Перайсьці да зьместу

Гран-пры Бразыліі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гран-пры Бразыліі
Гран-пры Сан-Паўлу
Аўтадром імя Жазэ Карлуша Пачы
Гісторыя
Праведзеныя гонкі 51
Першая гонка 1972
Лідэр (гоначнік) Сьцяг Францыі Ален Прост (6)
Лідэр (канструктар) Сьцяг Вялікабрытаніі Макларэн (12)
Траса
Працягласьць кола 4,309 км
Працягласьць гонкі 305,879 км
Колькасьць колаў 71
Сэзон 2023 году
Поўл-пазыцыя
Подыюм
Найхутчэйшае кола
Вонкавыя спасылкі

Гран-пры́ Бразы́ліі (па-партугальску: Grande Prêmio do Brasil), апошнім часам ладзіцца пад назовам Гран-пры Сан-Паўлу (парт. Grande Prêmio de São Paulo) — аўтагоначнае спаборніцтва ў Сан-Паўлу (Бразылія), якое ладзіцца з 1972 року. З 1973 увайшло ў каляндар чэмпіянату сьвету Формулы-1.

Аўтагонкі зьявіліся ў Бразыліі перад II сусьветнай вайной — з 1934 року яны ладзіліся на вулічнай трасе ў Рыю-дэ-Жанэйру. У 1936 пачалося будаўніцтва асобнага аўтадрому ў прадмесьці Сан Паўлу Інтэрлягасе. Траса была скончаная ў 1940, і ў першыя гады вайны Бразылія пасьпела прыняць некалькі сусьветных Гран-пры.

У 1972 року ў Інтэрлягасе ўпершыню прайшла гонка Формулы-1, хоць яна і не ўвайшла ў залік чэмпіянату. Ужо з наступнага году яна ўключаная ў афіцыйны каляндар чэмпіянату, і першым пераможцам стаў дзейны чэмпіён, ураджэнец Сан-Паўлу Эмэрсан Фітыпальдзі. Налета ён паўтарыў свой посьпех, а ў 1975 року гонку выйграў яшчэ адзін сан-паўлец, Карлус Пачы, пакінуўшы Фітыпальдзі за сабою. У 1978 року гонку перанесьлі на трасу Жакарэпагуа ў Рыю-дэ-Жанэйру, а пасьля абнаўленьня тэхнічнага стану Гран-пры вярнулася ў Інтэрлягас; тым ня менш, траса заставалася выбоістай. З 1970 да 1980 року насельніцтва Сан-Паўлу вырасла з 5 да 8 мільёнаў, і ваколіцы гонкі ўжо не выглядалі адпаведнымі ўзроўню Формулы-1. Дарожнае пакрыцьцё было настолькі няроўным, што баліды проста ламаліся ад судакрананьня зь ім(d). Бар’еры і ўзбочыны таксама не адпавядалі патрабаваньням Формулы. Джодзі Шэктэр нават дамагаўся скасаваньня гонкі 1980 року, аднак яе ўсё-ткі правялі. З наступнага сэзону Гран-пры перанесьлі на сучасьнейшую трасу Жакарэпагуа, пагатоў з Рыю-дэ-Жанэйру паходзіла новая бразыльская зорка Нэльсан Піке. Жакарэпагуа, як і Інтэрлягас, таксама была вельмі патрабаванай да ўменьняў кіроўцаў: большасьць паваротаў былі доўгімі і хуткімі, некаторыя пад нахілам, паверхня трасы была даволі шурпатай. У календары Формулы-1 гонку разьмясьцілі ў пачатку сэзону, калі ў Паўднёвай паўкулі было лета; таму гонка адбывалася пры надзвычай высокіх тэмпэратурах і вільготнасьці.

У 1981 року Карлёс Ройтэман праігнараваў камандны загад і не аддаў перамогу паплечніку Алану Джонзу. Праз год першыя два месцы занялі Нэльсан Піке і Кеке Росбэрг, аднак праз вайну МФСА і АКФА(d) іх дыскваліфікавалі за недавагу, і перамогу аддалі Алену Просту. Італьянец Рыкарда Патрэзэ ўвогуле сышоў з гонкі праз фізычную стому, што для Рыю-дэ-Жанэйру не было дзівам. Ален Прост пераможа на Жакарэпагуа яшчэ чатыры разы, за што яму дадуць мянушку «караля Рыю».

