзіў у дзясятку найдаражэйшых гарадоў сьвету[36][37].
У 2014 годзе горад быў трэцім паводле велічыні экспартэрам у краіне. У тым годзе экспарт тавараў з Сан-Паўлу складаў 7,32 млрд даляраў ЗША, або 3,02% ад агульнага аб’ёму экспарту Бразыліі. Пяць асноўных тавараў, якія экспартуе Сан-Паўлу, ёсьць соя (21%), цукар (19%), кава (6,5%), драўняная цэлюлёза (5,6%) й кукуруза (4,4%)[38]. Тым ня менш, эканоміка Сан-Паўлу перажывае глыбокія трансфармацыі, якая павязаныя зь пераходам ад прамысловага характару да пераходу ў трэці сэктар эканомікі, засяроджваючыся на паслугах. Сан-Паўлу таксама мае вялікую дзель «шэрай» эканомікі[39]. Паводле зьвестак PricewaterhouseCoopers, сярэднегадавы эканамічны рост гаспадаркі места складае 4,2%[40]. У 2005 годзе горад назьбіраў 90 млрд рэалаў падаткаў, а бюджэт гораду ў той час быў 15 млрд рэалаў. У горадзе маюцца 1500 банкаўскіх аддзяленьняў і 70 гандлёвых цэнтраў[41]. Брэнды раскошы, як правіла, канцэнтруюць свой бізнэс менавіта ў Сан-Паўлу. Праз адсутнасьць унівэрмагаў і мультыбрэндавых бутыкоў, гандлёвыя цэнтры й раён Жардынс прыцягваюць большасьць сусьветных люксавых брэндаў. Краіны такіх брэндаў, як Cartier, Chanel, Dior, Giorgio Armani, Gucci, Louis Vuitton, Marc Jacobs, Tiffany & Co, можна знайсьці ў гандлёвых цэнтрах места. Таксама ў ім маюцца крамы бразыльскіх брэндаў.
Турызм
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У горадзе працуюць гатэлі буйных гасьцінічных сетак, мэтавай аўдыторыяй якіх ёсьць карпаратыўныя падарожнікі. У Сан-Паўлу ладзіцца 75% вядучых бізнэсовых кірмашоў краіны. Горад таксама прасоўвае адзін з найважнейшых тыдняў моды ў сьвеце, як то Тыдзень моды ў Сан-Паўлу, які ўпершыню быў зарганізаваны ў 1996 годзе. Гэта найбуйнейшая й найважнейшая модная падзея ў Лацінскай Амэрыцы[42]. Штогадовы «Марш за Ісуса» ёсьць вялікім сходам хрысьціянаў пратэстанцкіх цэркваў з усёй Бразыліі. Паводле паведамленьняў паліцыі места, у 2015 годзе ў ім бралі ўдзел блізу 350 тысяч чалавек[43]. Акрамя таго, у Сан-Паўлу штогод ладзіцца конкурс São Paulo Pancake Cook-Off, у якім кухары з усёй Бразыліі й сьвету спаборнічаюць у гатаваньні блінцоў[44].

Сан-Паўлу быў названы 18-м найлепшым горадам сьвету ў справаздачы аб найлепшых гарадах сьвету за 2026 год, вылучаючыся сярод 270 глябальных местаў, ацэненых Resonance. Горад трымае лідэрства ў Лацінскай Амэрыцы, апярэджваючы Мэхіка, Буэнас-Айрэс, Рыю-дэ-Жанэйру, Багату й Ліму[45]. Начное жыцьцё гораду ўважаецца адным з найбольш насычаных у краіне, то бок гэта міжнародны цэнтар актыўнага й разнастайнага начнога жыцьця, маючы вялікую колькасьць бараў, танцавальных бараў і начных клюбаў, якія працуюць пасьля поўначы[46]. Тут ёсьць кінатэатры, тэатры, музэі й культурныя цэнтры. Вуліца Оскара Фрэйры была названая адной з васьмі самых раскошных вуліцаў у сьвеце[47]. Паводле зьвестак Міжнароднай асацыяцыі кангрэсаў і канфэрэнцыяў, Сан-Паўлу займае першы радок сярод гарадоў, якія ладзяць міжнародныя імпрэзы ў Амэрыцы, і 12-е месца ў сьвеце пасьля Вены, Парыжу, Барсэлёны, Сынгапуру, Бэрліна, Будапэшту, Амстэрдаму, Стакгольму, Сэула, Лісабону й Капэнгагену[48].
