Перайсьці да зьместу

Нацыянальная хакейная ліга

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «НХЛ»)
Нацыянальная хакейная ліга
Від спорту хакей
Заснаваная 1917
Першы сэзон 1917—1918
Колькасьць камандаў 31
Краіна Канада (7)
ЗША (24)
Дзейны чэмпіён Тампа Бэй Лайтнінг
NHL.com

Нацыяна́льная хаке́йная лі́га (па-ангельску: National Hockey League, NHL, па-француску: Ligue nationale de hockey, LNH) — прафэсійная спартовая арганізацыя, якая аб’ядноўвае хакейныя каманды ЗША і Канады. НХЛ прызнаецца большасьцю адмыслоўцаў наймацнейшай хакейнай лігай сьвету. Даволі часта НХЛ прылічаюць да галоўных прафэсійных спартовых ліг Паўночнай Амэрыкі.

НХЛ зьяўляецца першай хакейная лігай у сьвеце[1]. Яна была заснавана ў 1917 годзе ў складзе чатырох канадзкіх камандаў у Квэбэку й Манрэалі. З тых часоў яна зьведала нямала зьменаў, як то зараз яна налічвае 31 каманду, 24 зь якіх амэрыканскія і 7 канадзкія. Паколькі ліга была заснавана ў Канадзе, гістарычна канадзкія гульцы карыстаюцца асобнымі правамі. Нягледзячы на тое, што на працягу апошніх 25 гадоў вырасла ў лізе папулярнасьць амэрыканскіх і эўрапейскіх гульцоў, НХЛ распаўсюдзілася на тэрыторыі ЗША. Па стане на 2006 год, больш за палову хакеістаў нарадзіліся ў Канадзе.

Пасьля сэрыі дыспутаў ў канадзкай Нацыянальнай хакейнай асацыяцыі (НХА), якія ўзьніклі паміж уладальнікам «Таронта Блушыртс» Эдўардам Лівінгстоўнам і ўладальнікамі іншых клюбаў, уладальнікі «Манрэаль Канадыенз», «Манрэаль Ўандэрэрз», «Атава Сэнатарз» і «Квэбэк Бульдогс» сустрэліся ў гатэлі Ўіндзар у Манрэалі 26 лістапада 1917 году, каб абмеркаваць будучыню НХА. Іхны дыскус прывёў да стварэньня Нацыянальнай хакейнай лігі. У ейны склад увайшлі «Канадыенз», «Ўандэрэрз», «Сэнатарз», «Бульдогс» і «Блушыртс». Вайсковая каманда дзьвесьце дваццаць восьмага батальёну, якая грунтавалася ў Таронта, ўключана не была, паколькі была выкліканая да ўдзелу ў баявых дзеяньнях Першай сусьветнай вайны. Аднак, калі яшчэ да стварэньня НХЛ уладальнікі іншых камандаў патрабавалі ад Лівінгстоўна прадаць сваю каманду, — Эдўард дамовіўся з адміністрацыяй стадыёну Таронта «М’ючуэл Стрыт Арэна» на апеку над ягонай камандай. Таму «Блушыртс» зьмянілі назву на «Таронта Арэнас», а самога Лівінгстоўна выгналі з НХА.

«Манрэаль Канадыенз» у 1942 годзе

У 1917 годзе адбыўся першы сэзон НХЛ. «Квэбэк Бульдогс» ня ўдзельнічалі ў першых двух сэзонах з-за фінансавых цяжкасьцяў. 2 студзеня 1918 году Ўэстмаўнт Арэна ў Манрэалі, якая была хатняй для «Канадыенз» і «Ўандэрэрз», была разбурана пажарам. Таму «Ўандэрэрз» пакінулі лігу, правёўшы ўсяго 6 матчаў (1 перамога і 5 паразаў). Такім чынам, у першых двух сэзонах удзельнічалі толькі тры каманды. Нягледзячы на ​​тое, што Лівінгстоўн быў выгнаны зь лігі, адна зь ягоных ідэяў — разьбіцьцё рэгулярнага сэзону на два этапы — прыжылася і была сумешчана з сыстэмай плэй-оф. «Таронта Арэнас» сталі першай камандай, якая заваявала Кубак Стэнлі.

Лівінгстоўн спрабаваў атрымаць сваю частку прыбытку ад «Арэнас», але пацярпеў няўдачу — і падаў пазоў у каманды й лігі. Нягоды Эдўарда з камандай працягваліся нават у 1930-х гады, асабліва калі каманду перайменавалі ў «Таронта Сэнт-Партыкс», а затым на «Таронта Мэйпл Ліфс». Гэтае супрацьстаяньне ператварылася ў барацьбу з НХЛ. Нягледзячы на ​​тое, што першае дзесяцігодзьдзе свайго існаваньня ліга выдаткоўвала шмат сілаў на тое, каб застацца ў прыбытку, каманды НХЛ былі вельмі пасьпяховымі на лёдзе: яны выйгравалі Кубак Стэнлі сем зь дзевяці першых розыгрышаў (сэзон 1918—1919 гадоў не праводзіўся з-за эпідэміі грыпу ў Сіетле). У той час Кубак Стэнлі разыгрываўся паміж пераможцам НХЛ і пераможцам Асацыяцыі хакею ціхаакіянскага ўзьбярэжжа. У 1926 годзе НХЛ падняла заробкі сваіх гульцоў да такога ўзроўню, да якога не былі здольны дацягнуцца іншыя паўночнаамэрыканскія хакейныя лігі, і стала сама разыгрываць Кубак Стэнлі.