Можна адзначыць гонку 1988 року, у якой узыходная бразыльская зорка Айртан Сэна, стартаваўшы зь піт-лініі(d) ў сваёй першай гонцы за Макларэн, фінішаваў другім за сукаманднікам Простам, ды быў дыскваліфікаваны за тое, што перасеў у запасны балід на парадным коле. Апошні раз Жакарэпагуа прыняла Гран-пры Бразыліі ў 1989 року. Упершыню ў гісторыі Формулы-1 пераможцам стаў аўтамабіль з паўаўтаматычнай каробкай перадачаў Фэрары Найджэла Мэнсэла. Пасьля сутыкненьня Бэрнда Шнайдэра і Эдзі Чывэра апошні, выйшаўшы з гонкі, двойчы страчваў прытомнасьць праз зьнясіленьне.

Дзякуючы посьпехам нараджэнца Сан-Паўлу Айртана Сэны мескія ўлады заняліся перапрацоўкай Інтэрлягасу. З 1990 року Гран-пры Бразыліі стала праводзіцца там. Першым пераможцам стаў Ален Прост — шостая ягоная перамога ў Бразыліі і 40-я ў кар’еры, што на той час было рэкордам. Гонку 1991 року ўпершыню выйграў Айртан Сэна, прычым пад канец заезду каробка перадачаў ягонага аўто застрэгла на шостай перадачы, што, тым ня меней, не перашкодзіла яму стрымаць атакі «Ўільямзу» Рыкарда Патрэзэ. Але пасьля фінішу гоначніка давялося выцягваць з баліду, настолькі ён быў зьняможаны.

На старце гонкі 1997 року сутыкнуліся чатыры аўтамабілі, а канадзец Жак Вільнёў вылецеў у першым жа павароце. Гонку спынілі, тады ён пасьпеў перасесьці ў запасны балід і выйграў гонку. У 1998 року каманда «Фэрары» падала пратэст на тармазную сыстэму «Макларэнаў», якая чатыры разы была правераная тэхнічным дэлегатам Міжнароднай аўтамабільнай фэдэрацыі. Нягледзячы на гэта, Макларэнам забаранілі карыстацца гэтай сыстэмай у Бразыліі, але гэта не дапамагло канкурэнтам: пераможцам усё адно стаў Міка Хякінэн.

Гран-пры 2003 року адметнае нечаканай першай перамогай Джанкарлё Фізікельлі на «Джордане», якому дапамаглі зьменныя ўмовы надвор’я. Дзейны чэмпіён Міхаэль Шумахэр пасьлізнуўся і вылецеў, а пасьля спыненьня пасярод трасы Фэрнанда Алёнса гонку спынілі чырвоным сьцягам і прызналі пераможцам Кімі Райкёнэна, які лідзіраваў за два колы да чырвонага сьцягу (паводле правілаў). Толькі празь некалькі дзён у Касацыйным судзе МФА ў Парыжы высьветлілі, што на той час Фізікельля ўжо двойчы перасякаў фінішную рысу першым, і аддалі перамогу італьянцу.

Упершыню ад пачатку правядзеньня бразыльскага Гран-пры гонка 2004 року была перанесеная на пазьнейшы час. У 2005 року Фэрнанда Алёнса, фінішаваўшы трэцім, заваяваў у Бразыліі сваё першае чэмпіёнства — на той час ён стаў наймаладзейшым чэмпіёнам Формулы-1. У 2006 року гонку паставілі завяршальнай у календары. Другі раз пераможцам гонкі стаў бразылец Фэліпэ Маса, а Фэрнанда Алёнса для абароны чэмпіёнскага тытулу хапіла другога месца. Гонку 2007 року, а зь ёй і сваё адзінае чэмпіёнства, выйграў Кімі Райкёнэн, які апярэдзіў Фэрнанда Алёнса і Льюіса Гэмілтана ўсяго на адзін пункт.

У апошняй гонцы сэзону-2008 цяпер ужо Льюіс Гэмілтан адабраў у Алёнса званьне наймаладзейшага чэмпіёна Формулы-1. У 2009 Бразылія зноўку стала вызначальнай для чэмпіёнства: Джэнсану Батану хапіла пятага месца, каб абысьці іншых супернікаў. Яшчэ раз падобным чынам тытул вырашыўся ў 2012 року, калі немец Сэбастыян Фэтэль, на старце скаціўшыся да 22-га месца, прыйшоў на фініш шостым і заваяваў свай трэцяе чэмпіёнства запар. Гэтая гонка стала апошняй для немца Міхаэля Шумахэра, які пасьля свайго вяртаньня ў Формулу ў 2010 року так і ня здолеў здабыць ніводнай перамогі.

Гонка 2020 року была скасаваная праз пандэмію Ковід-19. З 2021 гонка носіць назву Гран-пры Сан-Паўлу.

У Бразыліі перамагалі пяць бразыльскіх гоначнікаў: Эмэрсан Фітыпальдзі, Нэльсан Піке, Айртан Сэна, Фэліпе Маса (усе — двойчы) ды Карлус Пачы.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]