Згодна з дасьледаваньнем, якое ладзіла кампанія MasterCard сярод 130 гарадоў сьвету, Сан-Паўлу быў трэцім паводле наведвальнасьці местам у Лацінскай Амэрыцы пасьля Мэхіка й Буэнас-Айрэсу. Яго ў 2013 годзе наведалі 2,4 мільёнаў замежнікаў, якія пакінулі ў горадзе 2,9 мільярдаў даляраў ЗША, што было найвышэйшым паказьнікам сярод гарадоў рэгіёну. У 2014 годзе CNN ацаніў начное жыцьцё Сан-Паўлу як чацьвертае найлепшае ў сьвеце пасьля Нью-Ёрку, Бэрліна й Ібісы ў Гішпаніі[49]. У горадзе працуюць больш за 12 тысяч рэстаранаў і кавярняў[50].
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Музыка
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Аданіран Барбоза быў сьпеваком і кампазытарам самбы, які дасягнуў посьпеху ў раньнюю эпоху радыё ў Сан-Паўлу. Барбоза, які нарадзіўся ў 1912 годзе ў мястэчку Валіньюс, быў вядомы як «кампазытар дзеля масаў», асабліва дзеля італьянскіх імігрантаў, якія жылі ў кварталах Бэла-Віста. Сваё натхненьне кампазытар чэрпаў з жыцьця рабочых гораду, беспрацоўных і тых, хто жыў на ўскрайку места. Ягоным першым вялікім гітом стала песьня 1951 году «Saudosa Maloca» («Хаціна добрых успамінаў»), у якой тры бяздомныя сябры з настальгіяй успамінаюць сваю імправізаваную халупу, якую зьнёс пан, каб вызваліць месца пад уласны будынак. А ягоная песьня 1964 году «Trem das Onze» («Цягнік а 11-й») уважаецца адной зь пяці найлепшых песень самбы. У ёй галоўны герой тлумачыць сваёй каханай, што ён ня можа заставацца зь ёй, бо мусіць сесьці на апошні цягнік да прадмесьця Жасанан, таму што ягоная маці ня будзе спаць, пакуль ён ня вернецца дадому. Яшчэ адным важным музыкам Сан-Паўлу, які працаваў у падобным стылі, быў Паўлу Ванзаліні. Ён быў доктарам біялягічных навук, але па сумяшчальніцтве прафэсійна займаўся музыкай. Адна зь ягоных папулярных песень «Ронда» апісвае сцэну палюбоўнага забойства ў Сан-Паўлу.

У канцы 1960-х гадоў папулярным у горадзе быў псыхадэлічная рок-гурт пад назовам Os Mutantes. Іхны посьпех павязаны з посьпехам іншых музыкаў стылю трапікалія. Гурт выпусьціў пяць альбомаў, перш чым ягоная салістка Рыта Лі сышла ў 1972 годзе й далучыцца да іншага гурта пад назвай Tutti Frutti. Не зважаючы на тое, што першапачаткова Os Mutantes быў вядомы толькі ў Бразыліі, за мяжой ён стаў пасьпяховым ужо пасьля 1990-х гадоў.