Ліга пашырылася ў 1924 годзе, калі да яе далучыўся «Бостан Бруінз». У 1925 годзе «Нью-Ёрк Амэрыканз» і «Пітсбург Пайрытс» сталі навакамі лігі, а ў 1926 годзе да лігі прыядналіся «Нью-Ёрк Рэйнджарз», «Дэтройт Кугс» і «Чыкага Блэкгокс». У канцы сэзону 1930—1931 гадоў у НХЛ у цэлым гуляла 10 камандаў. Аднак, Вялікая дэпрэсія нанесла адчувальны ўдар лізе: «Пайрытс» і «Амэрыканз» былі расфармаваныя, нават «Сэнатарз» былі вымушаныя пакінуць лігу празь фінансавыя цяжкасьці пасьля пераезду ў 1934 годзе ў Сэнт-Луіс. Каманды, якія гулялі ў лізе на працягу 25 гадоў з 1942 году, вядомыя да гэтага часу, як «Вялікая шасьцёрка», да іх ліку адносяцца «Манрэаль Канадыенз», «Таронта Мэйпл Ліфс», «Дэтройт Рэд Ўінгс», «Бостан Бруінз», «Нью-Ёрк Рэйнджарз» і «Чыкага Блэкгокс». Другая сусьветная вайна шматлікім гульцам дала шанец паспрабаваць свае сілы ў прафэсійным хакеі, але пасьля ейнага заканчэньня яны былі вымушаныя перайсьці ў ніжэйшыя лігі.

Кубак Стэнлі, выстаўлены ў залі хакейнай славы ў Таронта

НХЛ складаецца зь дзьвюх канфэрэнцыяў — усходняй і заходняй. Кожная канфэрэнцыя ў сваю чаргу складаецца з двух дывізіёнаў. У рэгулярным сэзоне кожная каманда гуляе 82 гульні — 41 дома і 41 у гасьцях. Кожная каманда Ўсходняй канфэрэнцыі гуляе 30 гульняў з супернікамі з свайго дывізіёну (4 або 5 гульняў з кожным), 24 гульні з супернікамі зь іншага дывізіёну (3 гульні з кожным). Каманды Заходняй канфэрэнцыі гуляюць 28 або 29 гульняў з камандамі свайго дывізіёну (4 або 5 гульняў з кожным), 21 або 22 гульні (3 гульні з кожным), а таксама дадатковая гульня з вызначаным супернікам па канфэрэнцыі. За перамогу ў асноўны час каманда атрымае два пункты, адзін пункт каманда атрымае за паразу ў авэртайме або па булітах, і ніводнага за паразу ў асноўны час. Па заканчэньні рэгулярнага сэзону каманда, якая набрала больш за ўсіх пунктаў у сваім дывізіёне, становіцца чэмпіёнам дывізіёну (улічваюцца пункты ад гульняў з усімі камандамі, а ня толькі з камандамі свайго дывізіёну). Па тры найлепшыя каманды з кожнага дывізіёну, а таксама дзьве найлепшыя ў кожнай канфэрэнцыі з астатніх камандаў трапляюць у плэй-оф, дзе разыгрываюць Кубак Стэнлі.

Плэй-оф Кубка Стэнлі — турнір на выбываньне, у якім каманды гуляюць сэрыі матчаў да чатырох перамог. У выпадку калі асноўны час матчу сканчаецца ўнічыю, гуляецца авэртайм да першай закінутай шайбы. Авэртаймы ў плэй-оф Кубка Стэнлі гуляюцца як паўнавартасныя дваццаціхвілінныя пэрыяды ў якіх гуляюць 5 на 5 палявых гульцоў, у адрозьненьне ад авэртаймаў рэгулярнага сезону, якія гуляюцца пяць хвілін 4 на 4 палявыя гульцы. Авэртаймы плэй-оф акрамя таго ня сканчваюцца сэрыяй штрафных кідкоў як у рэгулярным сэзоне, а працягваюцца датуль, пакуль адна з камандаў не заб’е шайбу. Каманда, якая заняла больш высокае месца ў рэгулярным сезоне, мае перавагу — гуляе на адну гульню больш на хатнім лёдзе. Першая, другая і калі трэба пятая і сёмая гульні гуляюцца на лёдзе гэтай каманды, а астатнія — на лёдзе каманды, якая заняла ніжэйшае месца ў рэгулярным сэзоне.

  1. ^ The Canadian Encyclopedia. National Hockey League

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нацыянальная хакейная лігасховішча мультымэдыйных матэрыялаў


Спартовыя лігі Паўночнай Амэрыкі
NBA · WNBA · NHL · NFL · MLB · MLS