Многія зь вядомых клясычных бразыльскіх кампазытараў, як то Амарал Віейра, Асвалду Ласэрда й Эдсан Сампроньня, нарадзіліся ці жывуць у Сан-Паўлу. Мясцовы барытон Паўлу Шот атрымаў міжнародную вядомасьць, выступаючы цягам шасьці сэзонаў запар у Мэтраполітэн-опэры, Ля Скалі й Парыскай опэры. Акрамя таго ён ёсьць ляўрэатам прэміі «Тоні» за найлепшую мужчынскую ролю дзякуючы выкананьню ролі ў м’юзыкле «Поўдзень Ціхага акіяна» ў 2008 годзе. Дзяржаўны сымфанічны аркестар Сан-Паўлу ўважаецца адным з найвыдатнейшых аркестраў сьвету. У 1952 годзе кампазытар Эйтар Віла-Лобус стварыў сваю 10-ю сымфонію, якую прысьвяціў да 400-годзьдзя Сан-Паўлу. Гэта алегарычнае, гістарычнае й рэлігійнае апавяданьне пра горад, якое было расказанае вачыма ягонага заснавальніка Жузэ дзі Аншыеты[51].
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Сан-Паўлу быў домам для першых езуіцкіх місіянэраў у Бразыліі ў пачатку XVI стагодзьдзя. Яны рабілі справаздачы партугальскай кароне аб нядаўна знойдзеных землях, аб карэнных народах, а таксама складалі вершы й музыку дзеля катэхізісу, ствараючы першыя пісьмовыя творы ў гэтым рэгіёне. Вядомымі сьвятарамі-адукатарамі былі Мануэл да Нобрэга й Жузэ дзі Аншыета, якія жылі ў калёніі, якая тады называлася Піратынінга. Яны занатавалі старатупійскую мову, ейную лексыку й граматыку. У 1922 годзе ў Сан-Паўлу паўстаў бразыльскі мадэрнісцкі рух, які набыў уласны непаўторны стыль. Бразылія як і астатняя частка Лацінскай Амэрыкі прайшла тыя ж этапы разьвіцьця, але ейная палітычная й культурная незалежнасьць прыходзіла больш паступова[52].

Бразыльская элітарная культура ад пачатку была моцна павязаная з Партугаліяй. Але паступова мясцовыя пісьменьнікі намацалі ўласны шматэтнічны выразна бразыльскі стыль. Прысутнасьць вялікай колькасьці былых рабоў надало культуры адметны афрыканскі характар. Наступнае прыбыцьцё імігрантаў непартугальскага паходжаньня пашырыла дыяпазон уплываў[53]. Марыё дэ Андрадэ й Освалд дэ Андрадэ былі першымі мадэрністамі. Сваімі ўрбаністычнымі вершамі «Paulicéia Desvairada» 1922 году Марыё дэ Андрадэ заснаваў цэлы рух у Бразыліі. Ягоны рапсадычны раман «Macunaíma» (1928) з багацьцем бразыльскага фальклору ўяўляе сабою вяршыню нацыяналістычнай прозы мадэрнізму праз стварэньне неардынарнага нацыянальнага героя. Экспэрымэнтальная паэзія Освалда дэ Андрадэ й ягоная авангардная проза, асабліва раман «Сэрафім Понтэ Грандэ» (1933) й правакацыйныя маніфэсты, ілюструюць разрыў руху з традыцыяй[53].
Тэатры
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Многія гісторыкі лічаць, што першая тэатральная пастаноўка ў Бразыліі была выкананая ў Сан-Паўлу. Партугальскі езуіцкі місіянэр Жузэ дзі Аншыета пісаў кароткія п’есы, якія ставілі й глядзелі тупі-гуарані. У другой палове XIX стагодзьдзя паўстала сапраўднае культурніцкае, музычнае й тэатральнае жыцьцё. Перасяленцы-эўрапейцы пачалі ладзіць выступы ў некаторых мястэчках штату. Найбольш важным часам для мастацтва Сан-Паўлу былі 1940-я гады.
У 1960-я гады буйныя тэатральныя пастаноўкі ў Сан-Паўлу й Бразыліі ставіліся дзьвюма групамі. Тэатар дэ Арэна пачаў сваё існаваньне дзякуючы купе студэнтаў Школы драматычнага мастацтва, якая была заснаваная Алфрэду Мескітам у 1948 годзе. У 1958 годзе група вызначылася спэктаклем Джанфранчэскам Гварньеры «Яны не апранаюць гарнітураў», дзе ўпершыню ў гісторыі бразыльскай драмы галоўнымі героямі былі звычайныя працоўныя[54]. Па вайсковым перавароце 1964 году п’есы былі прысьвечаныя гісторыі Бразыліі. Тэатар дэ Арэна й Тэатар Афісына падтрымлівалі дэмакратычны супраціў у час дыктатуры, якая адзначалася цэнзурай. У гэты тэатрах зьявіўся трапікалісцкі рух. Шэраг п’есаў адлюстроўвалі гістарычныя моманты, у прыватнасьці «Галілео Галілей» (1968), «У джунглях гарадоў» (1969) і «Дзякуй табе, Госпадзе» (1972).
У раёне Бішыга сканцэнтравана найбольшая колькасьць тэатраў гораду, якіх налічваецца каля 40, улучна з тэатрамі, якія зачыненыя на рэканструкцыю або зь іншых чыньнікаў.
Музэі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
У Сан-Паўлу налічваецца шмат кварталаў і будынкаў, якія маюць гістарычную каштоўнасьць. У месьце сканцэнтраваная вялікая колькасьць музэяў і мастацкіх галерэяў. Сярод музэяў гораду вылучаюцца Музэй мастацтваў Сан-Паўлу, Музэй Іпіранга, Музэй сакральнага мастацтва, Музэй партугальскай мовы, Пінакатэка штату Сан-Паўлу й іншыя вядомыя ўстановы. Тут таксама знаходзіцца адзін зь пяці найлепшых заапаркаў сьвету[55].

Настарэйшы Музэй Іпіранга адчыніў свае дзьверы 7 верасьня 1895 году. Ён быў пабудаваным дзеля захаваньня памяці аб абвяшчэньні незалежнасьці Бразыліі й спачатку быў названы Музэем прыродазнаўчых навук. У 1919 годзе ён быў пераўтвораны ў гістарычны музэй. Адлюстроўваючы архітэктурны ўплыў Вэрсальскага палаца ў Францыі, калекцыя Іпірангі, якая налічвае каля 100 тысячаў прадметаў, улучае творы мастацтва, мэблю, адзеньне й тэхніку, якія належалі тым, хто зрабіў важкі адбітак у гісторыі Бразыліі, то бок дасьледнікам, кіраўнікам і змагарам за свабоду. У ягоных памяшканьнях месьціцца бібліятэка з 100 тысячамі кнігаў і Цэнтар гістарычнай дакумэнтацыі, які захоўвае 40 тысячаў рукапісаў.

Культурная фундацыя Эмы Гордан Клабін адкрылася для публікі ў сакавіку 2007 году. Ейная сядзіба месьціцца ў маёнтку 1920-х гадоў. Тут захоўваецца 1545 твораў, у тым ліку карціны Марка Шагала, Пампэо Батоні, П’ера Габэра й Франса Поста, бразыльскіх мадэрністаў і мадэрністак, як то Тарсылы ду Амарал, Эміліяна Дзі Кавалканці й Кандыду Партынары, а таксама старадаўняя мэбля, дэкаратыўныя й археалягічныя рэчы. Мэмарыял Лацінскай Амэрыкі з плошчай больш за 78 тысяч км² быў задуманы дзеля дэманстрацыі дасягненьняў краінаў Лацінскай Амэрыкі, іхных каранёў і культуры. Тут месьціцца штаб-кватэра Лацінаамэрыканскага парлямэнту. Спраектаваны Оскарам Німэерам, мэмарыял мае выставачны павільён з сталай экспазыцыяй рамеснай вытворчасьці кантынэнту, бібліятэку з кнігамі, газэтамі, часопісамі, відэа, фільмамі й запісамі пра гісторыю Лацінскай Амэрыкі й глядацкую залю на 1679 месцаў.

Інтэрнат для імігрантаў быў пабудаваны ў 1886 годзе й адкрыты ў 1887 годзе. У ім часова разьмяшчаліся прыбылыя ў Бразылію імігранты, якія трымалі свой шлях з порту Сантусу. Хворых тут трымалі на карантыне, а іншыя чакалі дапамогі з працаўладкаваньнем на кававыя плянтацыі ў штаце Сан-Паўлу й паўночным штаце Парана. З 1882 па 1978 гады праз інтэрнат прайшло блізу 2,5 мільёнаў імігрантаў больш чым 60 нацыянальнасьцяў і этнічных групаў[56]. Усе яны былі належным чынам зарэгістраваныя ў кнігах і сьпісах музэя. Інтэрнат прымаў у сярэднім каля 3 тысячаў чалавек, але зрэдку трымаў 8 тысячаў чалавек. Апошнія перасяленцы разьмяшчаліся ў інтэрнаце ў 1978 годзе[57]. У 1998 годзе інтэрнат стаў музэем, дзе сёньня захоўваецца дакумэнты справаводзтва й прадметы імігрантаў. Музэй займае частку былога інтэрнату й акрамя галоўнай дзейнасьці яшчэ займаецца аднаўленьнем драўляных вагонаў былой чыгункі Сан-Паўлу. Мастацкі музэй Сан-Паўлу трымае адну з найважнейшых у сьвеце калекцыяў эўрапейскага мастацтва. Найбольш важныя калекцыі ахопліваюць італьянскую й францускую школы жывапісу. Музэй быў заснаваны Асісам Шатабрыянам. Музэй арганізуе часовыя выставы ў адмысловых зонах. Бразыльскія й міжнародныя выставы сучаснага мастацтва, фатаграфіі, дызайну й архітэктуры ладзяцца ў музэі па чарзе цягам усяго году[58].

Разьмешчаная побач з станцыяй мэтро Луш, Пінакатэка штату Сан-Паўлу была спраектаваны архітэктарам Рамусам дэ Азэвэду ў 1895 годзе. Першапачаткова тут месьціўся Ліцэй мастацтваў. У 1911 годзе ён быў пераўтвораны ў музэй, дзе ладзяцца розныя мастацкія выставы. Гэтак у 2001 годзе ў павільёнах музэю выстаўляліся бронзавыя статуі францускага разьбяра Агюста Радэна. Існуе таксама сталая экспазыцыя, прысьвечаная руху супрацу, які меў месца за часам вайсковай дыктатуры. Тут маецца рэканструяваная турэмная камэра, дзе ўтрымліваліся палітвязьні. Інтэрактыўны музэй Катавэнту быў адкрыты ў 2009 годзе. Ён прысьвечаны навуцы й ейнаму распаўсюду ды месьціцца ў будынку Палаца індустрыі. Плошча 12 тысяч м² падзеленая на чатыры сэкцыі, якія маюць назвы Сусьвет, Жыцьцё, Вынаходлівасьць і Грамадства[59]. Музэй разьлічаны на моладзевую аўдыторыю[60]. Музэй выявы й гуку захоўвае музыку, кінатворы, фатаграфію й графічнае мастацтва. Ягоная калекцыя налічвае больш за 200 тысячаў малюнкаў. Тут таксама захоўваюцца больш за 1600 мастацкіх відэастужак, дакумэнтальных фільмаў і музычных твораў. Музэй ладзіць канцэрты, фэстывалі кіно й відэа, выставы фатаграфіі й графікі.
Мастацкі музэй парлямэнту Сан-Паўлу ёсьць музэем сучаснага мастацтва, які разьмешчаны ў Палацы 9 ліпеня, то бок будынку Заканадаўчага сходу Сан-Паўлу. Музэй знаходзіцца ў падпарадкаваньні Дэпартамэнту мастацкай спадчыны Заканадаўчага сходу й зьмяшчае карціны, скульптуры, гравюры, кераміку й фатаграфіі сучаснага бразыльскага мастацтва. Музэй футболу месьціцца на знакамітым футбольным стадыёне Пакаэмбу, які быў пабудаваны ў стылі ар-дэко ў 1940 годзе за часам прэзыдэнцтва Жэтулію Варгаса. Музэй выяўляе гісторыю футболу з асаблівай увагай да ўспамінаў, эмоцыяў і культурных каштоўнасьцяў, якія прапагандаваў спорт у XX і XXI стагодзьдзях у Бразыліі.
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Гарады-сябры
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Гарады-партнэры
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ https://pt.wikipedia.org/wiki/São_Paulo
- ↑ https://g1.globo.com/sp/sao-paulo/noticia/2021/05/16/morre-bruno-covas-veja-frases-do-politico.ghtml
- 1 2 http://cnig.gouv.fr/wp-content/uploads/2020/02/CNT-PVM_r%C3%A9vis%C3%A9_2020-01-27-1.pdf
- ↑ National Agency of Telecommunications Resolução Anatel nº 263, de 8 de junho de 2001 — 2001.
- ↑ Bovespa vira a segunda maior Bolsa do mundo(недаступная спасылка). Economia & Negócios
- ↑ "São Paulo holds Gay Pride parade". BBC
- ↑ Lawrence, Rachel (January 2010). Alyse Dar. ed. Brazil (Seventh ed.). Apa Publications GmbH & Co. / Discovery Channel. — С. 183—204.
- ↑ «Parques Municipais». Prefeitura de São Paulo.
- ↑ «Parque Estadual da Cantareira». Governo do Estado de São Paulo.
- ↑ «Parque Nacional Jaragua». UNESCO.
- ↑ «Paulistanos carentes de áreas verdes». Eco.
- ↑ «Uma árvore por habitante, a recomendação mínima da OMS para as cidades». Gazeta do Povo.
- ↑ «3.º Seminário de Áreas Verdes». Prefeitura de São Paulo.
- ↑ «Parque Raul Seixas completa 20 anos, com muita festa». Prefeitura de São Paulo.
- ↑ "Subtropical climate in the city of São Paulo". Sao-paulo.world-guides.com.
- ↑ "São Paulo 40 Graus". Urbanistas.com.br. March 2, 2009.
- ↑ "Britannica Online Encyclopedia – Climate of São Paulo". Britannica.com.
- ↑ São Paulo has the most diversity of Brazil(недаступная спасылка) etni-cidade.net
- ↑ "Nicolau Pereira De Campos Vergueiro". Orbita.starmedia.com.
- ↑ "Folha Online – Especial – 2005 – São Paulo 451" .folha.uol.com.br. January 24, 2005.
- ↑ "Latin American Immigration to São Paulo". Projetofabrica.com.br.
- ↑ «A linguagem ítalo-brasileira». Revista Língua Portuguesa.
- ↑ «ELB». Universidade Estadual de Campinas.
- ↑ «Alemães ajudaram a formar a classe média paulistana». DW.
- ↑ «São Paulo será 6ª cidade mais rica do mundo até 2025, diz ranking». BBC Brasil.
- ↑ Richest cities 2009. PricewaterhouseCoopers. Архіўная копія ад 13.07.2010 г.
- ↑ BBC – Último Segundo – São Paulo será 6ª cidade mais rica do mundo em 2020, diz estudo. Ultimosegundo.ig.com.br. Архіўная копія ад 11.11.2009 г.
- ↑ Ribeiro, Renata (26.01.2012) Jornal da Globo – São Paulo completa 458 anos com proporções de um grande país. G1.globo.com. Архіўная копія ад 01.07.2013 г.
- ↑ Instituto Brasileiro de Geografia e Estatística. IBGE. Архіўная копія ад 03.03.2013 г.
- ↑ Brasil | Cities and States. IBGE.
- ↑ 21 Largest Stock Exchanges in the World. Yahoo Finance (27.03.2023). Архіўная копія ад 13.09.2023 г.
- ↑ Federal Foreign Office Auswärtiges Amt – Brazil. auswaertiges-amt.de. Архіўная копія ад 20.09.2011 г.
- ↑ Swedish-Brazilian Chamber of Commerce Overview. swedcham.com.br. Архіўная копія ад 25.09.2011 г.
- ↑ Ferreira, João Sette Whitaker (2003). «The myth of the global city». FAUUSP.
- ↑ Walls, Jacqueline. American Cities of the Future 2013/14 // FDi Intelligence, 08.04.2013 г. Архіўная копія ад 23.07.2013 г.
- ↑ Worldwide Cost of Living survey 2011 – Top 50 cities: Cost of living ranking. Mercer (12.07.2011). Архіўная копія ад 25.07.2011 г.
- ↑ SP é a 10ª cidade mais cara do mundo para estrangeiros; RJ é a 12ª // UOL Noticias, 12.07.2011 г. Архіўная копія ад 15.07.2011 г.
- ↑ Exports of São Paulo (2014). DataViva. Архіўная копія ад 10.06.2015 г.
- ↑ Instituto Brasileiro de Geografía e Estatística., informal economy. — São Paulo, SP: IETS, 2006. — ISBN 978-85-240-3919-5
- ↑ Singka, Ranny The on-line magazine covering the Miss USA, Miss Universe, Miss Teen USA, Miss America and Miss World Pageants. Behind The Crown. Архіўная копія ад 14.05.2012 г.
- ↑ Sao Paulo, Brazil Архіўная копія ад 09.10.2015 г.
- ↑ Moda regional marca presença no São Paulo Fashion Week Архіўная копія ад 03.03.2013 г.
- ↑ Tens of thousands take part in Brazil March for Jesus. Fox News (26.05.2016). Архіўная копія ад 21.02.2018 г.
- ↑ Sao Paulo Travel Guide. Travel + Leisure (21.06.2014). Архіўная копія ад 30.09.2015 г.
- ↑ Trecco, Giulia (01.12.2025) São Paulo has just entered the TOP 20 of the best cities in the world – and beaten NY when it comes to nightlife!. São Paulo Secreto.
- ↑ São Paolo – the city that never sleeps. CNN Business Traveller (28.06.2010). Архіўная копія ад 06.02.2022 г.
- ↑ Gallo, Ricardo (09.12.2006) Incompleta, Oscar Freire inaugura sua nova cara Архіўная копія ад 21.12.2016 г.
- ↑ Paris ties with Vienna as top conference city in ICCA rankings Архіўная копія ад 05.01.2010 г.
- ↑ As 10 melhores cidades do mundo para sair à noite (tem brasileira na lista). Yahoo! Notícias (09.2014). Архіўная копія ад 06.10.2014 г.
- ↑ Dados da Cidade Архіўная копія ад 08.07.2007 г.
- ↑ «Sao Paulo City — Brazil, Sao Paulo Travel». SphereInfo.com.
- ↑ «Twelve The 1922 Rio De Janeiro Fair». University of California Press.
- 1 2 «São Paulo Culture». Sasopaulo.
- ↑ «Theaters: Culture». Governo do Estado de São Paulo.
- ↑ «Conheça o Zoo». Fundação Parque Zoológico de São Paulo.
- ↑ «Hospedaria dos Imigrantes (1885)». Aprenda450anos.
- ↑ «Histórico da Hospedaria». Memorial do imigrante.
- ↑ «MASP — São Paulo Museum of Art». Cidade de São Paulo.
- ↑ Rufato, Bruna Pozzi (26.06.2015). «Diferenças entre mães e pais em visita a museus de ciências». Universidade de São Paulo.
- ↑ «Catavento abre hoje em SP com instalações de ciências». Globo.
- ↑ «Les pactes d’amitié et de coopération». Paris.fr. March 17, 2010.